nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКАЯ ЭКАНАМІЧНАЯ ІДЭЯ (кБНІ)

28 лютага, 2007 | Няма каментараў

Працягваем выстаўляць матэрыялы раздзела “Праектаваньне будучыні” канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя” (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Аўтарамі дадзенага артыкулу зьяўляюцца Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец

Рэдакцыя.

Зусім нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў на ўсю краіну, што калі старыя кадры ва ўрадзе не справяцца з эканамічным крызысам да Новага году, то ўсе яны пойдуць у адстаўку, а іхняе месца зоймуць маладыя. Як вядома, наш прэзыдэнт фэнамэнальна адчувае грамадзкія настроі і чаканьні, і таму над ягоным пасажам варта прызадумацца. Сапраўды, сёньняшнюю ўнутраную і вонкавую эканамічную палітыку краіны вызначае старая, камуністычная намэнклятура, чынавенства, узрост якога складае 60-70 і болей гадоў. Менавіта гэтае пакаленьне пэнсіянераў-кіраўнікоў трымае рэжым, менавіта яно нагнятае прызабыты савецкі дух чэргаў і палітынфармацыяў і менавіта яно не выпускае ўладу са сваіх здраньцьвелых, паўмёртвых абдымкаў вось ужо колькі дзесяцігодзьдзяў. У 1994 годзе грамадзтва, стомленае гэтай пажылой, перадынфарктнай уладаю, прагаласавала за самых маладых, самых, здавалася б, сьвежых. Але выбрала ўсё тое ж. Таму сёньняшняе пытаньне, якое няўмольна насьпявае і якое так востра прадчувае Лукашэнка, гучыць так: “Хто прыйдзе на змену?”

А прыйдуць менавіта маладыя. Прыйдзе новая хваля — тая, якая ўжо валадарыць у Эўропе: Тоні Блэр, Герхард Шродэр, Аляксандар Квасьнеўскі. Тая, што захлынулася ў Расеі: Гайдар, Чубайс, Нямцоў, Кірыенка. Якой жа празь некалькі гадоў будзе нашая новая беларуская хваля?

Сёньня мы прапануем вам зірнуць на будучыню Беларусі, вобразна кажучы, з вышыні птушынага палёту — вачыма маладых. Сваё гледзішча — можа быць, занадта сьмелае й нават дзёрзкае, а можа, і проста ўпэўненае — прапануюць лідары Маладога Фронту эканаміст Аляксей Янукевіч і журналіст Павал Севярынец.

Стартавы капітал.

Беларусь — адзін з патэнцыйных эканамічных цудаў Эўропы XXI стагодзьдзя. Нашая краіна мае ўсе перадумовы для моцнага рэактыўнага старту.

Па-першае, гэта выдатнае эканамічна-геаграфічнае становішча — між краінамі СНД і Эўропай, між Балтыйскім і Чарнаморскім рэгіёнамі. Беларусь — ключавое зьвяно ня толькі ў сыстэме эўрапейска-расейскай бясьпекі, але й самы пэрспэктыўны пляцдарм для разьвіцьця й экспансіі эканомікі Ўсходняе Эўропы. Пра гіганцкую геапалітычную сілу Беларусі сьведчаць і знакамітыя транзытныя калідоры, і шляхі ці ня ўсіх апошніх войнаў, і пільная ўвага сусьветнай грамадзкасьці да сёньняшніх беларускіх працэсаў. Зрэшты, і ўнутраная структура беларускага унікуму — радыяльная эканамічна-геаграфічная канфігурацыя са сталіцай у самым цэнтры, на скрыжаваньні найважнейшых камунікацыяў, з буйнымі прамысловымі вузламі на стратэгічных накірунках — цудоўная матрыца для стварэньня тэхналягічнага, фінансавага й інфармацыйнага сэрца рэгіёну.

Другое — людзі. Беларусь мае найвышэйшы сярод суседзяў працэнт кваліфікаванага працоўнага насельніцтва. Ён дастатковы для разгортваньня навукаёмістых і працаёмістых галінаў вытворчасьці наўзамен энэрга- й мэталяёмістых, для арганізацыі шырокае сучаснае невытворчае сфэры сэрвісу й абслугоўваньня. Працавітасьць беларусаў увайшла у савецкі й эўрапейскі фальклёр — і гэта наш найважнейшы рэсурс, які варта выкарыстоўваць.

Трэцяе — прыродныя рэсурсы. Любы спэцыяліст пацьвердзіць вам, што Беларусь мае дастаткова стратэгічных рэсурсаў для разьвіцьця нармалёвай, эўрапейскага тыпу эканомікі і нават для экспарту за мяжу. Гэта, у першую чаргу, знакамітыя салігорскія солі (пры комплекснай распрацоўцы гэтае найбуйнейшае ў Эўропе радовішча здольнае даваць не дзясяткі, а сотні мільёнаў даляраў цьвёрдае валюты). Гэта самыя разнастайныя будаўнічыя матэрыялы (гліна на цэглу й цэмэнт, пяскі, вапнякі й крэйда, мікашэвіцкі друз і абліцоўка).

Гэта жалезныя руды (Окалаўскае й Карэліцкае радовішчы здольныя забясьпечыць Беларусь чорным мэталем). Гэта торф, бурыя вуглі, даляміты, фасфарыты, рэдказямельныя й некаторыя каляровыя мэталі. Велізарнае значэньне маюць мінэральныя воды, сапрапэлі й цудоўны беларускі лес. I ўрэшце, зямля, амаль па гектары ворнае зямлі на кожнага працаздольнага беларуса — і гэта ў даволі шчыльнай Эўропе! Іншая справа, што ў часы СССР гэтыя багацьці альбо выграбаліся драпежніцкім чынам (солі, торф), альбо проста не распрацоўваліся, бо не цікавілі імпэрскага монстра ВПК.

Чацьвёртае — вядомасьць, “раскручанасьць” краіны. Не зьдзіўляйцеся, тая антырэкляма, якую робіць Беларусі цяперашні рэжым, адыгрывае аграмадную ролю “на будучыню” — для таго, хто будзе пасьля. Беларусь, да якой сёньня прыцягнутая ўвага сусьветнае супольнасьці, заўтра мае ўсе шанцы атрымаць шматмільярдныя ўліваньні адразу па зьмене ўлады. Памяняць знак “-” на “+” — справа тэхнікі. Велічыня застаецца: вось вам, як прыклад, Чылі, ПАР ці Эстонія.

Беларускі эканамічны цуд.

Такім чынам, цудоўнае геапалітычнае разьмяшчэньне, кампактная й арганізаваная тэрыторыя, адукаванае й працавітае насельніцтва дазваляюць зараз разьлічваць на выдатную пэрспэктыву Беларусі ў ракурсе XXI ст.

Сёньня нашая краіна ўяўляе сабою аграмадны палітычна-эканамічны вакуум у цэнтры Эўропы, куды гатовыя хлынуць магутныя капіталы й зацікаўленыя інвэстары. Пры ўмове стабільнага дэмакратычнага ўраду — а такі ўрад рана ці позна ў краіне ўсталюецца — Беларусь робіцца адкрытай арэнай скрыжаваньня глябальных інтарэсаў — Эўропы й ЗША, Расеі й Нямеччыны, Украіны й Прыбалтыкі — і, як сьледзтва, прыцягненьня канкурэнтных капіталаў. Прыгадайце гісторыю азіяцкіх “тыграў”: цуды стварае менавіта міжнародная геапалітыка.

Спачатку будзе дасягнутая фінансавая стабілізацыя. Сёньня ўсім ясна, што бяз вонкавых пазыкаў і ўнутранае шокавае тэрапіі на першым этапе не абысьціся: да такога стану даведзеная эканоміка расейскім перакосам і камуністычнай спадчынай. Будзе патрэбная жорсткая падатковая палітыка разам з раскруткай ідэі свабодных эканамічных зонаў, адмаўленьне ад дзяржаўнага крэдытаваньня стратных калгасаў-саўгасаў пры падтрымцы фэрмэрства, увядзеньне рэжыму эканоміі й бязьлітаснай працэдуры банкруцтва адначасова з распачынаньнем маштабовых структурных рэформаў. Усе гэтыя меры, увязаныя ў пасьлядоўную выканаўчую сыстэму й спалучаныя з уздымам прыватнай ініцыятывы разьняволенага грамадзтва, здольныя забясьпечыць аптымальныя варункі для інвэстыцыяў — пераважна замежных, але часткова і ўнутраных.

Гэтаму будзе спрыяць і геапалітычны расклад на кантынэнце: актыўнае ўвядзеньне у абарот грашовай адзінкі эўра і ўзмацненьне Нямеччыны з натуральнай эканамічнай экспансіяй на Ўсход будзе вымагаць ад ЗША больш канкрэтных і рашучых крокаў дзеля стварэньня “даляровага кардону” паміж Заходняй Эўропай і Расеяй (альбо тымі дзяржавамі, што ўтворацца пасьля яе развалу). У гэтай плянэтарнай камбінацыі важную ролю зноў наканавана выканаць Беларусі. У той жа сфэры геапалітыкі палягае вырашэньне славутага транзытнага пытаньня й праблемы нафтавага калектара.

Акумуляцыя фінансавых рэсурсаў з Усходу й Захаду ў беларускіх банках будзе мець выключнае значэньне. Інвэстары будуць зацікаўленыя ў стабільнасьці ў краіне й на яе межах (прыклад: Швайцарыя падчас другой сусьветнай вайны, Японія на працягу “халоднае” вайны).

Цэлым шэрагам падымуцца свабодныя эканамічныя зоны (найлепшымі варыянтамі выглядаюць Горадня ў эўрарэгіёне “Нёман”, Берасьце як “Брама на Захад”, Полацак – Наваполацак на стыку прыбалтыйскіх і расейскіх інтарэсаў, Гомель у трохкутніку Беларусь – Украіна – Расея, Ворша й уласна Менск). Такім чынам, Беларусь стане ўсходнеэўрапейскім “круглым сталом”, выстаўным павілёнам са сваімі Давосамі, Кран-Мантанамі… Заслаўе, Мір, Віскулі — чаму б і не? Гэта пацягне за сабой яшчэ большае разьвіцьцё сфэры паслугаў (гатэлі, рэстаранны бізнэс ды індустрыя адпачынку), што зробіць, урэшце, магчымым разгортваньне шырокае сеткі турыстычнага бізнэсу й рэстаўрацыю легендарных гістарычных і архітэктурных комплексаў.

Кампутары, інфармацыйныя прадукты, побытавая тэхніка, найноўшыя прэпараты Маde іn Веlarus’ — вось будучы галаўны боль ЗША й Японіі. Гэта будзе. Трэба толькі ведаць, як узяцца за справу, і многа, умела, па-беларуску працаваць.

Зрэшты, эканамічны цуд на той й цуд, што здараецца нечакана. Прарыўна, раптоўна, па-маладому. Так будзе й гэтым разам.

Адраджэнне робіцца прагматычным.

Ува ўсе часы Беларускае Адраджэньне мела выразна акрэсьленыя рамантычныя рысы. Самаахвярнасьць, інтэлігенцкі энтузіязм і наіўны аптымізм былі рухавікамі й найноўшага пэрыяду беларусізацыі, які пачаўся з канца 80-х і доўжыўся да вясны 1996 г. Прагматыкі, якія раптам трапляліся ў шэрагах беларускіх адраджэнцаў, праз пэўны час ціха адыходзілі ўбок, пакідаючы за сабою добрыя, з адценьнем смутку, успаміны. Між тым першачарговай прычынай паразы стаў менавіта недахоп прагматызму — як палітычнага, так і эканамічнага.

Новая хваля Адраджэньня Беларусі павінная ўзьняцца ў хуткім часе, і зьвязаная яна будзе, натуральна, з моладзьдзю. Той, якая сфармавалася ў атмасфэры толькі што набытае свабоды й вольнага выбару, без ідэалягічных склерозаў і радыкулітаў, з праэўрапейскім сьветапоглядам. І першы з гэтых прынцыпаў, які так наглядна дэманструе сёньня маладое пакаленьне — прагматызм. На нашую думку, ён не супярэчыць ідэі Адраджэньня, а проста надае ёй рацыянальнае, простае й мудрае скіраванасьці. Беларуская Нацыянальная Ідэя набывае ня толькі духоўны, але й матэрыяльны аспэкт. Таму на сьцягох будучых пераменаў вялікімі літарамі будзе напісана: “Беларусы! Узбагачайцеся!”

Сапраўды, дзяржава, якой бы моцнай яна ні была, ня здольная забясьпечыць дабрабыт хаця б бальшыні сваіх насельнікаў. Дзяржава — такая сыстэма, што можа зрабіць усіх сваіх падданых беднымі альбо няшчаснымі, але шчасьлівымі й заможнымі — ніколі. Будучыя ўрады незалежнае й дэмакратычнае Беларусі мусяць сканцэнтраваць сваю ўвагу на непасрэдным клопаце пра тых грамадзянаў, што з пэўных прычынаў (стан здароўя, узрост) ня могуць парупіцца пра сябе самастойна. Для ўсіх астатніх неабходнае як мага больш хуткае й рашучае стварэньне спрыяльных варункаў дзеля гаспадарчае дзейнасьці й жорсткія гарантыі недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці.

Праграмы, паводле якіх праз два гады кожны жыхар краіны будзе мець пэўны, напрыклад 300-даляровы, штомесячны заробак, ня толькі невыканальныя, але й псыхалягічна шкодныя: яны забіваюць прыватны прагматызм і завязваюць асабісты дабрабыт кожнага выключна на дзяржаўным клопаце. “Мы дамо вам магчымасьць законна зарабляць 1000 даляраў у месяц!” — такі лёзунг для кожнага беларуса будзе ня толькі больш шчырым, але й прывабнейшым нават зь меркаваньняў здаровага папулізму.

Ня трэба, выбіваючыся зь сілаў, змагацца за шчасьце народу (дарэчы, з самым народам). Трэба проста даць гэтаму народу магчымасьць займацца сваім шчасьцем асабіста.

Сёньняшнія маладыя, якія адукуюцца ў Эканамічным Унівэрсытэце, БДУ й недзяржаўных інстытутах, вучацца быць упэўненымі ў сваіх сілах. Яны стаяць за дэмакратыю, за незалежнасьць Беларусі ў Маладым Фроньце й Грамадзянскім Форуме. Яны праходзяць усе неабходныя выпрабаваньні, каб пасьля ўзяць на сябе цяжар будучых рэформаў і прайсьці шлях ад даведзенай да галечы, прыгнечанай краіны да разьвітое, заможнае эўрапейскае дзяржавы.

Ад рэдакцыі:

На час правядзеньня канферэнцыі Аляксей Янукевіч – выпускнік БДЭУ, мэнэджар. Кіраўнік аддзела камунікацыяў Маладога Фронту (Менск). Павел Севярынец – студэнт факультэта геаграфіі БДУ. Сустаршыня Маладога Фронту, старшыня асветніцкай арганізацыі “Маладое Адраджэньне” (Менск).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы