У папярэднія 12 дзён мы выставілі тры цікавыя, часам занадта складаныя, гістарычныя артыкулы, прысьвечаныя пытаньню паходжаньня беларуска-літвінскага этнасу на сучасных беларускіх землях. Яны былі дасланыя групай навукоўцаў з Цэтру этнакасмалогіі «Крыўя». Нечаканыя высновы пра жыцьцё нашых ПРАМЫХ ПРОДКАЎ на нашай этнічнай тэрыторыі, як мінімум, на працягу апошніх 3.500 гадоў (як максімум, да 9.000 гадоў), а таксама падставовае палажэньне, што сучасныя беларусы-літвіны – гэта, па-сутнасьці, СЛАВЯНІЗАВАНЫЯ БАЛТЫ, для многіх гучаць нязвыкла. Але ж гэта выклікае і пэўную палёгку. Па-першае, вынікае, што нашыя продкі ёсьць АБСАЛЮТНЫЯ АЎТАХТОНЫ – першыя з краманьёнцаў (людзей сучаснага тыпу), якія аселі тут пасьля адыходу апошняга ледніку, што адбылося прыкладна 10.000 гадоў таму! А, па-другое, нашыя продкі нікога не заваёўвалі, нікому не зрабілі ніякай крыўды (гэта нас увесь час спрабавалі заваяваць і падпарадкаваць)! Проста ў пэўны час нашыя продкі шмат што ўзялі са славянскай мовы, культуры, адаптуючы іх пад сябе, чым і стварылі такую непаўторную, прыгожую, каштоўную беларуска-літвінскую мову, культуру.
Пагадзіцеся, значэньне дадзеных уяўленьняў выходзіць далёка за межы высноваў чыстай гістарычнай тэорыі. Але зараз, як навуковец, я хацеў бы зьвярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасьць і, як выкладчык, тое-сёе патлумачыць. Справа ў тым, што пададзеныя ў артыкулах высновы грунтуюцца на адносна новых для гісторыкаў метадах дасьледваньня. Мы ведаем, што раней гісторыкі ў падмурак сваіх тэорый найчасьцей клалі аналіз друкаваных крыніц, знаходкі, здабытыя ў археалагічных раскопках, даныя этнаграфіі й г.д. А тут пададзены даныя антрапаметрыі й папуляцыйнай генетыкі. І менавіта яны далі дадатковы вынік. Вельмі прыемна, што гэтыя аб’ектыўныя метады, нарэшце, таксама становяцца грунтам гістарычных адкрыцьцяў. Ужо бачна, што тут схавана вялікая персьпектыва, бо зь іх дапамогай можна дакапацца да зьвестак пра найбольш далёкія падзеі нашай гісторыі…
Каб патлумачыць людзям з гуманітарнай ці тэхнічнай адукацыяй даныя папуляцыйнай генетыкі (мець большы давер да іх, лепш разумець іх зьмест), з нагоды ўзьніклай тэмы лічу неабходным распавесьці пра вынікі папуляцыйна-генетычных досьледаў, якія былі зроблены больш за 25 гадоў таму адной супрацоўніцай нашай кафедры (Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі універсітэт, кафедра медыцынскай біялогіі й агульнай генетыкі).
Але спачатку варта ўспомніць ці засвоіць некаторыя палажэньні папуляцыйнай генетыкі.
1. Азы класічнай і папуляцыйнай генетыкі, якія варта ведаць.
Большасьць нашых грамадзянаў ведае пра генетыку (памятае са школьнай праграмы), што гэта нешта, зьвязанае зь генамі, гарохам, Мендэлем. Але пра многае іншае, сапраўды важнае, яны як правіла, ня ведаюць. Напрыклад, што такое ген, а тым больш, што такое алель, генатып, генафонд, зьявы мона-, дзі- ды поліалелізму, частата алеля ў папуляцыі ды шмат іншае. А між тым, усё гэта неабходна, каб разьбірацца ў фактах, аргумэнтах і высновах папуляцыйна-генетычных дасьледваньняў. Таму надзвычай важна гэтыя веды даць ці паднавіць.
Спачатку зьвярніце ўвагу на малюнак, пададзены ў пачатку артыкула. На ім спалучэньнем сініх літар Аа, АА, аа пазначаны пары алельных генаў, якія знаходзяцца ў ГЕНАТЫПАХ людзей дзьвюх папуляцый (апошнія абведзены авальнымі лініямі й пазначаны лічбамі 1 і 2). Дадзеныя генатыпы складаюць ГЕНАФОНДЫ гэтых папуляцый. На малюнку сьхематычна паказаны ўмоўныя папуляцыі, складзеныя з 20 чалавек кожная, але вы павінны ўявіць сабе, што рэальныя папуляцыі людзей звычайна складаюцца з тысячаў-мільёнаў індывідаў. Таксама трэба ведаць, што алельныя гены (сінонім, АЛЕЛІ) – гэта варыянты пэўнага гена, якія ўзьнікаюць у выніку мутацый. Яны ёсьць канкрэтна (па-сутнасьці, ген – абстракцыя, алель – яго канкрэтны варыянт, існуе рэальна). Калі ў людзей нейкі ген А можа мець два алельных варыянты – А і а (і толькі іх), тады ў генатыпах людзей з-за дзіплоіднага набору храмасом могуць аказацца спалучэньні двух алеляў, пададзеныя вышэй – АА, Аа, аа (і толькі яны). Ва ўстойлівых папуляцыях людзей, якімі зьяўляюцца народы, ПРАПОРЦЫІ трох варыянтаў генатыпаў будуць сьпецыфічныя й у адносінах да многіх генаў гэтыя прапорцыі могуць заставацца амаль нязьменныя на працягу тысячагоддзяў. Акрамя таго, аказалася, што апісваць стан ГЕНАФОНДУ людскай папуляцыі па адпаведным гене (генафонд – сукупнасьць усіх генатыпаў людзей, якія ўваходзяць у папуляцыю) лепш не праз прапорцыі генатыпаў людзей, а праз ЧАСТОТЫ АЛЕЛЯЎ дадзенага гена ў папуляцый. І калі, як у нашым выпадку, у гена А ёсьць толькі два алелі А і а, дык частату алеля А (як правіла, пазначаецца сімвалам p) можна апісаць як долю, якую складае яго абсалютная колькасьць (NA) у генафондзе адносна сумы абсалютнай колькасьці ўсіх алеляў гена А ў папуляцыі (NА+Na; формула пададзена на малюнку ўверсе). Адпаведным чынам можна паказаць і частату алеля а (пазначаецца сімвалам q; формула пададзена там жа).
А цяпер давайце яшчэ раз прыглядзімся да генафонду двух умоўных (з-за нерэальна малой колькасьці індывідаў, якія іх складаюць) папуляцый, пададзеных на малюнку. На першы погляд яны падаюцца аднолькавымі. Але прыглядзіцеся, у першай папуляцыі ў генатыпах 20 чалавек прысутнічае 20 алеляў А і 20 алеляў а. Гэта значыць, што ў ёй p = 0,5; q = 0,5. У другой папуляцыі ў 20 генытапых утрымліваецца 32 алеля А і 8 алеляў а. Значыць, p = 0,8; q = 0,2. Вось гэта і ёсьць тыя паказьнікі, якія колькасна характарызуюць спецыфічныя параметры дзьвюх дадзеных папуляцый па гене А.
Калі генафонды двух народаў аказваюцца блізкія (іначай, калі частоты алеляў аднолькавых генаў у іх генафондах зьяўляюцца блізкія) – гэта азначае іх прынцыповую (генетычную, «кроўную», зьвязаную з паходжаньнем ад адзінага кораня) РОДНАСЬЦЬ. Адрозьненьні ў мове, культуры, гісторыі з гэтых пазіцый зьяўляюцца другаснымі, больш павярхоўнымі (нібы вопратка ў людзей) наслаеньнямі. Калі ж нейкія народы па культуры і мове выглядаюць блізкімі, але істотна адрозьніваюцца іх генафонды (частоты алеляў адных і тых жа генаў істотна адрозьніваюцца) – гэта азначае, што, наадварот, яны генетычна розныя, проста ў гісторыі адбылася канвергенцыя ці перайманьне іх культураў.
Такім чынам, апісаньне генафондаў народаў дае магчымасьць аб’ектыўна (а не палітычна-прапагандысцка) выяўляць ступень іх сапраўднай роднасьці (блізкасьці, «крэўнасьці»).
2. Першае нечаканае адкрыцьцё, зробленая Верай Арэхавай 25 гадоў таму.
Супрацоўніца нашай кафедры В.А.Арэхава яшчэ ў канцы 1970-х гадоў для напісаньня кандыдацкай дысертацыі вырашыла вывучыць структуру шлюбаў і генагеаграфію групаў крыві жыхароў Гродзеншчыны [Орехова В.А. Структура браков и геногеография групп крови населения Гродненской области. – Автореф. дис… канд. биол. наук. – Москва, 1982 г. ]. Пра структуру шлюбаў мы казаць ня будзем, а вось што да генагеаграфіі, дык тут трэба тое-сёе распавесьці.
Для выкананьня часткі сваіх досьледаў яна зьбірала матэрыял пра групы крыві донараў на станцыях пераліваньня крыві ў большасьці раёнаў Гарадзеншчыны. Пры гэтым сярод іншага фіксавалася нацыянальнасьць донараў (запісвалася тая нацыянальнасьць, якую донары называлі).
А цяпер прачытайце адну з высноваў яе дысертацыі: “Беларусы і палякі Гродзенскай вобласьці выяўляюць ВЫСОКУЮ СТУПЕНЬ ПАДАБЕНСТВА па фенатыпах і алелях сістэм [эрытрацытарных ізаантыгенаў] AB0, Rh, MN, P. Пры параўнаньні беларусаў Гродзенскай вобласьці з беларусамі БССР у цэлым таксама НЯ ЗНОЙДЗЕНА АДРОЗЬНЕНЬНЯЎ па групах крыві. Параўнаньне палякаў Гродненскай вобласьці з палякамі Польскай Народнай Рэспублікі па чатырох сістэмах эрытрацытарных ізаантыгенаў паказала статыстычна даставерныя адрозьненьні іх фена- і генатыпаў па трох сістэмах (AB0, Rh і P)”.
Такім чынам, аказалася, што генафонды беларусаў Гарадзеншчыны і тых, хто лічыць сябе «палякам», не адрозьніваюцца, як і не адрозьніваюцца яны ад генафонду беларусаў усёй Беларусі. Тады як і беларусы, і «палякі» Гарадзеншчыны па сваім генафондзе даставерна адрозьніваюцца ад палякаў Польшчы. Так зусім нечакана быў пацьверджаны даўно вядомы беларускім гісторыкам факт, што беларускія «палякі» – гэта палякі толькі па ўласным памылковым самаадчуваньні. Яны ў абсалютнай большасьці ўзьніклі праз акаталічваньне аўтахтоннага беларуска-літвінскага насельніцтва, якое адбывалася шляхам намаўленьня ксяндзамі прадстаўнікам нашага народу, якія прынялі каталіцызм, хлусьлівай, па іезуіцку хітрай прапагандысцкай формулы: «Ты каталік, веры польскай?» – «Каталік». «Калі ты каталік, значыць – ты паляк!».
Масаваму чалавеку звычайна цяжка дадумацца, што італьянцы, гішпанцы, бразільцы, немцы, партугальцы, кангалезцы і г.д. НЯ ЁСЬЦЬ ПАЛЯКІ «з-за таго, што яны каталікі». Гэтая ўласьцівасьць масавай псіхікі падступна выкарыстоўвалася польскімі імперыялістамі для стварэньня ў Беларусі… 5-й польскай калоны («дэфензыва», «Армія краёва» і г.д.), якая яшчэ сёньня складае да 400.000 чалавек (прыкладна 4% ад усяго насельніцтва Беларусі й 25% ад насельніцтва Гарадзеншчыны).
Натуральна, калі мы будзем імкнуцца нашу ідэалогію грунтаваць на праўдзе, мы ня маем права хаваць дадзены факт ад шырокай беларускай грамадскасьці.
3. Другое нечаканае адкрыцьцё.
Карыстаючыся сітуацыяй, яшчэ ў той час я папрасіў В.Арэхаву даць вядомыя ёй даныя пра склад генафондаў бліжэйшых народаў – суседзяў беларусаў. І аказалася, што па складзе свайго генафонду аднымі з самых блізкіх да нас – беларусаў-літвінаў – зьяўляюцца… цяперашнія летувісы! Вось ён – «балцкі феномен» 25-гадовай даўніны!
Ніжэй пададзена табліца, дзе прыведзены вядомыя на той час частоты алеляў, якія вызначаюць прыналежнасьць крыві чалавека па сістэме AB0 да адной з 4 магчымых групаў крыві – І(0), ІІ(А), ІІІ(В), IV(АВ). У адрозьненьне ад разгледжанага вышэй выпадку, за дадзеную адзнаку адказвае ген, які ў генафондзе ўсяго чалавецтва мае не два, а тры алелі (зьява поліалелізму) – Іа, Ів, Іо. Іх частоты ў генафондах папуляцый абазначаюцца як p, q, r адпаведна.
Ацаніць ступені генетычнай роднасьці народаў (папуляцый), маючы такія даныя, можна ня толькі прыблізна, «на вока», але і выразіць колькасна, у канкрэтных лічбах. Для гэтага яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя было запрапанавана шэраг формул. Адну з самых простых запрапанаваў А.С.Сераброўскі (гл. унізе). Выкарыстоўваючы яе кожны з вас можа самастойна вызначыць ступень генетычнай блізкасьці (J) прыведзеных у табліцы папуляцый.