Алесь Астроўскі
8. На якім шляху Еўразьвяз?
Мал. 7. Фота плаката, зь якім беларусы ў Еўропе летась пратэставалі супраць палітыкі ЕЗ, якую можна ахарактарызаваць як продаж беларускай дэмакратыі наўзамен за расейскі газ.
Калісьці ў больш рамантычныя часы шлях у Еўропу падаваўся беларускім дэмакратам самым лепшым. Так, у красавіку 1999 г. у Гродна была праведзена міжнародная навукова-практычная канферэнцыя пад назвай “Беларуская нацыянальная ідэя” [Беларуская нцыянальная ідэя / Матэр. міжнародн. навукова-практыч. канферэнц, 18-19.04.1999, г. Гродна /Пад рэд. А.Астроўскага, В.Санько. – Мн., “Хата”, 2000. – 448 ст.]. Канферэнцыя вырашыла шмат пытаньняў. У прыватнасьці, высьветлілася, што зь якога б ракурсу ні паглядзець на праблему беларускай дзяржаўнасьці – з філасофскага, кібернетычнага, гістарычнага, культуралагічнага, юрыдычнага, палітычнага, геапалітычнага, эканамічнага, футуралагічнага і г.д. – заўсёды атрымліваецца, што беларусы-літвіны маюць поўнае права на ўласную дзяржаву! Адным з пытаньняў, якое разгледзела канферэнцыя, была спроба скласьці кароткую, лозунгавую фармулёўку беларускай ідэі. Тады большасць удзельнікаў канферэнцыі пагадзілася, што такая формула можа гучаць: “Беларусь – наш еўрапейскі дом!” [Там жа, стар. 436.].
У 1990-я ўяўлялася, што прадстаўнікі Захаду нацэлены на гуманістычны прагрэс, як у сваіх краінах, так і ў вонкавым сьвеце, што яны гатовыя ўспрымаць Беларусь, як самастойную, незалежную дзяржаву, уласьнікам якой зьяўляецца беларускі народ, лічыць будучую Беларусь раўнапраўным партнёрам заходне-еўрапейскай цывілізацыі, што ім цікавы лёс беларускага народу, што яны разумеюць зьмест разьвіцьця беларускай апазіцыі ў яе пераўтварэньні ў сапраўдную альтэрнатыву прамаскоўскаму рэжыму. Уяўлялася, што для арганізацыі такой альтэрнатывы прадстаўнікі Захаду гатовыя знайсьці і падтрымаць ня проста «адзінага лідара», а найбольш высокаўзроўневага беларуса, які стратэгічнымі кірункамі сваёй дзейнасьці зробіць падрыхтоўку кадраў будучых дзяржаўных служачых для дэмакратычнай Беларусі, фармуляваньне і давядзеньне да беларускага грамадства яго ж аб’ектыўных інтарэсаў.
Прайшло ўсяго некалькі гадоў, і рамантычны праеўрапейскі імпэт у многіх былых прыхільнікаў ЕЗ значна аслаб. Што ж адбылося?
Аказалася, што пакуль мы – беларусы – зьбіраліся ў Еўропу, яна перастала быць нашай марай. У прыватнасьці, стала бачна, што па меры таго, як аддаляецца памяць пра Другую сусьветную вайну, Захад, а зь ім і Еўропа, усё больш адыходзіць ад прынцыпаў гуманістычнай ідэалогіі, зьвязанай у тым ліку зь ідэямі суверэнітэту народаў, раўнапраўнага супрацоўніцтва паміж імі, сапраўды дэмакратычнага ладу ўнутры іх краін (пра прычыны і механізмы цывілізацыйнай дэградацыі Еўропы трэба весьці асобную гаворку на адмысловай канферэнцыі, прысьвечанай соцыяпаразітызму).
Мяркуйце самі, якія прынцыпы і дэкларацыі былі калісьці.
Так, у сьнежні 1952 году Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю №637 (VII), дзе ў раздзеле А запісана: “Права народаў і нацый на самавызначэньне з’яўляецца перадумовай для карыстаньня ўсімі асноўнымі правамі чалавека” [http://www.un.org/russian/ga/7/docs/res7.htm; http://daccessdds.un.org/doc/RESOLUTION/GEN/NR0/081/62/IMG/NR008162.pdf?OpenElement]! Проста і ясна: перад тым, як казаць пра абстрактныя правы абстрактнага чалавека, паглядзіце, ці зрэалізавана права канкрэтнага народу – на існаваньне, незалежную дзяржаву, свабоду… Праз некалькі гадоў (у снежні 1960 г.) ААН прымае чарговую рэзалюцыю №1514 (XV), у якой, у прыватнасьці, запісвае: “… усе народы маюць права на самавызначэньне; у адпаведнасці з гэтым правам яны свабодна ўсталёўваюць свой палітычны статус і зьдзяйсняюць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіцьцё; недастатковая палітычная, эканамічная ці сацыяльная падрыхтаванасць альбо недастатковая падрыхтаванасць у галіне адукацыі ніколі не павінны выкарыстоўвацца як надуманая прычына для затрымкі дасягненьня незалежнасьці; любыя ваенныя дзеяньні альбо рэпрэсіўныя меры якога б ні было характару, ськіраваныя супраць залежных народаў, павінны быць спынены, з тым каб прадаставіць ім магчымасьць зьдзейсьніць ва ўмовах міру і свабоды сваё права на поўную незалежнасьць, а цэласнасць іх тэрыторый павінна паважацца” [http://www.un.org/russian/peace/decolonization/declaration.htm; http://www.un.org/russian/documen/gadocs/convres/r15-1514.pdf]. Ідэя права народу на самавызначэньне была ўключана таксама ў іншыя дэкларацыі Генасамблеі ААН, у Міжнародны Пакт аб правах чалавека, прыняты ў 1966 годзе [http://www.un.org/russian/documen/convents/pactpol.htm], у шэраг дакументаў міжнародных няўрадавых арганізацый.
Аднак, не прайшло і трох дзесяцігоддзяў (1994 г.), як расейская імперыя на вачах усяго сьвету зноў пачала выкарыстоўваць розныя тэхналогіі імперскай агрэсіі (у тым ліку этнацыдную – супраць Беларусі, генацыдную – супраць Чачні), а ўвесь афіцыйны сьвет маўчыць, нібы нічога ня бачыць. Між тым у Беларусі ўжо 13-ы год рэалізуецца праграма татальнага этнацыду, інтэнсіўнасьць якога нават большая, чым у часы царызму ці сталінізму. 13-ы год цэламу народу публічна пагражаюць зьнішчэньнем яго дзяржавы… У Чачні па даных чачэнскага боку за больш, чым 12 гадоў вайны з мільёна насельніцтва загінуў кожны чацьверты (з іх каля 42 тысячы дзяцей)! Дзесяткі тысяч людзей сталі псіхічнымі і фізічнымі інвалідамі, сотні тысяч – уцекачамі. Усе мы бачылі, як былі забіты чатыры легітымныя чачэнскія прэзідэнты – Дудаеў, Яндарбіеў, Масхадаў, Садулаеў. І што на тое, што робіцца ў Чачні і Беларусі, кажа “цывілізаваны” сьвет? А нічога. Замест дзеяньняў (дый хаця б заяваў) у адпаведнасьці з прынятымі на ўзроўні ААН міжнароднымі дамоўленасьцямі – поўная беспрынцыпнасьць і абыякавасьць да лёсу гэтых народаў. Нафта, газ ды іншыя рэсурсы важней – лічаць сёньня на Захадзе, маўчаць і абдымаюцца з крывавымі злачынцамі…
Дык што параіце рабіць у такіх умовах народам, якія апынуліся на мяжы фізічнага ці духоўнага вынішчэньня?! А ніхто нічога ня раіць і раіць не збіраецца! Колькі ні крычы, у адказ – ні падтрымкі, ні спагады.
Канешне, на Захадзе яшчэ ня ўсе атручаны цынізмам. Але ў цэлым на сёньня прыцыповыя паводзіны і разуменьне сітуацыі, што адбываеца ў той жа Беларусі, хутчэй выключэньне, чым правіла. Для прыкладу працытую адно з паведамленьняў радыё “Свабода” за лістапад 2005 г. “… у дакумэнце парлямэнтары NАТО выказваюць да афіцыйнага Менску тыя ж патрабаваньні, што і парлямэнтары АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту: забесьпячэньне свабоды і празрыстасьці выбарчага працэсу, аднаўленьне дэмакратыі і прававых нормаў у Беларусі, гарантаваньне незалежнасьці судовай улады, неадкладнае вызваленьне з-пад арышту палітзьняволеных, паскарэньне рассьледаваньня палітычных зьнікненьняў у Беларусі” [http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2005/11/0cae2951-1d3a-4da4-b9c3-23c598869f09.html]. Як бачым, ўсё, што цяпер “патрабуе” Захад ад афіцыйнага Менску (усё, што ён лічыць праблемным), адпавядае толькі каштоўнасьцям квазі-лібералізму. Пра пагрозу страты дзяржаўнасьці, пра мову, пра этнацыд, пра сапраўдную беларускую дэмакратыю – ні слова, ні паўслова…
У верасьні 2006 г. у Жэнэве на другой сэсіі Рады правоў чалавека спэцыяльны дакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Северын сьцьвярджае: “… у Беларусі па-ранейшаму існуюць адыход ад плюралізму, адмова ад дыялёгу, адмаўленьне грамадзянскіх правоў, падаўленьне палітычных свабодаў, а таксама перасьлед апазыцыі, незалежных журналістаў, праваабаронцаў з боку дзяржавы” [http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/09/bfb52726-1f96-4ede-a462-7d74cdc93891.html]. Усё тое самае.
Студзень 2007 г. Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн на сваіх перамовах зь беларускімі ўладамі гаварыў пра неабходнасьць вызваленьня палітычных вязьняў, пра зьніклых беларускіх палітыкаў, уціск незалежных СМІ, патрэбу дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства [http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2007/1/9352F532-30B5-40D7-B5C3-CB6149935603.html]…
Паўгады таму праз інтэрнэт я запытаўся ў Прэзідэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы, чаму ў пераліку галоўных праблем, якія адмыслова стварае прамаскоўскі рэжым у Беларусі, ніякімі заходнімі структурамі ніколі не ўзгадваецца галоўная сучасная беларуская праблема – этнацыд. Чым гэта патлумачыць? Сп-ня Івонка адказала, што «… этнацыд ня згадваецца таму, што Захад паняцьці злачынства супраць культуры, мовы і г.д. – ня лічыць парушэньнем правоў чалавека. У выпадку зь Беларусьсю, абарона сваёй культуры ўважаецца адказнасьцю самога беларускага народу, абыякавасьць якога і давяла да этнацыду. Мы, сябры Рады БНР, пад час спатканьняў з заходнімі палітыкамі і ў інтэрвію СМІ імкнёмся паказаць, што абыякавасьць гэтая не прыпадковая” .
Вось і прыехалі… Галоўны механізм анэксіі Беларусі расейскай імпербюракратыяй – праз разбурэньне натуральных унутрыграмадскіх сувязяў шляхам інфармацыйнага ўзьдзеяньня, праз этнацыд, а ён на Захадзе не бярэцца нават пад увагу…
Заходнія цынікі ва ўпор ня бачаць, што анэксія беларускай дзяржавы, дзякуючы праімперскаму рэжыму, ужо адбылася па некалькі кірунках: анэксія мовы, культуры, гістарычнай памяці і г.д. (этнацыд); анэксія электроннай інфармацыйнай прасторы (беларускі народ вымушаны жыць у атмасьферы амаль што толькі расейскіх тэлевізійных радасьцяў й праблем – нібы ён жыве недзе паміж Разаньню і Саратавам); анэксія царквы (у Беларусі абсалютна дамінуючую ролю ў г.зв. “духоўнай сьферы” адыгрывае Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, якая ледзь не афіцыйна зьяўляецца часткай расейскай імперскай бюракратыі – тым, чым раней быў Ідэалагічны аддзел пры ЦК КПСС), анэксія шэрагу сілавых структур, анэксія мытнай прасторы… Да поўнай анэксіі Беларусі засталася дробяць – увесьці расейскі рубель у якасьці адзінага плацёжнага сродку і праз рэферэндум аб «утварэньні Саюзнай дзяржавы» ўзяць яе тэрыторыю! Усяго гэтага на Захадзе ня бачаць. Затое тых беларускіх дэмакратаў-гуманістаў, якія пра ўсё гэта ўзгадваюць, дзе толькі можна, рэгулярна абзываюць «нацыяналістамі» (як і чачэнскіх патрызан, якія вядуць класічную нацыянальна-вызвольную барацьбу – «тэрарыстамі»). Вось твар тых, хто фактычна кіруе сёньняшнім Захадам.
Прычына цынічна-крывадушнай палітыкі Захаду, якую мы цяпер назіраем, відавочная і ўжо ўзгадвалася вышэй – гэта “прагматычны інтарэс” да газу, нафты, іншых рэсурсаў і патэнцыйных магчымасьцяў, якія дае “мірнае супрацоўніцтва” з расейскай імперыякратыяй. Гэтае ж жаданьне штурхае еўрапейскіх прэм’ераў, прэзідэнтаў, каралёў зь лісьлівасьцю зазіраць у вочы Пуціну і паціскаць яму рукі, каб патаньней купіць газ ці нафту, гвалтам забраную ў розных карэнных народаў імперыі. Усё гэта нагадвае скупку крадзенага. Агіда!
У выніку дайшло да таго, што ў пачатку лютага г.г. на міжнароднай канферэнцыі ў Мюнхене адзін дыктатар, які за генацыд павінны быў бы сядзець на лаве падсудных, тыпу нюрнбергскай ці гаагскай, вучыў гуманізму палітыкаў Захаду – расказваў ім нешта пра шматпалярны Сьвет, пра ролю ААН, пра бясьпеку і стабільнасьць… Так вам і трэба. Не выканалі сваіх абавязваў перад чалавецтвам – атрымайце…
Але такія паводзіны, скіраваныя ў бок прагматычнай дэградацыі (гл. мал. 4), у многіх выклікаюць пратэст (гл. мал. 7), а таму патрабуюць прыкрыцьця. Ролю апошняга стала выконваць ідэалагічная плынь, якую варта называць квазі-лібералізмам.
Цяперашнія лібералы гавораць: глядзіце, лібералізм перамагае ва ўсім сьвеце! Адкажу. Камунізм таксама ў свой час перамагаў “ва ўсім сьвеце”. А колькі было імперый, якія пад сьцягам самых розных штучных ідэй захоплівалі ледзь ня ўвесь вядомы ім сьвет. І што, дзе яны цяпер, гэтыя імперыі, дзе камунізм? Там жа, дзе засохлыя галіны сасны. Сіла, напорыстасьць, нахабства і да т.п. – не паказьнікі прагрэсіўнага кірунку разьвіцьця. А калі не абіраць правільны кірунак, заўсёды зойдзеш у тупік і… «адсохнеш» (гл. мал. 2). Вітаць сучасны квазі-лібералізм, захапляцца ім – гэта ўсё роўна, што вітаць “энэргічны рост” злаякаснай пухліны ва ўласным целе… Злаякасныя клеткі “мацней, актыўней” за здаровыя, яны выціскаюць апошія з арганізму. Але толькі з-за таго, што, як і ўсе дэгенераты, адкідаюць “абавязкі”, зьвязаныя з сістэмным суіснаваньнем усіх клетак у арганізьме.
Многія лібералы з гэтым параўнаньнем могуць не пагадзіцца, заяўляючы, што лібералізм ёсьць формай дэмакратыі. Але лібералізм, які для існаваньня дэмакратыі (улады народу) ня бачыць неабходнасьці ў існаваньні… народа – гэта ўсё роўна, што цырульня, у якой вам абяцаюць зрабіць добрую прычоску, але не гарантуюць, што… не адрэжуць галаву. Зьмястоўным дэмакратам-гуманістам, для якіх дэмакратыя – гэта рэалізацыя аб’ектыўных інтарэсаў канкрэтнага народу (а не “цырульня адрэзаных галоваў”) – відавочна, што абсалютнай зыходнай умовай сапраўднай дэмакратыі (а не яе імітацыі) зьяўляецца наяўнасьць народу!
Дайшло да таго, што цяпер на Захадзе ў палітычным дыскурсе амаль ня ўжываюцца ня толькі словы «этнас, народ, этнічная тэрыторыя, дзяржаўнасьць і свабода народу, этнацыд», а і кудысьці зьнікаюць нават такія паняцьці, як «дэмакратыя», «свабода слова»…
Паколькі псеўда-лібералізм і сапраўдная дэмакратыя – гэта па-сутнасьці альтэрнатывы, заяўляю: нам – беларусам – патрэбна менавіта зьмястоўная дэмакратыя, а ўсяму чалавецтву – менавіта сістэмны гуманізм (а не бюракратычны імперыялізм ці квазі-лібералізм).
Яшчэ больш выразна стаўленьне Еўрасаюзу да важнейшых беларускіх і агульналюдскіх праблем бачна не па словах, а па справах, на падставе якіх можна спрагназаваць будучыя паводзіны заходніх краін пасьля зьмены рэжыму ў Беларусі..
Першы ўзорны прыклад – стан Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, які цяпер знаходзіцца ў Вільнюсе. Амаль усё выкладаньне адбываецца там… на рускай мове, і агульная атмасьфера ў цэлым далёка не прабеларуская. А гэтую ВНУ Еўразьвяз актыўна падтрымлівае. Значыць, ён падтрымлівае этнацыдна-анэксацыйную палітыку расейскай імперыякратыі!
Другі прыклад і той жа зьмест. Факт прыняцьця Еўракамісіяй і “Нямецкай хваляй” беспрэцэдэнтнага рашэньня – вяшчаць на Беларусь… па-руску. Раней такое проста было б немагчыма. Цяпер – калі ласка. Этнацыдная рэчаіснасьць навязваецца нам наўпрост зь Еўропы.
Трэці прыклад зьвязаны з матэрыяльнай падтрымкай беларускай дэмакратыі. Справа ў тым, што Захад ёй… не дапамагае. Ён нашмат ахвотней спансаруе дзейнасьць нейкіх маргіналаў, здольных адзінае што запэцкаць сьцены недарэчнай ANTIFой (успомніце, для прыкладу, колькі бессэнсоўнай валтузьні было на працягу 5 гадоў з так званым “ЗУБРом”, і колькі “зеляніны” зьела гэтая жывёла, праўда, цяпер ужо падліна!). Захад дапамагае каму заўгодна, але толькі не сапраўдным беларускім дэмакратам, здольным забясьпечыць беларускі апазіцыйны рух суб’ектным, сэнсоўным і выніковым кіраваньнем. Прычына такіх дзіўных паводзін відавочная – упартае жаданьне прапіхнуць у Беларусі свой эгаістычны інтарэс, замест таго, каб убачыць у беларускіх дэмакратах партнэраў і дапамагчы беларускаму народу дасягнуць тое, што яму аб’ектыўна патрэбна…
Нарэшце, чацьверты і самы ўражвальны прыклад – гэта этнацыд беларусаў у цяперашняй “цывілізаванай” Еўропе на іх этнічнай тэрыторыі, якая была адрынута ў 1944 годзе ад Беларусі й аддадзена крывавым Сталіным цяперашняму сябру ЕЗ – Польшчы. Зьвярніце ўвагу, пра гэты этнацыд ніхто ня кажа ні слова!..
Калі да дадзенага вобразу цяперашняга Захаду дадаць яшчэ і:
– аўтамабілі, якія гараць на вуліцах французскіх гарадоў (так выбухаюць дэмаграфічныя міны, закладзеныя Шыракам і яго папярэднікамі);
– правядзеньне газаправоду аж па дне Балтыйскага мора наўпрасткі ў Германію, абы абысьці іншых актуальных і патэнцыйных сяброў Еўразьвязу – транзітныя краіны больш, чым са 100 мільённым насельніцтвам (уражвальны прыклад антысістэмных дэструктыўных паводзін; пра якую адзіную Еўропу можна пасьля гэтага казаць?);
– падазрэньні ў шматгадовай дзейнасьці сп-ра Продзі на карысьць КГБ-ФСБ, якія ўсплылі ў сувязі з забойствам Літвіненкі, некаторых яго сяброў у ФСБ і турэмным зьняволеньнем прафесара Скарамэлы;
– цяперашнюю службу былога канцлера Германіі звычайным клеркам у адной з кампаній Пуціна (!);
– уручэньне Шыракам ордэна Ганаровага легіёну таму ж Пуціну [http://lenta.ru/news/2006/09/22/orden; http://lenta.ru/news/2006/10/20/orden/];
– невыкананьне Вялікабрытаніяй сваіх абавязацельстваў па «Мемарандуме аб гарантыях бясьпекі Беларусі» [https://nashaziamlia.org/2006/12/22/460/], які быў прыняты ў сувязі з вывадам з Беларусі ў 1994 годзе ядзернай зброі;
– калі ўзгадаць карыкатурны вэрхал на тэму “Данія абразіла прарока”, у якім не вінаваты ніводны этнічны датчанін;
– адразаньне галоваў Буддзе, Іісусу і Мухамаду на сцэне берлінскай опэры;
– паездку Зімоўскага ў Еўропу, нягледзячы на папярэдняе рашэньне не пускаць туды такіх, як ён;
– нядаўняе ганебнае рашэньне Міжнароднай амністыі ў адносінах да Эстоніі [http://www.grani.ru/Society/Xenophobia/m.115443.html; http://www.amnesty.org.ru/pages/ruseur510052006] (хай бы паглядзелі перад гэтым на палітычную мапу сьвету, а яшчэ лепш вывучылі і асудзілі дыскрэмінацыю беларусаў у Беларусі!);
– а таксама адмоўную нараджальнасьць, высокую суіцыдальнасьць асабліва ў “старой Еўропе” (гэта сьведчыць пра пачуцьцё адзіноты, страту людзьмі сэнсу і радасьці жыцьця – тыповыя сімптомы хворага стану еўрапейскіх грамадстваў);
– і г.д., і да т.п., – становіцца зразумела, што Еўразьвяз не пасьпеў да канца стварыцца, а ўжо знаходзіцца ў сістэмным крызісе.
Пашырэньне Еўропы адбываецца ня як інтэнсіўны працэс гуманістычнага разьвіцьця, пры якім сістэмна складаюцца перавагі, а як экстэнсіўны працэс звычайнага павелічэньня памераў, калі проста разбураюцца межы і… зьліваюцца недахопы (дарэчы, сапраўднага суб’екта менавіта такога кірунку еўрапейскай “інтэграцыі” выявіць ня цяжка: трэба паглядзець, у якой сацыяльнай групы на фоне адносна невялікага агульнаеўрапейскага эканамічнага росту значна больш хутка растуць капіталы…).
Цяпер відавочна, адносна Беларусі Еўропа знаходзіцца проста на захад. І ня больш за тое. Аналагічна, як Расея – на усход.
Гэта ўсё больш становіцца відавочным ня толькі аўтару дадзенага артыкула, а і беларускаму грамадству – галоўнай сіле любых магчымых пераўтварэньняў у РБ. Таму не зьдзіўляе, што доля грамадзян Беларусі, якія жадалі б інтэгравацца ў Еўразьвяз, істотна не павялічваецца ня толькі напрацягу многіх гадоў, а і практычна не зьмянілася нават пасьля апошняга беларуска-расейскага нафта-газавага канфлікту.
Адсюль, у адпаведнасьці з ўзьнятай тэмай, калі анэксію Беларусі расейскай імперыяй можна ўявіць, як жахлівае спаўзаньне ў чорную бездань, дык уваход Беларусі ў склад Еўразьвязу на сёньня выглядае далёка ня рухам у гару на залітую сонцам вяршыню, а проста так – нейкім бессэнсоўным рухам на трохі прыўзьнятай плоскасьці (гл. мал. 8).
А нам, як мы ўжо высьветлілі (прычым, усім і абавязкова), тэрмінова трэба ўверх…
Мал. 8. Магчымыя шляхі Беларусі пасьля зьмены рэжыму. Сінімі лініямі пазначаны межы, чырвонымі стрэлкамі – магчымыя кірункі далейшага лёсу краіны.
9. Найлепшае выйсьце.
Зыходзячы з апісанага, зразумела: уваходжаньне ў сёньняшнюю Еўропу на фоне неабходнасьці вырашэньня беларускіх праблем і крытэраў гуманістычнага прагрэсу ня мае ніякага сэнсу. Гэта азначае, што ў беларускай “кропцы біфуркацыі” трэба шукаць іншыя варыянты, трэці шлях.
Дзе ён? Ён там, куды паказвалі Кант, Фром, Роўлз, іншыя філосафы-гуманісты, а канешне ж ня там, куды заманьвае Ф.Фукуяма [http://www.lib.ru/POLITOLOG/FUKUYAMA/konec_istorii.txt] са сваім “Канцом гісторыі” ці Пуцін са сваёй “інтэграцыяй”. Квазі-ліберальная касмапалітычная плынь, зьвязаная з рэалізацыяй эгаістычных інтарэсаў фінансавай алігархіі, такая ж бесперсьпектыўная, як і таталітарна-імперская, зьвязаная з рэалізацыяй эгаістычных інтарэсаў любых бюракратый (расейскай, кітайскай, нямецкай, еўрапейскай).
Факт, што мы жывем у сьвеце, які аб’ектыўна зьяўляецца сістэмным, дзе ўсё узаемазьвязана, узаемазалежна, можна ўлічваць у большай ці меншай ступені, а можна не ўлічваць. Як паступаць – вырашаць кожнаму. Але кожная істота, здольная да рацыянальнага мысьленьня, павінна ведаць адно: пярэчыць законам існаваньня ды разьвіцьця Сьвету і разьлічваць, што такое жыцьцё будзе бясконцым, ёсьць поўнае глупства. Пры працяглай эксплуатацыі дэструктыўных падыходаў да ўзаемадачыненьня з рэчаіснасьцю пакараньне дэструктару наступіць непазьбежна. Пытаньне толькі ў часе і колькасьці пабочных, адносна невінаватых ахвяр.
Паспрабую патлумачыць паразітычна-дэструктыўную бесперсьпектыўнасьць яшчэ на адным вобразе.
Мільярды клетак, якія складаюць арганізм чалавека, жывуць па альтруістычных прынцыпах. Яны функцыянуюць, дзеляцца, паміраюць не для сябе, а дзеля ўсяго арганізму, да якога належаць. Злаякасныя клеткі, якія з-за мутацый увесь час ўзьнікаюць у нашым арганізьме, пераключаюцца на эгаістычнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці – пачынаюць жыць для сябе, рабіць тое, што яны жадаюць, адносячыся да арганізму, у якім жывуць, толькі як да пажыўнага асяроддзя. Але наш Сьвет пабудаваны так, што эгаістычная злаякаснасьць ніколі ня можа ў ім перамагчы поўнасьцю, яна абавязкова будзе спынена на тым ці іншым этапе. Гэта добра бачна і на прыкладзе злаякасных клетак. Спачатку (і гэта будзе першая лінія абароны ад раку) у тых клетках, у якіх адбыліся мутацыі, апошнія выяўляюцца і рэпаруюцца адпаведнымі бялковымі сістэмамі клетак – ім нібы даецца магчымасьць “адумацца” (у такой сістэме, як чалавецтва, аналагічнымі зьявамі ёсьць пачуцьцё сумленьня, ідэі справядлівасьці, дэмакратыі, гуманізму, прагрэсу). Калі клетка ня выправілася і працягвае жыць з сапсаванай ДНК, у ёй запускаецца другая, больш высокаўзроўневая праграма абароны ад раку – клетка атрымлівае каманду на самазьнішчэньне, на апаптоз (у чалавецтва аналагічнымі зьявамі будуць: адзёргіваньне эгаіста іншымі людзьмі; спыненьне яго паліцыяй, сьпецслужбамі, пракуратурай, судом; правал на выбарах). Калі злаякасныя клеткі праігнаруюць і гэтую каманду, уключаецца трэці ўзровень абароны ад раку – зьнішчаць ракавыя клеткі пачынае імунная сістэма (у чалавецтва аналагічнымі зьявамі будуць: эканамічны і палітычны ціск на дзяржаву, дзе ўладу захапіла эгаістычна-паразітычная група з боку іншых дзяржаў; вайна, скіраваная на зьнішчэньне паразіта-агрэсара іх узброенай сілай). Калі ж й імунная сістэма ня справіцца, рост ракавай пухліны будзе спынены на чацьвертым узроўні – загіне ўвесь арганізм (для такой сістэмы, як чалавецтва, аналагічнай зьявай ёсьць гібель усёй людскай цывілізацыі, армагедон!).
Так пабудаваны Сьвет. Так, калі хто жадае, перамагае Бог. Зло заўсёды будзе пераможана. Пытаньне толькі ў тым, на якім этапе, якім коштам!
У чалавецтва ёсьць шанец існаваць і разьвівацца практычна бясконца. Ці выкарыстаем мы яго, ці загінем?! Вось яно – пытаньне…
Каб чалавецтва разьвівалася ці хаця б проста выжыла, вызначаць кірунак разьвіцьця грамадстваў, а тым больш ўсяго чалавецтва павінны не бюракратыя, не алігархія, ня тыя ці іншыя шавіністы, а… сапраўды высокаўзроўневая – г.зн. дэмакратычна-гуманістычная – нацыянальная эліта (у асобных грамадствах) і арганізацыя такіх элітаў (ва ўсім чалавецтве). Яе прадстаўнікі павінны быць вылучаны на ключавыя пазіцыі у ідэалогіі й палітыцы. Ім трэба дапамагаць падняцца і арганізавацца. Іх трэба слухаць, прымаць да ведама іх парады, а не душыць… Бо ўсё ўрэшце будзе альбо так, як трэба (г.зн., па-іхнаму), альбо ніяк!
У межах канкрэтнага пытаньня, разглядаемага канферэнцыяй, усё агаворанае вядзе да высновы, што ў геапалітычным плане бліжэйшую прагрэсіўную будучыню Беларусі можна зьвязваць толькі зь яе геапалітычна нэўтральным статусам (гл. мал. 8; кірунак гуманістычнага прагрэсу, які паказвае стрэлка, скіраваная ўверх, у сёньняшніх геапалітычных рэаліях зьвязаны з захаваньнем незалежнай беларускай дзяржавы). Пад гэтым статусам я маю на ўвазе толькі неўваходжаньне ў вайскавыя саюзы зь іншымі дзяржавамі (не ўступаем у НАТА, але і выводзім расейскія вайсковыя базы), пры разьвіцьці самых шырокіх эканамічных сувязяў з усімі краінамі сьвету (як бачым, ніякага ізаляцыянізму). Толькі ў такой геапалітычнай форме ў беларускага грамадства яшчэ захоўваецца шанц на значны гуманістычны прагрэс (пры ўмове, канешне, што да рычагоў вышэйшай палітычнай улады ў будучай Беларусі прыйдуць людзі з высокім сьветаглядным узроўнем). Нам трэба самім нарэшце пачаць будаваць сваю дэмакратыю, падобную на тую, якая ёсьць у Японіі, Паўднёвай Карэі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Ізраілі.
Акрамя таго, такі статус Беларусі, як кампраміс, можа задаволіць і “Вялікую Еўропу”, якая пакутуе ад інфляцыі пашырэньня, і “Расею”, якая так баіцца руху NАТO на ўсход.
У сувязі са ўсё большай стратай неўтральнага статусу Швэйцарыі, якая шмат стагоддзяў служыла стабілізуючым буферам у шматлікіх еўрапейскіх катаклізмах, будучы неўтральны статус Беларусі зьяўляецца ня проста магчымым. Ён выглядае адзіна сэнсоўным і для дзяржаў, разьмешчаных на еўрапейскім кантыненце, і для самой Беларусі. Таму кароткай формулай прапануемы статус Беларусі можна выказаць так: “Беларусь – другая Швайцарыя!”
Мне ўжо даводзілася прапагандаваць гэтую фомулу ў час выбарчай кампаніі 2004 году. Сьведчу, ужо тады яна ўспрымалася станоўча большасьцю людзей.
Канешне, калі сітуацыя вакол Беларусі складзецца па мадэлі «жыцьцё ці кашалёк», тады, канешне, жыцьцё – г.зн. у Еўропу, але толькі для захаваньня жыцьця.
У такой ступені, у якой у нас будзе магчымасьць свабоднага выбару, я заклікаю будаваць зь Беларусі другую Швайцарыю.
Тым жа “еўрааптымістам” – як лібералам, так і бюракратам, якім можа не спадабацца выкладзеная пазіцыя, урэшце хачу нагадаць: Швайцарыя – гэта таксама Еўропа, ды яшчэ якая!..
Люты 2007 г.