Аляксей Дзермант, Сяргей Санько
Як i належыць ключавому мiфу традыцыi, ён адсылае да “першых часоў”, калi не толькi ўсё ў свеце, але й сам гэты свет адно зачыналiся. Напачатку апавядаецца, як з пачатковых водаў з удзелам Перуна ўтвараецца ўсё iснае, у гэтым лiку й раслiны, звяры і сам чалавек. Першым насельнiкам нашай зямлi быў Бай (князь Бой, паводле iншай версіi мiфа), якi меў трох сыноў i двох любiмых сабак — Стаўры й Гаўры. Па смерцi бацькi два сыны спадкаемілi ўсю бацькаву маёмасць, а малодшаму — Белаполю, якi тым часам апынуўся на паляваннi з бацькавымi сабакамi, — засталiся сабакi й бацькаў наказ: пусцiць Стаўры і Гаўры па волi, i колькi зямлi яны аббягуць за дзень, гэтулькi яму й дастанецца спадчыны. Белаполь, злавiўшы дзвюх птушак, пусцiў адну на поўдзень, другую — на захад, а ўслед iм сваiх сабак. Куды пабеглi сабакi, — пацеклi найбуйныя нашыя рэкi: Дзвiна — на захад, Дняпро — на поўдзень. З тых часоў мiж гэтых рэчак i пасялiўся Белаполь, ад якога й пайшлi ўсе пляменнi беларусаў [Легенды i паданнi, Мн., 1983. С. 78-79]. А Стаўры і Гаўры на загад старога князя народ і дагэтуль ушаноўвае адзін раз на год перад Сёмухай, і завецца гэты дзень Стаўроўскія дзяды. Дэталёва гэты міф прааналізаваны ў іншым месцы [Санько С. Бай // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. Мн., 2004. С. 39-41; Санько С. Стаўры і Гаўры // Тамсама. С. 488-489].
Адзначым толькі, што на архаічны характар гэтага міфа, апроч іншага, паказвае свайго роду “білінгва” ў звароце да Стаўры і Гаўры, прамаўляная падчас памінальнай вячэры на Стаўроўскія дзяды: “Стаўры, Гаўры, гам, прыхадзіце к нам!”. Тут “прыхадзіце” патлумачае папярэдняе “гам”, якое, такім чынам, паходзіць з і.-.е. *gua/e-(m)- “хадзіць”, прадстаўленага ў багата якіх індаеўрапейскіх мовах, у тым ліку і ў беларускім слове гаць з пачатковым значэннем “праход”. Дзве сабакі князя Бая, як і сама ягоная постаць першанасельніка і першага смяротнага, ставяць яго ў адзін шэраг з такімі персанажамі, як ведыйскі Яма, авестыйскі Йіма, старагрэцкі Гадэс (Аід), што дае падставы і ў імені князя бачыць нагадку на яго блізнечнае паходжанне (параўн. блр. абоі, абая, ст.-прус. abbai, гоц. bai “абодва”, прычым форма “абоі” ўважаецца даследнікамі за і.-е. архаізм [Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. Мн., 1978. С. 55]).
Нічога падобнага, што падтрымлівала б міграцыянісцкую мадэль, мы не знойдзем. Паданне «Палешукі і палевікі» [Легенды і паданні. Мн., 1978. С. 79-80] хутчэй адбівае працэс засваення Палесся з паўночнай лясной зоны. І калі ўжо шукаць тут прывязкі да колішніх гістарычных рэаліяў, то найперш да працэсу ўтварэння т.зв. “кіеўскай культуры”, якая на сёння адзіная прэтэндуе на статус галоўнай крыніцы славянізацыі нашага краю ўжо ў першай палове І тыс. н.э., але на характары якой чамусьці заўважна адбіліся імпульсы з лясной поўначы (посуд з рашчосамі, жытлы слупавой канструкцыі і інш.). Славянскі характар “кіеўскай культуры” вызначаецца адно рэтраспектыўна на падставе яе сувязяў з пазнейшай пянькоўскай культурай, якая ўважаецца за пэўна славянскую. Але падставы для славянскай атрыбуцыі “кіеўскай культуры” настолькі слабыя, што яе адносяць або да рэліктавай галіны гіпатэтычнай “прота-славяна-балцкай супольнасці” [Щукин М.Б. Семь миров Древней Европы и проблема этногенеза славян // Славяне: Этногенез и этническая история (Междисциплинарные исследования). Л., 1989. С. 59; Лебедев Г.С. Археолого-лингвистическая гипотеза славянского этногенеза // Тамсама. С. 105-115], або проста да кола балцкіх культур лясной зоны [“Яны (балты) прадстаўлены культурамі заходнебалцкіх курганоў, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай, верхнявокскай, кіеўскай і мошчынскай”: Седов В.В. Древнерусская народность: Историко-археологическое исследование. С. 91]. Тут цяжка не пагадзіцца з М.Шчукіным у тым, што “паўночны кірунак сувязяў кіеўскай культуры проста яшчэ недастаткова вывучаны, ніхто пакуль не арупліваўся мэтай зрабіць гэта мэтанакіравана. Больш надавалася ўвагі паўднёвым элементам на паўночных помніках” [Щукин М.Б. Рождение славян // Stratum plus. 1997. Вып. “Структуры и катастрофы”. С. 110-147].
Ёсць у нашых паданнях адзіная згадка пра славянаў – у паданні пра паходжанне назвы вёскі Холмеч (Рэчыцкі р. Гомельскай вобл.) [Легенды і паданні. Мн., 1978. С. 320]. Яно пачынаецца словамі: “Ішлі сюдою паўз Днепр воіны — яшчэ як славяне ваявалі. Тады ж не было тэхнікі. Ну, салдат ішоў, бачыць: ляжыць стары меч. Ён падняў яго, падышоў к Дняпру, узышоў на холм, паглядзеў кругом, падзівіўся да й заткнуў гэту штуку ў зямлю”. Умоўная “храналагічная” прывязка “яшчэ як славяне ваявалі” гэткага ж кшталту, як і ў іншых паданнях пра часы заваёўніцкіх войнаў на нашай зямлі, напрыклад: “раней, калі ішла вайна са шведамі” (“Адкуль узяліся ў нас кнігаўкі”), “Гавораць, кагда-та, сямсот лёт больш таму назад, кагда ваяваў з Польшчай швед” (“Адкуль татары на Беларусі”), “Гавораць, як швед ваяваў, дык лагчынаю кроў лілася” (“Красная горка”). Прыгадайма выслоўе “За дзядамі-шведамі” – пра старадаўнія часы. Паданне пра вёску Холмеч цікавае тым, што ў ім адлюстравалася адна цікавая этнаграфічная дэталь – уваткнуты ў холм меч. Толькі характэрна яна была ў жалезным веку паўднёвым суседзям нашых продкаў – скіфам, якія ўтыркалі свае мячы-акінакі ў насыпаны пахавальны насып. Характар жыцця з ваяўнічымі суседзямі тады й сапраўды быў далёкі ад міру-спакою, пра што сведчаць яўныя сляды скіфскіх нападаў на гарадзішчах мілаградскай культуры. Не выключана тут і сувязь з германскай пахавальнай традыцыяй [Прохараў А. Меч // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. Мн., 2004. С. 321].
Што казаць пра народную памяць, калі нават пачынальнік рускай пісанай гісторыі Нестар не ведаў, як упісаць крывічоў у “яфетычную”, міграцыянісцкую схему рассялення славянаў. У недатаванай частцы летапісу ён не згадвае крывічоў сярод тых славянаў, што рассяліўшыся па абшарах Усходняй Еўропы, атрымалі назвы паводле месца свайго асялення. Не згадвае ён іх і сярод тых, што гавораць па-славянску: “Вось толькі хто гаворыць па-славянску на Русі: паляне, драўляне, наўгародцы, палачане, дрыгавічы, севяряне, бужане, празваныя гэтак таму, што сядзелі па Бугу, а потым сталі называцца валынянамі” [Прыводзіцца па: Повесть временных лет / Подгот. текста, перевод статьи и комментарии Д.С. Лихачева; Под ред. В.П. Адриановой-Перетц. Изд. второе, испр. и доп. СПб., 1996]. Але няма іх і ў пераліку народаў, якія даніну даюць Русі: “А вось іншыя народы, што даюць даніну Русі: чудзь, мера, весь, мурома, чэрэмісы, мардва, пермь, пячэра, ямь, літва, зімігала, корсь, нарова, лівы, — гэтыя гавораць на сваех мовах, яны — ад калена Яфета і жывуць у паўночных краінах”. Даніну крывічам устанавіў Алег ужо ў 882 годзе.
Як слушна з гэтай нагоды зацямляе А.Смірноў: “Крыніцы не ўтрымліваюць простых паказанняў на тое, кім, перадусім, адчуваў сябе, скажам, крывіч – крывічом або славянінам? Аднак Нестар у сваіх этнагеаграфічных уводзінах да «Аповесці мінулых часоў» адзначае, што саюзы плямёнаў «имяху … обычаи свои и закон отец своих и преданья, кождо свой нрав». Між тым менавіта ў норавах і звычаях і праяўляюцца адрозненні паміж “сваімі” і “чужымі” – у характары, ментальнасці – тыя адрозненні, на якіх, уласна, і базуецца этнічная самасвядомасць” [Смирнов А.А. Этнический и расовый факторы в истории новгородской земли // Золотой лев: Издание русской консервативной мысли. 2001. № 17-18 (анлайн версия: http://www.zlev.ru/17_6.htm)]. Гэтую акалічнасць асабліва падкрэсліваў А.Трубачоў [ Трубачев О.Н. Этногенез и культура древнейших славян: Лингвистические исследования. С. 97-99, 229-231 і інш].
Звесткі летапісу сведчаць пра абарыгеннасць і неславянскасць [Гл. больш дэталёва: Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе. Историко-археологические очерки. Л., 1985. С. 189-199], прынамсі, крывічоў – аднаго з найгалоўных складнікаў будучага беларускага этнасу.
Наколькі гэтыя сведчанні і генетычнай памяці, і культурнай памяці, і пісьмовых крыніцаў кантрастуюць з тымі буйнамаштабнымі карцінамі, якія накідваюць гісторыкі і археолагі (а то і лінгвісты [ Гл.: Трубачев О.Н. В поисках единства. Взгляд филолога на проблему истоков Руси. М., 1997 (асабліва раздзел ІІІ: «А кто там идет? Взгляд на этногенез белорусов», С. 78-129)]), у тым ліку й датычна праблемы этнагенезу беларусаў, з лёгкасцю перакідваючы агромністыя людзкія масы на многія сотні кіламетраў. Толькі канцы з канцамі ніяк не сыходзяцца. Бо вельмі цяжка давесці масавую міграцыю – хоць з захаду, хоць з поўдня, калі масавай і магутнай міграцыі проста не было.
А як жа тады з славянізацыяй балтаў? А гэтаксама як і з англасаксанізацыяй кельтаў Брытанскіх выспаў або германізацыяй прусаў. Былі мірныя і канфліктныя перасяленні. Было падляганне ўладзе гандлёва-вайсковых карпарацыяў (князя і яго дружыны). Была выпрацоўка і адпаведнай lingva franca – мовы міжнацыянальных зносінаў. Было накідванне новай ідэалогіі – хрысціянства. Была паступовая асіміляцыя – найперш моўная і культурная – мясцовага насельніцтва. Тым і тлумачыцца гэткая, як і ў нас, кансерватыўнасць генафонду цяперашніх брытанцаў з вельмі выразнымі варыяцыямі акурат у раёнах, дзе доля перасяленцаў (нарманаў і англа-саксаў) была высокай (Цэнтральная Англія, Паўночны Уэльс, некаторыя выспы) [Capelli Cristian, Redhead Nicola, Abernethy Julia K., Gratrix Fiona, Wilson James F., Moen Torolf, Hervig Tor, Richards Martin, Stumpf Michael P. H., Underhill Peter A., Bradshaw Paul, Shaha Alom, Thomas Mark G., Bradman Neal, Goldstein David B. A Y Chromosome Census of the British Isles // Current Biology. 2003. Vol.13. Р. 979-984; Weale Michael E., Weiss Deborah A., Jager Rolf F., Bradman Neil, Thomas Mark G. Y Chromosome Evidence for Anglo-Saxon Mass Migration // Molecular Biology and Evolution. 2002. Vol. 19. No. 7. P. 1008-1021]. І там, як і ў нас, мовы аўтахтоннага насельніцтва захоўваюцца толькі на перыферыі колішняга арэалу пражывання. Падобным чынам яшчэ ў раннегістарычныя часы адбывалася арыязацыя Мітаніі і хетызацыя Хаці ў малой Азіі, санскрытызацыя большай часткі паўвыспы Індастан і г.д. Дэталі працэсу моўна-культурнай асіміляцыі можна прасочваць у тых рэгіёнах, дзе ён не дасягнуў завяршэння, напрыклад, у выпадку з кітаязацыяй Японіі або адаччвання Нарвегіі. У абодвух выпадках усталёўваецца нейкая раўнавага паміж гарадской культурай і мовай заваёўнікаў і вясковай мовай мясцовага насельніцтва. Гэта таксама добрая лабараторыя для верыфікацыі этнагенетычных канцэпцый.
Толькі вывучаць працэсы асіміляцыі надзвычай цяжка, бо ўвагу трэба засяроджваць на дэталях: на тым, як, пры якіх умовах, калі, у якім напрамку працякалі асіміляцыйныя працэсы ў кажным канкрэтным выпадку. Вырашальнае слова тут за гістарычнай дэмаграфіяй, гістарычнай сацыялогіяй і да іх падобнымі дысцыплінамі, якія яшчэ толькі імкнуцца канстытуявацца ў якасці самастойных кірункаў даследаванняў.
Але і тут ужо робяцца вельмі цікавыя назіранні. А.Мядзведзеў параўнаўшы сведчанні генетычнай пераемнасці насельніцтва Беларусі і пранікнення іншаэтнічных групаў, робіць выснову, што паколькі СЛЯДЫ ПЕРАСЯЛЕНЦАЎ НЕ ЗАХАВАЛІСЯ Ў ГЕНАФОНДЗЕ, іх колькасць, напэўна, не перавышала 10%. Фактычна гэта азначае, што меркаваныя мігранты былі фізічна цалкам асіміляваныя, але яны істотным чынам спрычыніліся да карэннай змены моўнага ландшафту будучай тэрыторыі Беларусі. Асіміляцыя мясцовых (балцкіх) плямёнаў магла, такім чынам, адбывацца толькі ВА ЎМОВАХ СЛАВЯНАМОЎНАГА ГОРАДА, які дамінаваў над вясковай акругай, а гэта, бясспрэчна, “прыводзіла і да захавання ва ўсіх сферах матэрыяльнай і духоўнай культуры рысаў папярэдняга насельніцтва” [Медведев А.М. О времени прихода славян на территорию Белоруссии (характеристика источников) // Труды VI Международного Конгресса славянской археологии (Новгород, 26 – 31 августа 1996 г.). Т. I. Проблемы славянской археологии. М., 1997. С. 208]. Г.Сагановіч таксама сцвердзіў, што cупольная для вялікай часткі Усходняй Еўропы гарадская культура ахоплівала ў той час зусім нязначную частку насельніцтва – 2-5%, тады як абсалютную бальшыню жыхарства складаў кансерватыўны вясковы люд, сярод якога пераважалі аўтахтоны, а не славяне [ Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. Мн., 2001. С. 24].
Апрача “адміністрацыйнага”, важным чыннікам асіміляцыі быў, бясспрэчна, і рэлігійны, калі хрост балтаў у «рускую» (праваслаўную) веру ўрэшце прыводзіў да іх ментальнай і моўнай рутэнізацыі [Марзалюк І. Ад этнасу да нацыі // Гістарычны альманах. 2002. Т. VII. С. 161]. Э.Зайкоўскі дапускае, што «прыток славянаў-перасяленцаў колькасна быў не такім ужо і вялікім, таму славянізацыя тубыльцаў адбывалася найперш дзякуючы славянскім гарадам, княжацкай дружыне, а з канца Х ст. – хрысціянскай царкве, паколькі хрысціянізацыя вяла і да славянізацыі» [Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявякоўі // Гісторыя, культуралогія, мастацтвазнаўства: Матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.) (Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 21). Мн., 2001. С. 37]. Неясным, аднак, па-ранейшаму застаецца паходжанне нешматалікіх славянамоўных перасяленцаў. Ці шмат сярод іх было ўласна славянаў? Відаць па ўсім, найістотнейшую ролю ў пашырэнні славянскай мовы адыгралі метаэтнічныя вайскова-гандлярскія карпарацыі “русі”, сярод якіх пераважалі выхадцы са Скандынавіі. З’яўленне “русі” гэтаксама карэлюецца з пашырэннем матэрыяльнай культуры гарадскога тыпу амаль па ўсім абшары Усходняй Еўропы.
Яшчэ адзін важны аспект праблемы паходжання народа – псіхалагічны, звязаны з усведамленнем індывідамі належнасці да пэўнай этнічнай супольнасці, адчування наяўнасці агульных продкаў, апрычонасці ад прадстаўнікоў іншых этнасаў. Усё гэта складнікі феномена самасвядомасці.
Самасвядомасць – адна з найістотнейшых прыкметаў этнічнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі ў этнічнай супольнасці самасвядомасць і ідэнтычнасць разумеецца ў тэрмінах арганічнай лакальнай свойскасці, гэтак што “чужым” можа быць і жыхар суседняй вёскі, то нацыянальная свядомасць фармуецца збольшага ідэалагічным чынам і мае маштабнае вымярэнне [Радзік Р. Ад этнічанага згуртавання да нацыянальнай супольнасці // Беларускі гістарычны агляд. 1998. Т. V. Сш. 12. С. 291-326]. Гэтта ўзнікаюць і шматлікія калізіі. Беларусы могуць быць прыкладам адной з іх, калі этнас працягвае сваё існаванне на спрадвечнай тэрыторыі, але ў выніку розных прычынаў перастае атаесамляць сябе са сваймі гістарычнымі папярэднікамі, больш за тое, з прапродкамі. Нягледзячы на аўтахтонную істу этнагенезу беларусаў, у нас пануе славянская ідэнтычнасць, прычым не толькі на абыватальскім роўні ды ў “афіцыйнай” гістарыяграфіі, але і ў галовах “нацыянальна свядомых”. Вось адно з вельмі характэрных выказванняў, якое належыць З.Пазьняку: “Тысячу гадоў таму, калі балты і славяне (цяперашнія беларусы) суіснавалі побач, то нашыя продкі стварылі гарады і перадавую рэлігію (Хрысьціянства). Балты нічога гэтага ня мелі і не стварылі. Вынік – яны растварыліся дазваньня ў славянскім моры, не пакінуўшы пасьля сябе нават успамінаў, акрамя, хіба што, гідронімаў ды назоваў тыпу “Дулебы”, “Яцьвягі” ці “Дзяволтва”” [Пазьняк З. Новае стагоддзе. Вільня, 2002. С. 76].
Паказальна, што беларусы часта беспасярэдне атаесамляюцца з малаколькасным прышлым элементам, якому прыпісваецца “прагрэсіўная” культуртрэгерская місія сярод паўдзікіх абарыгенаў, хоць паводле справядлівасці мусіла б быць рыхтык наадварот. “Нязручныя” балцкія продкі беларусаў ператвараюцца ў рэпрэсаваную “нямотную бальшыню”, уяўленне пра якіх не надта розніцца ад вобраза “цёмнага” беларуса ў этнаграфіі часоў Расійскай імперыі. Вытокі падобнага стаўлення, з аднаго боку, угрантаваныя ў папулярныя з эпохі Асветніцтва каланіяльныя-міграцыйныя тэорыі, у якіх місіянеры хрысціянскай веры і паладыны новаеўрапейскай цывілізацыі заўсёды выступалі ў якасці носьбітаў вышэйшай культуры, а з другога боку, у “заходне-рускай” гістарыяграфіі, з яе супрацьпастаўленнем “святой”, “культурнай”, славянскай Русі і “паганай”, “дзікай”, балцкай Літвы.
Падобная “этнагенетычная вайна” адбывалася ў Францыі цягам XVII – XIХ стст., калі ішло змаганне паміж прыхільнікамі кельцкай (гальскай) і германскай (франкскай) ідэнтычнасці французаў. Паводле апошніх перавага германскага элементу мела расавае вытлумачэнне: даўгагаловыя германцы-франкі запанавалі над кароткагаловымі кельтамі і сталі пачынальнікамі французскіх арыстакратычных родаў. Галаманы цвердзілі, што кельты мелі культурную перавагу, былі спадкаемцамі рымскага этасу і пераўзыходзілі ваяўнічых прыхадняў творчым патэнцыялам. Пазней высветлілася, што даўгагаловы элемент прысутнічаў у абодвух этнічных групах, гэтаксама як кожная з іх мела ўласную самабытную культурную традыцыю. Адбылося замірэнне, але, што, у прынцыпе натуральна, перамагла аўтахтонная гальска-кельцкая лінія. Менавата таму, сімвал Парыжа – гальскі певень, а кельцкія “героі” Астэрыкс і Абелікс – папулярныя персанажы масавай культуры змагаюцца з Цэзарам, дзякуючы якому, між іншага, французская мова вядома сёння як раманская. На Беларусі сітуацыя кардынальна розніцца: “славянскія мігранты” маюць выключна станоўчы “імідж”, а нават некаторыя спецыялісты мяркуюць, што Міндаўг, Гедымін, Вітаўт ды іншыя літоўскія князі гутарылі не іначай як толькі па-беларуску!
Адсутнасць усвядомленай пераемнасці з найдаўнейшымі насельнікамі краю вынікае з абсалютызацыі моўнага крытэрыя як этнічнага ідэнтыфікатару і фармавання скажонай перспектывы самасвядомасці. Мова, бясспрэчна, можа быць асноўным этнічным паказнікам, аднак, як слушна зацямлялі В. Аляксееў і Ю. Брамлей: “моўная прыналежнасць і паходжанне народа – з’явы далёка не ідэнтычныя” [Алексеев В., Бромлей Ю. К изучению роли переселений народов в формировании новых этнических общностей // Советская этнография. 1968. № 2. С. 45].
Прыклады з гісторыі, калі этнічная тоеснасць не супадае з моўнай тыпалогіяй – не адзінкавыя, гэтаксама як і выпадкі адраджэння ў іншамоўным асяроддзі культурных традыцыяў, якія здавалася б назаўсёды зніклі праз асіміляцыю іх носьбітаў. Згадайма шатландцаў, валійцаў, ірландцаў, брэтонцаў, якія не сталі германцамі або раманцамі, страціўшы траха не зусім свае кельцкія гаворкі, або тых жа французаў, якія паходзяць ад раманізаваных галаў і, нават атрымаўшы свой назоў ад нешматлікіх германскіх заваёўнікаў – франкаў, усё адно звяртаюцца перадусім да сваіх гальска-кельцкіх вытокаў. Раманскамоўныя румыны ганарацца сваім дакійска-фракійскім паходжанем. Харваты і славецы ўважаюць сябе за нашчадкаў ілірыйцаў ды адчуваюць сябе больш звязанымі з неславянамі Цэнтральнай Еўропы, як з сербамі, македонцамі і балгарамі [Гимбутас М. Славяне. Сыны Перуна. М., 2003. С. 159].
Усё гэта не больш парадаксальна, чым дастасаванне навуковага тэрміну “кельты” да англамоўнага насельніцтва Шатландыі і Ірландыі.
А вось франкамоўных арабаў Алжыру ў асобны раманскі этнас ніхто ніколі не вылучыць. Тэрмін “балты”, як і ўсякае імя класу (у лагічным сэнсе), — гэта канвенцыйны, адвольны знак у сэнсе Ф. Дэ Сасюра. Але не больш канвенцыйны за тэрміны “германцы”, “кельты”, “італійцы”, “славяне” і г.д. Мы маглі б з такім жа поспехам назваць нашу мадэль аўтахтаніскай паўночнафракійскай, зважыўшы, натуральна, і на адмысловыя старажытныя ізаглосныя стасункі балцкіх і дака-фракійскій моваў [Топоров В.Н. К фракийско-балтийским языковым параллелям. II // Балканский лингвистический сборник. М., 1977. С. 59-116], і на тое, што само слова Thrakia (Фракія) можа тлумачыцца ў звязку з літ. trãkas ‘прагаліна, паляна, падлесак, прасека’ (параўн. літ. Trakai і блр. Трацылава – чыгуначная станцыя блізу Талачына, Тракішкі ў Браслаўскім раёне, Тракелі, Тракенікі на Гарадзеншчыне, прозвішчы Трацэнка, Трацэўскі і да г.пад.), а Pannonia – у звязку з прус. pannean ‘балота’ і блр. панеўка ‘пелька, тваністае месца ў рацэ’, Pelso (Балатон) — у звязку з нашай Пелясой, а, паводле адной з прапанаваных этымалогій, таксама і з нашым Палессем… [Катонова Е.М. Балто-славянские контакты и проблемы этимологии гидронимов // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. Вильнюс, 1985. С. 211-218]. А потым прыгадалі б пра нашых дрыгавічоў-балотнікаў (параўн. літ. drėgnas, лат. drēgns ‘вільготны’) і балканскіх другувітаў… Маглі б. Толькі гэта істотна не паўплывае на галоўныя складнікі прапанаванай мадэлі.
А ГЭТА:
1) паводле наяўных на сёння звестак розных навук спрадвечнымі насельнікамі, то бок аўтахтонамі нашага краю былі балцкамоўныя плямены;
2) кансерватыўнасць антрапалагічна-генетычнага аблічча беларусаў не дазваляе прыняць тэорыю пра масавую славянскую міграцыю на тэрыторыю будучай Беларусі;
3) славянізацыя мясцовага балцкага насельніцтва мела збольшага моўны (часткова культурны) характар;
4) асаблівасці працэса фармавання беларускай этнічнай супольнасці адпавядаюць этнагенетычнай сітуацыі, калі меркаваныя прыхадні складалі меньшыню, якая праз адміністрацыйна-рэлігійны чыннік выклікала змены ў моўна-культурным ландшафце мясцовага насельніцтва;
5) балцкая іста беларусаў знаходзіць пацверджанне не толькі ў спецыфічных антрапалагічных, этнаграфічных, лінгвістычных рысах, але магла б патлумачыць факт працяглага гістарычнага суіснавання беларусаў і літоўцаў у межах адной дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, а таксама арганічны характар яе утварэння.