Аляксей Дзермант, Сяргей Санько
Распрацоўваецца, што праўда, яшчэ адзін — запасны — спосаб “вызвалення” ад “цяжару” балцкай фактуры – г.зв. “фінскае пытанне”. Вытокі яго сягаюць яшчэ ў дарэвалюцыйную гістарыяграфію, а на Беларусі яно адрадзілася менавіта дзякуючы спробам проціпаставіць балцкаму субстрату нібыта яшчэ ранейшы фінскі. Але довады на яго карысць дагэтуль застаюцца вельмі хісткімі. Лінгвістычны аналіз гідронімаў у Верхнім Падняпроўі ды вывучэнне іх пашырэння на гэтай тэрыторыі сведчыць, што асноўным этнічным кампанентам тут бясспрэчна “былі балты, пачынаючы з самай аддаленай даўніны, даступнай лінгвістычнаму кантролю” [Топоров В., Трубачев О. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. М., 1962. С. 232], а пра наяўнасць “пласта фіна-угорскай гідраніміі ў беларускай частцы заходнедзвінскага басейна па-ранейшаму можна гаварыць толькі ў тэарэтычным, гіпатэтычным плане. <…> Пытанне аб фіна-угорскім элеменце ў беларускай тапаніміі ў практычным плане пакуль што ставіцца не можа” [Катонава А. Праблемы інтэрпрэтацыі заходнедзвінскай гідраніміі // Беларуская анамастыка. Мн., 1977. С. 14]. Спробы выявіць сляды фіна-вугорскіх моваў у беларускай гідра- і тапаніміі, а таксама лексічным складзе беларускай мовы ў бальшыні выпадкаў робяццца неспецыялістамі ды выглядаюць на вельмі павярхоўныя і дылетанцкія [Прыкладам гэтага могуць быць папулярныя на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя “этнагенетычная” нарысы І.Ласкова].
Фінскі “аргумент” паспрабавалі выкарыстаць і некаторыя антраполагі. І.Салівон, падкрэсліваючы значную ролю ў працэсе фармавання фізічнага тыпу беларусаў неалітычнага насельніцтва, нашчадкі якога складалі асноўны кантынгент на тэрыторыі Беларусі, адзначала ў яго рысы “паслабленай еўрапеоіднасці”. З’яўленне гэтых рысаў даследніца звязвала з носьбітамі культуры ямкава-грабенчатай керамікі, для якой мяркуецца фінская этнічная прыналежнасць [Саливон И. К вопросу об антропологической основе в формировании физического типа белорусов (краниологические материалы) // Этногенез белорусов. Тезисы докладов на конференции по проблеме «Этногенез белорусов» (Минск, 3 – 6 декабря 1973 г.). Мн., 1973. С. 92-93].
Не схільны быў дапускаць прысутнасць якіх-колечы індаеўрапейцаў (перадусім балтаў) у абшары на поўнач ад Прыпяці і А.М.Трубачоў і ў ІІ-м, і ў ІІІ-м тыс. да н.э., пагатоў у ранейшыя часы, адводзячы яго цалкам фіна-вуграм [Трубачев О.Н. Этногенез и культура древнейших славян: Лингвистические исследования. Изд. 2-е, доп. М., 2003. С. 22-31 і інш.]. Тут, зрэшты, усё зразумела: толькі так Трубачоў мог аспрэчыць уплывовую “балцкацэнтрычную” тэорыю індаеўрапейскай прарадзімы В.Шміда ў кантэксце сваёй уласнай сярэднедунайскай тэорыі.
Праз дваццаць гадоў гледзішча І.Салівон крыху змянілася і яна ўжо кажа пра адсутнасць падставаў для атаесамлення неалітычнага насельніцтва Беларусі як з фіна-вугорскай, гэтак і з балцкай ды агулам якой-кольвек іншай сучаснай этналінгвістычнай супольнасцю, бо паводле яе словаў “у неаліце не магло існаваць такіх вялікіх агульнасцей”, а ў антрапалагічным сэнсе “карані беларусаў, верагодна, пачынаюцца з неаліту, бо з таго часу дамінуе старажытны генафонд, які паглынаў усіх прышэльцаў – балтаў, а потым і славян” [Салівон І. Фарміраванне фізічнага тыпу беларусаў // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў (Мінск, 3 – 5 лютага 1993 г.): Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Ч. 1. Гісторыя Беларусі. Мн., 1993. С. 47].
Высновы сапраўды цікавыя, пагатоў яны яшчэ раз звяртаюць увагу на аўтахтонны модус этнагенезу беларусаў. З іншага боку, дапушчэнні на якіх яны грунтуюцца больш як спрэчныя. Уплыў культуры ямкава-грабенчатай керамікі на Беларусі быў досыць абмежаваны [Падрабязней гл.: Чарняўскі М. Культура тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі // Археалогія Беларусі: У 4 т. Т. 1. Каменны і бронзавы вякі. Мн., 1997. С. 206-210], а яе этнічную атрыбуцыю з улікам усіх матэрыялаў нельга прызнаць адназначнай. Рысы “паслабленай еўрапеоіднасці” пры дэтальнейшым аналізе аказваюцца архаічнымі прыкметамі найдаўнейшых паўночна-еўрапеоідных папуляцый і маюць незалежнае ад “усходняга” уплыву паходжанне [Алексеева Т.И., Круц С.И. Древнейшее население Восточной Европы // Восточные славяне: антропология и этническая история. М., 2002.С. 254-255].
Знаходзіцца шэраг важкіх падставаў для атаесамлення неалітычнага насельніцтва з тэрыторыі Беларусі і з пэўнымі этналінгвістычнымі супольнасцямі. Больш таго, згодна з меркаваннем аўтарытэтных археолагаў (Д.Крайноў, Р.Рымантэне, Д.Цялегін, М.Чарняўскі) носьбіты культураў беларускага неаліту могуць уважацца за протабалтаў [Римантене Р.К. К вопросу об образовании балтов // Из древнейшей истории балтских народов. Рига, 1980. С. 22-25; Крайнов Д.А. Фатьяновская культура в этногенезе балтов // Тамсама. С. 38-39; Телегін Д.Я. Дніпро-донецька культура. Київ, 1968; Чернявский М. Этнокультурные связи неолитических племен Белоруссии и юго-восточной Прибалтики // Проблемы этнической истории балтов: Тезисы докладов межреспубликанской научной конференции. Рига, 1985. С. 104]. У звязку з гэтым у новым святле паўстае праблема балтызмаў у фіна-вугорскіх мовах (асабліва Паволжа і Прыуралля), звязаных з архаічнымі з’явамі побыту і веранняў [ Zinkevičius Z. Lietuvių tautos kilmė. Vilnius, 2005. P. 40-51]. Этымалагічны аналіз геаграфічнай тэрміналогіі прыбалтыйска-фінскіх моваў выяўляе досыць істотны балцкі (і стараеўрапейскі) пласт. У.Тапароў заўважаў [Топоров В.Н. О характере древнейших балто-финноугорских контактов по материалам гидронимии // Uralo-Indogermanica. Балто-славянские языки и проблема урало-индоевропейских связей. Материалы 3-й балто-славянской конференции, 18-22 июня 1990 г. М., 1990. С. 105], што: 1) балтызмаў у фінскіх мовах “на некалькі парадкаў болей, чым фінізмаў у балтыцкіх”, 2) “балтызмы ахопліваюць большую плошчу і большую колькасць моваў, чым фінізмы ў дачыненні да балтыцкіх моваў”, 3) «вельмі значная частка балтызмаў… датычыць ужо ІІ тысячаг. да н.э., а большасць фінізмаў у балтыцкіх мовах (амаль выключна ўва ўсх.-б.) істотна больш позняй пары» – і рабіў выснову, што “ўсё гэта было магчыма хутчэй у тым выпадку, калі аснова субстрату была балтыцкая, а фінскі элемент з’явіўся тут пазней, у якасці суперстрату” і што “прыняццё балтыцкага элементу ва Ўсх. Еўропе у якасці субстратнага найбольш натуральным чынам вытлумачае і балтыцкую гідранімію на захад ад Сярэдняй Волгі і балтызмы ў паволзка-фінскіх мовах”. Да гэткіх жа высноваў прыйшоў і эстонскі даследнік Л.Ваба [Ваба Л. Языковые контакты прибалтийских финнов с балтами и географическая терминология // XVII Всесоюзная финно-угорская конференция. I. Языкознание (Тезисы докладов). Устинов, 1987. С. 51-52; Ваба Л. Сепаратные балтизмы в прибалтийско-финских языках // Uralo-Indogermanica. Балто-славянские языки и проблема урало-индоевропейских связей. Материалы 3-й балто-славянской конференции, 18-22 июня 1990 г. М., 1990. С. 141-142].
Усе гэта разам узятае ў купе са звесткамі пра надзвычайную канцэнтрацыю гідронімаў стараеўрапейскага тыпу на балцкім абшары, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі [Ванагас А. Максимальный ареал балтской гидронимии и проблема происхождения балтов // Этнографические и лингвистические аспекты этнической истории балтов. Рига, 1980. С. 119-123] дазваляе падтрымаць балцкацэнтрычную мадэль індаеўрапейскай прамовы і ўказвае, прынамсі, на больш “паўночны” кірунак пошуку прарадзімы індаеўрапейцаў [Параўн.: Schmid W.P. Baltisch und Indogermanisch // Baltistica. 1976. Т. ХII (2); Сейбутис А. Индоевропейцы: палеоэкология и природные сюжеты мифов // Природа. 1987. № 8. С. 96-106; Haudry J. The Indo-Europeans. Washington, 1998. С. 99-113] пры ўсёй умоўнасці самога паняцця “прарадзімы”.
У любым разе казаць пра існаванне “генетычнага бар’ера”, пра “адмоўную кампліментарнасць”, засноўваючыся на прэпараванай належным чынам сацыябіялогіі і жанглюючы рэлевантнасцю фактаў, яўна не выпадае. А вось канстатаваная многімі даследнікамі кансерватыўнасць генафонду беларусаў вельмі моцна абмяжоўвае кола магчымых этнагенетычных мадэляў, амаль цалкам выключаючы з яго скрайнія міграцыянісцкія канцэпцыі. Казаць пра “масавыя”, “магутныя” міграцыі славянаў на нашу этнічную тэрыторыю – значыць станавіцца на склізкі шлях скажэння гістарычнай праўды, а значыць свядома ці несвядома рабіць сваю навуку службіткай ідэалогіі (пануючай або з прэтэнзіямі на панаванне).
Зрэшты, абшар, на якім адбываўся этнагенез беларусаў, вылучаецца яшчэ адной яскравай кансерватыўнай рысай – устойлівасцю лінгва-культурных арэалаў. На яе звярнулі ўвагу В.Булкін і А.Герд [Булкин В.А. О формировании границ в области Днепро-Двинского междуречья // Археологическое исследование Новгородской земли. Л., 1984; Герд А.С. К реконструкции Днепро-Двинской диалектной зоны // Псковские говоры в их прошлом и настоящем. Л., 1988. С. 118-122; Булкин В.А., Герд А.С. К этноисторической географии Белоруссии // Славяне: Этногенез и этническая история (Междисциплинарные исследования). Л., 1989. С. 67-76]. У прыватнасці, А.Герд, спрабуючы прасачыць вытокі багата якіх назіраных цяпер атрэчных з’яваў у “Днепра-Дзвінскай дыялектнай зоне”, прыходзіць да вельмі цікавых высноваў: 1) зона гэтая ўяўляе даволі цэльны гісторыка-культурны тып; 2) гэтая цэльнасць праглядаецца ў культурнай пераемнасці насельнікаў памянёных краёў, пачынаючы сама мала з III тыс. да н.э. Падобныя высновы былі зроблены гэтымі даследнікамі і ў дачыненні да іншых гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Нягледзячы на тое, што некаторыя з параўнанняў і довадаў патрабуюць верыфікацыі і дадатковага абгрунтавання, наагул такі падыход здаецца вартым увагі, бо «якім бы рэдкім не быў такі выпадак», “а менавіта прасторавае супадзенне пучкоў ізаглос і археалагічных і гісторыка-этнаграфічных межаў”, “ён дазваляе адтуліць некаторыя перспектывы міждысцыплінарнай кааперацыі” [Булкин В.А., Герд А.С. К этноисторической географии Белоруссии // Славяне: Этногенез и этническая история (Междисциплинарные исследования). Л., 1989. С. 68]. Сваё сумеснае даследаванне В.Булкін і А.Герд завяршаюць словамі М.Талстога: «падобныя супадзенні не могуць быць ігнараваныя і застаюцца навуковым фактам, які патрабуе свайго тлумачэння, а не скептычнага стаўлення» [Толстой Н.И. О лингвистическом изучении Полесья // Полесье (лингвистика, археология, топонимика). М., 1968. С. 8].
Зразумела, што ў такім разе аўтахтанісцкія канцэпцыі буду мець адчувальную перавагу перад міграцыянісцкімі. Менавіта з увагі на гэта ў сваім часе намі быў прапанаваны метадалагічны прынцып “ПРЭЗУМПЦЫІ АЎТАХТОННАСЦІ”, паводле якога з’ява павінна разглядацца як мясцовая з паходжання, пакуль адваротнае не будзе пераканаўча даведзена, і карэгуючага прынцыпу “дэканструкцыі традыцыі” [Санька С. Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: “прэзумпцыя аўтахтоннасьці” і “дэканструкцыя традыцыі” // Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. СПб., 2003. С. 46-63].
Апошняя бярэцца на ўзбраенне ўсякі раз, калі ўзнікае непераадольны разрыў паміж наяўным станам культуры і культурнымі чаканнямі або спадзевамі асобы. Яна заўсёды звернута да першавытокаў, першапачаткаў і мае інтэнцыю на ачышчэнне іх ад “смецця” гісторыі і ўзнаўленне іх пракаветнай чысціні. Рэканструяваныя першавытокі далей праектуюцца на будучыню ў якасці не проста магчымай, але жаданай і чаканай будучыні. З гэтых трох момантаў: 1) рэфлексіі наяўнага культурнага разрыву (або разрываў), 2) звароту да першавытокаў і 3) праекцыі першапачатковага стану на жаданую будучыню — і складаецца любая дэканструктывісцкая стратэгія як метадалагічна апраўданая пазіцыя пры працы з гістарычным матэрыялам. У гэтым і сэнс той дэканструкцыі беларускага этнагенезу, які рэзумуецца формулай “беларусы – гэта славянамоўныя балты”.
Але пры адзначанай кансерватыўнасці генетычнай памяці беларусаў мы ў праве чакаць не меншай кансерватыўнасці і што да культурнай памяці. А яна не апошні арбітр у пытаннях этнічнай мінуўшчыны. Як слушна зацямляе А.Трубачоў: “Можа быць, нейкія прыклады “міфа-паэтычнай” памяці і маюць адносна кароткую працягласць, але наўрад ці неабходна распаўсюджваць гэта на ўсе віды народнай памяці, бо такім чынам прымяншаецца феномен узнаўлення памяці, з якім трэба асабліва лічыцца, калі гаворка ідзе аб этнічнай памяці як кампаненце этнічнай самасвядомасці, у дадзеным выпадку – аб памяці супольнага этнічнага мінулага” [Трубачев О.Н. Этногенез и культура древнейших славян: Лингвистические исследования. С. 258]. “Не варта недаацэньваць ні глыбіню памяці мовы і народнай традыцыі, ні – адпаведна – важнасці падзеі (у дадзеным выпадку – … зваявання чужой краіны, перасялення ў чужыя землі). Да нас дайшла памяць этнасу і мовы аб арыйскім падзеле на іранцаў і індаарыйцаў (не пазней ІІ тыс. да н.э.). … Значныя падзеі (найбуйнейшыя войны, прыродныя катаклізмы) памятаюцца надзвычай доўга” [Тамсама. С. 104]. Тым больш, што ў якасці эфектыўнага механізму калектыўнай памяці, асабліва, у так званых “вусных” культурах, выступае сама культура і наяўныя ў ёй семіятычныя механізмы, якія гарантуюць трыванне культуры ў часе – пераемнасць традыцыі [Лотман Ю. М. Несколько мыслей о типологии культур // Языки культуры и проблемы переводимости. М, 1987. С. 3-11].
Такая надзвычайная падзея, як масавае зняццё з абжытых месцаў і перасяленне за сотні і тысячы кіламетраў у іншаэтнічнае асяроддзе, павінна была б мець вельмі паважную прычыну і не магла не пакінуць аніякіх слядоў у народнай памяці. Іх немагчыма выявіць у багатай фальклорнай спадчыне беларусаў па той простай прычыне, што іх няма. Гэта магло б насцярожваць, бо ў іншых адносінах беларуская вусная культура дэманструе зайздросны кансерватызм. Гэта не раз адзначалася даследнікамі. Так, В.Іванаў і У.Тапароў ці не адны з першых прыкмецілі адмысловае значэнне беларускага матэрыялу для індаеўрапеістыкі. Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму яны пісалі: “У працэсе працы над кнігай, прысвечанай аднаўленню старажытных славянскіх міфалагічных сістэм, аўтары даволі нечакана для сябе выявілі ў фальклорных матэрыялах і апісаннях звычаяў беларусаў… вельмі вялікую колькасць архаічных уяўленняў, якія могуць супастаўляцца з найбольш старажытнымі сведчаннямі аб рэштках паганства ў самых старых помніках іншых славянскіх традыцый. Паасобныя рысы падобнага характару згадваліся і раней у розных працах, аднак той факт, што беларускія дадзеныя наогул з’яўляюцца вельмі старажытнымі і асабліва важнымі для рэканструкцыі, не толькі не падкрэсліваўся, але нават выпадаў з увагі даследнікаў. Між тым, адметная даўніна беларускага матэрыялу выяўляецца нават побач з іншымі архаічнымі матэрыяламі: параўн.: паўночнавялікарускі і сербахарвацкі” [Іванаў Вяч.Ус., Тапароў Ул.М. Архаічныя рысы рытуалаў, павер’яў і рэлігійных уяўленняў на тэрыторыі Беларусі // Беларускае і славянскае мовазнаўства. Мн., 1972. С. 163].
Пазней адзін з прыгаданых аўтараў цвердзіў: “Параўнанне ўсходнеславянскіх (беларускіх) звычаяў асвячэння (сакралізацыі) новага дому з ерархічным парадкам ахвярных жывёлін у ведыйскіх рытуалах, з аднаго боку, а з другога боку, з ахвярапрыношаннямі рымлян, якія цалкам супадаюць, а таксама з аксыялагічнымі (каштоўнаснымі адрозьненнямі) спаміж тымі ж хатнімі жывёлінамі ў хецкіх законах… вядзе да высновы, што ўсе гэтыя традыцыі зводзяцца да агульнаіндаеўрапейскай” [Иванов Вяч.Вс. Ритуальное сожжение конского черепа и колеса в Полесье и его индоевропейские параллели // Славянский и балканский фольклор. М., 1989. С. 80; Иванов Вяч.Вс. О последовательности животных в обрядовых фольклорных текстах // Проблемы славянской этнографии (к 100-летию со дня рождения члена-корреспондента АН СССР Д.К. Зеленина). Л., 1979. С. 150-154]. Той жа даследнік зацямляе, што звязаныя з канём дэталі архаічнага рымскага рытуалу Equus October багата ў якіх момантах супадаюць з беларускім святам Ярылы [Тамсама. С. 83; Иванов В.В. Проблемы этносемиотики // Этнографическое изучение знаковых средств культуры. Л., 1989. С. 55-57].
У гэты шэраг зараз можна ўлучыць і такую адметную рысу беларускай валачобнай паэзіі, як даволі добра захаваны сюжэт пра зніклага бога ўрадлівасці [Санько С. Сюжэт “пра зьніклага бога”: гецка-крыўскія (беларускія) паралелі // Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1994. № 1. С. 5-24], найбліжэйшыя адпаведнікі якому таксама вядомыя з хецкай традыцыі, каштоўнасць якой у тым, што яна першай знайшла пісьмовае адлюстраванне ў шматлікіх тэкстах. Ключавыя элементы беларускіх касмаганічных паданняў маюць простыя аналагі ў арфічнай, ведыйскай і рымскай касмагоніях, часам з супадзеннямі на тэкставым узроўні: характарыстыцы беларускага дэміурга-светаўладкавальніка “над богамі бог” адпавядаюць формульныя тытулы вед. deva-deva, ст.-гр. θεός θεων “бог багоў” [Санько С. Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі. Мн., 1998. С. 60-95]. І г.д.
Дык чаму мы павінны скептычна ставіцца да сведчанняў гэтай самай памяці, калі йдзецца пра нашую этнічную мінуўшчыну? Пагатоў захаваўшы ўласны этнагенетычны міф з арыгінальнай аранжыроўкай вельмі архаічных матываў, якую наўрад ці была б здатная спарадзіць “кабінетная міфалогія” рамантычнай эпохі.