nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЭТНАГЕНЕЗ БЕЛАРУСАЎ: НАВУКА І ІДЭАЛОГІЯ. Частка І (дкБНІ)

11 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Аляксей Дзермант, Сяргей Санько

Наша паходжанне па-ранейшаму шмат каму рупіць. Рупіць нам самым прадчуваннем, што ў таямніцы нашага паходжання як і ў таямніцы нашага этнічнага наймення – наш кон і нашая будучыня. Рупіць і нашым суседзям, асабліва ўсходнім, якія з зайздроснай упірлівасцю ўжо не адно стагоддзе дамагаюцца нашага братэрства. У гэтым таксама ёсць нейкая таямніца. Бо ў разгадцы нашага этнагенезу – праўда не толькі пра этнагенез расіянаў, але, відаць, і праўда пра славянскі этнагенез. І што калі гэта акурат тая голка, на кончыку якой – смерць. Смерць расійскага мандыялісцкага міфа.

Надта многім жылося б куды спакайней, каб нас проста не было. Ды ці мала такіх, для каго нас і насамрэч няма. Дык, можа, калі перафразаваць Ф.Ніцшэ (“Ecce homo”), гэта адно прымха, што мы жывем? [прадстаўнікі рэдакцыі не падзяляюць гэткіх інтэлектуальных залётаў і лічаць існаваньне беларускага народу сапраўдным, дэскрэтным фрагментам аб’ектыўнай рэчаіснасьці… – Рэд.]

Пераконванні ў фантомнасці нашага існавання ўзрастаюць усякі раз напярэдадні чарговых пераломаў у грамадзкім жыцці, як, напрыклад, і цяпер, напярэдадні выбараў, калі для абодвух палітыкаў-супернікаў прэзідэнцтва ў фантомнай Саюзнай дзяржаве – гэта абсалютна легітымны спосаб падоўжання паўнамоцтваў [… а зьнішчэньне беларускай дзяржаўнасьці, наадварот, ня лічаць “абсалютна легітымны спосаб падоўжання паўнамоцтваў” каго б там ні было; па нашым меркаваньні – гэта адно з найцяжэйшых злачынстваў, якія толькі могуць быць. – Рэд.] і адсоўвання канкурэнта на ўзбочыну палітычнага жыцця. Перавага тут будзе за тым, хто, апроч іншага, найлепей скарыстае з “братэрскай фразеалогіі”…

Вось і загаварылі. У.Пуцін, знаходзячыся ў ліпені [2006 г. – Рэд.] на адпачынку ў Цвярской губерні, падчас сустрэчы з актывістамі маладзёвай экстрэмісцкай арганізацыі “Наши”, што ладзілі шматтысячную “тусоўку” на возеры Селігер, адмыслова падкрэсліў, што «рускія і беларусы – гэта адзіны вялікі народ» (зрабіўшы, што праўда, належны рэверанс у бок адметнасці і самабытнасці беларускай культуры і гісторыі). Падкрэсліў ён і заўважныя геапалітычныя дывідэнды ўз’яднання народу, які, відаць, адно гістарычнай недарэчнасцю, а, можа, і злаключэннямі недабразычліўцаў, стаўся раз’яднаным і падзеленым дзяржаўнымі межамі. Нагодай загаварыць пра Беларусь стала пытанне нейкай “нашысткі” з Беларусі.

Клопатам пра “правільны накірунак думак” у моладзі прасякнуты выступы многіх расійскіх і беларускіх палітыкаў і вучоных. Як, напрыклад, вуступ члена-карэспандэнта РАН У.Волкава падчас абмеркавання навуковага дакладу В.Сядова на Прэзідыуме РАН “Этнагенез ранніх славян”: «Зараз, напрыклад, у Кіеве, ды й у Мінску (мы сёння слухалі тут прэзідэнта Беларускай акадэміі навук), таксама з’явіліся свае трактоўкі старажытнарускай народнасці. Кажуць, што гэта міф [Меў на ўвеце, магчыма, і Г.Штыхава, які агучвае гэты тэзіс, прынамсі, з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Гл., у прыватнасці, яго спавешчанне: Штыхов Г.В. Древнерусская народность: реалии и миф // Этногенез и этнокультурные контакты славян: Труды VI Международного Конгресса славянской археологии. Т. 3. М., 1997. С. 376-385], ніякай старажытнарускай народнасці не было, але затое спаконвеку існавалі ўкраінцы і, скажам, беларусы. Гэта значыць наяве спроба ўстаражытнення своёй гісторыі. Я звяртаю вашую ўвагу на гэта ў звязку з тым, што праблема, закранутая сёння ў дакладзе В.Сядова, мае, апроч навуковага, таксама агромністае палітычнае і маральна-этычнае значэнне. Бо калі гістарычная навука будзе развівацца, у прыватнасці на Украіне, у пазначаным накірунку і гэткімі ж тэмпамі, як цяпер, то ў наступным пакаленні насельніцтва Украіны можа стаць варожым у дачыненні да Расіі» [Седов В.В. Этногенез ранних славян // Вестник Российской академии наук. 2003. Том 73. № 7. С. 594-605].

Таму зноўку на шчыт уздымаецца канцэпцыя “древнерусской народности” [Седов В.В. Древнерусская народность: Историко-археологическое исследование. М., 1999], якая запанавала ў савецкай гістарычнай навуцы ў пасляваенны перыяд, асабліва пасля публікацыі ў 1950 г. вядомай працы І.Сталіна “Марксізм і пытанні мовазнаўства” і тэзісаў ЦК КПСС «Аб святкаванні 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Расеяй» ад 10 студзеня 1954 г. Ці не найбольш паказальным прыкладам “чуйнасці” навуковай інтуіцыі да ідэалагічнага клімату можа быць рэзкая змена даследніцкіх арыентацыяў В.Сядовым – аўтарам вядомай субстратнай (метыснай) тэорыі этнагенезу беларусаў (славянскія бáцькі, балцкія маткі), які пасля смерці Б.Рыбакова стаўся галоўным «стаўпом» тэорыі «старарускай народнасці» [Седов В.В. Древнерусская народность: Историко-археологическое исследование; Седов В. В. Предыстория белоруссов // Краткие сообщения Института Археологии. Выпуск 211. М., 2001. С. 44-50].

Тэарытычная эвалюцыя гэтага даследніка прыкметна супадала з асноўнымі паваротнымі пунктамі развіцця савецкай (а затым – расійскай) грамадска-палітычнай думкі: ва ўмовах хрушчоўскай “адлігі” пры адносным паслабленні ў сферы ідэалогіі з’яўляецца ягоная “тэорыя балцкага субстрату”, якая ішла ўразрэз з маркісцка-ленінскай этналогіяй, у часе “перабудовы” з яе атмасферай “вясны народаў”, напярэдадні “параду суверэнітэтаў” В.Сядоў даводзіць апрычонасць асобных частак усходнеславянскага арэалу, акцэнтуючы, прыкладам, заходнія сувязі Наўгародчыны і Пскоўшчыны, у ельцынска-пуцінскую эпоху, калі ў расійскім грамадстве пачынае панаваць настальгія па страчанаму славянскаму адзінству і вялікай дзяржаве, віноўнік колішняга “балцкага пярэпалаху” пераглядае этнічную атрыбуцыю археалагічных культураў, паўсюль знаходзіць прыкметы славянскай міграцыіі і сцвярджае існаванне на абшары Усходняй Еўропы адзінай “старарускай народнасці”.

Так што этнічная гісторыя Беларусі надта шчыльна панітавана з перыпетыямі палітычнай гісторыі Усходняй Еўропы і, трэба думаць, яшчэ даўгі час будзе знаходзіцца ў самай гушчэчы ідэалагічных войнаў ува ўмовах канстатаванай С.Хантынгтонам “сутычкі цывілізацыяў”. Ну, а тут, як нам імкнуцца давесці, ролі наперад размеркаваны і “родословные” службовым нацыям раздадзены.

Зрэшты, сёння няма браку ў ахвотных “узгадніць” гістарычную ды этнагенетычную праўду з актуальнай палітычнай мэтазгоднасцю. Нядаўна адразу на некалькіх расійскіх дыскусійных інтэрнет-парталах [Гл., у прыватнасці: ttp://www.polemics.ru/articles/?articleID=5118&hideText=0&itemPage=1 і http://zhurnal.lib.ru/r/reznikow_k_j/arebelorussiansbaltic.shtml] быў апублікаваны артыкул доктара біялагічных навук, члена Саюза пісьменнікаў Расіі К.Рэзнікава, які, апроч іншага, актыўна выступае і на геапалітычным “попрышчы”, выказваючы свае сімпатыі да “расійскіх новых правых” (не блытаць з “еўрапейскімі новымі правымі”), у прыватнасці, да А.Дугіна. Артыкул называўся: “Балты ли белорусы?” і меў на мэце даць аргументаваную і паважную крытыку этнагенетычнай формулы “БЕЛАРУСЫ – гэта СЛАВЯНАМОЎНЫЯ БАЛТЫ”, прапанаванай адным з аўтараў гэтага артыкулу 12 гадоў таму ў часе працы Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Балты і этнагенез беларусаў”, арганізаванай Цэнтрам этнакасмалогіі “Крыўя” з нагоды 20-х угодкаў бясслаўнай забароны канферэнцыі “Этнагенез беларусаў” [ Санька С. “Балцкая тэма” // Наша ніва. 1993. № 14. Пра забарону канферэнцыі і археалогію ў ролі службіткі ідэалогіі гл.: Крывальцэвіч М. Археалёгія і палітыка // Шуфляда. Часопіс найноўшае гісторыі. 1999. № 1. С. 33-54].

Адштурхоўваецца К.Рэзнікаў ад анлайнавай публікацыі лекцыі С.Санько “Генезіс традыцыйнай культуры Беларусі”, змешчанай на сайце “Беларускага калегіуму” [http://baj.ru/belkalehium/belkulttrad/sanko02.htm]. Лекцыя сканчаецца згаданай ужо формулай беларускага этнагенезу: «Беларусы – гэта славянамоўныя балты» і завяршаецца словамі: «Якія гэта можа мець культуралягічныя наступствы, пакажа будучыня. Але слова сказанае». Вось гэтыя магчымыя наступствы і зарупілі нашаму шаноўнаму апаненту. Бо небяспека, як ён зацеміў ужо ў другім абзацы свайго артыкула, зыходзіць з двух відавочных дадатнасцяў гэтай канцэпцыі: 1) прастаты і 2) сваечасовасці: “Новыя ідэі набываюць папулярнасць, калі яны камусьці патрэбныя і простыя для ўспрымання”; “Балцкая канцэпцыя, у першую чаргу, адрасавана беларускай моладзі”.

Што да прастаты, то гэта дадатнасць любой тэорыі. Тэорыя тым жыццяздольней, чым большую колькасць фактаў яна можа тлумачыць, засноўваючыся на мінімуме зыходных прыпушчэнняў. Аргументацыя нашага апанента гэтакай прастатой не вылучаецца: ледзь не кожны крок у яго контрдовадах патрабуе ўвядзення новых гіпотэз ad hoc. Зрэшты, гэтак робяць і больш спрактыкаваныя ў этнагенетычным дыскурсе папярэднікі К.Рэзнікава (напрыклад, А.Трубачоў, В.Сядоў, М.Шчукін, В.Булкін і інш.). Тут, далібог, ёсць дзе разгарнуцца «лязу Акама»!

Аўтахтанісцкая балцкая мадэль беларускага этнагенезу паўстала не па прыхамаці таго або іншага даследніка і не з падачы спецслужбаў якой-колечы афарбоўкі, а з логікі развіцця двух асноўных канкуруючых этнагенетычных парадыгм, пададзеных адменамі славянскай аўтахтанісцкай і балта-славянскай міграцыянісцкай мадэляў, якія ў сваіх станоўчых частках (а гэта крытыка слабых месцаў канкуруючых канцэпцыяў) найлепшым чынам дэманстравалі ўзаемную недастатковасць і няздатнасць развязаць увесь комплекс наяўных праблем ці, прынамсі, вывесці этнагенетычны дыскурс на больш перспектыўныя пуцявіны. Аўтахтанісцкая балцкая мадэль беларускага этнагенезу паўстала з усведамлення блізка фатальнай залежнасці канкуруючых тэорый ад 1) цяжару неадрэфлектаваных (у тым ліку і метафізічных) прыпушчэнняў, спадкавых ад першых спробаў стварэння тэорый этнагенезу беларусаў, заснаваных на беднай факталагічнай базе; 2) некрытычнага прачытання звестак пісьмовых крыніц; 3) метадалагічна неправамернага змешвання этна-, глота- і культур-генетычных праблематык; 4) высокай ідэалагічнай наладаванасці этнагенетычных канцэпцый; 5) біблейскага міфа пра паходжанне народаў і моваў з натуральнай яго рацыяналізацыяй у мадэлях «радаводных дрэваў»; 6) рэпрэсіўнасці інтэрпрэтуючай рэтраспекцыі, якая адштурхоўваецца ад наяўнага стану, праектуючы яго на вялізныя храналагічныя зрэзы ў мінулае і шэрагу іншых.

Аўтахтанісцкая балцкая мадэль беларускага этнагенезу дазваляе менш-больш несупярэчліва (наколькі гэта наагул магчыма пры цяперашнім стане распрацоўкі дадзенай праблематыкі) увязаць УВЕСЬ КОМПЛЕКС дадзеных, назапашаных у прыярытэтных для этнагенетыкі дысцыплінах, такіх як фізічная антрапалогія і этнагеноміка, лінгвістыка, археалогія і гісторыяграфія, этнаграфія, фалькларыстыка і некаторых іншых, не залежаць ад даследніцкай прыхамаці аднясення фактаў да рэлевантных і нерэлевантных, ігнаравання (замоўчвання, а то і проста знішчэння) нерэлевантных фактаў, і ў вытлумачэнні апошніх чэрпаць дадатковыя падмацункі фактам рэлевантным, г.зн. і ўсёй тэорыі.

Менавіта гэтую «прастату», цэльнасць, комплекснасць у падыходзе да праблемы ўгледзіў у нашай канцэпцыі К.Рэзнікаў і падаў разгорнутую контраргументацыю.

Сваю крытыку наш апанент грунтуе на еўразійскай (ясная рэч — патрыятычнай!) адмене “расавай тэорыі”, называнай ім сацыябіялогіяй. У дадзеным выпадку — дазіраванай сумесі этнагенетыкі і гумілёўскай тэорыі пасіянарснасці. І адразу “бярэ быка за рогі”, канстатуючы – са спасылкай на найноўшыя генетычныя штудыі варыятыўнасці мужчынскіх Y-храмасом – існаванне непераадольнага, яшчэ біялагічна абумоўленага, бар’еру паміж літоўцамі і беларусамі [па некаторых дадзеных, якія мы спадзяемся прывесьці на нашым сайце пазьней, ніякага такога бар’еру не існуе; усё якраз наадварот. – Рэд.]. Паводле К.Рэзнікава, “найцікавейшай ёсць наяўнасць генетычнага бар’ера агульнаеўрапейскага маштаба паміж беларусамі і літоўцамі, выяўленага пры матэматычнай апрацоўцы адрозненняў мутацый у Y храмасоме. У той жа час, якіх-кольвек генетычных адрозненняў паміж славянскімі народамі: беларусамі, расійцамі Наўгародскай вобласці і паўночнымі ўкраінцамі не выяўлена. … Гэты факт мае прынцыповае значэнне. Ён азначае, што продкі літоўцаў па бацькоўскім лініям пакідалі мала нашчадкаў сярод беларусаў, а мужчыны продкі беларусаў, не зрабілі прыкметнага ўнёску ў генафонд літоўцаў” [зьвярніце ўвагу, зь якімі расейцамі параўноўваюць беларусаў. – Рэд.].

Звернемся да публікацый, на якіх грунтуецца гэтае меркаванне. Сапраўды, у адной з іх фіксуецца розніца беларусаў, літоўцаў і латышоў паводле наяўнасці 16 Y-храмасомнай гаплагрупы (г. зв. Tat-C мутацыя): 2%, 47% і 37%, адпаведна [Rosser Z.H., Zerjal T., Hurles M.E., Adojaan M., Alavantic D., et al. Y-Chromosomal Diversity in Europe is Clinal and Influenced Primarily by Geography, Rather than by Language // American Journal of Human Genetetics. 2000, Vol. 67. P. 1526-1543]. Іншыя даследнікі даюць ужо іншыя лічбы: беларусы – 11% [Behar D.M., Thomas M.G., Skorecki K., Hammer M.F. Multiple Origins of Ashkenazi Levites: Y Chromosome Evidence for Both Near Eastern and European Ancestries // American Journal of Human. Genetetics. 2002. Vol. 72. P. 768-769], літоўцы – ад 33 да 37%, латышы – ад 29 да 40% [Tambets K., Rootsi S., Kivisild T., Villems R. The Concepts of Richard Indreko About the Origin of the Finno-Ugric Speakers and the Population Genetics of the Extant North-East European Populations // Trames. Journal of the Humanities and Social Sciences. 2001 Vol. 5. № 1. P. 69; Kasperavičiūtė D., Kučinskas V., Stoneking M. Y Chromosome and Mitochondrial DNA Variation in Lithuanians // Annals of Human Genetics. 2004. Vol. 68. P. 438-452]. Розніца захоўваецца, але і павялічэнне адсоткаў у беларусаў у пяць разоў ды сур’ёзная разбежка ў літоўскіх ды латышскіх выбарках выклікае небеспадстаўныя сумневы і пытанні. У чым жа справа?

Па-першае, варыятыўнасць дадзеных абумоўленая рознай колькасцю асобаў, у якіх бяруцца пробы для генетычнага аналізу. Па-другое, прыведзеныя адсоткі, адлюстроўваюць сярэдні “нацыяльны” паказнік, а ў нашым разе дзеля дакладных высноваў патрэбныя былі б звесткі пра рэгіянальнае размеркаванне, асабліва пры тым, што, прыкладам, жыхары заходняга Палесся антрапалагічна і генетычна істотна розняцца ад астатняга насельніцтва Беларусі. Па-трэцяе, да сёння дагэтуль няма(!) спецыяльнага даследвання, прысвечанага полімарфізму ДНК Y-храмасомы беларусаў, а таму, іх параўнанне па гэтым маркеры можа мець пакуль што папярэдні і фрагментарны характар. Натуральна, праз гэта любыя далёкасяжныя высновы, якія да таго ж відавочна пярэчаць матэрыялам фізічнай антрапалогіі, выглядаюць, прынамсі, некарэктнымі. Між тым, параўнанне полімарфізму мітахандрыяльнай ДНК беларусаў і літоўцаў сведчыць пра іх генетычную блізіню, у расійцаў выяўляюцца дамешкі, звязаныя з фіна-вугорскімі субстратам [Параўн.: Kasperavičiūtė D., Kučinskas V. Variability of the Human Mitochondrial DNA Control Region Sequences in the Lithuanian Population // Journal of Applied Genetics. 2002. Vol. 42. P. 255-260; Belyaeva O. Bermisheva M. Khrunin A. Slominsky P., et al. // Mitochondrial DNA Variations in Russian and Belorussian Populations. Human Biology. 2003. Vol. 75. №. 5. Р. 647–660; Malyarchuk B.A , Derenko M.V. Mitochondrial DNA Variability in Russians and Ukrainians: Implication to the Origin of the Eastern Slavs // Annals of Human Genetics. 2001. Vol. 65. P. 63-78]. Ранейшыя штудыі сістэмаў групаў крыві ABO і MN выявілі значную ступень падабенства беларусаў і літоўцаў, якія амаль не адрозніваюцца ад прабацькоўскага генетычна-антрапалагічнага тыпу [Мікуліч А. І. Экалагічны і гістарычны аспекты зменлівасці генетыка-антрапалагічных тыпаў усходніх славян // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1991. № 1. С. 91-95].

Этнегенетычная інтэрпрэтацыя К.Рэзнікавым вынікаў працы, дзе канстатуецца адсутнасць генетычных адрозненняў паміж беларусамі Берасцейшчыны, расійцамі Наўгародчыны і паўночнымі украінцамі [Kravchenko S.A., Slominsky P.A., Bets L.A., Stepanova A.V., Mikulich A.I., et al. Polymorphism of STR Loci of the Y Chromosome in Three Populations of Eastern Slavs from Belarus, Russia, and Ukraine. // Russian Journal of Genetics. 2002. Vol. 38. № 1. Р. 80-86], зусім не ўлічвае субстратнага даславянскага чынніку: наяўнасці на тэрыторыях пражывання ўсіх даследаваных групаў значнай колькасці балцкіх гідронімаў. А між тым, пошук генетычных слядоў балцкага субстрату – досыць перспектыўны кірунак даследавання. Нядаўна літоўскія, латышскія і фінскія генетыкі ды антраполагі адкрылі ген LWb, уласцівы найперш балтам. Гэтага рэдкага гену няма па-за Еўропаю, а сярод еўрапейскіх народаў ён сустракаецца ў стасоўна вялікай колькасці ў латышоў (5,9%) і літоўцаў (5,7%). Сляды «балцкага гену» выяўленыя таксама ў Эстоніі (4%), Валагодскай вобл. Расіі (2,2%), Польшчы (2%) [ Sistonen P., Virtaranta-Knowles K., Denisova R., Kučinskas V., et al. The LWb Blood Group as a Marker of Prehistoric Baltic Migrations and Admixture // Human Heredity. 1999. Vol. 49. P. 154-158], што карэлюецца з арэалам максімальнага пашырэння балцкай гідраніміі. Спецыялісты плануюць у найбліжэйшай будучыні заняцца вывучэннем насельніцтва Беларусі, дзе, як мяркуецца, мае быць досыць вялікая канцэнтрацыя гену LWb.

К.Рэзнікава не засмучае, аднак, тое, што яго інтэрпрэтацыя вынікаў гэтых папярэдніх этнагенетычных штудыяў карэнным чынам разыходзіцца з дадзенымі фізічнай антрапалогіі. Яны ў яго сацыябіялагічнай канцэпцыі аказваюцца проста нерэлевантнымі, а таму і не згадваюцца наагул. І, пэўна ж, не выпадкова. Бо антрапалагічнае даследаванне паводле В.Аляксеева, апрача пранікнення ў глыбокую даўніну, “мае тую перавагу перад гістарычным, этнаграфічным і лінгвістычным, што выразна фіксуе дамешак іншародных элементаў. Ужо адзначалася, што з’яўленне новых элементаў у мове і культуры зусім не канечне сведчыць пра прыток новага насельніцтва: яны маглі ўзнікнуць і ў выніку культурнага ўзаемадзеяння. Але з’яўленне новага антрапалагічнага комплексу, за рэдкімі выняткамі, абавязкова кажа пра дамешак новага насельніцтва, бо гэты комплекс пашыраецца пры перасяленні людзей або ў выніку шлюбных кантактаў” [Алексеев В.П. Историческая антропология и этногенез. М., 1989. С. 152]. Антрапалагічныя матэрыялы, такім чынам, маюць вялізарнае значэнне як тонкі індыкатар міграцый, асабліва ў даўнія часы ды ў спалучэнні са звесткамі іншых навук, дазвалюць вызначыць абрысы пэўных этнагенетычных сітуацый. Гэтая акалічнасць пакідае за антрапалогіяй, бадай, вырашальнае слова ў верыфікацыі тэорыі пра масаваю славянскую міграцыю на тэрыторыю Беларусі ў канцы I – пачатку II тыс.

Антрапалагічнае вывучэнне беларускага этнасу за апошнія 25-30 гадоў дазволіла прапанаваць канцэпцыю пераемнасці яго зыходнай генетычнай інфармацыі на працягу 100 – 150 пакаленняў, то бок задоўга да верагоднай каланізацыі гэтай тэрыторыі ўсходнімі славянамі [Мікуліч А. Беларускі этнас па антрапалагічных дадзеных: гісторыя і сучаснасць // Беларусь у сістэме трансеўрапейскіх сувязяў у I тыс. н. э.: Тэзісы дакладаў і паведамленняў міжнароднай канферэнцыі (Мінск, 12 – 15 сакавіка 1996 г.). Мн., 1996. С. 55]. Методыка гістарычнай генагеаграфіі яшчэ больш падаўжае радавод і генетычную пераемнасць карэнных насельнікаў Беларусі. Паводле даследавання А.Мікуліча, уся тэрыторыя нашай краіны была цалкам заселеная продкамі сучаснага насельніцтва 10 ± 1 тысячаў гадоў таму, адкуль вынікае і выснова, што БЕЛАРУСЫ ёсць “ТУТЭЙШЫМІ НАШЧАДКАМІ СВАІХ ТУТЭЙШЫХ ПРОДКАЎ” [Мікуліч А. Гістарычная генегеаграфія Беларусі // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў (Мінск, 3 – 5 лютага 1993 г.): У 2 ч. Ч. 1. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994. С. 68]. Антрапалагічныя даследаванні паказваюць на АДСУТНАСЦЬ СЛЯДОЎ МАСАВЫХ МІГРАЦЫЯЎ, ЯКІЯ МАГЛІ Б ПРЫВЕСЦІ ДА ІСТОТНАЙ ЗМЕНЫ ФІЗІЧНАГА ТЫПУ НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ [Емяльянчык В. Роля міграцый у фарміраванні антрапалагічнага складу беларусаў (да гісторыі праблемы) // Гістарычна-археалагічны зборнік. 1997. № 11. С. 8].

Адмыслоўцы звяртаюць увагу на «адзінства фізічнага аблічча заходніх крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў, падабенства іх да сярэднявечнага лета-літоўскага насельніцтва», што ацэньваецца «як праявы адзінага антрапалагічнага субстрату» [Алексеева Т. Этногенез восточных славян по данным антропологии. М., 1973. С. 253]. Насельніцтва з тэрыторыі Беларусі якое ў IX – XIII стст. пакінула курганныя пахаванні падобнае перадусім да тых балцкіх групаў, якія ў эпоху жалеза былі звязаныя з абшарам Верхняга Падняпроўя ды Панямоння (ятвягі і носьбіты культуры штрыхаванай керамікі) [Ефимова С. Восточнославянский ареал на антропологической карте средневековой Европы // Восточные славяне: антропология и этническая история. М., 2002. С. 203]. Прыкладам, пра полацкіх крывічоў нават выказваецца меркаванне, падтрыманае сведчаннем іх значнага антрапалагічнага падабенства да балцкіх плямёнаў (асабліва латгалаў), пра славянізацыю праз змену крывічамі сваёй балцкай мовы на славянскую [Денисова Р. География антропологических типов балтских племен и этногенетические процессы на территории Литвы и Латвии // Балты, славяне, прибалтийские финны: этногенетические процессы. Rīga, 1990. С. 68-69].

Аднастайсць антрапалагічнага аблічча сучасных беларусаў імаверна тлумачыцца тым, што “фармаванне антрапалагічнага тыпу сярэднявечных дрыгавічоў, радзімічаў, заходніх крывічоў адбывалася збольшага коштам колькасна пераважнага мясцовага даславянскага насельніцтва, генетычныя вытокі якога сягаюць у глыбокую даўніну” [Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982. С. 104]. Вынікамі штудый пацвярджаецца падабенства фізічнага тыпу сучаснага насельніцтва асноўнага абшару Беларусі з насельніцтвам усходніх частак Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама з жыхарамі Смаленскай і Цвярской абласцей Расійскай Федэрацыі (апошнія, між іншага, далучаліся да “класічнага” беларускага этналінгвістычнага арэалу). Насельніцтва гэтых тэрыторыяў належыць да балтыйскай (паўночнаеўрапеоіднай) расы [Саливон И.И. Палеоантропология Белоруссии и вопросы происхождения белорусского народа (по краниологическим материалам II тыс. н. э.). Автореферат дисс. на соискание уч. степ. канд. ист. наук. М., 1969; Алексеева Т. Восточные славяне: истоки, становление, формирование // Наука в России. 2003. № 2. С. 63, 66, 69-70]. Зацямляецца, што прыкметы балтыйскай расы спадкаваныя беларусамі ад плямёнаў даславянскай эпохі [Бунак В. Антропологические типы и некоторые вопросы этнической истории // Происхождение и этническая история русского народа. Труды института этнографии АН СССР. Новая серия. Т. 88. М., 1965. С. 268].

Лакальным паўночнаеўрапеодным тыпам ёсць валдайска-верхнедняпроўскі антрапалагічны комплекс, найбольш характэрныя прадстаўнікі якога – літоўцы, беларусы і жыхары вышнявінаў Дняпра, Дзвіны ды Волгі [Алексеева Т. Этногенез восточных славян по данным антропологии. С. 231. Параўн. як К. Рэзнікаў “элегантна” забываецца згадаць і пра літоўцаў, і пра яшчэ зусім нядаўна прызнаваную расійскімі этнографамі ды лінгвістамі беларускасць “западных расійцаў” (то бок жыхароў Смаленшчыны, Браншчыны, Цвершчыны), і пра сляды балцкай прысутнасці ў Цэнтральнай Расіі, Польшчы і паўночнай Украіне: “выключэнне беларусаў са славянаў, па-першае штучна падзяляе генетычна адзіную валдайска-верхнядняпроўскую папуляцыю – беларусаў і заходніх расійцаў, і, па-другое, процістаўляе беларусам антрапалагічна блізкіх расійцаў Цэнтральнай Расіі, палякаў і паўночных украінцаў”]. Вытокі апрычонасці валдайскага тыпу звязваюцца найперш з асаблівасцямі фізічнага аблічча даўняга насельніцтва Верхняга Падняпроўя ды Падзвіння – усходнімі балтамі [Денисова Р. Антропологический тип восточных литовцев // Latvijas PSR zinātņu Akadēmijas vēstis. 1963. № 9. С. 15-26; Деченко В. Д. Антропологічний склад украïнського народу. Порівняльне дослідження народів УРСР і суміжних територій. Киïв, 1965. С. 120-121]. Р.Дзянісава канстатавала, што “сярод літоўцаў валдайскі антрапалагічны тып прасочваецца не ў выглядзе дамешку, а ёсць асноўным антрапалагічным тыпам аўкштайтаў. … Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што лакальны варыянт валдайскага тыпу прысутнічае таксама сярод паўночных і нават паўночна-заходніх літоўцаў. Гэткае параўнальна вялікае пашырэнне адзначанага тыпу на тэрыторыі Літвы, відавочна, выкліканана не толькі больш познім змяшэннем беларуска-літоўскага насельніцтва, але пераважным чынам вельмі даўнімі этнічнымі повязямі гэтых народаў” [Денисова Р. К вопросу об антропологическом составе восточных латышей и восточных литовцев // Latvijas PSR zinātņu Akadēmijas vēstis. 1958. № 2. С. 27]. Блізіню або ідэнтычнасць фізічнага тыпу беларусаў і літоўцаў адцямлялі й раней [ Гл., прыкладам: Hesch M. Letten, Litauer, Weissrussen. Vienna, 1933 (Хеш лічыў нават дзеля гэтай блізіні, што “заходнія беларусы – гэта пераважна рускамоўныя літоўцы”, S. 4); Coon C. S. Races of Europe. New York: Macmillan, 1939. 739 pp. (Паводле Куна: “Ідэнтычнасць або амаль ідэнтычнасць беларусаў з літоўцамі магчыма абумоўлена тым, што першыя былі некалі балтамі, якія падлеглі славянскім уплывам, гэтаксама як усходнія прусы – гэта германізаваныя балты”)].

З гэтага экскурсу ў вынікі шматгадовых антрапалагічных штудый можна сфармуляваць колькі ПРЫНЦЫПОВЫХ ТЭЗАЎ:
1) фіксуецца працяглая генетычная пераемнасць карэннага насельнітцва Беларусі, а сучасныя беларусы, імаверна, – беспасярэднія нашчадкі першанасельнікаў краю;
2) ніякія меркаваныя міграцыі істотным чынам не паўплывалі на фармаванне антрапалагічнага аблічча беларускага этнасу;
3) дзеля адсутнасці рэальных антрапалагічных слядоў славянскіх перасяленцаў, не пацвярджаецца тэорыя пра масавае рассяленне славянскіх плямёнаў у канцы (ці нават у сярэдзіне) І – пачатку ІІ тыс. на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя і Падзвіння;
4) выяўляецца найбольшае падабенства беларусаў да балтыйскіх народаў (асабліва літоўцаў) або да тых рэгіянальных групаў суседніх славяномоўных этнасаў, якія займаюць часткі колішняга балцкага гідранімічнага арэалу.

Гэтыя высновы відавочна пярэчаць агульнапрынятаму погляду на паходжанне беларусаў і дазваляюць ставіць пад пытанне слушнасць іх далучэння да славянскай этнічнай супольнасці [гэта, калі зыходзіць з генетычных і антрапалагічных (сін. біялагічных) дадзеных. – Рэд.]. Адказ на гэты выклік можа быць розным, у тым ліку, сфармуляваным і з дапамогай ідэалагічных сродкаў. Прыкладам гэткага падыходу могуць быць аргументы, ўжытыя Л.Цягакай ды І.Салівон: “Пастаноўка пытання пра ролю балцкага субстрату, то бок балцкай асновы, у этнагенэзе беларусаў метадалагічна неверная з наступных прычынаў. Вытокі этнагенеза, то бок фармаванне этнічнай супольнасці, якая характаразуецца спецыфічнымі рысамі ў мове, культуры, псіхічным складзе беларускага народа, узыходзіць да старарускай народнасці – агульнага кораня таксама і для брацкіх усходнеславянскіх народаў расійскага і ўкраінскага. Таму, калі казаць пра субстрат (аснову), на якім фармаваўся беларускі народ, то субстратам, які вызначыў галоўная асаблівасці беларусаў, што дазваляюць адносіць іх менавіта да ўсходнеславянскага, а не балцкага або іншага этнасу, варта лічыць старарускую народнасць” [Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. С. 109. Тое, што тыя ж аўтары дагэтуль казалі пра шматлікасць балцкага насельніцтва і генетычную пераемнасць беларусаў цягам тысячагоддзяў, сведчыць, што гэтае пярэчанне не мае дачынення да антрапалагічнай навукі] [дый навукі ўвогуле. – Рэд.]. Гэтыя радкі, напісаныя ў 1982 г. на хвалі “змагання з балцкім субстратам” шмат для каго актуальныя дагэтуль, у тым ліку, відаць, і для саміх аўтараў, якія крыху мадыфікаваўшы рыторыку, трымаюцца старых поглядаў [Параўн. адносна нядаўнія выказванні І. Салівон: Портрет из бронзового века / Записала И. Гуринович // Советская Белоруссия. 2002. 7 сентября]. Аднак насамрэч, метадалагічна абмыльнай выдае пастаноўка пытання, якую прапануюць яны самі. З аднаго боку, a priori пастулюецца існаванне “старарускай народнасці” з яе загадзя зададзеным “братэрскім” кантэкстам, а з іншага боку, калі ўжо па праўдзе казаць пра адметнасць беларускай этнічнай супольнасці, то шматлікія спецыфічныя рысы ў мове, традыцыйнай культуры, фізічным тыпе беларусаў аказваюцца абумоўленыя менавіта балцкім элементам.

Так што даць соцыябіялагічнае абгрунтаванне гумілёўскай “адмоўнай кампліментарнасці” беларусаў і літоўцаў К.Рэзнікаву наўрад ці ўдасца [Яшчэ раней пра гэта загаварыў В.Верас у сваёй кнізе “У истоков исторической правды” (http://veras.litvin.org)]. Куды лягчэй на гэтай падставе растлумачыць “адмоўную кампліментарнасць” аўтара гэтай ідэі Л.Гумілёва і нелюбімых ім ворагаў Русі літоўцаў. Не талеруе К.Рэзнікаў, праўда, толькі літоўцам. Іншых балтаў (латышоў, яцвягаў) ён прыроднымі ворагамі не лічыць і нават дапускае іх абмежаваны ўдзел у этнагенезе беларусаў. Чым жа назаліла Літва ідэолагу еўразіўскага мандыялізму Л.Гумілёву і яго паслядоўнікам? Ці тым што, так і не паддалася асіміляцыі? Ці тым, што гэтак упарта сурпаціўлялася накідванню адной з абрамічных традыцый (хрысціянізацыі)? [“Абрамічнымі” называюць традыцыі ў той ці іншай ступені заснаваныя на монатэістычнай ідэалогіі, г.зн. юдаізм, іслам, хрысціянства]. Супраціўлялася мандыялісцкай маскоўскай дактрыне “Новага Ерузаліму”? Увесь час ваявала з “адмоўна-кампліментарнай” Масквой? [Вердыкт Гумілёва: “Па вялікім рахунку Літва была натуральным супраціўнікам і Русі, і Арды” (Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая Степь. М., 1989. С. 638). Літва паводле Л.Гумілёва “вінаватая” яшчэ і тым, што аказалася прывабнейшай для продкаў беларусаў насуперак “агульнарускай салідарнасці”, параўн. ягоную інтэрпрэтацыю ўдзела літоўскага князя Ягайлы у бітве на Куліковым полі: “Калі ж улічыць, што бальшыня ў войску Ягайлы складалі рускія з-пад Мінска, Полацка, Гродна, то лёгка зразумець, якім у той перыяд было адзінства некалі магутнай Кіеўскай Русі” (Гумилев Л. От Руси до России. М., 2000. С. 160)].

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы