nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ХАРЫЗМА ТУТЭЙШАСЦІ. Частка ІІ (дкБНІ)

7 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Андрэй Насута

Якім чынам тутэйшасць мабілізуе ахоўныя сілы этнасу і як засцерагае ад заганаў мадэрнага і постмадэрнага свету?

Паводле Мікалая Шкялёнка, аднаго з тых беларускіх мысляроў, хто намагаўся падступіцца да асэнсавання асноваў «тутэйшага» светаадчування, «калі сялянская або гарадзкая маса падчырквае сваю “тутэйшасьць”, ня можна казаць, што з гледзішча нацыянальнае сьведамасьці яна зьяўляецца зусім безкалёрнай. “Тутэйшая” маса цалкам сьведама адгараджвае сябе ад нацыянальнасьці расейскай, польскай або якойсь іншай. Ужо гэты нэгатыўны бок у вызначэньні сваёй нацыянальнасьці мае вялікае значэньне. Але слова “тутэйшы” мае і пазытыўны зьмест. Яно не тасуецца масай да кажнага, хто прыплёўся ў край і тут жыве. Яно азначае толькі такога жыхара, які зьяўляецца ў поўным сэнсі слова аўтахтонам краю, які зросься з краем і зьяўляецца яго гаспадаром» [Шкялёнак М. Аб «Тутэйшых» // Шкялёнак М. Беларусь і суседзі: Гістарычныя нарысы. Białystok, 2003. – С. 128-129]. Гэтыя словы змяшчаюць ключавыя для нас катэгорыі. Спрадвечная повязь чалавека з краем, сталым месцам свайго пражывання ёсць асноваю і крыніцаю нашай культуры. Карані і паходжанне, з аднаго боку, ды шчыльная сувязь з зямлёй і тэрыторыяй, з другога, вызначаюць найдаўнейшыя і асноўныя формы чалавечай асацыяцыі [Сміт Э. Нацыяналізм у ХХ ст. Мн., 1995. С. 176].

Месца, зямля, глеба – вось асяродкі крышталізацыі культурнай ідэнтычнасці, натуральная калыска фармавання этнічных архетыпаў, якія складаюцца як вынік аптымальнай адаптацыі грамады да ўмоваў навакольнага асяроддзя. Укарэненасць надае чалавеку адчуванне сваёй датычнасці да краявіду і, адпаведна, да этнасу як уцелаўлення жыццёвага духу канкрэтнага месца. Ландшафт, такім чынам, улучае ў сябе не толькі фізічнае аблічча месца, але гэтаксама датычных да яго людзей і лад жыцця, які яны вядуць [Schama S. Landscape and Memory. N. Y., 1995. С. 102]. Фрагмент гэтага ладу добра апісаў Освальд Шпэнглер, характарызуючы селяніна, які ўкарэнены ў сваёй зямлі «як спадкаемца сваіх прашчураў і як продак будучых нашчадкаў». Ягоны дом, ягоная собскасць – гэта месца, дзе адбываецца не мімалётная сустрэча цела і маёмасці, што доўжыцца колькі гадоў, а доўгачасовае і нутраное спалучэнне вечнай зямлі і вечнай крыві: «Адно праз гэта, адно на падставе здабыцця аселасці ў містычным сэнсе вялікія эпохі пераўтварэння, зачацця, нараджэння і смерці набываюць метафізічнае хараство, якое сімвалічна выяўленае ў звычаях і рэлігіі ўсіх прывязаных да зямлі народаў» [Шпенглер О. Закат Европы. Очерки морфологии мировой истории. Т. II. Всемирно-исторические перспективы. М., 1998. С. 107]. У тым жа ўгрунтаваны архетып не толькі тутэйшага селяніна, але і шляхціча, моцна прывязанага да сваёй зямлі родавым маёнткам. Згадайма, што сам панятак «архетып» можна разумець, паводле яго вынаходніка, псіхолага Карла Юнга, як «participation mystique <містычную сувязь> архаічнага чалавека з глебаю, на якой ён жыве і якая нясе ў сабе толькі блізкае ёй паводле духу» [Юнг К. Проблемы души нашего времени. СПб., 2002. – С. 64]. Тэрмінамі «тутэйшасці» вызначае вядомы французcкі інтэлектуал Люі Павэль і сэнс арыстакратызму, які ён уважае за «пачуццё адрозненняў і ўкарэненасцяў, што звязваюць кожнага канкрэтнага чалавека з той гісторыяй, якая для яго свая, кожны народ – з пэўнай культурай, і кожную культуру – з пэўнай псіхалогіяй» [Pauwels L. La droite aujourd’hui. Paris, 1979. C. 169].

Выключнае значэнне прасторавага чынніка (глебы, зямлі), тым не менш, – гэта не ўніверсальная культурная з’ява (згадайма г.зв. тэмпаральныя – арыентаваныя на час – культуры), але для індаеўрапейскага, у тым ліку тутэйшага, космасу – фундаментальная. У сувязі з гэтым Вульф Грымвальд зацямляе: «Глеба – аснова нашай еўрапейскай культуры як ва ўтылітарным сэнсе сілкавання, гэтак і ў сэнсе духоўным. Зямля мае таямнічую ўласцівасць, у яе Народ укараняецца праз сямейную повязь – повязь Крыві – пакаленне за пакаленнем. Гэта і ёсць праўдзівае значэнне няслушна зразуметай і абылганай канцэпцыі “Крыві і Глебы”» [Grimwald W. Folk and Land. The Revitalization of Our Culture // http://www.heathenfront.org/kvasir/m8.htm]. Два складнікі: кроў ды глеба, як субстанцыі арганічнай грамады, дапаўняюцца трэцім – народжаным у спалучэнні двух першых – духам: «…Супольнасць крыві (Blut), як сутнаснае адзіноства, развіваецца і вылучаецца ў супольнасць месца (Ort), якая беспасярэдне выяўляецца ў супольным пражыванні, а гэтая апошняя, у сваю чаргу, – у супольнасць духу (Geist)…» [Тённис Ф. Общность и общество. Основные понятия чистой социологии. М., 2002. – С. 25]. Прызнаючы гэткую герархію, мы можам казаць пра існаванне апрычонага, адметнага і непаўторнага духу пэўнага народу (Volksgeist), які выяўляецца ўва ўсім: звычаях, міфічна-паэтычнай мадэлі свету, менталітэце, дзяржаўнай арганізацыі, агулам у цэлым культурным жыцці.

Зямля – аб’ект духоўнага кшталтавання, а яго суб’ект – этнічная супольнасць. Між глебай як аб’ектыўнай рэчаіснасцю і грамадою-суб’ектам існуе зваротная сувязь, што ставіць у залежнасць не толькі суб’ект ад аб’екту, але і наадварот. Іншымі словамі, «усякае існае мае абавязкова нейкую суродную ягонае існасьці сваю мяйсцовасьць і, узаемна, усякае мейсца ісьціць істоту суроднага яму існага» [Санько С. Канстытутыўныя элемэнты антычнага космасу… С. 113]. У кантэксце беларускай міфічна-паэтычнай мадэлі свету выяўляецца яшчэ адна вельмі важная акалічнасць: існаванне якаснай разнастайнасці і прынцыповай неаднароднасці прасторы, у сувязі з чым «кожнае месца – прынамсі, патэнцыйна – аказваецца сэмантычна зараджаным. Апошняе вызначаецца той або іншай ступеньню раскрывальнасьці фундамэнтальных анталягічных магчымасьцяў, г. зн. тым, што прынцыпова можа быць у дадзеным месцы. Некаторыя месцы трывала маюць даволі высокі сэміятычны статус. <...> Гэта месцы тэафаніі, месцы, дзе магчымыя кантакты з найвышэйшымі сэнсамі быцьця, месцы судотыку “гэтага сьвету”, сьвету абыдзённасьці з сакральным сьветам. Ёсьць і іншыя месцы – патэнцыйна небясьпечныя, а то й проста інфэрнальныя, дзе гэты сьвет прыходзіць у судотык з самым прадоньнем быцьця» [Санько С. Некаторыя падставовыя прасторавыя і часавыя структуры ў беларускім фальклёры // Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1998. № 1. – С. 11].

Зважаючы на гэтую акалічнасць, мы можам дазволіць сабе паразважаць над істаю і якаснымі характарыстыкамі нашага краю. Тут будзе дарэчы звярнуцца да трапных назіранняў Ірыны Бурдзялёвай і Пятра Васючэнкі: «Не стаўшы фармальна ні народам Усходу, ні народам Заходняе Еўропы, беларусы захавалі, тым не менш, незалежнасць свайго духу. Уласнай непраяўленасцю Беларусь нагадвае вока тайфуна: вакол усё бурапеніць, віруе, а ўсярэдзіне як быццам ціха. Суседзі актыўна “афармляюцца”: набываюць выразнае культурнае, рэлігійнае, палітычнае аблічча; яно кідкае, выразна акрэсленае ды ўражлівае. Мы іншыя, бо ў цэнтры крыжа, на скрыжаванні каардынат. На нашай зямлі адбываецца своеасаблівая дыфракцыя ўсяго, што ёсць на перыферыі, і разам з тым, нішто не дамінуе, не сінтэзуецца ў штось якасна новае. Цэнтр, zero, заўжды імкнецца да раўнавагі, а гэта – вонкавая недапраяўленасць, нявызначанасць. У гэтым трагедыя і абранасць. Як быццам Творца напачатку свету ўбіў некалькі “цвікоў” у энергетычнае поле Зямлі, каб стабілізаваць, зафіксаваць яго ў некалькіх кропках, не даць яму з’ехаць набакір. Тут адметны хранатоп, бо адзін з “цвікоў” – тут. Асноўная праява гэтай зямлі перанесена з вонкавага на ўнутраны, схаваны ад вачэй план» [Бурдзялёва І., Васючэнка П. Укрыжаваная Беларусь // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. С. 136].

Цікава, што гэткі погляд на нашую зямлю мае пэўныя аналогіі ў міфалагічных уяўленнях індаеўрапейскіх народаў. Маем на ўвазе ідэю Цэнтру Сусвету (прадстаўленую, прыкладам, святой гарой Мэру індыйскай традыцыі або Хара Берэзайці іранскай, размешчанай на поўначы свету, невідочнай і недаступнай простым смяротным), што ўвасабляе шэраг важных вобразаў. Цэнтр у эзатэрычным сэнсе – гэта пачатак, выходны пункт усіх рэчаў, першапрычына, уласна «сярэдзіна», роўнааддаленая ад супрацьлегласцяў, месца, дзе процілеглыя тэндэнцыі, так бы мовіць, нейтралізуць адна адну і прыходзяць да раўнавагі. Як нерухомы і нязменны Асяродак увасабляе вечнасць. Паводле індуісцкай дактрыны, у цэнтры чалавечай істоты ды ў кожнай праяве касмічнага жыцця знаходзіцца водбліск вышняга, а ў Платонавай канцэпцыі справядлівасці цнота займае сярэдзіннае месца між дзвюма скрайнімі пазіцыямі. У аснове Арыстотэлевага панятку «нерухомага рухавіка» – боскага вечнага першаруху, які спараджае ўсякі рух, але пры гэтым сам застаецца па-за межамі ўсіх рухаў, – гэтаксама ляжыць ідэя статычнага цэнтру-сярэдзіны. Толькі праз прынцып непахіснасці ўсё існае, усё рухомае і зменлівае ўвасабляецца ў рэчаіснасці, яно залежыць ад таго, што надае руху пачатковы імпульс, кіруе ім. Гэтак, працягваючы акт тварэння, існуе свет, усталяваны ў ім лад. Старагерманскі Мідгард, «сярэдзінны свет», між іншага, увасабляе сакральны цэнтр, беспасярэдне звязаны з часамі стварэння свету. З Цэнтрам, пунктам засяроджання святога, звязаная і постаць сакральнага валадара-крэва, прыкладам, індыйскага чакраварціна ‘таго, хто рухае кола’ – ідэальнага цара, які ўсталёўвае гаспадарства справядлівасці.

Усе гэтыя сімвалы добра стасуюцца з рэальнымі фактамі геаграфіі і этнакультурнай гісторыі нашага краю (згадайма корпус звестак, звязаных з назовам Крыўя). Локус сакральнага максімальна набліжаны менавіта да нашай зямлі, асабліва ў пэўныя адрэзкі часу – традыцыйныя святы, калі ідэальная прастора (вырай) раскрываецца на ўласным падворку ці не кожнага тутэйшага гаспадара (параўн. прымаўкі: «У сваiм краю, як у раю», «Iдзi ў родны край, там i пад елкаю рай»). Агулам жа адметна, што «тутэйшы, які жыве на гэтай зямлі, “рэчы ў сабе”, ёсць сам “рэччу ў сабе”. Ён арыентаваны на “ўнутранае”, на духоўны пошук. Ягонае стаўленне да Бога – не артадаксальнае, а бадай што свойскае, ягонае адчуванне сакральнага – бадай што панібрацкае. Бог не адчуваецца недасяжным, далёкім, а тутэйшым, бо ён – тут» [Тамсама. С. 142. «Харызма» нашай зямлі не застаецца незаўважанай, на ёй спекулююць, улучаючы край у чужыя яго ісце кантэксты, параўн.: «Між іншым, ці ведаеце вы, што наш “край лясоў і балотаў” знаходзіцца на аграмадным, як сцвярджаюць геолагі, амаль невымерным гранітным стрыжні, скіраваным углыб Зямлі? Знакавы факт» (Бондар Т. Славянскія народы маюць місію // Апытаньне «Arche» // Arche. 2000. № 1. – С. 13); «…Временем, судьбой, ситуацией Беларусь выдвинулась на, наверное, великую роль духовного лидера восточноевропейской цивилизации. И не потому, что мы этого хотим, что мы к этому стремились. <…> Так сложилось в силу нашего консерватизма и тех черт, присущих нашему народу <…>, которые мы сохранили» (Сильная и процветающая Беларусь должна иметь прочный идеологический фундамент: Доклад Президента А. Г. Лукашенко на постоянно действующем семинаре руководящих работников республиканских и местных государственных органов по вопросам совершенствования идеологической работы // Советская Белоруссия. 2003. 28 марта). У сувязі з кансерватыўнай істай свядомасці беларусаў параўн. развагі Э. Дубянецкага: «У цэлым для беларусаў заўсёды быў уласцівы відавочны кансерватыўны модус ментальнасці, што адначасова пацвярджаецца як аналізам разнастайных фальклорных твораў, так і вынікамі сённяшніх даследаванняў. Прычым падобная кансерватыўнасць мела практычна супрацьлеглы характар: калі ў мінулыя стагоддзі яна была накіравана на падтрымку старажытных этнакультурных і моўных традыцый, то “савецкі кансерватызм”, наадварот, вызначаўся адмаўленнем усяго ўласна беларускага, схільнасцю да некрытычнага ўспрымання ўсялякіх сацыяльных міфаў, ідэалагем» (Дубянецкі Э. Ментальны свет сучаснай Беларусi (да сярэдзіны 1990-х гадоў) // http://bpa.by.ru/belarus2.htm)].

Шмат якія выразныя рысы «нацыянальнага» характару тутэйшага чалавека выглядаюць у гэткай перспектыве як адлюстраванне «духу» таго месца, дзе гэты чалавек жыве, ды рэзка розняцца ад ментальных установак «усходнеславянскіх сваякоў». Паводле невыпадковага назірання, беларус у пэўным сэнсе ўвасабляе антыпода расійца, бо наш чалавек «памяркоўны, асцярожны, схільны да пасіўнага індывідуалізму і раўнадушны да ўсялякай саборнасці, месіянства ці юродствуючага самаўхвалення. Беларусу ў адрозненне ад расійца або ўкраінца не трэба ні звышдзяржавы, ні богаабранасці, ні звышмэты, ён чалавек сціплы, зямны і адначасова больш глыбокі, духоўны, скіраваны не вонкі, а ў сябе…» [Аўраменка В. Пра нярускіх расіян, беларусаў і славян // Літаратура і мастацтва. 1996. 12 студзеня].

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы