nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БАЛЦКАЯ ТЭМА. Частка І (дкБНІ)

5 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Мы ўжо ня раз паведамлялі, што найбольш цікавыя для нас матэрыялы тыя, што датычаць нашай галоўнай тэмы – ПРАГРАМНАГА ВОБРАЗУ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. Нас таксама цікавяць матэрыялы, якія паказваюць ролю Беларусі ў сёньняшнім сьвеце, а таксама інфармацыя пра сілы, якія могуць перашкодзіць ці дапамагчы заняць нашаму народу годнае месца ў БУДУЧЫНІ. Як прыхільнікі зьвязваць мінулае з БУДУЧЫНЯЙ (наш падмурак з нашай мэтай) праз пераемнасьць, мы таксама зацікаўлены ў атрыманьні матэрыялаў, якія прасьвятляюць нашу мінуўшчыну. Таму мы былі вельмі радыя атрымаць шэраг артыкулаў ад Цэнтру этнакасмалогіі Крыўя. Мы будзем друкаваць іх пад рубрыкай «дкБНІ», што азначае – у дадатак да канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя».
Рэдакцыя.

БАЛЦКАЯ ТЭМА. Частка І (дкБНІ)

Сяргей Санько

“Ведама, генетычны складнік у беларусаў не чыста славянскі. І тое, што той-сёй заяўляе, нібы мы беларусы – чыстакроўныя славяны, не ёсць праўда. <…> Агульны ж генатып, што захаваў нашыя лакальныя адметнасці, сфармаваўся як мінімум 120 (плюс-мінус 10) пакаленняў таму. Калі лічыць, што ў беларусаў адно пакаленне роўнае 27,5 году, дык можна дапусціць, што ўжо 3 тысячы год таму нашыя продкі былі падобныя да нас з вамі. А ў тыя часы тут жылі балты”. Аляксей Мікуліч

Тэма гэтага артыкулу наколькі істотная і канечне патрэбная дзеля разумення паходжання падставовых складнікаў нашай традыцыйнай культуры і культурнай традыцыі наагул, нагэтулькі і рызыкоўная ды «небяспечная».

Істотная яна дзеля адной простай прычыны, а менавіта той, што этнагенез – гэта, па вялікім рахунку, адзіны надзейны, прынамсі, у нашым разе, ключ да развязання шмат якіх праблемаў нашага глота- і культурагенезу, а значыць – і да разумення таго, у якім стане знаходзіцца сёння і нашая культура наагул, і традыцыйная культура ў прыватнасці, і якія адна і другая маюць перспектывы на будучыню.

Ужо адзначалася, што багата якія элементы нашай традыцыйнай спадчыны бяруць свае вытокі ў такіх гістарычных відалях, далей за якія часта ўжо не сягаюць і самыя сучасныя рэканструкцыйныя метады. Аднак не забываймася, што між тымі далёкімі эпохамі, калі нашымі продкамі ды – ці не скажам мы на традыцыйны лад – багамі закладаліся першыя падваліны нашай культуры, і нашаю цяперачыняй пралеглі цэлыя тысячагоддзі, на працягу якіх былі і ўласнае эвалюцыйнае развіццё культуры, і выкліканыя вонкавымі прычынамі крутыя пераломы, калі шмат што адыходзіла ў нябыт назаўсёды, і ніякая рэканструкцыя тут аніколі ўжо не зможа даць рады, а тое, што заставалася, магло да непазнавальнасці змяняць сваё аблічча і ў гэтым новым абліччы даходзіць да нас. Усё гэта ўносіла «інфармацыйны шум» у камунікацыю нашых далёкіх продкаў са сваймі нашчадкамі, і цяпер часам ровень гэтага «шуму» перавышае ровень самога «паведамлення».

І гэта – адна з прычынаў, чаму разгляданая тэма становіцца даволі рызыкоўнаю і небяспечнаю. Проста мы ўжо не можам некрытычна паставіцца як да сведчанняў пісьмовых крыніцаў, якія, як вядома, падаюць не гэтулькі факты, колькі інтэрпрэтацыі (зрэшты, факт, як на сённяшняе разуменне, і ёсць так ці іначай праінтэрпрэтаванай падзеяй), гэтак і да сведчанняў самой традыцыі, прынамсі, у тым выглядзе, у якім гэтыя сведчанні былі зафіксаваныя этнографамі і фалькларыстамі ХIХ і ХХ ст. Рызыкоўнасць тут, у прыватнасці, у тым, што гэтак пытанне наагул ставіцца ўпершыню і мае відавочны кірунак на чарговае пераацэньванне таго, што, здавалася б, добра ўжо ўклалася ў тую або іншую гістарычную ці культуралагічную парадыгму або схему.

Але рызыкоўнасць уздыманай тут тэмы звязаная не толькі з тымі або іншымі крытэрамі навуковай дакладнасці і надзейнасці рэканструкцыяў. Сталася гэтак – і ў гэтым таксама, відаць, быў наш лёс, – што праблема нашага паходжання ледзь не ад самага пачатку ўсведамлення яе як праблемы набывае выразную ідэалагічную афарбоўку, якая з бегам стагоддзяў станавілася толькі ўсё больш інтэнсіўнай і насычанай. Прыгадайма, як яшчэ гэтак званы «пачатковы летапісец» вагаўся ў славянскай атрыбуцыі крывічоў і ў пераліку народаў Усходняй Еўропы не ўлучаў іх ані ў шэраг тых народаў, што маюць «словенеск язык», ані ў купу іншамоўных плямёнаў. А пры апісанні звычаяў нашых продкаў характарызаваў іх як «звярыныя». Ясна, на якіх падставах. Так што праблема нашай самаідэнтыфікацыі і ідэнтыфікацыі нас нашымі суседзямі мае ўжо бадай тысячагадовую гісторыю. А ідэалагізму гэтай праблеме надавала, апроч іншага, адмысловае геаграфічнае становішча нашага этнічнага абшару. І размешчанасць на галоўным еўрапейскім водападзеле, дзе бяруць вытокі найбольшыя еўрапейскія рэкі Дняпро, Дзвіна, Волга, Нёман, вядомыя нават антычным географам, і сярэдзіннае становішча на скрыжаваннях колішніх гандлёвых і камунікацыйных шляхоў між Поўначчу ды Поўднем, з аднаго боку, і Захадам ды Усходам, з другога, – усё гэта ў ранейшыя часы надавала асаблівага, сакральнага статусу нашай зямлі. Пачаткова калізія тут узнікае пасля пераасэнсавання сакральнага цэнтру Сусвету як Ерусаліму, якое пашыралася ў Еўропе па меры распаўсюду хрысціянства. Актуальным становіцца паўднёвы, міжземнаморскі вектар геапалітычных арыентацыяў. І летапісныя расповеды пра шматвяковую спрэчку Полацку з Кіевам, а пазней Літвы з Масквою, як пераемніцаю Візантыйскай імперыі за гегемонію на ўсходнееўрапейскіх абшарах, – адбітак той першай сур’ёзнай калізіі.

Менавіта ў гэтай метапалітычнай роўнядзі і трэба шукаць прычынаў высокай заідэалагізаванасці праблемы этнагенезу беларусаў. Цікава адзначыць, што якія б гістарычныя або палітычныя рэаліі ні складваліся на абшарах Усходняй Еўропы, амаль падсвядомая памяць пра колішнюю харызму насельнікаў «сакральнага цэнтру» так ці іначай захоўвалася і штурхала ды штурхае некаторых суседзяў на тое, каб зрабіць тутэйшых сваймі, «крэўнымі братамі». І цяпер гэтая «братэрская» рыторыка абслугоўвае геапалітычныя амбіцыі апошняй імперыі на ўсходзе Еўропы. Нешта падобнае назіралася і назіраецца яшчэ і цяпер у былой Брытанскай імперыі ў дачыненні да рэштак аўтахтоннага валійскага, шатландскага ды іншага насельніцтва, між іншага, адзначанага харызмаю належнасці да легендарнай выспы Туле. І там, як і тут, даўняя калізія яшчэ вельмі далёкая ад свайго развязання

Катэгарычнасць і рэпрэсіўнасць фармулёвак «братэрскай фразеалогіі» могуць, вядома, змяняцца з часам і са зменамі ўрадаў. Мы памятаем, што бальшавікі ў гэтым пункце былі досыць бесцырымонныя і, напрыклад, проста забаранілі ў 1973 г. навуковую канферэнцыю «Этнагенез беларусаў», што мела адбыцца ў Менску з удзелам спецыялістаў з усяго Савецкага Саюзу, а нашыя навуковыя «тузы» наагул аніколі не заахвочвалі грунтоўных і сумленных заняткаў гэтай праблемай, нават калі адкрыта і не забаранялі гэтага.

Няўжо ж гэта адбывалася з чыста акадэмічных, навуковых прычынаў? Ці мо’ праблематыка дзеля важкіх прычынаў была падведзеная пад рубрыку «псеўдапраблемаў»? Зразумела, што не. Усё было куды больш празрыста. Проста за мінулае стагоддзе высілкамі соцень даследнікаў – лінгвістаў, этнографаў, фалькларыстаў, антраполагаў, гісторыкаў ды іншых – быў назапашаны вялізарны масіў матэрыялаў, якія адназначна сведчаць, што ў этнагенезе беларусаў значны (калі не вызначальны) удзел узялі мясцовыя балцкія плямёны, што спрадвеку жылі на нашых землях і пазней былі аславяненыя.

Вось тая выснова, якой дагэтуль не здолела «пераварыць» паноўная ідэалогія, з якою афарбоўкаю яна ні была б.

Два дзесяцігоддзі мінулі, перш як рэпрэсаваная праблематыка была рэабілітаваная, не ў апошнюю чаргу дзякуючы актыўнасці сябраў Цэнтру этнакасмалогіі «Крыўя», якія ў 1993 г. у Менску правялі адмысловую міжнародную навуковую канферэнцыю «Балты і этнагенез беларусаў». Канферэнцыя не развязала цэлай гаймы праблемаў, некаторыя нават не былі закранутыя, і, тым не менш, пасля яе адмаўляць удзел балтаў у беларускім этнагенезе стала проста «кепскім тонам».

Згадаем і іншы аспект праблемы нашага паходжання: пытанні самаазначэння і самасвядомасці. Iмi ў значнай ступенi абумоўлiваюцца i «плаксiвасць» беларускай iнтэлiгенцыi, якая быццам бы ўсё жыццё адно і вучылася плакаць пра «гаротны лёс» бацькаўшчыны, i тая паспешлiвасць, з якою тая ж iнтэлiгенцыя манiцца ўсiх беларусаў хутчэй зрабiць бела-русамi. Аднак выдае на тое, што акурат iнтэлігенцыяй – гэтым «розумам» i «сумленнем» нацыi – самі гэтыя праблемы так i не былi яшчэ дарэшты ўсведамленыя як праблемы i пры гэтым праблемы экзістэнцыйныя.

У чым найперш выяўляюцца гэтыя праблемы?
Перадусiм – у той няспешнасцi, з якой сярэднестатыстычны тутэйшы бярэцца вызначаць сваю этнiчную і нацыянальную істу. Ён быццам адчувае, а то і проста ведае ўсю ўмоўнасць прапанаванага яму рэестру «самаазначэнняў». Больш за тое, ён заўсёды напаўсведама ведае i пра iх iншакультурнасць, неаўтэнтычнасць, неўкарэненасць у сваёй – вось тут iснай – зямлі.

А прапанаваная яму дагэтуль была адзiная магчымасць: пашукаць асноваў свайго існавання адно адштурхоўваючыся ад навязлiвай апазіцыi Усход – Захад, што ў нашых варунках неўнiкнёна мела азначаць фатальнае прывязванне або да Расіi, або да Польшчы. Але тутэйшы паводле самога складу сваёй натуры прынцыпова не здатны на выбар, калi выбiраць, па вялiкiм рахунку, няма з чаго: як не згодны самавызначацца ў неўласцiвых яму тэрмінах градацыяў «расійскасцi» або «польскасцi», ён нібы прапануе спынiцца, не спяшацца, паразважаць разам з iм над істаю ягонай тутэйшасцi i разам з гэтым перавесцi гутарку зусiм у iншае рэчышча (параўн.: «Мы не рускія і не палякі, а край наш забраны»).

А што iншае магла сімвалізаваць гэтая ўпартая тутэйшасць, як не жаданне вызначаць сваю існасць у адпаведнасцi з істаю сваёй зямлі, вось гэтага месца, гэтага тут, дзе спрадвеку жылi продкi i, дасць бог, будуць жыць наступнiкi?

Але, на жаль, не пачутыя яшчэ гэтыя прапановы. I з падачы замежных «iдэолагаў» ды з ахвотнай згоды нашай iнтэлігенцыi ўсё ж замацоўваецца за тутэйшым назоў бела-рус, які мала што для яго значыць. А ён – гэты назоў – ужо шмат да чаго забавязвае. У прыватнасцi, з гледзiшча нашай бела-рускасцi, атрымаць права на існаванне могуць адно тыя формы этнагенетычных дыскурсаў, якiя, як той казаў, заднiм днём апраўдвалi б самую гэную бела-рускасць.

Аднак праблемаў з самасвядомасцю гэта не развязвае. Хутчэй, канчаткова заблытвае свядомасць у лабiрынтах, ды нагэтулькi, што тутэйшы ўжо гатовы вызначаць сябе або як «рускага», або як «паляка», або як каго-колечы яшчэ, абы не закраналася ягоная аголеная нерва, абы не раскрывалася вонкі цяпер ужо мала чым ахаваная душа.

Тым не менш, калi назiраеш за падобнымi з’явамi, не пакiдае ўражанне, што траха не цэлая нацыя пры кожнай сустрэчы з сучаснай цывiлiзацыяй i яе нормамі ды забабонамі нібы напаўсвядома робіць вялікі epoche (супын) у самавызначэннi, па якім настае самая радыкальная рэфлексія, роздум, поўны сумневаў і ваганняў, над асновамі свайго iснавання.

Праблемы паходжання беларусаў належаць да вельмі заблытаных i далёкiх ад свайго, хоць бы папярэдняга, развязання. Сярод вiдавочных i не надта вiдавочных прычынаў гэтага:
1) яўная слабасць факталагiчнай базы, на якой грунтаваліся першыя канцэпцыi этнагенезу беларусаў, амаль фатальная залежнасць наступных тэорыяў ад гэтых першых этнагенетычных штудыяў i, як вынiк, нарошчванне камяка «неабдуманых дапушчэнняў»;
2) часцяком вельмi некрытычнае выкарыстанне звестак пiсьмовых крынiцаў;
3) метадалагiчна неправамернае змешванне этна-, культура- ды глотагенетычных праблематык i адпаведных iм працэсаў;
4) высокая iдэалагiчная абцяжаранасць этнагенетычных канцэпцыяў;
5) своеасаблiвая «рэпрэсіўнасць» iнтэрпрэтацыйнай рэтраспекцыi, што адштурхоўваецца ад «наяўнага» (у нашым разе – усходнеславянскага) стану, праектуючы яго на вялікія храналагічныя зрэзы ў мінуўшчыну.

Менавiта гэткiх ды іншых «падводных камянёў» пакуль не здолелi абмінуць усе тэорыi паходжання беларусаў.

Але нам пашчасцiла. Нашыя продкі захавалi ў сваёй традыцыi адмысловы этнагенетычны мiф. І тут ёсць сэнс даць кароткi яго пераказ.

Як i належыць ядраваму мiфу традыцыi, ён адсылае да «першых часоў», калi не толькi ўсё ў свеце, але і сам гэты свет адно зачыналiся. Спачатку апавядаецца, як з пачатковых водаў з дапамогай Перуна ўтвараецца ўсё iснае, у тым лiку раслiны, звяры ды сам чалавек.
Першым насельнiкам нашай зямлi быў Бай (князь Бой, паводле iншай версіi мiфу), якi меў трох сыноў i двух любiмых сабакаў – Стаўры i Гаўры. Па смерцi бацькi два сыны спадкавалi ўсю ягоную маёмасць, а малодшаму, Белаполю, якi ў гэты час аказаўся на паляваннi з сабакамi, засталiся толькі гэныя сабакі ды бацькаў наказ: пусцiць Стаўры i Гаўры на волю, i колькi яны зямлi аббягуць за дзень, гэтулькi яму і дастанецца на спадчыну. Белаполь, злавiўшы дзвюх птушак, пусцiў адну на поўдзень, а другую на захад, а следам за iмi сваiх сабакаў. Куды пабеглi сабакi, пацяклi вялікія нашыя рэкi: Дзвiна – на захад, Дняпро – на поўдзень. З тых часоў мiж гэтых рэк i пасялiўся Белаполь, ад якога «развяліся розныя плямення пад прозвішчам Беларусы».

Вiдавочна, што мiф гэты сцвярджае нешта проста супрацьлеглае таму, што мы даведваемся з пiсьмовых крынiцаў пра рассяленне на нашым абшары славянскiх плямёнаў. Аднак ёсць усе падставы ўважаць гэтае сведчанне самой традыцыi за больш грунтоўнае, падставовае i аўтарытэтнае пры абмеркаваннi праблемы паходжання беларусаў. У сваiм часе два вядомыя даследнiкi (А. Трубачоў, В. Абаеў) вылучылі тэзу пра прыярытэтнасць нутраных сведчанняў пэўнай традыцыi менавiта ў пытаннях этнагенезу. Адсутнасць у народнай памяцi паданняў пра маштабнае перасяленне аднекуль з зусiм iншых мясцiнаў яны схiльныя былi прыймаць за галоўнае сведчанне аўтахтоннасцi гэтага народу, яго спрадвечнага развiцця на сваёй зямлi.

Наш выпадак чыста адпавядае гэтай тэзе. Але з яе вынiкаюць зусiм не бестурботныя нават для тутэйшых даследнiкаў наступствы. I найпершае з iх – сцверджанне аўтахтоннасці беларусаў. Апроч iншага гэта азначае, што нiякiя мiграцыi не маглi ў гiстарычна аглядныя часы істотна паўплываць на станаўленне тутэйшага этнасу.

Пацвярджае гэта найперш фізічная антрапалогiя. У яе асадах было зробленае неацэннае адкрыццё. Гэта выснова пра старажытнасць i значную кансерватыўнасць антрапалагiчнага тыпу вясковага насельнiцтва Беларусi. Аналiз розных серыяў паказнiкаў дазволiў адмыслоўцам зрабiць выснову, што антрапалагiчны тып сучасных жыхароў Беларусi практычна без зменаў спадкуе тып яшчэ мезалiтычнага насельнiцтва нашай тэрыторыi. А лабараторныя доследы дазваляюць нават ацанiць «бiялагiчны век» генафонду сучасных беларусаў сама мала ў дзевяць тысяч гадоў. Вынiкi фантастычныя! І на згаданай вышэй канферэнцыi 1993 г. яны яшчэ раз былi пацверджаныя нашым вядомым антраполагам А. Мiкулiчам.

У антрапалагiчнай лiтаратуры неаднаразова выказвалася думка, што кансерватыўнасць антрапалагiчнага тыпу насельнiцтва пэўнай тэрыторыi сведчыць за тое, што ў яго развiццi мiграцыi не мелі істотнай ролi. Як жа тады быць са славутай «славянскай мiграцыяй» ранняга сярэднявечча? А нiяк. Бо мiграцыi гэтай рыхтык і не было.

Не фiксуецца гэтая мiграцыя i археалагiчна, хоць, здавалася б, менавiта археалогiя найперш давала б довады на карысць стандартнай мiграцыйнай мадэлi. Нiхто з археолагаў пакуль не змог пераканаўча прадэманстраваць, адкуль i як маглi прыйсцi шматлікія славянскiя плямёны на будучую Беларусь. Дарэчы, акурат гэтая акалiчнасць прымушае некаторых даследнiкаў сцвярджаць аўтахтоннасць славянскага насельнiцтва на Беларусi сама мала пачынаючы з жалезнага веку. Але абгрунтаваць гэты варыянт аўтахтоннай мадэлi паходжання беларусаў не лягчэй за папярэдні ёй мiграцыйны. Бо ён адразу ўваходзiць у супярэчнасць з цэлай гаймай фактаў, якiя іначай як у асадах балцкай прысутнасцi на Беларусi з самых раннiх даступных аналiзу часоў вытлумачыць нельга. Славянская ж аўтахтонная мадэль грунтуецца ці не вылучна на адным «неаспрэчным» факце – на вiдавочным славянскiм характары гаворак Беларусi і беларускай лiтаратурнай мовы, прынамсi, у апошнiя некалькi стагоддзяў. Але гэта i ёсць прыклад той самай «рэпрэсіўнасцi» iнтэрпрэтацыйнай рэтраспекцыi, якая гатовая безаглядна перавытлумачваць мiнулае, зыходзячы з наяўнага сённяшняга стану, а не наадварот – тлумачыць сённяшнi стан, зыходзячы з адпаведна зразуметай мiнуўшчыны. Гэта таксама і прыклад змешвання этна- і глотагенетычнай праблематыкі, то бок мяшанне праблемаў паходжання этнасу і мовы.

Сяргей Санько

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы