nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДА ГРАМАДЗЯН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ і БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ (Зварот)

28 лютага, 2007 | Няма каментараў

Шаноўныя суайчыннікі!

Заўчасная смерць — бяда і непапраўная страта не толькі для блізкіх, але і для ўсёй чалавечай супольнасці. Але ж падчас крывавага разбою бальшавіцкіх ЧК, ГПУ, НКВД, МДБ ў мiнулым стагоддзе, бадай, не было той сям’і і радзіны, каб з іх асяродку чорнае груганнё не вырвала бацьку, маці, сына, брата, сястру, дарослых і нават непаўналетніх. А хто ацалеў — застаўся запалоханым на ўсё жыццё. І што гэта былі за страты! Боль за іх не згас, не вычарпаў сябе у народзе дагэтуль.

 

Даты смутку і жалю

 

Сёлета беларускае грамадства мае адзначыць сумнае сямідзесяцігоддзе. Акурат у 1937-м крывавы патоп сталінскіх рэпрэсій дасягнуў найвышэйшага ўздыму. Няпрошаныя госці ўвальваліся ў гарадскія кватэры і сялянскія хаты. Цэлымі сем’ямі вывозілі людзей у Сібір і на Поўнач, чынілі расстрэлы ў шматлікіх Курапатах. Лепшыя з лепшых абвяшчаліся ворагамі народа і траплялі ў рукі бальшавіцкіх катаў. Кузьму Чорнага, класіка беларускай літаратуры, садзілі на кол. Народнага паэта Янку Купалу давялі да таго, што пазбягаючы глуму над сабой, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Пасля дзікунскага здзеку і гвалту дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Цішка Гартны (Жылуновіч) загінуў у Магілёўскай псіхіатрычнай бальніцы. Глум над людзьмі і іх вынішчэнне чэкістамі насілі планавы характар. Толькі ў 1920–50-я катаржныя гады ГУЛАГ праглынуў больш за 600 тысяч ураджэнцаў Беларусі, а з улікам другіх катэгорый афіцыйна рэпрэсаваных гэтая лічба сягае за 1,5 мільёна!

Нават цяжка ўявіць: найбольш здольнае да творчай і стваральнай працы насельніцтва вялікага еўрапейскага горада, роўнага сучаснаму Мінску, і яно трапляе ў лапы і пекла ГУЛАГу! Шмат у якіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў.

Ад самага ўтварэння БССР і да 1953 года ў Беларусі была вынішчана амаль уся свядомая, культурная, адукаваная нацыянальная інтэлігенцыя. І каб не гэтыя страты, сёння ў нас была б зусім іншая краіна. Негатыўныя адносіны ўладаў да нацыянальных каштоўнасцяў, на вялікі жаль, ператварылiся ў тэндэнцыю i захоўваюцца  да гэтага часу.

Грамадства не павінна абысці ўвагай даты чорных, трагічных падзей. Таму 20 лістапада 2006 года ў Мінску створаны на законных падставах грамадскі Аргкамітэт, які ставіць на мэту адрадзіць рытуал памінання шматлікіх ахвяраў, што будзе адпавядаць векавечным традыцыям і звычаям беларускага народа ў захаванні памяці аб слаўных продках, выдатных асобах, святых і грэшных, пакутніках, якія заўчасна пайшлі ў зямлю.

А 29 кастрычніка 1937 года асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Мінску сталінскія апрычнікі расстралялі 100 выдатных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, у тым ліку народных камісараў асветы — Аляксандра Варончанку і Аляксандра Чарнушэвіча, наркома фінансаў Івана Кудзельку, рэктараў БДУ — Ананія Дзьякава, Язэпа Каранеўскага, Аляксея Кучынскага, дэкана Яўгена Успенскага, прафесара Сцяпана Маргелава, дырэктараў Белпедтэхнікума — Міхаіла Радзеўскага, Ігната Афанасьева – разам з выкладчыкамі, — другога сакратара ЦК КПБ(б) Міколу Арабея, шэраг адказных работнікаў ЦК, СНК, ЦВК, іншых устаноў, 22-х пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў: Міхася Чарота, Янку Нёманскага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, Юлія Таўбіна, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Зяму Піваварава, Ізю Харыка, Тодара Кляшторнага, Анатоля Вольнага, Юрку Лявоннага…, вядомых тады журналістаў Віктара Войнава, Паўла Шастакова… Многія з вязняў былі змардаваны настолькі, што не маглі стаяць на нагах і іх  волакам цягнулі на расстрэл. А жонак, дзяцей і бліжэйшых родзічаў расстраляных тады ж кінулі ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Вынішчэнне інтэлектуальнай эліты нашай нацыянальнай супольнасці 29 кастрычніка было праведзена і ў абласных гарадах — Віцебску, Гомелі, Магілёве. І гэта — чарговы ўдар па беларускай адукацыі, па духоўнай культуры, па мове, жорсткая праява генацыду народа і нацыі.

 

У Год Памяці

 

Мы прапануем грамадскасці лічыць 2007 год Годам Памяці аб нічым не апраўданых рэпрэсіях супраць беларускага народа. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртанне кожнаму змардаванаму, забітаму, абясслаўленаму грамадзяніну Беларусі яго добрага імені.

Разам з тым мы лічым магчымым падтрымаць працу і польскага Мемарыяла па ўвекавечванні памяці нявінна загубленых, а таксама расійскіх калег з Мемарыяла Екацерынбурга, Карэліі… Па прыкладу Мартыралога Сыктыўкара мы прапануем кожны месяц 29-га чысла, пачынаючы з 17 гадзін,  наведваць месцы захавання парэшткаў пакутнікаў сталінскіх рэпрэсій. Прамаўляючы ўсцешныя словы над іх спачынам, давайце па звычаю продкаў запалім памінальныя свечкі. Апроч таго абавязкова прыйдзем да іх магілаў на Радаўніцу і Дзяды.

Мы разлічваем на падтрымку Года Памяці гарадскімі і сельскімі выканаўчымі ўладамі, на выяўленне, упарадкаванне, аздабленне крыжамі, памятнымі знакамі ўсіх мясцін расстрэлаў і захавання парэшткаў пакутнікаў з магчымым выяўленнем невядомых імёнаў і перадачай інфармацыі пра іх у мясцовыя музеі, гісторычныя і культурныя ўстановы.

Мы прапануем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту, іншым навуковым і асветным установам краіны звярнуцца да трагічных падзей беларускага адраджэння, прыгадаць Інбелкульт і расправу з плеядай вучоных колькасцю звыш 100 чалавек на мяжы 1920–30-х гадоў, з выдатнымі нацыянальнымі дзеячамі, у асяродку якіх былі Усевалад Ігнатоўскі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, браты Максім ды Гаўрыла Гарэцкія. Вучоным варта зрабіць свой унёсак у Год Памяці.

Памяць вымагае справядлівасці і ўшанавання спадчыны рэпрэсаваных дзеячаў беларускай навукі, асветы, культуры не толькі словамі, але і справамі, на якіх абарвалася іх жыццё. Сёння, калі ўсе вышэйшыя і сярэднія тэхнічныя навучальныя ўстановы пераведзены на рускую мову і бацькам-беларусам, а яны складаюць абсалютную большасць насельніцтва, даводзіцца выпраўляць сваіх дзяцей у рускія школы толькі таму, што далейшае набыццё адукацыі і прафесіі на роднай мове практычна немагчыма, Аргкамітэт заяўляе пра сваю рашучую падтрымку хадайніцтва ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» перад урадам, Адміністрацыяй Прэзідэнта і самім Прэзідэнтам аб адкрыцці ў Мінску шматпрофільнага беларускамоўнага універсітэта.

Мы прапануем усім партыям і грамадскім аб’яднанням краіны разам з уладамі, калі на тое будзе іх ласка, а не — то і без іх, узяць на сябе ініцыятыву па распрацоўцы і ажыццяўленні канкрэтных мерапрыемстваў у Год Памяці.

Заклікаем далучыцца да гуманнай грамадскай ініцыятывы прафесійныя творчыя саюзы, каля вытокаў якіх нярэдка стаялі выдатныя дзеячы нацыянальнай культуры, рэпрэсаваныя крыважэрным рэжымам.

Заклікаем праявіць свой грамадзянскі абавязак сяброў маладзёжных суполак краіны. Усе яны, незалежна ад роду заняткаў і ідэалагічнай арыентацыі, павінны актывізаваць сваю дзейнасць па адраджэнні і ўшанаванні памяці ахвяраў камуна-бальшавізму.

Мы звяртаемся з гэтым жа заклікам і да вучнёўскіх, студэнцкіх арганізацый, да юных следапытаў, даследчыкаў, як і да настаўнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў.

Спадзяемся, што святары ўсіх канфесій, практычна вынішчаных у савецкія гады, у Год Памяці распрацуюць і прыступяць да ажыццяўлення праграмы царкоўных службаў, літургій, памінанняў нявінных ахвяраў масавых рэпрэсій, узяўшы за прыклад учынак праваслаўнага патрыярха Ціхана, які ў 1918 годзе выступіў з ганьбаваннем бальшавіцкіх карнікаў: “Спыніцеся, вар’яты, спыніце вашы крывавыя расправы. Бо тое, што вы робіце, ёсць справа сапраўды сатанінская, за што падлягаеце вы агню гееннаму… Уладаю, дадзенай нам ад Бога… анафемствуем вас!”

Звяртаючыся да розных пакаленняў грамадзян Беларусі і беларусаў, якія жывуць у замежжы, Аргкамітэт абвяшчае збор фондавых матэрыялаў, кніг успамінаў, рукапісаў, фотакартак, пісьмаў, дакументаў, асабістых рэчаў былых вязняў камуністычных турэмных засценкаў. Усё гэта можа быць выкарыстана пры стварэнні тэматычнага банка дадзеных на электронных носьбітах, а таксама мемарыяльнага музея ў Мінску.

 

Да Дня Памяці

 

Мы звяртаемся да заканадаўчых і выканаўчых улад краіны, да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і адзначаць яго адпаведным чынам штогод.

Мы выступаем перад кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам з прапановай выдаць указ выканаўчым уладам у гэты жалобны дзень аздобіць чорнымі стужкамі і прыспусціць дзяржаўныя сцягі.

Мы прапануем грамадскасці краіны, абапіраючыся на падтрымку неабыякавых мясцовых улад, па ўсіх гарадах, буйных пасёлках і вёсках правесці да Дня Памяці жалобна-ўрачыстыя сходы, канцэрты-рэквіемы, выставы, іншыя мерапрыемствы з удзелам мясцовых мастацкіх калектываў і прафесійных майстроў мастацтва, паэтаў, музыкаў.

Заклікаем добрасумленных грамадзян краіны ў Дзень Памяці наладзіць у рамках закона жалобныя мітынгі, шэсці, наведаць месцы расстрэлаў і пахавання ахвяраў масавых рэпрэсій, запаліць свечкі над магіламі пакутнікаў і аздобіць месцы пахаванняў кветкамі, стужкамі чырвонага, чорнага і белага колераў.

Каб падкрэсліць своеасаблівасць моманту, грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа ў жалобны Дзень Памяці маюць насіць банты з тых жа стужак чырвонага, чорнага і белага колераў.

Вернікаў краіны заклікаем у гэты дзень замаўляць памінальныя службы ў царквах, касцёлах, малітоўных дамах, мячэцях маліцца за супакой душаў закатаваных суайчыннікаў.

Мы заклікаем кампетэнтныя ўстановы — Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства унутраных спраў і Пракуратуру Рэспублікі Беларусь — перагледзець справы пакуль яшчэ нерэабілітаваных ахвяраў тэрору, у тым ліку былых ваеннапалонных, а таксама жыхароў, якія працавалі на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941–1944 гадах, замежных грамадзян, абнародаваць імёны расстраляных у Курапатах, адкрыць спісы афіцэраў польскай арміі, расстраляных у 1940 годзе.

Прапануем ураду краіны вывучыць пытанне аб магчымай выплаце фінансавых кампенсацый нашчадкам рэпрэсаваных жыхароў Беларусі Расіяй, як праўнапераемніцай СССР.

 

Спадзяемся, што ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры краіны, усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа прадэманструюць у Год Памяці сваю салідарнасць, узаемапавагу і правядуць гэты Год і Дзень Памяці па-таварыску спагадліва, прачула і годна.

 

Па даручэнні Аргкамітэта па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

 

Сустаршыні:

Радзім Гарэцкі, геолаг, акадэмік

Ігар Кузняцоў, гісторык

Васіль Якавенка, пісьменнік

 

Матэрыялы і дакументы, пазначаныя ў «Звароце», а таксама інфармацыю аб акцыях і мерапрыемствах, прысвечаных Году Памяці, просім перасылаць на адрас рабочай групы Коваль Ірыне: 220064, Мінск-64, п/с 128. Кантактныя тэлефоны: 8-029-613 60 87, 8-029-505 63 85.

E-mail: office@dyjaryush.org.by

Выхад на сакратарыят: 8-029-634 50 78, 8-029-276-37-06.

Мінск, 11 лютага 2007 г.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы