Алесь Астроўскі
6. А што ў Беларусі?
З сярэдзіны 1990-х расейская імпербюракратыя плануе анэксаваць Беларусь (завецца гэта “інтэграцыяй”) па тэхналогіі захопу ў прыватную ўласнасьць вялікіх расейскіх прадпрыемстваў на ўласнай тэрыторыі. У аснове такой тэхналогіі – першапачатковае навязваньне нізкапрафесійнага менэджманту, які даводзіць да банкруцтва падначалены аб’ект (завод, камбінат, прамысловую галіну).
Па гэтай жа прычыне ў нас на пасадзе прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе зьявілася вядомая асоба. Далей у крытычныя моманты найноўшай беларускай гісторыі (у 1996, 2001 і, нават, у мінулым годзе) гэтая асоба ўвесь час падтрымоўвалася расейскім кіраўніцтвам менавіта па прычыне сваёй выклюна разбуральнай ролі ў адносінах да беларускага грамадства і дзяржавы.
План – абанкруціць Беларусь, а потым захапіць, анэксаваць яе – і сёньня застаецца старэгічным для расейскай імперыякратыі. Усё негатыўнае, што адбываецца ў Беларусі за апошнія 13 гадоў – усяго толькі наступствы дадзенага плану.
Калі падзеі ў краіне беларусаў разглядаць са сьветаглядных, сістэмных пазіцый, прыведзеных у папярэдніх раздзелах артыкула, кідаецца ў вочы шмат адхіленьняў ад таго стану, які, здавалася б, павінны прысутнічаць як абсалютная норма.
Пачнем з міжнароднага ўзроўню. Так, Лукашэнка – самая макаўка ўладнай “вертыкалі” – цяпер адкрыта шкадуе, што ядзерная зброя зьбегла зь яго рук. Ня дзіва, што пры гэтым ён і ня думае раззбройвацца, а, наадварот, актыўна ўзбройваецца і гандлюе зброяй. У канцы 2006 году на сустрэчы з расейскімі журналістамі Лукашэнка раскрыў свае намеры пакласьці ўвесь беларускі народ на алтар абароны… Расеі ў выпадку, калі “танкі з Захаду пойдуць на яе”. Ён жа сваімі гульнямі ва ўсялякія “саюзныя дзяржавы” з аднаго боку хранічна шантажуе беларускі народ магчымасьцю страты яго найважнейшай коштоўнасьці, якой зьяўляецца дзяржаўнасьць, а з другога – правакуе імперскія настроі ва ўсходніх суседзяў, павялічваючы небясьпеку новага пашырэньня расейскай імперскай “язвы”. На гэтым фоне ўжо малаістотным выглядае тое, што цяперашнія ўлады ў Беларусі аніяк не паспрыялі памяньшэньню экалагічных і дэмаграфічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ніяк не спрыяюць росту культуры міжнародных адносін ці хаця б элементарнаму ўзаемапаразуменьню паміж народамі.
Унутры нашай краіны адсутнічае ня толькі зьмястоўная дэмакратыя, а і самая элементарная. Уладны рэжым балансуе паміж аўтарытарызмам і дыктатурай. Супраць грамадства ідзе татальная інфармацыйна-псіхалагічная вайна, галоўнай мэтай якой зьяўляецца этнацыд, а пабочным вынікам і адначасна дадатковым сьведчаньнем вайны – штогадовае, як мінімум, 0,5%-нае выміраньне насельніцтва. У гэтым таксама (разам зь небясьпекай страты дзяржавы) найвялікшая трагедыя нашага народу ў цяперашні гістарычны час. Посткамуністычная бюракратыя, якая захапіла ўладу ў Беларусі, па-ранейшаму адмыслова разбурае натуральныя сувязі паміж людзьмі, каб максімальна атамаваць, інфантылізаваць і абыдліць грамадства. Для гэтага яна мэтанакіравана зьнішчае ўсе агульнанацыянальныя каштоўнасьці (ад мовы да нацыянальных сімвалаў і нацыянальнай царквы). Прычын дзьве. Адна зь іх заключаецца ў жаданьні дагадзіць расейскай імперскай бюракратыі, каб атрымаць ад яе падтрымку (эканамічную, палітычную, псіхалагічную, іншую) коштам здрады аб’ектыўных інтарэсаў уласнага народу. У абмене – этнацыд наўзамен, напрыклад, за некалькі мільярдаў даляраў штогадовай падтрымкі – мясцовая бюракратыя вырашае тактычную задачу свайго выжываньня, а расейская імперская бюракратыя атрымлівае стратэгічную перавагу – усё больш падрыхтоўвае грамадскую сітуацыю ў Беларусі для будучай анэксіі нашай дзяржавы. Хто ў такім “абмене” выйграе, відавочна: звычайна выгрывае стратэгія. Другая прычына этнацыду беларусаў заключаецца ў імкненьні пераўтварыць наша грамадства ў бязьвольную, рыхлую біямасу – удзячны аб’ект для сацыяльнага паразітаваньня. Ня дзіва, што ў такой сітуацыі пра якую б там ні было справядлівасьць у цяперашняй РБ казаць не даводзіцца. Усё з дакладнасьцю наадварот. Сёньня матэрыяльны і сацыяльны статус чалавека ў нас практычна аніяк не зьвязаны зь яго рэальнай карысьцю для грамадства… Мы зьяўляемся сьведкамі жахлівай эксплуатацыі посткамуністычнай бюракратыяй беларускага народу. У дадатак імкліва падае ўзровень агульнай культуры. Людзям наўмысна навязваюць памылковыя ўяўленьні аб рэчаіснасьці, даючы псеўда-веды, падсоўваючы сацыяльныя псеўда-арыентыры і неадэкватныя мадэлі паводзін ва ўмовах невырашанасьці прынцыповых жыцьцёвых праблем. Дый сьветаглядны ўзровень саміх кіраўнічых кадраў “ніжэй калена” (такімі яны адмыслова падбіраюцца), так што прадстаўнікоў цяпершняй ўладнай “вертыкалі” іначай, як карумпаваная кампрадорская бюракратыя, ахарактарызаваць нельга…
Калі прыглядзецца да жыцьця і лёсу асобнага сярэднестатыстычнага чалавека, які жыве ў цяперашняй РБ, мы ўбачым, што ў яго ня толькі няма магчымасьці істотна раскрыць сваё жыцьцёвае прызначэньне, а і часта ўвогуле больш-менш па-людску жыць. Посткамуністычная бюракратыя абмежавала індывідуальныя правы і свободы людзей. Нават тыя, хто сэнс свайго жыцьця бачаць усяго толькі ў матэрыяльным дабрабыце, вымушаны альбо эміграваць на Захад, альбо ўступаць у злачыннае супрацоўніцтва зь мясцовай бюракратыяй, альбо істотна абмяжоўваць свае патрэбы. Нават вельмі таленавітаму чалавеку толькі праз працу і блізка не набыць годнага дабрабыту. Людзі ж з высокімі сьветагляднымі запатрабаваньнямі замест таго, каб займацца ўлюбёнай справай, вымушаны аддаваць свой час, высілкі, талент на змаганьне з рэжымам. У сёньняшняй Беларусі абсалютная большасьць людзей па-ранейшаму застаюцца адчужанымі ад вынікаў уласнай працы, ад улады, бясьпекі, уласнасьці, ад сваёй гісторыі, культуры, нацыянальнай годнасьці, лёсу свайго народу, ад сапраўдных навуковых ведаў, ад персьпектывы, радасьці жыцьця дый увогуле якога-небудзь жыцьцёвага сэнсу…
Пасьля канфлікту з Масквой на пераломе 2006-07 гг. можна было спадзявацца, што Лукашэнка адмовіцца ад свайго папярэдняга курсу ці хаца б зробіць мінімальныя крокі ў канстуктыўнм ключы. Аднак, нягледзячы на заявы, скіраваныя на вонкавы сьвет, у адносінах да беларускага грамадства ўсё застаецца па-ранейшаму:
– няма ніякіх праяваў таго, што будзе прытарможвацца этнацыд: беларускую мову ніхто не зьбіраецца вяртаць у школы і ВНУ; больш за тое, ў нашых школах з гэтага году ўжо ня будуць вывучыць геаграфію і гісторыю Беларусі на беларускай мове [http://www.svaboda.org/articlesfeatures/society/2007/1/23DBDC71-0F0A-4F7A-AF9D-17BBA93D4A4B.html], а ў ВНУ плануецца адмяніць курсы беларускай мовы, культуры, гісторыі; у міліцэйскіх пастарунках па-ранейшаму патрыятычную беларускамоўную моладзь прымушаць «говорить па-человечески» (г.зн. у міліцэйскім уяўленьні… толькі па-руску) [https://nashaziamlia.org/2007/01/30/530];
– застаецца ў разагнаным стане Саюза беларускіх пісьменьнікаў;
– ня ўводзяцца мытні зь беларускага боку беларуска-расейскай мяжы; Лукашэнка па-ранейшаму адстойвае агульную мытную прастору;
– не накладаецца арэндная плата на расейскія вайсковыя аб’екты і базы (пакуль чуем толькі словы);
– не абмежавана прысутнасьць расейскіх тэлеканалаў у нашай інфармацыйнай прасторы;
– не спынены ўдзел грамадзян Расеі ў выбарах у органы ўлады ня толькі ў якасьці выбарцаў, а і ў якасьці кандыдатаў у дэпутары. У пачатку гэтага году амаль два дзесяткі грамадзян Расеі сталі дэпутатамі мясцовых радаў Беларусі (?!);
– з мэтай далейшай правінцыялізацыі Беларусі навісла пагроза расфармаваньня над Нацыянальнай акадэміяй навук [«Наука и общество». А.Рубінаў, першы намесьнік главы Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, акадэмік / «Советская Белоруссия» №233 (22643), 12 сьнежня 2006 года; http://www.sb.by/article.php?articleID=55642].
І г.д., і да т.п.
Такім чынам, напрошваецца выснова, што, нягледзячы на канфлікт паміж урадамі Расеі і Беларусі ў эканамічнай сьферы, праграма разбурэньня нашай дзяржавы з мэтай яе наступнай анэксіі расейскай імперыякратыяй працягвае рэалізоўвацца!
Усё пералічанае, нягледзячы на ўяўную “стабільнасьць”, якая штучна трымаецца на гвалце (фізічным й інфармацыйным), прымушае прыглядацца: ці ёсьць дзе-небудзь сіла, здольная паспрыяць вырашэньню беларускай праблемы ў вышэй азначаным гуманістычным ключы.
7. Толькі не ў “Расею”.
Яшчэ ў 2001-02 гг. сярод “беларускай” апазіцыі (асабліва ў АГП) даволі распаўсюджаным было меркаваньне, што для таго, каб пазбавіць Беларусь ад рэжыму Лукашэнкі, варта аб’яднацца з “дэмакратычнай Расеяй”. Маўляў, тады Пуцін вызваліць нас ад дыктатара, і мы нарэшце зажывем добра. Але і тады такое “рашэньне” многімі адкідалася. Цяпер яго прыхільнікі і ўвогуле некуды зьніклі.
На сёньня расейскія ўлады поўнасьцю паказалі сябе як сіла антыдэмакратычная (ва ўнутранай і вонкавай палітыцы), якая ў дадатак – і гэта поўнасьцю раскрылася ў час газа-нафтавага крызісу мяжы 2006-07 гг. – яшчэ і пакутліва жадае анэксаваць Беларусь (раней справа падавалася так, быццам бы гэта Лукашэнка і беларусы мараць пра далучэньне да Расеі, а ўлады і насельніцтва апошняй раздумваюць). У гэты час самыя розныя афіцыйныя і палітычныя асобы (пачынаючы ад амбасадара Расеі ў Беларусі сп-ра А.Сурыкава [http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/11/50758979-b763-4725-b47c-6009aa1c6fdc.html]), пачалі –хто больш асьцярожна, а хто адкрыта – прапанаваць Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай імперыі (маўляў, хаціце танныя газ і нафту, уступайце ў Расею). Цяпер стала канчаткова відавочна, каму на самай справе найбольш карціць аднавіць «Саюз брацкіх народаў», хто бяз гэтага проста жыць ня можа.
Масу зьвестак пра жаданьні звычайных расейцаў што да Беларусі можна знайсьці ў Інтэрнэце на сайтах, тыпу www.mediactivist.ru.
Падобныя памкненьні можна было б лічыць сьцерпнымі (ці мала каму і якія псіхічныя комплексы муляюць), калі б у Расеі актыўна і ў таталітарных памерах не рэстаўраваўся рэжым расейскай імперскай бюракратыі. Апошняя складаецца з самых розных чыноўнікаў – прадстаўнікоў крамлёўскай адміністрацыі, губернатараў, генералітэту ўсіх сілавых структур, прыкормленых дэпутатаў у Думе, клеру РПЦ МП. Пасьля падзей з Беразоўскім, Гусінскім, Хадаркоўскім, іншымі алігархамі тыя цалкам здаліся і плоцяць бюракратыі РФ даніну. Па даных выданьня “Newsweek”, агульная сума розных форм хабару, які вымушаны даваць бізнэсоўцы расейскім чыноўнікам, дасягнула летась значнай долі ВУП РФ [гл. http://www.inosmi.ru/stories/01/05/29/2996/230503.html].
На замену расейскай імперыякратыі на поўных парах ідзе… рускі фашызм. Але нават, калі прыйдзе нейкая іншая сіла, усё роўна яна будзе імперскай, бо ўся рэальная апазіцыя зьяўляецца такой. Такая ўжо прырода гэтага дзіўнага дзяржаўнага ўтварэньня пад назвай “Расея”: якія б людзі й зь якімі намерамі спачатку ні прыходзілі там да ўлады, раней ці пазьней усе яны становяцца імперыялістамі, якія ні на якое канструктыўнае супрацоўніцтва на роўных ня здольныя, ні пра якое гуманістчынае разьвіцьцё ніколі ня думаюць. Ня здольныя арганічна. Толькі экспансія, агрэсія, анэксія з мэтай экстэнсіўнага пашырэньня, ад якога звычайнаму сярэднестатыстычнаму грамадзяніну ніякага паляпшэньня жыцьця чакаць не даводзіцца.
Цяжка не пагадзіцца з вядучымі палітолагамі ўзроўню З.Бжэзінскага: гэтую “дзяржаву” можа прывесьці да ачуньваньня толькі падзел на дзяржавы драбнейшага памеру [ гл. http://www.archipelag.ru/ru_mir/rus-subject/fate/end; http://www.belgazeta.by/20040503.17/340121982].
Калі расейскія ўлады прыйшлі да высновы, што Лукашэнка ня зробіць апошнія крокі ў кірунку аншлюсу (а яны, па ўсім відаць, да такой высновы прыйшлі), можна не сумнявацца, яны будуць думаць, як памяняць Лукашэнку №1 на Лукашэнку №2. Адступіцца ад сваіх планаў яны ня здольныя.
Ва ўмовах персьпектывы для Беларусі быць паглынутай расейскай імперыяй праз “інтэграцыю” (а на справе, аншлюс-анэксію, якая, натуральна, ня мае аніякага дачыненьня да прагрэсіўнага кірунку разьвіцьця чалавецтва, зьвязанага з падвышэньнем узроўню сістэмна-гуманістычнай уладкаванасьці й нічога добрага не суліць беларускім грамадзянам) і цалкам страціць персьпектыву ня толькі прагрэсіўнага разьвіцьця, а і проста быцьця, лепш ужо… цярпець Лукашэнку. Пагадзіца на паглынаньне Расеяй – гэта ўсё роўна, што пагадзіцца на скок у бездань. Што заўгодна, але толькі не ў Расею! І спачатку здаецца, што гэта азначае рух у супрацьлеглым кірунку – на Захад, у Еўропу.
Давайце паглядзім, ці так гэта?..