nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЭФЕКТ “КРУКА Ў ЛЕСЕ” (прыглядаемся да Захаду, такая “апазіцыя”)

20 студзеня, 2007 | Каментары (1)

Алесь Астроўскі
���мка�.jpg
Здаецца, завершыліся апошнія акты “расейска-беларускай” газа-нафтавай бойкі пачатку гэтага году. Можна падводзіць вынікі. Яны несуцяшальныя і большасьці чытачоў нашага сайту вядомыя. З гэтай нагоды самы час распавесьці, пры чым тут крук.

Кароткая даведка. Крук, ён жа крумкач (лат., Corvus corax; рус., чёрный ворон) – гэта ня “муж вароны”. Гэта асобны біялагічны від варонавых птушак, які сёньня шырока распаўсюджаны ў Паўночным паўшар’і. Важыць гэтая птушка да 1,5 кг (звычайная шэрая варона важыць да 0,6 кг), а размах крылаў можа мець ледзь не да 1,5 метраў. Натуральна, ёсьць гэты від і ў нашай Беларусі. У адрозьненьне ад звычайных варон, якія даволі непрыемна каркаюць на высокай трыскучай ноце (кар-кар ці кра-кра), у дарослых крумкачоў вельмі паважны нізкі голас (кру-кру), ад якога павявае нейкай таямнічасьцю і старажытнасьцю… Лічыцца, што крукі адныя з самых “інтэлектуальных”, кемлівых птушак.

У маладосьці мне давялося выгадаваць чатыры крукі – у розных умовах (на балконе ў горадзе, у лесе праз падкормку). Той, які быў першы (Карл), гадаваўся з маленства на балконе і быў самы ручны. Яго можна было браць з сабой у лес на вадроўку і ён сьледаваў за табой, як сабака, толькі што пералётамі з дрэва на дрэва. У час такіх вандровак, асабліва ў чэрвені-ліпені, прысутнасьць крука ў лесе прымушала яго жыхароў выдаваць усе свае тамніцы. Паблізу ад сваіх гнёздаў і тых месцаў, дзе былі птушаняты, майго Карла з гучнымі агрэсіўнымі крыкамі атакавалі вароны, дразды, дробныя сакалы чэглакі й пустулкі, іншыя птушкі. У іх спрацоўваў абарончы інстынкт (бо крукі ня толькі падлінныя, а і драпежныя птушкі), у выніку чаго лес, не жадаўшы таго, вымушаны быў выдаваць ледзь ня ўсе свае таямніцы.

Гісторыя “расейска-беларускай” газа-нафтавай вайны нагадала мне лясны вэрхал, справакаваны круком. У час падзеяў самыя розныя суб’ектныя сілы, таксама справакаваныя канфліктнай сітуацыяй, вымушаны былі праявіць сябе і ў той ці іншай ступені раскрыць сваю сутнасьць. Што яны казалі (і што не казалі), як сябе паводзілі – вось найбольш цікавыя пытаньні, якія патрабуюць адмысловага аналізу.

Па якім кошце цяпер будзе Лукашэнка купляць газ і нафту, як яны з Пуціным будуць дзяліць прыбытак ад продажу ў Еўропу сьветлых нафтапрадуктаў – гэта, канешне, таксама важная і цікавая тэма, але менш важная і цікавая. Акрамя таго, яна дастаткова поўна асьветлена СМІ…

Такім чынам, як сябе паводзілі асноўныя суб’ектныя сілы ў час канфлікту?

Сьціпла пачнем з нас.
Нашая рэдакцыя была ледзь не адзінай, хто адкрыта вітаў распачатыя “баявыя дзеяньні” і у пэўным сэнсе падтрымаў Лу-ку (гл. артыкул “Пачатак новых адносін Лу і Пу на фоне “Дружбы””, адрас: https://nashaziamlia.org/2007/01/10/488). Мы зыходзілі з двух рэзонаў.
Па-першае, мы разьлічвалі, што гэтыя падзеі, калі яны працягнуцца, могуць паспрыяць аздараўленьню грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі й вакол яе. Нам было відавочна, што чым большы будзе крызіс, тым хутчэй пойдзе наступнае ачуньваньне.
Па-другое, нам хацелася, каб як мага больш дасталося і сквапнай імпербюракрытыі Расеі (а яе страты ў канфлікце былі відавочныя), і дэградаванаму псеўда-ліберальнаму “Захаду”, які абыякавы і да этнацыду беларусаў, і да нашай незалежнасьці, дабрабыту, іншых агульнанацыянальных каштоўнасьцяў.
Па-трэцяе, больш інтэнсіўнае “гандляваньне” прывяло б да зьмяншэння коштаў аплаты за газ і нафту, што карысным чынам сказалася б на матэрыяльным становішчы нашых градзянаў. А ўсё, што спрыяе нашым грамадзянам, мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць.
Таму цяпер мы застаемся ў расчараваньні толькі ад таго, што крызіс не набыў і дзясятай долі таго маштабу, на які мы, грунтуючыся на пасылах Лукашэнкі (“у зямлянкі пойдзем, а шантажу не паддамося!”), мелі права разьлічваць. Ён спакойна мог бы зрабіць, каб газ ня йшоў у Еўропу хаця б некалькі дзён, а нафта – хаця б некалькі тыдняў. Усё ж сумарна гуляла на яго карысьць…

Лукашэнка.
Галоўная выснова адносна таго, хто ёсьць Лу-ка, цяпер такая: СЛАБАК!
Гістэрычна крычаць, эмацыйна распальвацца ён яшчэ можа. А вось пабыць сапраўдным мужыком хаця б некалькі дзён – не. Насылаць ОМОН на дзяўчынак-школьніц і дзяўчатак-студэнтак ён можа. Стрымаць уласнае слова – не.
Дадатковая рыса, на існаваньне якой мы ўсё яшчэ спадзяваліся – што ў яго ў крытычных умовах праявіцца хоць трошкі беларускасьці (памятаеце, “Трэба ведаць перадусім сваю родную мову”; гл. артыкул “«Дранх-на-Остэн ці дранх-на-Вестэрн?», – вось яно пытаньне! Альбо пра тое, як усе мы сталі сьведкамі маленькага цуду”, адрас: https://nashaziamlia.org/2006/12/21/459) – у Лукашэнкі таксама адсутнічае. Пасьля адмовы вярнуць у нашы школы хаця б выкладаньне геаграфіі і гісторыі Беларусі па-беларуску, пасьля адмовы вярнуць беларусістыку ў ВНУ і сярэднія сьпецыяльныя ўстановы (гл. артыкул “Два падыходы да “беларусізацыі” ва ўмовах улады цяперцаў-этнацыдчыкаў”, адрас: https://nashaziamlia.org/2007/01/18/511) канчаткова стала зразумела: Лукашэнка – гэта нешта ня толькі паранаяльна-псіхапатычнае, эгаістыянае, гістэрычнае, абсалютна бескультурнае і неадукаванае, але яшчэ і ЦАЛКАМ здэнацыяналізаванае, калі не антынацыянальнае… Нічога народнага, беларускага ў ім няма!
Добра, запомнім.
Гэтыя высновы пацьвярджае апошні загад Лу-кі не рабіць мытняў з беларускага боку беларуска-расейскай мяжы (?!; гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/1/89DB225A-6615-4564-AB18-6B49741B2D29.html), хаця расейцы са свайго боку ўжо пачалі працэс усталяваньня 16 мытняў.
Усе гады панаваньня Лу-кі ў Беларусі мы мелі магчымасьць бачыць, як ён, стала шантажуючы нас зьнішчэньнем дзяржаўнасьці (“інтэграцыя”, “Саюз” і ўсё такое…), гатовы быў у любы момант здаць Беларусь у імперыю наўзамен за крамлёўскае крэсла. Ужо і какрэтна ад крэмлядзяў па мардасах атрымаў, але да апошняга ўсё яшчэ разьлічвае на цуд…

Цяперцы.
Цікавай была рэакцыі мясцовага бюракратычнага апарату, у тым ліку з непасрэднага атачэньня Лукашэнкі.
Па-першае, было бачна, што абсалютная большасьць начальства затаілася, схавалася, змоўкла. Страх, няпэўнасьць. Не вядома, што адбываецца, чыя возьме і на чый бок перабягаць, каму пачынаць клясьціся ў вечнай вернасьці… А, па-другое, некаторыя з цяперцаў хутка сапраўды пабеглі ў Маскву… Усё здаваць і здавацца.
Пірамідальная бюракратычная “вертыкаль”, якую выбудаваў пад сабой Лукашэнка, толькі з выгляду моцнае ўтварэньне. Яна гатова тут жа разваліцца ў час бліжэйшага палітычнага “землятрусу”, які хоць на трохі будзе мацнейшы, чым апошняя “расейска-беларуская” газа-нафтавая бойка. Пад Лукашэнкам нічога надзейнага няма. Адзіны яго паратунак – гэта пачаць рашучыя чысткі. Яго сьпецслужбам здраднікі напэўна ж вядомыя.
Калі ён яшчэ хоць нешта кантралюе, калі яму дакладаюць хоць трохі аб’ектыўнай інфармацыі, мы павінны стаць сведкамі значных кадравых пераменаў у гэтым годзе. І гэта будзе лагічна. Іх адсутнасьць будзе азначаць, што Лу-ка на справе ўжо ад інфармацыі ізаляваны, нічога ня ведае і не кантралюе.
Зьвяртае на сябе ўвагу, што пасьля завяршэньня ўсіх падзеяў пачаласа магутная PR-акцыя па адмыўцы іміджу Расеі й яе кіраўніцтва. “Гэта не кіраўнікі Расеі, ня Пуцін ціснулі на Беларусь. Гэта нейкія цёмныя, найверагодней, заакіянскія сілы праз расейскіх алігархаў імкнуцца пасварыць брацкія беларускі й расейскі народы. А так нашыя народы увесь час хочуць быць разам…” – пачалі назойліва тылдычыць каляпалацавыя словаблуды.
Але, па-першае, усім вядома, што той жа “Газпрам” – гэта дзяржаўная расейская манаполія, якую практычна непасрэдна кантралюе Пуцін. А, па-другое, Пуцін нядаўна выступіў па расейскіх тэлеканалах і прама сказаў, што ўсё, што было зроблена ў адноснінах да Беларусі ў час газа-нафтавага супрацьстаяньня, было зроблена правільна (хто прапусьціў адпаведную інфармацыю і ня верыць, можа пачытаць хаця б тут http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/1/C6F24FE1-F6A5-495F-9E0F-D8F8839C19D2.html пра “плату Расеі за спакойны і мяккі, саюзьніцкі пераход Расеі да рынкавых стасункаў з Беларусьсю”).
У выніку ўсе прапагандысты цяперскай браціі апынуліся ў лужыне…
Варта запомніць і гэты факт.

Аб’яднанацы.
У лідараў “аб’яднанай апазіцыі” найбольш паказальнае было… поўнае, шматзначнае маўчаньне. Разумею. Былі занятыя значна больш важнай справай – выбарчай кампаніяй аж у мясцовыя саветы, якія, у дадатак да ўсяго, у цяперашніх палітычных умовах анічога не значаць. Выбары, натуральна, былі поўнасьцю правалены. У першы раз, ці што?
Чаму на самой справе маўчала апазіцыя – лябедзькі, вячоркі, калякіны, ляўковічы – трэба яшчэ высьвятляць. Прычыны могуць быць розныя. Напрыклад, у аб’яднанцаў вельмі слабая ідэалагічна-палітычна пазіцыя, настолькі слабая, што ў крытычнай сітуацыі, тыпу апошняй, ім лепш памоўкваць. Другая гіпотэза: ім інструкцыяў не далі. Можа быць яшчэ што-небудзь трэцяе. Але факт маўчаньня звычайна гаваркіх аб’яднанцаў варта трымаць у памяці. Хутчэй за ўсё ён – сьведчаньне іх цалкавітай слабасьці, несамастойнасьці, падпарадкаванасьці.
Аддувацца давялося “адзінаму”. І адзінай думкай, якую ён здолеў нарадзіць, была заўвага на конт таго, што Лукашэнку трэба было раней рабіць рынкавыя рэформы, што дазволіла б “Беларусі” пагадзіцца на любыя кошты, якія запатрабавала б ад нас “Расея”, і лягчэй інтэгравацца зь ёю (!). А цяпер, маўляў, час страчаны. А так, тое, што робіць “Расея”, у прынцыпе, правільна… Вось і ўсё (гл. http://echo.msk.ru/news/352814.html; http://www.svaboda.org/articlesfeatures/economics/2007/1/5925F9CD-E2D3-454A-9806-2523D25E8A8A.html).
У гэтых абставінах вялікае значэньне набывае тое, што мы ад “аб’яднанай апазіцыі” (ні ад каго зь іх) не пачулі. А менавіта:
– што эканамічны шантаж – гэта злачынства, і яму мы не паддамося;
– што беларуская дзяржава, яе суверэнітэт, незалежнасьць – гэта найвышэйшыя каштоўнасьці беларускага народу, якія не прадаюцца, не аддаюцца, не мяняюцца; за іх толькі можна змагацца, аддаючы свае жыцьці;
– што “Крэмль” у свой час адмыслова НАВЯЗАЎ нам абсалютна дэструктыўныю асобу, якой зьяўляецца Лу-ка, і яго “ён” 12 гадоў цалкам сьвядома ПАДТРЫМЛІВАЎ для таго, каб той разбураў беларускую дзяржаўнасьць;
– што ў Беларусі па жаданьні й пры патуральніцтве расейскага кіраўніцтва адбываецца вайна, скіраваная супраць беларускага народу, імя якой – ЭТНАЦЫД, што гэтае злачынства – адно з самых цяжкіх і падлягае абавязковаму асуджэньню;
– што недатыкальнасьць нашай незалежнасьці была гарантавана вядомым “Мемарандум аб гарантыях бясьпекі Беларусі” (https://nashaziamlia.org/2006/12/22/460), пад якім стаіць подпіс у тым ліку і… “Расеі”.
Пра ўсе гэтыя і падобныя ім рэчы мы ад апазіцыі Ў КРЫТЫЧНЫ МОМАНТ не пачулі.
Зноў-такі, ЗАПОМНІМ!
Запомнім і пазіцыю такіх эканамістаў аб’яднанацаў, як Злотнікаў і Раманчук, якія кантэкстуальна выступалі… на баку расейскіх эканамічных агрэсараў (нароўні зь якім-небудзь Аляксандрам Рарам).

Захад.
Канешне, мы спачатку спадзяваліся, што “Захад” уключыць усе механізмы, якія дазваляў яму задзейнічаць узгаданы вышэй “Мемарандум”. Аднак гэтага не адбылося. Прынамсі, мы нідзе пра гэта ня чулі. Але невялікі мяккі ціск у асноўным на Расею з боку ЗША (http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/1/B07CB5DD-82BA-46F8-B080-0F5EB6DD0877.html), і Германіі (http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/1/3C6761DA-9139-467B-8E22-E1C37764148F.html) усё ж такі прысутнічаў. Гэта ўсё.
У цэлым жа бачна, што пры апісаньні прадстаўнікамі Захаду якіх бы ні было падзеяў у Беларусі ў іх дыскурсе цяпер поўнасьцю АДСУТНІЧАЮЦЬ ня толькі такія паняцьці, як “у Беларусі адбываецца ЭТНАЦЫД беларускага народу; гэта злачынства”, але і такія выразы як “беларускі народ”, “аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу”, “беларускі народ – гаспадар сваёй краіны – Беларусі”, “незалежнасьць і суверэнітэт Беларусі недатыкальныя”. Апошнім часам кудысьці прапалі нават словы “дэмакратыя, народаўладдзе”.
У выказваньнях прадстаўнікоў Захаду засталіся толькі такія паняцьці як “правы чалавека” (што гэта такое – невядома), “рынкавыя рэформы” (якія? у чыіх інтарэсах?), “агульнаеўрапейскія каштоўнасьці” (а гэта што такое?), “стабільнасьць” (самая стабільная сітуацыя – на могілках).
Зьява рэзкага звужэньня і затуманьваньня дэмакратычнага дыскурсу выклікае трывогу і даволі непрыемныя падазрэньні…
Але гэта асобная тэма.

Расейская імпербюракратыя.
“Расея” поўнасьцю раскрылася. У час крызісу шматлікія афіцыйныя асобы, дэпутаты, каментатары, дырэктары розных інстытутаў і г.д. ужо адкрыта прапанавалі “Беларусі ўвайсьці ў Расею наўзамен за ўнутрырасейскія кошты за газ і нафту ”. Некаторыя патрабавалі, каб “мяжа Расеі была за Брэстам”.
Настолькі адкрытае нахабства мы бачылі ўпершыню (раней у інфармацыйнай прасторы ўсё падавалася так, быццам бы гэта беларускі народ сам хоча, аж ня можа як, інтэгравацца ў Расею). Гэта прымусіла апраўдвацца нават Лу-ку (https://nashaziamlia.org/2007/01/14/496).
Паралельна высьветлілася, што за час 12-гадовай “інтэграцыі” Лукашэнка выцыганіў зь расейскіх уладаў да 50 млрд. $ у выглядзе розных прэферэнцый (у гэтым сэнсе ён, канешне, малайчына; не малойца ён у іншым пытаньні: куды ён гэтыя гіганцкія грошы падзеў, бо ніякіх істотных пераўтварэньняў ні ў эканоміцы, ні ў грамадстве не адбылося?! Але гэта іншая тэма).
З іншага боку, вядома, што па дадзеных афіцыйных сацыялагічных дасьледваньняў Лукашэнка ў Расеі (!) займае другое месца па папулярнасьці пасьля Пуціна (па неафіцыйных зьвестках яго папулярнасьць там можа быць і большай). А тут у Расеі ў 2008 годзе набліжаеццца самі ведаеце якая падзея – выбары новага цара.
Таму кіроўная “эліта” імкнецца выключыць усе нечаканасьці. У выніку расейскія паліттэхнолагі хутчэй за ўсё запрапанавалі Пуціну зрабіць, нарэшце, на Лукашэнку моцны эканамічны (дыферэнцуючы) ціск, каб дасягнуць адно з двух рашэньняў:
– альбо пайсьці, нарэшце, на поўную анэксію, здаць Беларусь у імперыю, утварыць “новую” “Саюзную дзяржаву”, у 2008 годзе абраць Пуціна царом па-новай, а Лу-ку, натуральна… у расход;
– альбо пайсьці на дэзінтэграцыю “Саюзнай дзяржавы”, прымусіць Лукашэнку плаціць за газ ды нафту значна больш (спыніць падтрымку і пачаць “даіць” Беларусь), адначасова пазбавіцца ад патэнцыйнага канкурэнта на 2008 год і, калі атрымаецца, абвінаваціць яго ў падмане чаканьняў “двух братніх славянскіх народаў”.
Паралельна з усёй гэтай гісторыяй, нібы на заднім плане, адбыўся захоп нашага “Белтрансгазу” (некаторыя лічаць, што затанна http://www.svaboda.org/articlesfeatures/economics/2007/1/BCF86BC6-A03D-4FBD-8620-FACF01DE0E52.html). Ёсьць меркаваньне , што гэта напэўна была галоўная мэта, прынамсі для некаторых… Пазьней нам прыйдзецца “Белтрансгаз” нашаму народу вяртаць.
Такім чынам, усе паводзіны “Масквы” ў час крызісу сьведчаць, што заўсёды былі правыя тыя аналітыкі, якія казалі, што Лу-ка – стаўленьнік расейскай імпербюракратыі (а не самародак), што галоўная задача “Масквы” заўсёды заключалася ў анэксіі Беларусі.

Паколькі апошняе наздвычай важна і цяпер, працытуем выказваньні некаторых асоб.

Аляксей Кароль: “Сапраўды, небясьпека інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі была. І яна застаецца. Але гэтая пагроза заўсёды зыходзіла ад беларускіх уладаў, і калі б, скажам, гэты інтэграцыйны праект адкрываў А.Лукашэнку шлях на крамлёўскі пасад, то, думаю, што яго рыторыка была б зусім іншая, і мы б ужо мелі гэтую інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі” (гл. http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/1/C24D8160-0382-4C68-888C-727C9A56736B.html).

Марк Урноў (прэзідэнт расейскага фонду “Экспэртыза”): «… Саюзнай дзяржавы ня будзе. А гэта і ва ўнутранай палітыцы Расеі звужае кола сцэнароў, бо існаваў сцэнар утварэньня саюзнай дзяржавы, якую мог бы ўзначаліць Уладзімір Пуцін. У часткі расейскай эліты такі сцэнар быў, зараз яго можна лічыць пахаваным… Лукашэнка разумее, што калі будуць выбары [у “Саюзную дзяржаву”. – Рэд.], ён прайгрАе. Але ён разумее таксама, што расейская ўладная эліта перастрахуецца 25 разоў, перш чым такое дапусьціць [маецца на ўвазе імаверны ўдзел Лукашэнкі ў такіх выбарах. – Рэд.]… Лукашэнка выдатна разумее, што дастаткова Беларусі апынуцца ў адзінай дзяржаве [з Расеяй. – Рэд.], як ад яго лідэрства на гэтай тэрыторыі праз 3 месяцы не застанецца і памяці. Заўсёды знойдуцца людзі, больш блізкія да крамлёўскай каманды, каб узначаліць гэтую стратэгічна важную тэрыторыю». (http://www.svaboda.org/articlesfeatures/economics/2007/1/000E1E6E-F785-4C32-9F9F-A730D4121DD1.html)

Па-мойму ўсё настолькі празрыста, што далейшага каментару не патрабуе…

Застаецца толькі чакаць, калі над нашым беларускім “лесам” зноў закружыць чарговы крумкач, і мы ўбачым дадатковыя грані асноўных палітычных асобаў беларускай палітычнай прасторы..

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Пуцін можа замяніць Лу-ку ў любы момант, калі той не падпарадкуецца загаду нанесьці удар па “бандэраўцах”. Чакаем загаду Пуціна “беларускаму” войску.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы