nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларусь паміж РФ і ЕЗ: а трэці шлях? (Частка 1)

1 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

1. Перад выбарам.

����нак дзейна����.GIF
Мал.1. Любая дзейнасьць можа характарызавацца шэрагам параметраў (названыя вакол «дзейнасьці»), але галоўным зь іх зьяўляецца кірунак дзейнасьці, ськіраваны на пэўную мэту. Менавіта ён надае любой дзейнасьці той ці іншы сэнс. Як і наадварот: бяз вызначанага (правільнага) кірунку любая дзейнасьць будзе бессэнсоўнай.

Сітуацыя, якая складаецца як унутры сёньняшняй беларускай дзяржавы, так і вакол яе, правакуе абвостранае чаканьне зьменаў. Прычым, слова “чаканьне” тут мае ня столькі кантэкст пасіўнасьці, колькі наканаванасьці…

З аднаго боку настолькі ненатуральнымі, заранёў тупіковымі зьяўляюцца соцыя-палітычныя арыентыры, якія абралі й да якіх імкнуцца цяперашнія кіраўнікі РБ – “стваральнікі” саюзнай зь усходняй імперыяй дзяржавы, настолькі далёкія гэтыя арыентыры і атрыманыя вынікі ад таго вобразу, які мае ў сваім уяўленьні кожны больш-менш культурны і адукаваны чалавек, што ўсім, хто здольны скрозь туман праславутай, гвалтам утрымліваемай “стабільнасьці” бачыць дастаткова блізкую будучыню, застаецца чакаць немінучага краху і накінутай беларускаму народу сацыяльна-палітычнай мадэлі, якую па падказках з Крамля на месцы былой БССР зьляпіла посткамуністычная бюракратыя, і кіраўніцтва гэтай “дзяржавы” разам зь яго “палітыкай”, скіраванай на анэксію Беларусі расейскай імпербюракратыяй, закамуфляваную пад ідэю стварэньня “нябачaнай у сьвеце дзяржавы”. З другога боку ўсё больш у параўнаньні з 1990-мі палярызуецца геапалітычная сітуацыя вакол Беларусі: на захад ад нашай краіны ідзе далейшае пашырэньне і ўтрасаньне новага дзяржаўнага ўтварэньня – Еўрапейскага зьвязу, а на ўсход – зноў падымаецца, умацоўваецца, набрыняе агрэсіўна-экспансіўнымі амбіцыямі ўсё тая ж старая знаёмая – расейская імперыя, толькі што ў чарговай назве-вопратцы – РФ.

Абвостранае чаканьне зьменаў адначасна азначае і сітуацыю выбару. Яна – гэтая сітуацыя – натхняе многіх на думкі пра магчымы будучы лёс нашай Бацькаўшчыны і нашага народу. І тая гістарычная “кропка біфуркацыі”, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь, зусім не азначае (прынамсі, хочацца так думаць), што наш лёс – бязвольна падпарадкавацца, як гэта робяць нейкія несамастойныя аб’екты, толькі адной ці другой сіле – Еўразьвязу ці Расеі. Ёсьць людзі, у якіх нагнятаньне дадзеных настрояў выклікае знаёмае пачуцьцё, што іх папросту “разводзяць”, прапанауючы “выбар бяз выбару”. Маўляў, за цябе ўжо ўсё вырашана – трэба толькі фармальна паўдзельнічаць у “легітымізацыі” рашэньня, прынятага невядома кім і ў імя невядома якіх (чыіх?) інтарэсаў. Аб’ектыўна ж усё наадварот – сітуацыя наканаванасьці будучых зьменаў якраз азначае, што мы маем такі рэдкі шанец паспрабаваць самастойна вызначыць свой лёс з найбольшай верагоднасьцю зрабіць добры выбар.

Няўжо абіраць можна толькі паміж дзьвюма альтэрнатывамі – шляхам на Ўсход (у імперыю) і шляхам на Захад (у Еўразьвяз). А можа, сітуацыя ўзгаданых альтэрнатываў ёсьць усяго толькі прапагандыскі міраж, намоўлены сучаснымі PR-тэхналогіямі? Можа, нам варта паспрабаваць больш шырока, свабодна, навукова паразважаць на тэму будучага лёсу Беларусі, кірунку яе разьвіцьця.

Пагадзіцеся, што сярод самых розных параметраў, якія могуць характарызаваць любую дзейнасьць людзей – маштаб, інтэнсіўнасьць, эстэтызм, кірунак, ступень суб’ектна-кіраўнічага ўдзелу, выніковасьць і да т.п. (гл. мал. 1) – самым галоўным, зь якога толькі й варта пачынаць нешта рабіць, зьяўляецца кірунак дзейнасьці. Усё іншае – пасьля. А спачатку вартая мэта, верны кірунак.

Зыходзячы з гэтага, давайце для пачатку зададзім сабе пытаньне: які шлях у будучую Беларусь будзе для нашага народу найлепшы, ці ёсьць нейкія больш надзейныя арыентыры, чым дзьве ўзгаданыя вышэй і распрапагандаваныя геапалітычныя альтэрнатывы?

Некаторым можа падасца, што такая пастаноўка пытаньня зьяўляецца непамерна амбітнай. Але не баяцца падобных абвінавачваньняў дапамагае:
– логіка, якая падказвае, што паміж шляхам налева ці направа ёсьць яшчэ, як правіла, значна лепшы шлях – наперад і ўверх;
– гісторыя. Успомніце пра ВКЛ, пра яго знакаміты Статут. Нагадайце сабе, што калісьці (і даволі працяглы час) старажытная Беларусь-ВКЛ ужо была адной з самых перадавых краін сьвету… Чаму б гэтаму не паўтарыцца зноў?
– усьведамленьне таго, што ўсё прагрэсіўнае, што дасягнута на сёньня ў сацыяльнай сьферы, ёсьць вынікам актыўнасьці, цьвёрдай пазіцыі, працы, змаганьня канкрэтных людзей, і нікога болей!

Таму давайце ацэньваць сёньняшнюю сітуацыю выбару ня столькі як цяжар, колькі як шанец зрабіць свой уласны, калі жадаеце, суб’ектны крок у будучыню!

І давайце прымем, што ўсё, што вынікае з пералічанага – гэта шчырае імкненьне, каб гэты крок быў правільным!

2. Гуманістычны прагрэс і лёс чалавецтва.

Адным з надзейна правільных кірункаў дзейнасьці людзей зьяўляецца ўдзел у прагрэсіўным разьвіцьці чалавецтва (дарэчы, прагрэс – гэта працэс падвышэньня ўзроўню арганізацыі; ён заўсёды скіраваны ўверх; па-сутнасьці, у прагрэсе любой складанай сістэмы, здольнай да самастойнага разьвіцьця, заключаюцца мэта, сэнс, прызначэньне яе існаваньня).

Акрамя таго, з пэўнага часу прагрэсіўнае разьвіцьцё чалавецтва перастала выглядаць толькі філасофскім пажаданьнем. Узьнікла якасна новая сітуацыя, яшчэ невядомая з агульналюдскай гісторыі, так што неабходнасьць прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва набыла гучаньне надзвычай жорскага патрабаваньня.

Справа ў тым, што ў агульнацывілізацыйнага прагрэсу выявілася ўласьцівасьць быць расшчэпленым на дзьве формы – тэхналагічны і гуманістычны. Першы зь іх зьвязаны са стварэньнем усё больш дасканалых тэхнічных прылад і разнастайных тэхналогій для людскіх працы, быту і… для вайны. Гуманістычны ж прагрэс – гэта ўсебаковае ўдасканаленьне міжлюдскіх узаемадачыненьняў. З-за таго, што тэхналагічны прагрэс рэдка каму перашкаджае (а цікавы многім), а гуманістычны перашкаджае ўсім соцыя-паразітычным сілам (з-за чаго яны прытарможваюць другую форму прагрэсу, змагаюцца супраць яе; прычына – імкненьне да захаваньня сваіх суб’ектыўна-эгаістычных пазіцый), па меры гістарычнага разьвіцьця агульналюдскай цывілізацыі назіраецца нарастаньне разрыву паміж дадзенымі формамі прагрэсу.

Нельга сказаць, каб гуманістычны прагрэс увогуле не адбываўся. Ён ідзе, але больш марудна, чым тэхналагічны. У выніку для чалавецтва ўсё больш характэрнай становіцца крызісная сітуацыя, якую можна вобразна падаць, як сітуацыю, паказаную ў фантастычна трагі-камедыйным фільме «Кін-дза-дза!», а можна (і гэта выглядае і больш верагодным, і адэкватным), як сітуацыю “ўсё большай даступнасьці для пітэкантропа кнопак для пуску ядзерных ракет у ваенна-камандным бункеры”. Прычым, не пітэкантроп зьявіўся у бункеры. Пячора, некалі закіданая косткамі, у якой увесь час жылі яго продкі, паступова пераўтварылася ў ядзерны камандны пункт, а гаспадар пячоры за гэты час пасьпеў пераўтварыцца ўсяго толькі з аўстралапітэка ў пітэкантропа…

Ня меншую небясьпеку для будучыні чалавецтва (пры марудных тэмпах гуманістычнага разьвіцьця) акрамя зброі масавага зьнішчэньня ўяўляе тэхналагічны прагрэс у сьферы біятэхналогіі, зьвязаны найперш з магчымасьцю “карэктаваць” генатыпы людзей.

Кожны думаючы чалавек можа ўявіць заканамерны фінал для нашай цывілізацыі сцэнару, зьвязанага з далейшым нарастаньнем разрыву паміж тэхналагічным і гуманістычным прагрэсамі.

Паколькі ўжо сёньня апісаная крызісная сітуацыя мае ўсе рысы крытычнай, інтэнсіфікацыя менавіта гуманістычнага прагрэсу (зьвязанага, нагадаем, з нарастаньнем гуманістычнай уладкаванасьці ўсіх форм узаемаадносін паміж лідзьмі на ўсіх узроўнях арганізацыі чалавецтва) становіцца агульнацывілізацыйным імператывам, які практычна адпавядае выбару паміж жыцьцём і сьмерцю. Гуманістычны прагрэс павінны пачаць даганяць тэхналагічны, пажадана, апярэдзіць яго, а не працягваць адставаць.

Перакананы, няма сёньня для чалавецтва ў цэлым больш актуальнай праблемы! А таму няма цяпер больш важкага арыентыру для любых грамадскіх пераўтварэньняў.

У сувязі зь пададзенай вышэй якасьцю сучаснай агульналюдскай цывілізацыі стратэгія выйсьця з крызісу бачыцца ў, па-сутнасьці, адыходзе ад старой тэхналогіі забесьпячэньня прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва (ледзь не натуральна-эвалюцыйнай, за кошт войнаў) і пераходзе на тэхналогію гуманістычнай эвалюцыі, заснаваную на выключна мірных, рацыянальна-сістэмных механізмах. Праўда, апошні варыянт прагрэсу накладае найвялікшую адказнасьць за вызначэньне правільнасьці таго кірунку разьвіцьця, які прызнаецца прагрэсіўным…

3. Мадэль-сімвал.

Для ілюстрацыі значэньня правільнасьці выбару шляху ў будучыню хачу запрапанаваць вобразную мадэль. Няхай яна сімвалізуе ўвесь далейшы матэрыял дадзенага артыкула.

Паглядзіце, як расьце сасна. На прыкладзе гэтага дрэва (у значнай ступені з-за супадзеньня восі часу і кірунку, які сімвалізуе падвышэньне ўзроўню арганізацыі – абодва ідуць уверх), нібы на своесаблівай сьхеме, можна ўбачыць значэньне правільнага абраньня курунку сваёй дзейнасьці (гл. мал. 2). На першы погляд здаецца, што на перадавым краі росту сасны ўсе галіны (сімвалічны аналаг сёньняшняй разнастайнасьці грамадскіх ідэй, ідэалогій, сьветаглядаў, кірункаў грамадскага разьвіцьця, адстойваемых рознымі суб’ектнымі сіламі) выглядаюць амаль аднолькавымі. І напраўду, першыя гады маладыя галінкі разьвіваюцца амаль з аднолькаванай інтэнсіўнасьцю (гэтая сітуацыя адпавядае распаўсюджанаму меркаваньню: «усе ідэі, погляды і г.д. маюць роўныя правы на існаваньне»). Але праз больш працяглы час становіцца відавочна, што толькі цэнтральная галінка, якая некалі абрала строга вертыкальны (правільны!) кірунак росту, пераўтварылася ў фрагмент ствала дарослага дрэва. Усе іншыя галінкі-ідэі, якія ў свой час адхіляліся ўбок ад гэтага кірунку, пасьля пэўнага перыяду, здавалася б, актыўнага і беспраблемнага росту… пазасыхалі і паадвальваліся.
Ро�� �а�н�.JPG
Мал. 2. Рост дрэваў (асабліва сасны) можа служыць сімвалам значэньня павільнасьці вызначэньня кірунку прагрэсіўнага разьвіцьця сістэмы. На фота зьлева бачны рост галінаў у розных кірунках на макушцы маладой сасны ў яе “кропцы біфуркацы”. На фота справа бачна, што толькі цэнтральная галінка, якая ў свой час абрала строга вертыкальны кірунак росту, пераўтваралыся ў фрагмент ствала дарослага дрэва. Іншыя галіны паадсыхалі

Акрамя зьявы заканамернага заняпаду пэўных ідэй, якія на першых парах падаюцца персьпектыўнымі (прынамсі, «маючымі права на існаваньне»), але на справе неадэкватныя крытэрам стратэгічна правільнага (!) кірунку разьвіцьця, дадзеная мадэль-сімвал дэманструе яшчэ адзін феномен. Усе жывыя галіны сасны, якія цяпер знаходзяцца вышэй фрагменту ствала, паказанага на правай частцы малюнка 2, грунтуюцца толькі на ім. Вобразна можна сказаць, што нібы усе вышэй разьмешчаныя галіны ўключылі ў сябе тую ідэю, якую адстойвала менавіта адна вертыкальная галінка ў свой час у натуральнай кропцы біфуркацыі.

Кожны раз у час выбару абіраць для грамадства правільны кірунак далейшага разьвіцьця – гэта значыць абіраць стратэгічна правільныя прынцыпы будучай грамадскай арганізацыі.

З нагоды хачу заўважыць, што мяне заўсёды зьдзіўляюць спробы навязаць у палітыцы моду вызначаць палітычную арыентацыю ў межах аднамернай прасторы: правая – левая. Як гэта можна рабіць, калі наша рэчаіснасьць, як мінімум, 4-мерная? Таму для адказу на пытаньне, тыпу: вы правы ці левы? – у мяне падрыхтаваны адказ: я вертыкальны! Яго абгрунтаваньне толькі што прыведзена.

Адным зь недахопаў “вертыкальнай арыетацыі” зьяўляеца тое, што яна практычна нікім і ніколі матэрыяльна, энэргетычна, фінансава не падтрымліваецца, яе ніхто не прапагандуе праз масавыя СМІ. Таму пра яе шырока не чуваць (за апалагетыку любых іншых кірункаў разьвіцьця матэрыяльную ўзнагароду атрымаць можна; чаму так адбываецца – тэма асобнай гаворкі). Гэты шлях для альтруістаў, арыентаваных на маральную самаацэнку вынікаў сваёй дзейнасьці.

Варта адзначыць, што чалавецтва яшчэ далёка не дацягвае ў сваёй арганізацыі нават да пададзенай мадэлі росту сасны. На сёньня невядома ніводнага гуманістычнага прынцыпу арганізацыі нашай цывілізацыі, які быў бы прыняты ўсім чалавецтвам, ім бы адстойваўся і бараніўся. А між тым, сярод найбольш базавых прынцыпаў агульнацывілізацыйнай арганізацыі хацелася б бачыць, напрыклад, наступныя:
– чалавецтва – гэта сістэма ўсіх народаў, якія насяляюць Зямлю;
– кожны народ мае права на ўласную дыскрэтнасьць і міжнародную суб’ектнасьць, выяўленыя ў форме самастойнай, незалежнай дзяржавы;
– узаемадзеяньне паміж нацыямі-дзяржавамі мусіць быць на роўных;
– у тэрытарыяльных спрэчках паміж дзяржавамі ўсе сілы агульналюдскай цывілізацыі становяцца на бок таго, хто мае істотна меншую тэрыторыю, меншую колькасць і шчыльнасьць насельніцтва, больш высокаўзроўневую культуру, у т.л. больш чыстае асяроддзе жыцьця і большую долю тэрыторыі дзяржавы, аддадзеную пад запаведнікі.

Калі б сёньняшняе чалавецтва ўключыла ў якасьці абавязковых (і надзейна абароненых!) хаця б прыведзеныя вышэй прынцыпы, мы б ужо нагадвалі сасну з чатырма фрагментамі ў ствале. А так чалавецтва пакуль нагадвае ўсяго толькі нізкарослы куст, больш-менш зьвязаны (пад зямлёй) карэньнямі агульнага мінулага!

4. Асноўны арыентыр для абраньня правільнага кірунку.

Паколькі «вертыкальная зарыентаванасьць» дзейнасьці зьяўляецца найбольш сэнсоўнай, у рамкам нашай тэмы ключавым становіцца пытаньне: які варыянт гістарычнага лёсу Беларусі з практына магчымых будзе найбольш гуманістычна прагрэсіўным?

Каб не памыліцца ў адказе, варта зьвярнуцца да сістэмнага падыходу, які “раіць” успрымаць Сьвет сістэмна (г.зн. з пазіцый таго, што ў нашай рэчаіснасьці ўсё зьвязана з усім) і ва ўмовах пошуку адказаў на пытаньне: куды рухацца? – раіць арыентавацца на ўсё больш высокі ўзровень арганізацыі сістэмы.

У адпаведнасьці з дадзеным падыходам, кожнае грамадства (у тым ліку і нашае беларускае) – гэта складаная шматузроўневая сістэма, базавымі элементамі якой зьяўляюцца людзі, і ў той жа час – гэта кампанент яшчэ больш складанай шматузроўневай сістэмы, якой зьяўляецца чалавецтва. Апошняе, у сваю чаргу, зьяўляецца часткай Сусьвету. Усьведамленьне дадзеных прынцыпаў азначае прызнаньне, што любое грамадства (як і кожны суб’ект, ці любая суб’ектная сацыяльная сіла), калі жадае паводзіць сябе канструктыўна, павінна ўспрымаць сябе часткай чалавецтва, Сьвету, падпарадкоўвацца ўмовам іхнага існаваньня і разьвіцьця.

Тут патрэбны дадатковыя тлумачэньні некаторых прыцыпаў сістэмнай арганізацыі (для лепшага ўспрыманьня прынцыпаў сістэмнай арганізацыі гл. мал. 3).

Пры аб’яднаньні пэўных аб’ектаў у сістэму іх механічнае зьліцьцё не адбываецца, ранейшая дыскрэтнасьць цяпер ужо частак сістэмы абавязкова захоўваецца, яна становіцца часткай зьявы ўнутрысістэмнай кампартменталізацыі. Новыя, больш высокаўзроўневыя ўласьцівасьці сістэмы ў параўнаньні з уласьцівасьцямі простай сумы аб’ектаў у значнай ступені ўзьнікаюць з-за таго, што адбываецца ўтварэньне новых заканамернасьцяў ўзаемадзеяньня частак сістэмы на іх межах (на мал. 3 гэтая зьява паказана тым, што былі асобныя аб’екты-кропкі, і яны ж засталіся, калі аб’ядналіся ў сістэму). Такое ўзаемадзеяньне якраз і забясьпечвае ўтварэньне паміж кампанентамі грамадскіх сістэмаў станоўчых узаемапрыцягальных сувязяў, сукупнасьць якіх стварае новую большую цэласнасьць, у якой узьдзеяньне на любы элемент сістэмы вядзе да адказу ўсёй сістэмы.

С����ма �кладае��а.GIF
Мал. 3. Сувязі і «паводзіны» аб’ектаў (кропкі) на ўзроўні іх простай сукупнасьці (узровень 1, левая частка сьхемы,) ці як частак цэласнай сістэмы, якая становіцца аб’ектам больш высокага ўзроўню (узровень 2). На апошнім узроўні да таго свабодныя кампаненты аказваюцца зьвязаныя паміж сабой узаемапрыцягальнымі сувязямі (паказаны лініямі). Прыклады параў аб’ектаў узроўняў 1 і 2: людзі (1) – сем’і (2); працаўнікі (1) – працоўныя калектывы (2); людзі, працоўныя калектывы (1) – сацыяльныя групы (2); людзі, сацыяльныя групы (1) – народ, грамадства (2); народы, нацыі (1) – чалавецтва (2).

Элементы-аб’екты пры аб’яднаньні ў сістэму, захоўваюць ня толькі сваю дыскрэтнасьць, а і большасьць сваіх уласьцівасьцяў, характэрных для іх у ранейшым свабодным стане. Узамен яны ўсяго толькі бяруць на сябе абавязак заўсёды ўлічваць інтарэсы іншых кампанентаў сістэмы (у нашым выпадку інтарэсы іншых грамадзянаў і грамадстваў). Дадзенае падпарадкаваньне інтарэсам больш высокага сістэмнага ўзроўню азначае, што любы кампанент сістэмы павінны рэалізоўваць свае ўласьцівасьці тады і ў тым кірунку, які патрэбны ўсёй сістэме (на мал. 3 дадзены феномен пазначаны кірункам стрэлкі, які ва ўсіх свабодных элементаў быў спачатку хаатычны, а калі тыя сталі часткамі сістэмы, стаў арыентаваны). Наўзамен (і менавіта ў гэтым заключаецца выгада сістэмнай інтэграцыі) элементы сістэмы здольныя рэалізаваць тыя свае больш высокаўзроўневыя магчымасьці, якія ніколі б не зрэалізаваліся, калі б некалі свабодныя аб’екты сістэмна не аб’ядналіся. Так, ніводны чалавек паасобку ці група неарганізаваных людзей ня здольныя стаць тым, кім яны ёсьць як частка грамадства, ніводнае асобнае грамадства ці група грамадстваў, якія хаатычна-варожа «ўзаемадзеюць» паміж сабой, ніколі не могуць дасягнуць таго, што яны здольны дасягнуць у складзе сістэмна ўладкавана чалавецтва. Але кожны чалавек і кожнае грамадства здольныя зрабіць свой унёсак у агульнацывілізацыйны прагрэс, чым і раскрываюць свой стваральны патэнцыял. Такім чынам, «падпарадкаваньне» прынцыпам сістэмнай арганізацыі на справе пераўтвараецца ва ўзбраеньне імі і зь лішкам кампенсуецца – пераўтвараецца ў спосаб максімальнага раскрыцьця сябе. Упартае ж накіданьне вышэйшаму сістэмнаму ўзроўню сваіх эгаістычных мэт заўсёды пераўтвараецца ў своеасаблівую форму ня толькі разбурэньня, але і самападману…

Удакладню. Канешне, кожны суб’ектны элемент любой грамадскай сістэмы можа пачаць паводзіць сябе так, як яму захочацца. Але калі яму захочацца ня так, як трэба сістэме, гэта можа прывесьці альбо да нерэалізацыі ім сваіх магчымасьцяў, альбо да разбурэньня сістэмы разам з такім «суб’ектам» (гл. мал. 4).

����нак � �����ме.GIF
Мал. 4. Канструктыўны рух (дзейнасьць, актыўнасьць) элемента ў межах сістэмы пазначаны стрэлкай, скіраванай уверх і ўправа (паколькі ў дадзеным выпадку вось прагрэсіўнага разьвіцьця ідзе ўверх, а вось часу – управа). Калі ж патэнцыйны элемент сістэмы зыходна будзе рухацца (ці праз пэўны час пачне рухацца) ўніз і ўправа (у кірунку дэградацыі), альбо ўверх і ўлева (у немагчымае, неіснуючае), такая яго дзейнасьць альбо не будзе мець стваральнага сэнсу, альбо наогул будзе разбуральнай.

Калі пераўтварыць універсальныя прынцыпы будовы, функцыянаваньня і разьвіцьця сістэм у канкрэтныя палажэньні-рэкамендацыі, датычныя разглядаемай праблематыкі, атрымаецца, што разважаць пра магчымасьць далучэньня Беларусі да ЕЗ ці РФ (апошні варыянт «інтэграцыі» ў тэме канферэнцыі ўлічаны па ўмаўчаньні) будзе толькі ў такой ступені сэнсоўна, у якой кіраўнікі гэтых структур зьбіраюцца ўкараняць аб’ектыўныя заканамернасьці існаваньня і прагрэсіўнага разьвіцьця чалавецтва, як складанай шматўзроўневай сістэмы, ва ўнутраную арганізацыю ЕЗ і РФ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы