nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НОВЫЯ АКЦЭНТЫ Ў БЕЛАРУСКАЙ ІДЭІ (кБНІ)

21 студзеня, 2007 | Няма каментараў

Пасьля пэўнага перапынку працягваем выстаўляць матэрыялы канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (18-19 красавіка 1999 г., Гародня). Цяпер яны будуць асьвятляць яе апошні раздзел “Праектаваньне будучыні”. Пададзены ніжэй артыкул належыць пяру доктара філалагічных, кандыдату гістарычных навук, гісторыку, літаратуразнаўцу, вядомаму грамадскаму дзеячу Аляксею Каўку (Масква, РФ).
Рэдакцыя.

Беларуская ідэя як ідэя самазахавання і творчага самараскрыцця аднайменнае супольнасці з тэарэтычнага гледзішча ўжо дастаткова асэнсаваная, сістэматызаваная. Два нядаўнія фундаментальныя выданні – таму яшчэ адзін важкі доказ:
Беларуская думка ХХ стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура/Уклад. Юрый Грабінскі. – Варшава: Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук, 1998 г.; Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. – Т. 1. – Кн. 1,2/ Уклад. Сяргей Шупа. – Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства, 1998 г.

Вострыя пытанні кшталту “Чаму ж мы такія бяздольныя?” (Ф.Багушэвіч), “А хто там ідзе?..” (Я.Купала), “Што трэба ведаць кожнаму беларусу?” (В.Ластоўскі), з якіх нашыя прарокі пачыналі калісьці абуджэнне суродзічаў ад нацыянальнага летаргу, цяпер, пад зыход стагоддзя, нібы ўжо развязаныя – прынамсі тэарэтычна. Хаця пад націскам абставін часам і замыліць стрэмкаю трывожная няпэўнасць (няўжо паміраем?), выкліканая чародным шалам варажнечае антыбеларускае плоймы. Але ж мільённае “НЕ” рускай мове ў якасці дзяржаўнай (майскі рэферэндум 1995 г.) таксама нешта значыць. І мужныя, адчайныя маладзёны, школьнікі, студэнты, дратаваныя ў міліцэйскіх пастарунках, турэмных камерах за адно толькі палымянае “Жыве Беларусь!”, але не скароныя; і рашучы, не зломлены ні глумлівым судзілішчам, ні турмой Беларускі Паэт з вострым, грамадзянскім выклікам галоўнаму Далакопу (“Убей эту сволочь, которая так гнусно топорщит усы…”) міжвольна змушаюць над чымсьці задумацца. Не гаворачы пра мнагалюдныя незалежніцкія шэсці пад нацыянальнымі сцягамі па праспекце Скарыны ў стольным Менску. Словам, прыкметных, пераканаўчых праяваў дынамічнага працэсу беларускага самапазнання, трывучае чуйнасці нацыянальна-абарончага інстынкту ў народзе маем дастаткова.

У ХХІ стагоддзе беларусы крочаць з ясным усведамленнем уласнага імя, свае нацыянальнае годнасці, гістарычнае спадчыны. З немалым, прызнаным у свеце культурова-духоўным набыткам, нарэшце, з уласнымі атрыбутамі дзяржаўнае незалежнасці і суверэнітэту. Здзяйсняецца Купалаўскі ідэал “пасаду між народамі”; краіна Беларусь, пры відавочных супярэчнасцях і горкіх парадоксах яе сучаснага нутранага ладу, становіцца раўнапраўным удзельнікам міжнароднага дыялогу.

Адсюль – зыходны жыццесцвярджальны акцэнт, які аб’ектыўна дамінуе над песімістычнай, “плачлівай” версіяй (заўважнай у многіх публікацыях) нашага нацыянальнага светабачання і самаадчування. Ворагі беларушчыны – неадступныя, назоліста-ваяўнічыя спадарожнікі Беларускага Руху – не могуць, не ў стане засланіць, перакрэсліць ні вынікі, ні гістарычную перспектыву вызвольна-адраджэнцкае працы.

Не перабольшваем і не містыфікуем адцягнена-ўзнёслых паняццяў “беларусы”, “народ”, якія, добра вядома, пры  ўдакладненнях не раз абарочваюцца жорсткімі, непрываблівымі рэаліямі. Хаця і так званы электарат, і зрусіфікаваная або спаланізаваная, зазвычай раўнадушная, а здараецца, і варожая беларушчыне частка насельніцтва – гэтаксама народ, тая сацыяльная стыхія, у якой ферментуе, крышталюецца, набываючы завершаны і вызначальны для ўсяе супольнасці кшталт нацыянальная думка і энэргетыка руху. Можна і трэба суважна  сцвердзіць: сучасны беларускі этнас (зразумела, не тоесны межам “геаграфічнае” Беларусі) якаснай рэпрэзентатыўнасцю, а тым болей патрыятычнай ахвярнасцю свае нацыянальнае эліты (вызначальнай у лёсе кожнага народу) не саступае ніякаму другому. Магчыма, мы не лепшыя, але ж і не горшыя за іншых. У дачыненні ж да свае гістарычнае трывучасці і працаздольнасці – пры пастаянным, неймаверным асімілятарскім ціску – можам падзяліцца немалым вопытам, па-свойму павучальным для іншых, асабліва падкаланіяльных народаў.

Усведамленне ЎЛАСНАЕ ПАЎНАВАРТАСЦІ павінна стаць зыходным і скразным элементам нашага нацыянальнага самапачуцця  і светаўспрымання. Тым больш ва ўмовах фармавання беларускага фундаменталізму або нацыяналізму – найвышэйшае праявы нацыянальнае ідэі на завяршальным этапе змагарнага выбаўлення з-пад каланіяльнага дыктату. Наша краіна ўступае і ўжо ўступіла ў рашучы перыяд фактычнага, не дэкларацыйнага будавання і ўсталявання свайго Дзяржаўнага Дому, у якім блюзнерскія скокі чужацкіх капытоў на беларускім стале, беспакаральнае глумленне над беларушчынай стане вельмі-вельмі праблематычным, прынамсі не будзе ўжо неад’емным атрыбутам уладных структураў.

Наспела таксама патрэба ў грамадскім ЛЕГІТЫМАВАННІ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛІЗМУ, які перахоплены і сфальсіфікаваны нашымі праціўнікамі, спрытна выкарыстоўваецца імі ў якасці правакацыйнай зброі масавага запалохвання і дэзінфармацыі грамадства дзеля шантажу і кампраметацыі вызвольна-адраджэнцкіх, патрыятычных сілаў Беларусі. Беларускі нацыяналізм ёсць дакладная ідэя і рашучае дзеянне супраць патаптання і нявечання спаконвечных святыняў беларуса – РОДНАЕ МОВЫ, НАЦЫЯНАЛЬНЫХ СІМВАЛАЎ, ГІСТАРЫЧНАЕ СПАДЧЫНЫ. Гэта адначасна  асэнсаванне і ўсведамленне нашым, у значнай частцы замбіяваным каланізатарскай лухтой, народам духазабойчае, антыбеларускае існасці чужынца (прыблуды  звонку і дамарослага адшчапенца), для якога  знявага і падаўленне беларушчыны скрозь было і застаецца перадумовай і СРОДКАМ ПАРАЗІТАВАННЯ на рахманым,  шматпакутным беларускім карку.

Беларускі нацыяналізм – наш надзейны шчыт і меч у абарончым змаганні за сваю палітычную і духоўную незалежнасць, этнакультурную самабытнасць і тоеснасць, сваё спаконвечнае права – імкненне ЗАСТАВАЦЦА  САБОЮ, ЗДЗЕЙСНІЦЬ СВАЁ ГІСТАРЫЧНАЕ ПАКЛІКАННЕ ў сусветнай сябрыне народаў. Салдат – надзейны змагар-абаронца, калі добра валодае зброяй і ў паніцы не кіне яе пад ногі  ворагу. Аксіёма трывіяльная, аднак вартая напаміну  ў нашым неспакойным, нацыянальна мабілізацыйным часе.

Аляксей Каўка

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы