Падаем вашай увазе цікавы матэрыял, які быў знойдзены на сайце расейскіх «лібералаў» grani.ru. Фрагмент артыкула, які прадстаўлены на ім, належыць пяру вядомага габрэйскага публіцыста і грамадскага дзеяча Уладзіміра (Зеева) Жабацінскага (1880-1940 гг.) і напісаны ў пачатку ХХ стагоддзя. Гэты матэрыял – чарговае сьведчаньне таго, што сярод габрэйскіх ідэолагаў былі (й, без сумневу, будуць) нармальныя дэмакраты-інтэрнацыяналісты, а ня толькі сіяністы-шавіністы.
Рэдакцыя.
…Напраўду: калі маларосаў і беларусаў залічыць, як хоча П.Б.Струвэ, у склад адзінай рускай нацыі, дык нацыя гэтая ўзрастае да 65 адсоткаў усяго насельніцтва Імперыі, г.зн. да велізарнай большасьці ў дзьве траціны: і тады, бадай што, карціна напраўду недалёкая ад «нацыянальнай дзяржавы». Наадварот, калі маларосаў і беларусаў лічыць за асобныя народнасьці, дык пануючая нацыянальнасьць сама апынаецца ў меньшасьці (43%) супраць астатняга насельніцтва, а ў адпаведнасьці з гэтым зьмяняюцца і ўсе меркаваньні на будучыню. Таму сьмела можна казаць, што вырашэньне спрэчкі пра нацыянальны характар Расеі амаль цалкам залежыць ад становішча, якое зойме трыццацімільённы украінскі народ. Пагодзіцца ён абрусіцца – Расея пойдзе па адной дарозе, не пагодзіцца – яна воляй-няволяй пойдзе іншым шляхам…
Я напісаў, што калі руская культура выконвае зараз ненатуральную ролю культуры агульнарасейскай, дык «прычына, галоўным чынам, у шматгадовым гвалце і бяспраўнасьці». П.Б.Струвэ з гэтым ня згодны. Руская, маўляў, культура перавагае ў Кіеве, і ў Магілёве, і ў Ціфлісе, і ў Ташкенце «зусім не таму , што там абавязкова цягнуць ва ўчастак распісацца ў пашане да рускай культуры, а таму, што гэтая культура напраўду ёсьць нутраны ўладны факт самога рэальнага жыцьця ўсіх частак Імперыі, акрамя Царства Польскага і Фінляндыі».
Тут ужо П.Б.Струвэ, безумоўна, несправядлівы да нашага апякуннага расейскага начальства. Як жа ж можна адмаўляць яго вялікія, невыкараняльныя з нашай памяці «заслугі» ў справе насаджэньня рускай культуры за межамі Вялікаросіі?
П.Б.Струвэ зь лёгкім сэрцам канстатуе, што зараз ў Кіеве «нельга быць удзельнікам культурнага жыцьця, калі ня ведаеш рускай мовы», і думае, быццам бы «участак» тут ні пры чым. А між тым гэта вялікая памылка. Наадварот, уся справа ва участку і ў яго шматгадовай руплівасьці. Вось як распавядае пра гэтую руплівасьць вядомы украінскі гісторык М.Грушэўскі: «Скасаваўшы палітычную асобнасьць Украіны, урад не задаволіўся гэтым: ён вырашыў сьцерці і зьнішчыць таксама і праявы яе нацыянальнага жыцьця, і нават асаблівасьці украінскага нацыянальнага тыпу. Яшчэ з часоў Пятра І для украінскіх выданьняў уводзіцца цэнзура, якая мела на мэце прывесьці іх да адзінства ў мове з выданьнямі вялікароскімі. Русіфікуюцца украінскія школы. Уводзіцца вялікароскае вымаўленьне ў царкоўным служэньні. Усялякія праявы украінскага патрыятызму апантана перасьледуюцца і здушваюцца.»
Але навошта глядзець так далёка ў мінулае! Вось перад намі навейшы час: з паловы мінулага стагоддзя заўважаецца ў Расеі ўздым украінскага руху – і адразу ж пачынаецца зьверху апантаная барацьба супраць «хахламаніі» і «сэпаратызму». У 1863 г. міністар Валуеў абвяшчае: «Не было, няма і быць не можа украінскай мовы» – а ў 1876 г. выданы указ, які папросту забараніў украінскую культуру. Ад гэтага часу дазвалялася друкаваць па-украінску толькі белетрыстыку ды вершыкі й граць п’есы ў тэатры; што да газэтаў, часопісаў, сур’ёзных кнігаў і артыкулаў, лекцыяў, казаньняў і да т.п., – усё гэта было забаронена, а пра украінскую школу і казаць няма чаго.
Ня дзіўна, калі на гэтым полі, чыста спустошаным і ўзараным намаганьнямі урадніка, так лёгка і па-за ўсялякай канкурэнцыяй узышлі пасевы той культуры, якую ураднік па крайняй меры цярпеў? І ніколькі яе «буйны росквіт» у Кіеве не даказывае, што справа выключна ў яе асабістай магутнасьці, што яна і без дапамогі урадніка ўсё роўна здушыла б усе суседнія парасткі і запанавала б адзінаўладна. Насупраць. П.Б.Струвэ сам ня будзе пярэчыць, што калі б замест указу аб забароне украінскай культуры зьявіўся ў 1876 г. указ аб дазваленьні весьці на украінскай мове ВЫКЛАДАНЬНЕ Ў ШКОЛАХ І ГІМНАЗІЯХ, дык паважанаму публіцысту наўрад ці давялося б зараз так пераможна канстатаваць, што ў Кіеве бяз рускай мовы «нельга быць культурным чалавекам».
Уладзімір (Зееў) Жабацінскі
Ад рэдакцыі:
Як бачым, спадарове, сутнасьць той барацьбы, якую вялі беларусы, украінцы ды іншыя народы г.зв. Расеі 100 гадоў таму, застаецца нязьменнай. Расейская імперыя і яе суб’ект – расейская імпербюракратыя, нікуды ня зьніклі. Яны толькі мянялі вопратку, нібы зьмяюка скуру…
Chystuju praudu pisau! Malajchyna.