nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што такое нацыяналiзм? (амаль кБНІ)

4 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Вiнцэнт Гадлеўскi (“Беларускi Фронт”, 1 лютага 1939 г., №3 (37), Вiльня).

 

У першым нумары “Беларускага Фронту” сёлета, пiшучы на тэму: “Новагоднiя разважаньнi”, мы адзначылi вялiкую сiлу нацыянальнай iдэi або т.зв. нацыяналiзму. Мы тады сьцьвердзiлi, што нацыяналiзм зьяўляецца сяння вялiкай дынамiчнай сiлай, якая нясе сьвету глыбокiя палiтычныя перамены. I запраўды, прыглядаючыся ўважна да сучасных падзеяў, ня толькi ў Эўропе, але ў Азii, Афрыцы, мы прыходзiм да вываду, што галоўным маторам гэтых падзеяў ёсьць нацыяналiзм. Дык што такое нацыяналiзм?

 

Нацыяналiзм — гэта кiрунак чалавечай думкi, якая iмкнецца да ажыцьцяўленьня мэтаў, карысных для нацыi — народу. Значыць, першай i галоўнай падставай нацыяналiзму ёсьць iснаваньне народу (нацыi), а другой, каб гэты народ меў свае мэты. Ясна, што свае мэты можа мець толькi сьведамы народ. Бяз гэтых двух падставаў, гэта значыць, без iснаваньня нацыi й без наяўнасьцi мэтаў у гэтай нацыi, нацыяналiзм немагчымы.

 

Мэты ў кожнай нацыi могуць быць розныя, i, залежна ад мэтаў, можа быць розны нацыяналiзм. Гэтак — на першым пляне можна паставiць абарону нацыi ад загубы, iнакш кажучы, ад нацыянальнай сьмерцi. Гэтакую мэту мае той народ, якому пагражае асымiляцыя з боку мацнейшых народаў. У гэткага народу бывае нацыяналiзм абаронны.

 

Iншай мэтай можа быць развой народу ў кiрунку палiтычным, эканамiчным i культурным. Што датычыць разьвiцьця ў палiтычным кiрунку, дык нацыя, пранятая духам нацыяналiзму, iдзе да здабыцьця для сябе роўных правоў зь iншымi народамi, да закладзiнаў сваёй дзяржаўнасьцi й да адыграньня сваёй ролi ў сусьветных падзеях; у эканамiчным кiрунку — да стварэньня як найлепшых умовiнаў эканамiчнага жыцьця для свайго народу, а ў культурным — да разьвiцьця лiтаратуры, навукi, мастацтва й усяго, што зьвязана з асьветай i цывiлiзацыяй. Гэта ёсьць нацыяналiзм творчы.

 

Але ёсьць яшчэ iншы нацыяналiзм, якi зьяўляецца тады, калi адзiн народ хоча падпарадкаваць сабе iншы народ. Гэта можа адбывацца або пры дапамозе сваiх культурных уплываў, або пры дапамозе сiлы. Культурнае аддзеяньне аднаго народу на iншыя народы адбываецца тады, калi культура гэнага народу, ягоная лiтаратура, навука й мастацтва настолькi вялiкiя, што не прыняць iх немагчыма, а панаваньне пры дапамозе сiлы адбываецца тады, калi сiльнейшы народ забiрае пад сваю ўладу слабейшы й стараецца яму накiнуць сваю мову, культуру, а разам з гэтым сваю нацыянальнасьць. Гэта ёсць нацыяналiзм iмпэрыялiстычны.

 

Гэтак адрозьнiваем нацыяналiзм абаронны, творчы й iмпэрыялiстычны.

 

У абаронным нацыяналiзьме знаходзiм сьведамасьць нацыянальнай апрычонасьцi i волю баранiць свой народ ад нацыянальнай сьмерцi. Абаронны нацыяналiзм выступае галоўна ў народаў падняволеных. Але абарону нацыi трудна было б правесьцi без нацыянальнай творчасьцi, а гэта дзеля той прычыны, што той народ, каторы толькi баронiцца, а нiчога ня творыць, уканцы ня выдзяржыць i паддасца чужому народу. Можна сказаць з усёй упэўненасьцю, што народы, якiя толькi бароняцца й не выказваюць творчасьцi, зьнiкнуць з воблiку зямлi як нацыi. Значыць, нацыя, баронячыся, павiнна адначасна тварыць, разьвiваць свае нацыянальныя вартасьцi, сваю мову, сваю лiтаратуру й мастацтва, iдучы разам з гэтым да здабыцьця для сябе палiтычных правоў, роўных зь iншымi народамi. Нацыя, якая б адказалася або не iмкнулася да роўных правоў зь iншымi народамi, ня ёсьць поўнавартаснай нацыяй i не заслугоўвае на iмя нацыi.

 

Творчы нацыяналiзм кожнай поўнавартаснай нацыi вядзе тую нацыю да стварэньня сваёй дзяржавы. Гэта мы бачылi ў народаў: польскага, чэскага, латыскага i iншых. Без сваёй дзяржавы нацыя ня мае свабоды, якая патрэбная да разьвiцьця творчых сiлаў народу, яго лiтаратуры, навукi, мастацтва, гаспадарчага жыцьця i г.д. Усебакова разьвiваць свае нацыянальныя вартасьцi нацыя зможа толькi ў сваёй дзяржаве. Дый дзяржавы па Вялiкай вайне паўставалi найбольш на нацыянальнай, а не на якой iншай падставе, добра, мусiць, разумеючы, што нацыянальныя асаблiвасьцi (мова, нац. характар, звычаi) найболей лучаць i цымантуюць людзей.

 

Гiсторыя нас вучыць, што дзяржавы, зложаныя зь некалькiх нацыянальнасьцяў, развальвалiся, а ня было выпадку, каб развалiлася дзяржава, зложаная з адной сьведамай нацыi. Дык для дабра нацыi й дзяржавы трэба, каб гэтыя два паняцьцi супадалi, творачы адно цэлае.

 

Для сутнасьцi творчага нацыяналiзму патрэбны: сьведамасьць сяброў данай нацыi аб сваiм фiзычным i псыхiчным сваяцтве; воля падняцьця гэтай нацыi i зраўнаньня яе зь iншымi нацыямi; праца дзеля разьвiцьця нацыянальных вартасьцяў народу, яго мовы, лiтаратуры, навукi, мастацтва, а такжа падняцьця ягонага эканамiчнага й палiтычнага бытаваньня. Такога творчага нацыяналiзму спыняць нiхто ня мае права, анi свой, анi чужы. Хто б спыняў, той грашыў бы супраць свайго або супраць чужога народу. Калi мы шануем правы адзiнкi, дык яшчэ болей павiнны шанаваць правы народу.

 

З усяго, што мы сказалi, вывад такi, што нацыя без нацыяналiзму iснаваць ня можа; што кожная нацыя мае свой арыгiнальны нацыяналiзм; што кожны, хто працуе для дабра нацыi або баронiць яе, ёсьць у такiм цi iншым сэнсе нацыяналiстым.

 

Ды мы як запраўдныя нацыяналiсты павiнны кiравацца дабром сваёй нацыi.

 

Ад рэдакцыі:

Гэтаму артыкулу хутка споўніцца 70 гадоў. Мы атрымалі яго па электроннай пошце ад групы нашых адзінадумцаў (Partal Prauda <rassilka@prauda.org>: Янка Базыль, Юрка Марозаў, Валеры Буйвал).  У суправаджальным допісе адзначалася, што ён быў перадрукаваны ў газеце “Народная Воля” ў нумары за 16.02.2007 г. Мы вырашылі выставіць артыкул В.Гадлеўскага на нашым сайце па прычыне ўражлівага падабенства думак прадстаўнікоў нацыянальнай эліты пра наш народ, дзяржаву, дэмакратыю цяпер і ў той час…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы