nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Два падыходы да “беларусізацыі” ва ўмовах улады цяперцаў-этнацыдчыкаў (ФАУВ; Д пр-п 47)

18 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў.
����.gif
4 студзеня г.г. мы выставілі артыкул пад назвай “«Дазвольце, дзядзечка, ва ўласнай хаце пад лаўкай пераначаваць» альбо Што зрабіў бы наш продак – ліцьвін, на месцы свайго нашчадка – беларуса сёньняшняга” (адрас: https://nashaziamlia.org/2007/01/04/479/). У ім мы крытыкуем той варыянт змаганьня за беларусізацыю ва ўмовах антынароднай, этнацыднай дыктатуры, які прапануе ТБМ. Гэты падыход можна назваць словам ПРАСІЦЬ. Мы ж лічым, што адзіна адэкватным стылем паводзін (менавіта стылем, бо мэты ў нас з ТБМ прынцыпова аднолькавыя) у нашай сітуацыі зьяўляецца падыход пад назвай ПАТРАБАВАЦЬ. У доказ праваты нашага падыходу ў вышэй узгаданым артыкуле мы прывялі некалькі аргументаў. Свае аргументы прыводзілі й сябры ТБМ. Спрэчку паміж намі магло вырашыць толькі жыцьцё. І яно не прымусіла сябе доўга чакаць.

12 студзеня г.г. на сайце www.svaboda.org пад аўтарствам Галіны Абакунчык зьявілася інфармацыя наступнага зьместу:
«Міністэрства адукацыі прапанавала ўраду краіны абвясьціць 2007 год у Беларусі годам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэта стала вынікам ініцыятывы Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. А вось прапановы ТБМ па вяртаньні беларускай мовы ў школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы ў міністэрстве адукацыі НАЗВАЛІ НЕМЭТАЗГОДНЫМІ і НЯСВОЕЧАСОВЫМІ. Абвясьціць 2007 год годам беларускай мовы і літаратуры (1), вярнуць беларускую мову ў выкладаньне гісторыі і геаграфіі ўсіх школ (2), адкрыць у Беларусі нацыянальны ўнівэрсытэт і даць яму імя Якуба Коласа (3) – гэтыя тры прапановы грамадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы накіравала Ў ПРЭЗЫДЭНЦКУЮ АДМІНІСТРАЦЫЮ [на справе ТБМ дасылала яшчэ дзьве прапановы: “аднавіць беларускую мову ў адукацыйных стандартах ВНУ, а таксама вярнуць выкладаньне курсу “Беларусазнаўства” ва ўсе ВНУ й сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы” і “унесьці дапаўненьні і зьмены ў закон аб мовах для таго, каб забясьпечыць беларускай мове сапраўдны статус дзяржаўнай”; разам – гэта 5 прапановаў! – Рэд.].
Адказ прыйшоў зь міністэрства адукацыі за подпісам намесьніка міністра Казіміра Фарыно, паведаміў Свабодзе старшыня ТБМ Алег Трусаў: “Плянуецца абвясьціць 2007 год годам клясыкаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. А ДАЛЕЙ ЯНЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА ВЫКОНВАЦЬ НАШЫ ПАТРАБАВАНЬНІ [не было патрабаваньняў, былі просьбы! – Рэд.]. Да прыкладу, пішуць адносна выкладаньня гісторыі і геаграфіі па-расейску, што ГЭТА ПРАДУГЛЕДЖАНА ЗАКОНАМІ [?! – Рэд.], і яны як хочуць, так і будуць выкладаць. А яшчэ лічаць немэтазгодным і несвоечасовым стварэньне яшчэ адной вышэйшай навучальнай установы”.
Спадар Трусаў спадзяецца, што абвяшчэньне году Янкі Купалы і Якуба Коласа з нагоды 125-годзьдзя іхнага нараджэньня, дасьць новыя магчымасьці для папулярызацыі імёнаў клясыкаў беларускай літаратуры і беларускай мовы, у тым ліку сіламі грамадзкіх арганізацый. Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пачало таксама праводзіць збор подпісаў грамадзянаў краіны на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем [няўжо, нарэшце, “з патрабаваньнем”? – Рэд.] адкрыць у Беларусі беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову [ўжо ж сказалі “нематазгодна і несвоечасова” і яшчэ раз скажуць. – Рэд.].
Ініцыятыву ўладаў ушанаваць памяць Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама стаўленьне чыноўнікаў да беларускай мовы камэнтуе кіраўнік зачыненага ўладамі беларускага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас: “Што тычыцца і гэтага міністэрства, і савета міністраў, і гэтых уладаў, то гэта людзі, якія не адчуваюць той ганьбы, якую іхнымі рукамі зараз робяць. Гэтыя людзі не адчуваюць такіх каштоўнасьцяў, як нацыянальная мова, нацыянальная тоеснасьць, гістарычная памяць, дзяржаўнасьць. І вось імі зараз гэта ўсё нішчыцца для таго, КАБ ЗАЧЫСЬЦІЦЬ ТЭРЫТОРЫЮ і каб затым узяць яе разам зь народам, у памяці якога ўсё гэта сьцёртае. І гэтым людзям варта задумацца”».

Такім чынам, з 5 просьбаў ТБМ гэтыя падонкі-цяперцы зьбіраюцца выканаць толькі адну – самую малазначную, дый тое таму, што 125-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа яны і так вымушаныя былі б нейкім чынам адзначаць. Жыцьцёвая практыка яшчэ раз паказала: у спрэчцы з ТБМ правы былі мы!

Аказаліся мы правыя і калі спрагназавалі, што знакамітае пераднавагодняе выказваньне Лукашэнкі пра тое, што трэба ведаць найперш сваю беларускую мову, – ня больш, чым чарговая кароткатэрміновая поза, якая, як мінімум, нічога ня значыць (гл. артыкул «Дранх-на-Остэн ці дранх-на-Вестэрн? – вось яно пытаньне! Альбо пра тое, як усе мы сталі сьведкамі маленькага цуду», адрас: https://nashaziamlia.org/2006/12/21/459).

Таму заўважым яшчэ раз (бо пра гэта мы ўжо пісалі), што аналіз этнацыдных падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі, недвухсэнсоўна сьведчыць: у Крамлі існуе сістэмны ПЛАН па ЭТНАЦЫДНЫМ ЗЬНІШЧЭНІ НАШАГА НАРОДУ, які педантычна выконваецца, а выкананьне кантралюецца (на рэалізацыю гэтага плану па адпаведнай графе напэўна выдзяляюцца грошы, ёсьць адказныя за яго і г.д.). На выкананьне гэтага плана, як мы толькі што мелі магчымасьць убачыць, не ўплываюць нават канфлікты па эканамічнай і палітычнай лініях, якія адбываюцца паміж крэмлядзямі і Лукашэнкам (прынамсі, апошні газа-нафтавы канфлікт, у час якога гучала нешта і пра «пойдзем у зямлянкі», і «шантажу не паддамося», і «разрыў саюзьніцкіх адносін» і да т.п., аніяк не паўплываў на тое, каб з 5 просьбаў ТМБ узяліся выканаць хаця б 3-4). Гэта значыць, што ЭТНАЦЫД беларусаў ёсьць самы галоўны, падставовы пункт у сатанінскай змове паміж «Крамлём» і Лукашэнкам! Ён можа дазволіць сабе не выконваць шмат чаго іншага, можа нават публічна сварыцца з кіраўніцтвам расейскай імпербюракратыі па розных іншых пытаньнях, але ПРАГРАМУ ЭТНАЦЫДУ выконваць павінны абавязкова, пры ўсіх абставінах. Напэўна, яму было сказана нешта накшталт таго, што «толькі гэта табе, Сашок, здольна захаваць працяг нашай падтрымкі, магчымасьць кантактаваньня, захаваньне жыцьця»… У такіх умовах ТБМаўскі падыход – дзейнічаць «па-ціхаму», «па-добраму» – ёсьць аб’ектыўна бесперсьпектыўны, што і выдатна паказала рэчаіснасьць.

Акрамя таго, мы ўжо шмат разоў пісалі, што дадзены стан рэчаў разумеем і абвяшчаем мы, але ня «Захад» і не «аб’яднаная апазіцыя» (што таксама вельмі сімптаматычна!).

У гэтых абставінах мы толькі ўмацоўваемся ў правільнасьці Д пр-пу 46 нашай Беларускай дактрыны. І мы пацьвярджаем, што, калі да ўлады прыдуць сапраўды беларускія дэмакратычныя сілы, тыя, хто планаваў і рэалізаваў этнацыдную палітыку ў Беларусі, БУДУЦЬ АСУДЖАНЫ і ПАКАРАНЫ. Мы і далей будзем лічыць найбольш верным спосабам змаганьня за “беларусізацыю” ва ўмовах улады цяперцаў той, што зьвязаны менавіта з ПАТРАБАВАНЬНЕМ спыніць этнацыд і тэрмінова пачаць працэс беларусізацыі так, як апісана ў адпаведных пунктах нашай дактрыны (сістэмна, пасьлядоўна, планава, эфектыўна).

І апошняе. Заранёў вядома, што мы раней ці пазьней пераможам, што поўная беларусізацыя нашага грамадства адбудзецца. Аднак, акрамя гэтага, у тых будучых абставінах будуць гучаць галасы (мы гэта таксама заранёў прадбачым), якія будуць навязьліва раіць прабачыць цяперцам-этнацыдчыкам іх сёньняшнія злачынствы (аргументы будуць прыкладна такія: маўляў, «трэба быць спагадлівымі», «Хрыстос прабачаў і нам казаў», «дзе ваша беларуская талерантнасьць?», «нельга быць злапамятным, трэба ўмець прабачаць людзям», «помста – гэта нядобра» і да т.п. ахінеі).

З гэтай нагоды мы вымушаны, па-першае, нагадаць адно з ключавых палажэньняў Рэлігіі актыўнага дабра: вышэйшай формай духоўнасьці зьяўляецца Актыўная дабрадайнасьць (г.зн., што, каб быць дабрадайным, трэба ня толькі ствараць Дабро, але і змагацца са злом-благам, інакш у рэальным жыцьці ніякага гуманістычнага прагрэсу ня будзе).
Па-другое, з нагоды будучых у Беларусі падзей мы вымушаны апісаць адрозьненьні паміж помстай (рус., «месть») і адплатай (рус., «возмездие»). Выкарыстаем для гэтага вобраз прасьцейшай сістэмы: начальнік – падначалены (ці камандзір – салдат, улады – народ, уладары больш магутнай краіны – улады меньшай краіны, дамінант – падпарадкаваны яму субдамінанат і г.д.). Дык вось, у межах дадзенай сістэмы ПОМСТА – гэта калі начальнік карае, крыўдзіць, усяляк уціскае падначаленага за тое, што той яго скрытыкаваў, зрабіў заўвагу, паказаў на памылкі і г.д. (пры гэтым СПРАВЯДЛІВА і ДЗЕЛЯ АГУЛЬНАЙ СПРАВЫ). Помста сапраўды зьяўляецца прыкладам, як мінімум, маральна-этычнага злачынства. У паўнавартасных, здаровых грамадствах яна дапускацца не павінна і ў будучай Беларусі з помсьлівымі людзьмі будзе весьціся змаганьне. АДПЛАТА ж – гэта пакараньне за ўсе несправядлівасьці, злачынствы, якія былі зроблены «начальствам» (дамінанатам, уладаром) у адносінах да «падначаленага» (залежнага, слабога) за кошт выкарыстаньня сваёй прывілеяванай пазіцыі. Такім чынам, адплата – гэта зьява альтэрнатыўная помсьце, што падкрэсьліваецца магчымасьцю (а то і неабходнасьцю) адплаты за помсту.
У адпаведнасьці зь любой грамадскай нормай (і ў такой ступені, у якой мы хацелі б жыць у здаровых, паўнавартасных грамадствах) кожны нармальны чалавек у такой жа ступені АБАВЯЗАНЫ не забываць, не ленавацца ЗЬДЗЕСЬНІЦЬ АДПЛАТУ (як толькі ў яго ўзьнікнуць такія магчымасьці), у якой ён НЯ МАЕ ПРАВА на ПОМСТУ!
Спадарове этнацыдчыкі! Усіх вас чакае ня помста, вас чакае адплата! І абавязкова…
Давайце зафіксуем апошняе, як наш чарговы дактрынальны прынцып (Д пр-п 47).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы