Рэдакцыя.
2 студзеня г.г. радыё «Свабода» паведаміла сваім слухачам, што Таварыства беларускай мовы запрапанавала абвесьціць 2007-ы год Годам беларускай мовы. Вось тэкст дадзенага паведамленьня.
«Вяртаньне ў рускамоўныя школы выкладаньня гісторыі й геаграфіі Беларусі на беларускай мове ёсьць галоўнай задачай 2007 году для грамадзкага аб’яднаньня “Тварыства беларускай мовы”, – заяўляе кіраўнік аб’яднаньня Алег Трусаў. Важнымі задачамі ТБМ застаюцца аднаўленьне беларускай мовы ў адукацыйных стандартах ВНУ, а таксама вяртаньне выкладаньня курсу “Беларусазнаўства” ва ўсе ВНУ й сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы. Апроч таго, будзе працягнутая праца дзеля стварэньня Беларускага нацыянальнага ўнівэрсітэту. Са словаў А.Трусава, распачаты збор подпісаў грамадзянаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы З ПРОСЬБАЙ адчыніць такую ВНУ [выдзелена намі. – Рэд.]. Разам з тым, ТБМ зноў вернецца да тэмы ўнясеньня дапаўненьняў і зьменаў у закон аб мовах для таго, каб забясьпечыць беларускай мове сапраўдны статус дзяржаўнай. Мяркуецца, што зноў будзе накіраваны ЗВАРОТ у палату прадстаўнікоў. Апроч таго, беларуская грамадзкасьць, на думку кіраўніка ТБМ, павінна годна адсьвяткаваць 125-годзьдзе народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. “Мы прапанавалі ўладам абвесьціць будучы год Годам беларускай мовы і літаратуры і спадзяемся на разуменьне кіраўніцтва краіны ў гэтым пытаньні”, – заявіў старшыня ТБМ».
У свой час сапраўдны беларус – доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў – кіраўнік гарадзенскага клубу «Паходня» (другая палова 1980-х), а затым заснавальнік адноўленай Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (самы пачатак 1990-х; дарэчы, Алег Трусаў тады ж быў яго намесьнікам), як раз пра выпадкі, аналагічныя пададзенаму (просьба адчыніць хаця б адну НВУ на беларускай мове), любіў казаць так: гэта выглядае, быццам бы мы знаходзімся ва ўласнай хаце і ў чужынца, які нахабна прыйшоў да нас і пачынае «гаспадарыць», просім, каб дазволіў хоць дзе-небудзь прытуліцца… Гэты вобраз ён прыводзіў кожны раз, калі меў дачыненьне зь чалавекам мясцовым, тутэйшым, які, аднак, згубіў пачуцьцё гаспадара на ўласнай зямлі.
Мы ня ведаем, з-за чаго сябе так паводзіў сп-р Міхась – ці з-за свайго рашучага характару, ці з-за таго, што, як гісторык, прачытаў шмат гістарычных дакумантаў і прасякся свабодалюбным духам ліцьвінаў – нашых славутых продкаў, сапраўдных гаспадароў сваёй магутнай і прыгожай дзяржавы ВКЛ, якая магла быць свабоднай у атачэньні драпежных манархіяў толькі дзякуючы гэтаму магутнаму і свабодалюбнаму духу сваіх гаспадароў. Але факт застаецца фактам: рабіў ён так сам і раіў рабіць так іншым (як, дарэчы, фактам зьяўляецца, што мы пра гэта памятаем і лічым правільным, а сп-р Трусаў ці то забыў, ці што).
Напраўду, падумайце. У найноўшай гісторыі Беларусі ўжо 12 гадоў адбываецца ЭТНАЦЫД. Вынішчаецца мова, культура, гістарычная памяць, сімвалы, разбураецца нацыянальны сьветагляд. Робіцца гэта праз адукацыйную сістэму, усе СМІ, кадравую палітыку і г.д. І ўсё гэта ёсьць ЗЛАЧЫНСТВА, якое па сваёй антылюдскай значнасьці стаіць адразу пасьля генацыду!
Мы ведаем, хто так робіць, навошта і чыімі рукамі.
Дык няўжо незразумела, што да гэтых людзей – брудных рук, людзей-цяперцаў няма ня толькі ніякага сэнсу зьвяртацца з якімі б там ні было просьбамі, а гэта яшчэ і злачынна. Дакладней, зьяўляецца саўдзелам у злачынстве, бо такімі паводзінамі тыя, хто так робіць, толькі ўмацоўваюць упэўненасьць людзей – брудных рук, што тое, што яны робяць, не злачынства, а «нармальная палітычная практыка».
За залачынствам павінна ісьці пакараньне, а ня просьбы… Рапярэджвам!
Тактыка, якую выкарыстоўвае ТБМ, яшчэ і ганебная, бо прыніжае годнасьць чалавека, які зь яе дапамогай хоча нечага дасягнуць. Дзе ваша годнасьць, сябры ТБМ? Што гэта за просьбы такія? Няўжо генацыдная селекцыя нас – беларусаў – дайшла да таго, што мы ўжо генетычна ня можам уяўляць сябе гаспадарамі ўласнай краіны?
Акрамя таго, тактыка зваротаў, просьбаў і г.д. да цяперашніх часовых уладаў (людзей – цяперцаў, людзей – брудных рук) зьяўляецца цалкам бесперсьпектыўнай, бо безвыніковай. Мы ж ведаем, чым закончыліся ўсе папярэднія аналагічныя такія «просьбы» за апошнія 12 гадоў. Вынікам іх стала ня толькі адсутнасьць беларускай ВНУ ў Беларусі (хаця б адна была!), а і зьяўленьне ў выглядзе дапамогі з боку «цывілізаваных краінаў Захаду» цалкам рускамоўнага і ў значнай ступені беларусафобскага «Эўрапейскага гуманітарнага універсітэту», які працуе зараз у Вільнюсе на грошы «цывілізаванага, дэмакратычнага» Захаду.
Дык вось, тым, хто больш адчувае сябе чалавекам тутэйшым, чым сапраўдным беларусам, мы ўсьлед за Міхасём Ткачовым заяўляем:
Сярод нас яшчэ ёсьць людзі, якія адчуваюць сябе нармальнымі беларусамі-ліцьвінамі, сапраўднымі гаспадарамі сваёй краіны. Мы захавалі наш знакаміты ліцьвінскі дух! І мы кажам: калісьці ў Беларусі ўсе ВНУ будуць навучаць толькі па-беларуску, усе СМІ і ўсё начальства будуць беларускамоўнымі – г.зн. усё будзе так, як павінна быць!
А тыя, хто цяпер праводзіць этнацыд, будуць арыштаваны, асуджаны і пакараны!
Праўда, цяперашнія ўладоўцы яшчэ маюць шанец паменьшыць ступень сваёй віны перад беларускім народам, паменьшыць будчыя гады, якія ім прыйдзецца правесьці ў вязьніцы. Але ім варта пасьпяшацца з паступовым пераводам усіх ВНУ і ўсіх СМІ на беларускую мову. Што мы, як нармальныя беларусы-ліцьвіны, і ПАТРАБУЕМ…
І, апошняе. З нагоды ўсяго прадстаўленага ўводзім чарговы прынцып нашай дактрыны (Д пр-р 46). Пасьля прыходу да ўлады сапраўдных беларускіх дэмакратычных сіл усе вінаватыя ў сёньняшнім ЭТНАЦЫДЗЕ беларускага народу будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці.