Любоў Лунёва (паводле сайта www.svaboda.org)
Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” адзначаюць, што апошнім часам ПАЧАСЬЦІЛІСЯ ВЫПАДКІ, калі прадстаўнікі ўлады перасьледуюць іх за размовы па-беларуску.
Пачасьціліся выпадкі, калі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць на менскіх вуліцах маладых людзей, калі чуюць ад тых беларускую мову. Міліцыянты патрабуюць паказаць, што ў заплечніку і кішэнях. Забіраюць значкі “Я люблю Беларусь”.
Актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка згадвае, што ў часе так званай “зачысткі” пасьля разгону акцыяў міліцыянты ў цывільным прыслухоўваюцца да маладых людзей і хапаюць тых, хто размаўляе па-беларуску. Палажанка: “Мы ўсе размаўляем па-беларуску. Нам вельмі шкада — надышоў такі час, калі беларуская мова зьяўляецца паказчыкам палітычных поглядаў, а не этнічнай прыналежнасьці”.
Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч на спатканьні з бацькамі казаў, што яго папярэдзілі, каб не размаўляў па-беларуску. Інакш абяцалі датэрмінова спыніць спатканьне. Маці Зьмітра Вольга Дашкевіч паведаміла “Свабодзе”: “Кажа, што забаранілі. Пытаемся: а чаму? Казаў, што папярэдзілі, калі, маўляў, будзеш размаўляць па-беларуску, то спатканьне спынім ці, наагул, ніколі не сустрэнецеся. Казаў, што па-расейску ўжо амаль не разумее. Зьміцер казаў ахоўнікам, што ў нас у Канстытуцыі запісана, што дзьве дзяржаўныя мовы, расейская і беларуская — і размаўляй на якой хочаш. Яму казалі: “Цябе гэта ня тычыцца. Ты не на свабодзе, а тут. У Канстытуцыі ты абмежаваны. Так што, даражэнькі, не выстаўляй тут сваіх правоў”. А ён кажа: “А я й не выстаўляю, а папросту размаўляю на роднай мове”.
Лідэр аршанскай філіі “Маладога фронту” Сяржук Гумінскі распавёў, што 10 студзеня міліцыянты ПАЧАЛІ ЯГО ЗЬБІВАЦЬ у пастарунку пасьля таго, як ён АДМОВІЎСЯ ГАВАРЫЦЬ па-расейску. Гумінскі: “Міліцыянты запатрабавалі, каб я зь імі размаўляў па-расейску. Я адмовіўся. Пасьля гэтага яны пачалі мяне зьбіваць, кажучы, каб я размаўляў па-расейску. Казалі: “Размаўляй як пацан”. Я ім казаў, што маю права, а, калі ім не падабаецца, то няхай запросяць перакладчыка. Пасьля гэтага мяне зноў зьбілі”.
Актывісты “Маладога фронту” ў Бабруйску распавялі, што ў часе затрыманьня міліцыянты забаранілі ім гаварыць на роднай мове. Яны казалі: “Гаварыце па-людзку”.
Ад рэдакцыі:
Пазіцыя наша рэдакцыі да дадзенаму і аналагічных пытаньнях вядомая: прыйдзе час, і ўсе этнацыдчыкі, як натхняльнікі, так і выканаўцы, спаўна адкажуць за свае злачынствы…