Разгледжаныя ў папярэднім артыкуле магчымасьці антрапаметрычнага і асабліва папуляцыйна-статыстычнага метадаў надзвычай пажадана выкарыстаць для далейшага праўдзівага высьвятленьня двух прынцыповых пытаньняў.
ПЕРШАЕ зь іх
зьвязана з рэгуляна выкарыстоўваемай для палітычных мэт прапагандысцкай формулай (на працягу вось ужо некалькі стагоддзяў), якая гучыць прыкладна так: «Беларусы і рускія – два самыя блізкія славянскія народы, народы-браты, настолькі блізкія, што іх нават можна лічыць адзіным народам, адной нацыяй» (апошнія найбольш вядомыя карыстальнікі гэтай формулы намаўленьня – А.Лукашэнка, С.Алексіевіч, Ул.Пуцін, С.Іваноў). Мы ведаем, што гэтыя словы – хлусьня, але нам патрэбны канкрэтныя НАВУКОВЫЯ факты, каб паказаць усю зманлівую сутнасьць дадзенай прапагандэмы і дэзавуяваць імперскія, злачынна-паразітныя мэты тых, хто ёю карыстаецца. А для гэтага нам трэба найперш мець надзейныя навуковыя даныя пра ўсярэднены стан генафондаў усіх 5 народаў, якія знаходзяцца побач з намі – летувісаў, латышоў, рускіх, палякаў, украінцаў (для пачатку, хаця б толькі іх). З гэтых даных і навукоўцы, і мы самі зможам зрабіць высновы пра тое, хто для нас «як робны брат», а хто – усяго толькі «стрыечны»…
Да гэтай парЫ падобныя дадзеныя па прычынах, пра якія лёгка здагадацца, хаваюцца ад грамадства. Трэба іх знайсьці, здабыць, рассакрэціць, абнародаваць! Заклікаем чытачоў нашага сайту (асаблівы тых, хто мае адпаведныя магчымасьці) далучыцца да справы знаходжаньня ПРАЎДЫ АБ РОДНАСЬЦІ беларусаў-літвінаў зь іншымі народамі, каб нанесьці зьніштажальны ўдар па носьбітах расейскага імперыялізму й іхных халуях на нашай зямлі. Таму дасылайце вядомыя вам зьвесткі па дадзенай праблеме на наш сайт.
Дарэчы, нядаўна вялікае дасьледваньне генафондаў народаў, якія пражываюць на тэрыторыі РФ і побач зь ёй, было праведзена Расейскай акадэміяй навук. Там у якасьці сьпецыфічных генетычных маркераў, якія дапамагалі выявіць роднасьць паміж народамі, дадаткова выкарыстоўвалі аналіз мітахандрыяльнай ДНК (перадаецца толькі па жаночай лініі) і алелі, якія знаходзяцца ў Y-храмасоме (перадаецца па мужчынскай лініі). Вынікі дадзенага дасьледваньня яшчэ толькі плануецца надрукаваць, але некаторыя зь іх ужо былі пададзены ў расейскім часопісе «Власть». Гэта не навуковы часопіс, а палітычны, што выклікае падазрэньне ў спробах зноў палітызаваць пытаньне і перакруціць яго на карысьць інтарэсаў расейскай імпербюракратыі. Але па пэўных зьвестках нават у гэтым часопісе даводзіцца, што «рускія – гэта ніякія не «ўсходнія славяне», а фіна-угры», і што «беларусы генетычны вельмі далёкія ад рускіх, але затое вельмі блізкія да… чэхаў, славакаў і палякаў».
Вось так!
Па меры таго, як вынікі дадзенага дасьледваньня будуць даступныя для больш глыбокага аналізу, мы паспрабуем падаць іх на нашым сайце.
ДРУГАЯ з прыцыповых праблем
зьвязана з працягам дасьледваньня генатыпаў сельскіх жыхароў Беларусі й яе ваколіц, каб далей прасьвятліць тыя пытаньні, якія былі паднятыя ў тым ліку сябрамі Цэтру «Крыўя» і якія зьвязаны з высьвятленьнем ГІСТОРЫІ ПАХОДЖАНЬНЯ нашага беларуска-літвінскага народу.
Нам вядома, што нядаўна выбітны беларускі навуковец Аляксей Мікуліч выдаў кнігу «Беларусы ў генетычнай прасторы: Антрапалогія этнасу (Мн.: Тэхналогія, 2005. – 138 с: іл.)», прысьвечаную пытаньням генагеаграфіі насельніцтва Беларусі й прылеглых тэрыторыяў (гл. малюнак унізе). Мне ўдалося знайці кароткае апісаньне яе зьместу па наступным адрасе: http://72.14.253.104/search?q=cache:k5Aml48-BekJ:litvin.org/forum/index.php…
Вось тэкст падсумаваньня зьместу дадзенай кнігі.
«Манаграфія падводзіць вынікі больш чым трыццацігадовых экспедыцыйных даследванняў, праведзеных вядомым антрапагенетыкам Аляксеем Мікулічам у Рэспубліцы Бепарусь і на сумежных тэрыторыях краін-суседзяў – Расійскай Федэрацыі, Летувы, Украіны [Польшча выпала. – Рэд.]. Аб’ектам іх было пераважна вясковае насельніцтва як носьбіт найбольш характэрных генетычных і канстытуцыйных асаблівасцяў прабацькоўскіх папуляцый. Вывучэннем было ахоплена каля 120 групавых выбарак. Яны фармавапіся з асобаў, якія маюць продкаў мясцовага паходжання да 4-5 калена.
Даследванне генафонду сучасных лакальных папуляцый Беларусі паказала цэласнасць беларускага этнасу, яго гамеастаз у часе, а таксама наяўнасць генагеаграфічнай кампаненты ў этнічнай гісторыі. На карце генетычных адлегласцяў ад сярэдніх беларускіх частот генаў у насельніцтве Усходняй Еўропы, пабудаванай на аснове значнай колькасці ДНК-маркёраў (57 алеляў 21 локусу), яскрава відаць асаблівасць генафонду беларусаў, да якіх далучаюцца карэнныя жыхары Пскоўшчыны, Ноўгарадчыны, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленскага краю і Украінскага Палесся [!!! – Рэд.]. Кампактны арэал беларускага генафонду на гэтай карце ў агульных рысах адпавядае абшару рассялення беларусаў у гістарычнай рэтраспектыве. Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць шматвектарнай дывергенцыі гэтага арэалу, якая выяўляе даўнейшыя кірункі міграцыі.
Вядома, што “еўрапеізацыя” ўсходнееўрапейскага, пераважна расейскага, насельніцтва спынілася пад татара-мангольскім уплывам. Вывучэнне генафонду беларусаў практычна не выявіла прысутнасці ў ім прыкмет мангольскай расы. Гэта пацвярджае гістарычныя звесткі пра тое, што Беларусь не зазнала татара-мангольскай няволі. Цікава таксама адзначыць, што агульная тэндэнцыя зменлівасці ў межах беларускага арэалу мае мерыдыянальны кірунак – з поўдня на поўнач, тым часам як для расейскага арэалу яе кірунак перпендыкулярны – з захаду на ўсход, г. зн. шыротны.
Кожны з трох усходнеславянскіх этнасаў, згодна з антрапалагічнымі дадзенымі, мае сваю адметнасць. Яны сфармаваліся ў рознай геаграфічнай прасторы, на асобных субстратных праасновах. Змешчаная ў кнізе графічная інтэрпрэтацыя абагульненых характарыстык іх генафондаў [шукаемыя намі дадзеныя ў кнізе ёсьць! – Рэд.] дазваляе наглядна ўбачыць ступень сваяцтва і адрознення. “Этнічныя воблакі” беларусаў і ўкраінцаў даволі кампактныя і на пададзенай дыяграме істотна перакрываюцца. Расейскае ж “воблака” вельмі размытае, і толькі нязначная доля яго перакрываецца э папярэднімі. Калі ўкраінскае “этнічнае воблака” наогул не мяжуе з фіна-вугорскімі, а беларускае толькі кранаецца іх, то цэнтр “этнічнага воблака” расейскіх папуляцый знаходзіцца ў адным кластэры з фіна-вугорскімі, а не славянскімі этнасамі [зноў пацьверджаньне папярэдне напісанага! – Рэд.].
Аляксей Мікуліч аргументавана аспрэчвае высновы маскоўскіх калегаў пра тое, што ядро расейскага генафонду нібыта знаходзіцца на паўночным захадзе расейскага этнічнага арэалу (Пскоўшчына, Ноўгарадчына) з далучэннем часткі земляў, якія сёння знаходзяцца ў складзе Рэспублікі Беларусь. Ён адзначае, што да беларусаў Прыдзвіння генетычна вельмі блізкія карэнныя жыхары Пскоўскай і Ноўгарадскай, як і Смаленскай абласцей. (I гэтаму факту ёсць гістарычнае тлумачэнне – агульныя крывіцкія карані.) Але ўсе яны ўваходзяць менавіта ў беларускі этнічны арэал.
Супастаўленне дадзеных генагеаграфіі з матэрыяламі археолагаў дае вельмі цікавыя вынікі. Геаграфічная структура сучаснага беларускага генафонду шмат у чым адпавядае арэалам старажытных археалагічных культур. Напрыклад, прыдзвінская генагеаграфічная правінцыя накладваецца на тэрыторыю распаўсюджання нараенскай культуры (4-3-е тысячагоддзі перад Н.Х.) эпохі неаліту і паўночнабеларускай культуры (канец 3-га – першая палова 2-га тысячагоддзя перад Н.Х.) ранняга бронзавага веку. А заходнепалескі рэгіён знаходзіцца ў межах распаўсюджання культуры шнуравой керамікі Палесся (XVIІІ—XIV стагоддзі перад Н.Х.) і лужыцкай культуры (Х\/~ХІ\/ стагоддзі перад Н.Х.) бронзавага веку, а таксама паморскай культуры (IV-ІІ стагоддзі перад Н.Х.) жалезнага веку. Гэта важкі аргумент на карысць генетычнай непарыўнасці пакаленняў.
Аналіз антрапагенетычнага і генадэмаграфічнага матэрыялу прыводзіць аўтара да высноваў пра глыбокую старажытнасць беларускага этнасу. Сучасная карціна беларускага генафонду сфармавалася як шляхам доўгатэрміновага прыстасавання ў выніку натуральнага адбору, так і ў працэсе этнічнай кансалідацыі. Карыстаючыся “генетычным гадзіннікам”, аўтар вызначае, што папуляцыі карэнных жыхароў Беларусі вядуць свой радавод цягам не меней як 130-140 пакаленняў, гэта значыць пачынаючы сама пазней з сярэдзіны 2-га тысячагоддзя перад Нараджэннем Хрыстовым.
На думку аўтара, адзінства паходжання, асаблівасць мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры, наяўнасць цягам некалькіх стагоддзяў сваёй дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, перавага эміграцыйных працэсаў над іміграцыйнымі спрыялі кансалідацыі адметнай і трывалай этнічнай супольнасці беларусаў».
На гэтым жа форумным сайце была разьмешчана таксама цікавая мапа антрапалагічных комплексаў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы (пададзена ўнізе). Зьвярніце увагу на істотнае супадзеньне месцазнаходжаньня антрапалагічнага комплексу беларусаў і характэрнай для іх генагеаграфіі (гл. малюнак у пачатку артыкула).
Наша рэдакцыя з задавальненьнем атрымае дадатковыя артыкулы і каментары па ўзьнятых пытаньнях. У сувязі з чым чакае новых допісаў ад нашых чытачоў.