nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Памяці Зьмітрака Бядулі (СіА)

17 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Валянціна Аксак (паводле www.svaboda.org)

Выйшаў з друку трыццаць пяты том кніжнага праекту “Беларускі кнігазбор”. Ён прысьвечаны аднаму з самых малавядомых клясыкаў беларускае літаратуры Зьмітраку Бядулю.

Літаратуразнаўцу Ўладзімера Казьберука творчасьць Зьмітрака Бядулі вабіла даўно, аднак за савецкім часам за выняткам “Салаўя”, “Начлежнікі пяюць” ды яшчэ колькіх хрэстаматыйных рэчаў гаварыць пра творчасьць гэтага аўтара не рэкамэндавалася. Беларускі нацыянальны патас твораў габрэя з паходжаньня ня ўкладваўся ні ў якія ідэалягічныя догмы. А ён быў надзвычай шчырым беларускім адраджэнцам пэрыяду вайскова-рэвалюцыйных калатнечаў 1917-20-га гадоў мінулага стагодзьдзя.

Гаворыць Уладзімер Казьбярук: “Ён у пэрыяд Грамадзянскае вайны змагаўся за беларускае нацыянальнае адраджэньне. І гэта тая дзейнасьць, якую на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў у нас замоўчвалі, хавалі ці нават крытыкавалі і творы гэтага пэрыяду не перавыдаваліся і замоўчваліся”.

Спадар Казьбярук лічыць, што Зьмітрок Бядуля адыгрываў адну з ключавых роляў у змаганьні беларускае інтэлігенцыі за нацыянальнае адраджэньне ў той складаны час. Ён шмат пісаў публіцыстычных вершаў і артыкулаў з адкрытым заклікам змагацца за незалежнасьць Беларусі. Гэтыя творы не ўваходзілі ў ранейшыя выданьні клясыка і вядомыя былі толькі вузкаму колу дасьледчыкаў, якія мелі доступ да тагачаснае пэрыёдыкі.

Не ўдалося выявіць для кнігазбораўскага тому твораў Бядулі ўсё тады надрукаванае і спадару Казьберуку – перашкодзіла перасяленьне нацыянальнае бібліятэкі.

Казьбярук: “Частку ўдалося знайсьці. Але калі завяршаў работу, то якраз здарылася такое, што нацыянальная бібліятэка пераяжджала з аднаго месца ў другое і фонды ўсе спакоўваліся. А потым, калі пераехала, яны яшчэ не распакаваліся, і мне ня ўсё ў пэрыёдыцы ўдалося раздабыць тое, пра што я ведаў, і тое, пра што я мог і ня ведаць яшчэ”.

Аднак і сабранага ў гэты том дастаткова, каб упэўніцца, што ён вяртае ў кантэкст гісторыі беларускае літаратуры творчую спадчыну аўтара, які наўмысна замоўчваўся з-за ягонага, надзённага і сёньня беларусацэнтрызму. Вось, да прыкладу, фрагмэнт з артыкулу “Хрыстос васкрос!”, напісанага ў 1918 годзе.

“Толькі дзяржаўная незалежнасьць прынясе нам збавеньне ад гістарычных мук і нацыянальнага зьдзеку. Толькі ў пяшчотах нацыянальнай культуры мы атрымаем магчымасьць стаць поплеч з асьвечанымі народамі Заходняй Эўропы. І хоць зьяўляюцца яшчэ Фомы няверныя, хоць і палохаюць нас няяснай будучыняй, але вялікая вера наша ў перамогу жыцьця. Нацыянальнасьць – рэч неўмірушчая, НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЬ – ГЭТА КРЫНІЦА ЖЫЦЬЦЯ, пачатак поступу, культуры і бязьмежнага разьвіцьця. Нацыянальнасьць – само жыцьцё і яго несьмяротнасьць у межах нашага ўяўленьня. ЖЫВЕ НАЦЫЯ – ЖЫВЕ І ЧАЛАВЕЦТВА”.

Ад рэдактара сайта:
Калі я вучыўся ў школе, беларускую мову і літаратуру выкладаў у нас знакаміты настаўнік Сяргей Сьцяпанавіч Дрозд. У класе, дзе ён выкладаў, на сьцяне былі маляваныя алоўкам патрэты Купалы, Коласа, Багдановіча, Цёткі й… Зьмітрака Бядулі.

Ведаеце, НЕ «ТАЛЕРАНТНАСЬЦЬ» да розных негатыўных праяваў жыцьця нам патрэбна, а ЗЬМЯСТОЎНАЯ ПАГАВА да тых, хто гэтага заслугоўвае…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы