nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БАЛЦКАЯ ТЭМА. Частка ІІ (дкБНІ)

5 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Сяргей Санько

Паспрабуйма зусiм канспектыўна прасачыць, якiя магчымасцi дае этнагенетычнаму пошуку тэза пра аўтахтоннасць беларускага этнасу.

Беларуская этнiчная тэрыторыя пачала складвацца ў глыбокай старажытнасцi. Па апошнім ледавiковым перыядзе адбываецца шырокае засяленне паўночнай часткi Усходняй Еўропы першабытным людам. На тэрыторыi будучай Беларусi з гэтага часу пачынаецца эпоха мезалiту.
Слабыя сувязi мiж рознымi групоўкамi даволі рэдкага яшчэ мезалiтычнага насельнiцтва, ландшафтавыя ды клiматычныя асаблiвасцi рэгiёнаў Беларусi, наяўнасць або адсутнасць пэўных вiдаў сыравiны для вытворчасцi прыладаў працы ды iншыя чыннiкi паўплывалi на складванне вiдавочных лакальных асаблiвасцяў мезалiтычных культураў на тэрыторыi Беларусi. Але наўрад каб гэта было сведчаннем рознаэтнiчнасцi тагачаснага насельнiцтва.
Iстотна, што з гэтага часу (познi мезалiт) пачынаецца перыяд пераважна аўтахтоннага развіцця культураў насельнiкаў Беларусi, што на працягу шэрагу наступных тысячагоддзяў будзе вызначаць адметнасць этнакультурных працэсаў на нашай зямлi.

Гэтая – ведама, рызыкоўная з гледзiшча прыйманых сёння за абгрунтаваныя этнагенетычных канцэпцыяў – думка падмацоўваецца, апрача як матэрыяламі антрапалогii, вiдавочным супадзеннем рэгiянальнага падзелу культураў развiтога неалiту Беларусi з арэаламi колiшнiх беларускiх мезалiтычных культураў, а таксама прыкметнай пераемнасцю ў iх развіцці (Э. Загарульскi). Нялiшне будзе заўважыць, што ўжо ў неалiце (V – III тыс. да н. э.) усталёўваецца пэўная аднароднасць археалагiчных культураў на тэрыторыi Беларусi (нарваўскай, нёманскай, дняпроўска-данецкай, верхнедняпроўскай), якой, на думку некаторых даследнiкаў, магла адпавядаць i пэўная лiнгвiстычная (моўная) аднароднасць (М. Чарняўскi). Разнастайныя факты дазваляюць суаднесцi носьбiтаў гэтых неалiтычных культураў з рознымi групоўкамi iндаеўрапейцаў, а дакладней – з протабалтамi.

Неалiтычная этнакультурная еднасць нашага краю была часова парушаная ў III тыс. да н.э. у вынiку пранiкнення на захад Беларусi з Усходняй Прыбалтыкi i Цэнтральнай Еўропы іншых iндаеўрапейскiх плямёнаў, носьбiтаў культуры шарападобных амфараў, якiя, верагодна, спрычынiлiся да фармавання некаторых асаблiвасцяў позняга этапу нёманскай культуры. Але ўжо на мяжы III i II тыс. да н.э. этнакультурная лучнасць Беларусi ўзнаўляецца ў вынiку пашырэння тут культуры «баявых сякераў» або «шнуравой керамiкi», што, як, мабыць, слушна заўважае Э. Загарульскi, было не гэтулькi сведчаннем змены этнасу, колькі надыходу новай эпохі. Сапраўды, гэтым часам звычайна датуецца пачатак беларускага бронзавага веку.

На пачатку бронзавага веку бальшыня будучай этнiчнай тэрыторыi беларусаў характарызуецца досыць аднароднымi помнікамі сярэднедняпроўскай культуры (III – пачатак II тыс. да н.э.), якая, праўдападобна, дала асноўныя iмпульсы да ўтварэння ў пачатку II  тыс. да н.э. шэрагу амаль тоесных i, бясспрэчна, генетычна роднасных культураў (лубанскай у паўднёва-ўсходняй Латвii, паўночнабеларускай у Паазер’i i частцы Смаленскай ды Пскоўскай абласцей, мар’янаўскай на Палессi i ў парэччы Дзясны, Сожу i Сейму, соснiцкай у Верхнiм i часткова Сярэднiм Падняпроўi), якiм, на думку шмат якіх даследнiкаў, ужо маглi адпавядаць пляменныя групоўкi ўсходнiх (дняпроўскiх) балтаў (В. Сядоў, I. Арцёменка, Э. Зайкоўскi, I. Лозэ ды iнш.).

Пад тысячу год доўжылася амаль бесперапыннае развiццё гэтых культураў, ажно пакуль у першай палове I тыс. да н. э. на iх грунце не паўсталi культуры жалезнага веку – дняпроўска-дзвiнская, што ахапiла смаленскае Падняпроўе, полацка-вiцебскую частку Падзвiння ды паўднёвую частку Пскоўшчыны, юхнаўская ў басейнах Дзясны i Сейму, вышнявоцкая ў вышнявінах Акi, мiлаградская ў басейнах Прыпяцi i Дняпра ды штрыхаванай керамiкi ў цэнтральнай Беларусi i паўднёва-ўсходнiх раёнах сучасных Лiтвы i Латвii. Нягледзячы на пэўныя адрозненнi першых трох са згаданых культураў ад дзвюх апошнiх, ёсць падставы меркаваць, што ўтвораныя яны былi блiзкароднаснымi групоўкамi плямёнаў, што размаўлялi на блiзкiх адна да адной мовах (адрозненнi – на роўнi дыялектных). Бальшыня даследнiкаў не сумняецца, што носьбiтамi гэтых культураў былi плямёны ўсходнiх, пераважна дняпроўскiх балтаў (напрыклад, Я. Шмiт).

Гэтая адносная этнакультурная i этналiнгвiстычная пераемнасць была часткова парушаная ў канцы I тыс. да н.э. у вынiку мiграцыi ў раёны прыпяцкага Палесся i часткова ў Падняпроўе заходнябалцкiх (паводле В. Сядова), а, хутчэй, рознаэтнiчных плямёнаў, якiя спрычынiлiся да ўтварэння так званай зарубiнецкай культуры. У гэтым жа часе перапыняе сваё існаванне мiлаградская культура, носьбiты якой былi асімiляваныя часткова «штрыхавiкамi», а часткова «зарубiнцамi». Але і сама зарубiнецкая культура праіснавала не доўга, спынiўшы сваё развiццё у першыя вякі нашай эры. Верагодна, гэта было звязана з далейшай мiграцыяй яе носьбiтаў на ўсход i паўночны ўсход – у арэал пражывання юхнаўскiх плямёнаў, дзе ў вынiку асімiляцыйных працэсаў паўстала мошчынская культура, якую атаесамляюць з культураю пазнейшай летапiснай голядзi. Дняпроўска-дзвiнская зона практычна не была закранутая мiграцыяй зарубiнецкiх плямёнаў i працягвала сваё нерупятлівае развiццё ажно да канца першай паловы I тыс. н.э.

Сярэдзiна I тыс. н.э. стала пераломнаю ў этнiчнай гiсторыi нашых абшараў. Прыкладна ў гэтым часе адбываецца ўнiфiкацыя культураў ці не ўсяго разгляданага арэалу. Ёсць падставы звязваць гэтую з’яву з далейшым рассяленнем плямёнаў дняпроўскiх балтаў у паўночна-заходнiм i паўднёвым кiрунках. У вынiку гэтага пачынае складвацца культура, якая паводле найбольш тыповых яе помнiкаў атрымала назоў банцараўска-тушамлiнска-калочынскай. Сярод найбольш выразных «культуралагiчных» адметнасцяў гэтай культуры кiдаюцца ў вочы яе арэальныя характарыстыкi. Гэта бадай адзiная з раннiх археалагiчных культураў, граніцы максімальнага пашырэння якой амаль дакладна адпавядаюць пазнейшым лiнгвiстычным, этнаграфiчным, фальклорным ды iнш. межам беларускага этнасу на ўсходзе. Не выклiкае сумневаў у даследнiкаў (з рэдкiм выняткам) балцкая моўная атрыбуцыя носьбiтаў гэтай культуры. Вiдавочна, што культуру тыпу Банцараўшчына – Тушамля – Калочын можна з поўным правам лiчыць ужо ўласна «протабеларускаю». Нездарма шмат хто з выступоўцаў на этналагічнай канферэнцыi 1993 г. у Менску звяртаўся менавiта да гэтай культуры з мэтаю прасачыць найранейшыя сляды будучага беларускага этнасу (Ф. Клiмчук, М.Чарняўскi ды iнш.).

Пазней, пад канец I тыс., лакальныя адменнікі культуры тыпу Банцараўшчына – Тушамля – Калочын сталi тым грунтам, на якiм паўсталi i развiлiся культуры летапiсных крывiчоў, радзiмiчаў i дрыгавiчоў. І праўда, штудыі апошнiх дзесяцiгоддзяў выявiлi амаль поўную генетычную пераемнасць банцараўска-тушамлінскай культуры ды культуры крывiцкiх даўгiх курганоў. Адзначаецца ў лiтаратуры і пераемнасць у развiццi калочынскай культуры ды культуры летапiсных радзiмiчаў. Праблема генетычных сувязяў банцараўскай культуры i дрыгавiцкiх помнікаў пакуль слаба асветленая. Дарэчы, на генетычную лучнасць банцараўскай культуры з культурамi крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў абапiраўся ў сваiм часе Л. Побаль, аднак вылучна ў вiдалi аўтахтанiсцкай славянскай мадэлi.

Прыкладна на мяжы I і II тыс. завяршаецца «балцкi» этап беларускага этнагенезу. Адна з галоўных прычынаў гэтага – карэнная змена ў эканамiчным і палiтычным жыццi ды iдэалогii бальшынi тагачасных грамадстваў Усходняй Еўропы. У гэтым часе адбываецца пераход да новых формаў грамадскага ладу (на змену былым аб’яднанням родавых i пляменных груповак прыходзяць першыя дзяржаўныя ўтварэннi) i да новага эканамічнага ўладкавання – феадальнага. Протагарадскiя паселiшчы ранейшага часу ператвараюцца ў гарады – адмiнiстрацыйныя, культурныя, рамеснiцкiя i гандлёвыя цэнтры. Гарады становяцца свайго роду пунктамi прыцягнення, «магнітамі» для «шукальнiкаў лепшага жыцця» з усiх куткоў тагачаснай айкумены. Шчыльныя гандлёвыя сувязi гарадоў Усходняй Еўропы спрыяюць тэндэнцыi сцiрання рэгiянальных культурных асаблiвасцяў i фармавання адносна аднароднай гарадской культуры, што ў лiтаратуры атрымала назоў «старажытнарускай» (В. Сядоў).

Апошняя была вiдавочным метаэтнiчным утварэннем, яна ж патрабавала і пэўнай метаэтнiчнай лiнгвiстычнай бесперапыннасці ды аднароднасцi. Ролю своеасаблiвага моўнага iнтэгратара дзеля розных гiстарычных прычынаў пачалi выконваць розныя славянскiя гаворкі. Iх унiфiкацыi паспрыяла пашырэнне хрысцiянства амаль выключна ў асяроддзi гарадскога насельнiцтва. Славянская мова на вялiкiм усходнееўрапейскiм абшары стала функцыянаваць як пэўнага кшталту lingua franca, якая гарантавала ўзаемапаразуменне не толькi славянам, але і балтам, германцам, фiнам ды прадстаўнiкам iншых этнасаў. Гэтая з’ява мела вiдавочны эпахальны характар i была ў шчыльнай сувязі з адпаведнымi працэсамi ў іншых рэгіёнах Еўропы (прыгадайма адно ролю сярэднявечнай лацiны як культурнага iнтэгратара ў Заходняй Еўропе).

Але адначасна гарады становяцца галоўнымi асяродкамi моўнай і культурнай асімiляцыi тутэйшага насельнiцтва, у Беларусi – балцкага. Асімiляцыйным працэсам спрыялi дзве акалiчнасцi:
1) генетычная роднасць i структурная блiзіня балцкiх i славянскiх моваў; з прычыны большай эвалюцыйнай «прагрэсіўнасці» славянскiх моваў асімiляцыйныя працэсы маглi перакрыжоўвацца з эвалюцыйнымi, прычым эвалюцыя тут была магчымая адно ў кiрунку балцкiя > славянскiя мовы i нiколi наадварот;
2) перасяленне на тэрыторыю Беларусi нешматлiкiх груповак iншаэтнiчнага славянскамоўнага насельнiцтва.

Асімiляцыйныя працэсы доўжыліся некалькi стагоддзяў i, праўдападобна, свайго крытычнай пункту дасягнулі ў ХIII – ХIV стст., пасля чаго працэс славянiзацыi мясцовых балтаў стаў незваротным. У вынiку на вялiкiм абшары, яшчэ нядаўна занятым носьбiтамi балцкай банцараўскай культуры, запанаваў пэўны кшталт славянскай гаворкi, якую з адпаведнымi агаворкамi можна назваць «старабеларускай». Але балцкi лiнгвiстычны субстрат беларускай мовы яшчэ і сёння выразна праяўляецца ў гайме лексічных балтызмаў, што захоўваюць i актыўна выкарыстоўваюць беларускiя дыялекты ды лiтаратурная мова, у фанетычным, марфалагiчным ды сінтаксічным ладзе беларускай мовы, у беларускай гiдра-, топа- і антрапанiмii. Агульная колькасць беларускiх лексічных балтызмаў, як адзначаюць даследнікі (В. Мартынаў, I. Лучыц-Федарэц, С. Прохарава, У. Тапароў, Ю. Адкупшчыкоў, С. Санько ды інш.), значна перавышае тыя некалькi соцень прыкладаў, якiя да нядаўняга часу фiгуравалi ў лiнгвiстычнай лiтаратуры (параўн. працы Ю. Лаўчуце). Ужо часткова апублiкаваныя матэрыялы «Этымалагiчнага слоўнiка беларускай мовы» павялiчваюць вядомыя спiсы цi не ўдвая (В. Мартынаў). Надзвычай перспектыўнае ў гэтым стасунку даследаванне сінтаксічных балтызмаў, наагул вывучаных яшчэ надта слаба (гэты прагал запоўнены толькі працамi С. Прохаравай). Адзначаныя акалiчнасцi даюць падставы гаварыць не проста пра балцкi субстрат беларускай мовы, але і пра балцкi iнгрэдыент у ёй.

Канчаткова ўласна беларускi этнас складваецца ў сваiх яшчэ дагiстарычных культурных межах (арэал банцараўскай культуры) за часоў Вялiкага Княства Лiтоўскага – супольнай дзяржавы продкаў сучасных беларусаў i лiтоўцаў, а часткова – расійцаў ды ўкраiнцаў. У гэтых спрадвечных межах i заспяваюць беларусаў этнографы i дыялектолагi XIX – ХХ стст.

Падводзячы вынікі вышэй сказанага, адзначым:
1) што ў аснове беларускага этнагенезу былi, бясспрэчна, мясцовыя балцкамоўныя этнiчныя групоўкi;
2) што праўдзіваю праблемаю ёсць не гэтулькi высвятленне ролi балтаў у беларускiм этнагенезе (яна вiдавочная), колькi ролi славянаў, а таксама таго, як, пры якiх умовах і калi адбывалася моўная (часткова – культурная) асімiляцыя (славянiзацыя) тутэйшага насельнiцтва, якая роля належала ў гэтым працэсе тым не надта шматлiкiм, калi даваць веры археалагiчным крынiцам, славянскiм перасяленцам пераважна ў паўднёва-заходнiх раёнах сучаснай Беларусi.

Калi ж выказаць формулу беларускага этнагенезу сцісла, то можна сказаць, што БЕЛАРУСЫ – ГЭТА СЛАВЯНАМОЎНЫЯ БАЛТЫ. Якiя гэта можа мець культуралагiчныя наступствы, пакажа будучыня.

1993 – 2003 гг.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы