nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

УЛАДКАВАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ БУДАЎНІЦТВЕ БЕЛАРУСІ (частка 2; кБНІ)

5 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Паўлюк Бука,  Юрась Пацюпа,  Алег Багуцкі, Святлана Словік

 

4. ПРАГРАМА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎЛАДКАВАННЯ  (прыклад праграмы)

 

4.1. Агульная характарыстыка.

 

Праграма створана на аснове сiстэмнага падыходу ў дзяржаўным будаўнiцтве. Яна змяшчае звязаныя раздзелы, адпаведныя стану i дзейнасцi Беларусi ў навакольным свеце, яе ўладзе (заканадаўчай, выканаўчай i судовай) i мясцоваму кiраванню. У згаданых раздзелах азначаны канкрэтныя прапановы ўладкавання ўсiх узроўняў дзяржавы (прыроды, насельнiцтва, вытворчасцi i гандлю, творчай дзейнасцi) i яе ўзаемадзеянняў з іншымi дзяржавамi на гэтых узроўнях.

 

4.2. Мэты i дзейнасць Беларусi ў навакольным свеце.

 

Актыўны ўдзел у дзейнасцi ААН i іншых наддзяржаўных iнстытутаў, скiраванай на ахову i аднаўленне прыроды свету, абарону правоў людзей, узгадненне вытворчых i гандлёвых узаемадзеянняў дзяржаў, падтрымку iх мовы, мастацтва, навукi i асветы, перадухiленне ўзброеных сутыкненняў.

 

Захаванне i аднаўленне ўзаемакарысных сувязяў з дзяржавамi СНД i ўсталяванне новых узаемадзеянняў з іншымi дзяржавамi свету такiм чынам, каб ураўнаважыць сувязi з асобнымi дзяржавамi, зрабiць iх разнастайнымi, абаранiць  агульны жыццёвы лад Беларусi ад разбурэнняў, абумоўленых магчымымi зменамi ладу дзяржаў, з якiмi яна звязаная.

 

Скарыстанне ў наладжваннi ўзаемадзеянняў Беларусi з навакольным светам яе выгаднага геапалiтычнага становішча.

 

Наданне асобай значнасцi сувязям у творчай дзейнасцi.

 

4.3. Удасканаленне ўласнага ладу Беларусi.

 

На ўзроўнi заканадаўчай, выканаўчай i судовай улады.

 

Удасканаленне Канстытуцыi Беларусi ўвядзеннем у яе ў дадатак да раздзела, адпаведнага дэмаграфiчнаму заканадаўству, раздзелаў аб прыродным, вытворчым i творчым заканадаўстве.

 

Змена выканаўчай i судовай улады ў адпаведнасцi з новымi раздзеламi — стварэнне канстытуцыйна азначаных выканаўчых i кантрольных устаноў па ўсiх раздзелах асноўнага закону на ўзроўнi дзяржавы i ў мясцовым кiраваннi.

 

Стварэнне дзяржаўных i мясцовых вылiчальных сетак з мэтай падтрымкi ўлады (у тым лiку ўстаноў дзяржаўнай бяспекi i аховы межаў) дакладнымi ведамi аб стане i руху ўсiх узроўняў дзяржавы i яе навакольных сувязяў.

 

Без увядзення прапанаваных раздзелаў у Канстытуцыю асобныя законы, скiраваныя на ахову прыроды, карыстанне зямлёй, стварэнне i ўмацаванне прыватнай уласнасцi ў вытворчасцi i гандлi, падтрымку навукi, асветы i мастацтва, абарону ўласнага ладу i межаў Беларусi ад незаконных уздзеянняў, аказваюцца няўзгодненымi адзiн з адным i непрыдатнымi ў карыстаннi. Такiя стратэгiчныя законы практычна выведзены за межы iх кантролю ў Канстытуцыйным Судзе. У вынiку ствараецца магчымасць беспакаранага злоўжывання ўладай, абцяжарваецца рух да прававой дзяржавы, людзi дрэнна ўсведамляюць iх правы i абавязкi, не маюць належнай абароны ад дзяржаўных устаноў, злачынных вытворчых i гандлёвых утварэнняў, прыродных бедстваў.

 

Прапанаваныя змены маюць навуковае абгрунтаванне i адпаведную дакументацыю, абмеркаваныя на ўсiх узроўнях навукi. Яны ўзгоднены з рухам удасканалення Статутаў ААН i СНД i разгортваюцца на ўсiх канкрэтных кiрунках уладкавання дзяржавы.

 

На ўзроўнi творчай дзейнасцi.

 

Удасканаленне законаў, выканаўчых i судовых устаноў, скiраваных на ўладкаванне навукi, асветы, мастацтва i канструявання Беларусi, у тым лiку друку, радыё i тэлебачання.

 

Зараз творчая дзейнасць, якая можа i павiнна стаць асноўнай крынiцай дабрабыту дзяржавы, працягвае ўсведамляцца як другарадная, як утрыманка дзяржавы, вытворчых i гандлёвых колаў. Яе вынiкi, без якiх немагчымае стварэнне разумных законаў, канкурэнтаздольнай вытворчасцi i выгаднага гандлю, выхаванне прафесiйна годных, дзеяздольных i адказных асоб, ахова i аднаўленне прыроды, не маюць належнай падтрымкi. З другога боку, навука i канструяванне практычна не нясуць адказнасцi за ўкараненне разбуральных тэорый i тэхналогiй, за бяздзейнасць у дзяржаўным будаўнiцтве. Асвета не адказвае за рост беспрацоўя, злачыннасцi i захворванняў, абумоўленых адсутнасцю належных ведаў i выхавання. Мастацтва амаль не мае дачынення да будаўнiцтва, тэхнiчных i іншых вытворчых вырабаў, умоваў жыцця i працы. Навука, асвета, мастацтва i канструяванне ў Беларусi павiнны атрымаць законы i ўстановы, якiя б заахвочвалi ўкладаннi ў гэтую дзейнасць з боку гандлёвых i вытворчых колаў, а з другога боку, садзейнiчалi росту адказнасцi творчасцi за ўласны лад дзяржавы i яе стан у свеце.

 

Неадкладныя меры: стварэнне сеткi навукова-асветных устаноў, якiя б забяспечылi вывучэнне законаў Беларусi, замежных моў i ладу іншых дзяржаў, здзяйснялi падтрымку ў стварэннi ўласных вытворчых i гандлёвых адзiнак.

 

На ўзроўнi вытворчасцi, гандлю i валютнай сiстэмы.

 

Удасканаленне вытворчага заканадаўства, канстытуцыйнае замацаванне асноўных правоў i адказнасцi вытворчых i гандлёвых адзiнак з улiкам удзелу вытворчасцi, гандлю i вылютнай сiстэмы ў сувязях Беларусi з навакольным светам, узаемадзеянняў вытворчасцi i гандлю з творчымi коламi, насельнiцтвам i прыродай. Змена ў адпаведнасцi з новым заканадаўствам выканаўчай i судовай улады. Стварэнне вылiчальнай сеткi, скiраванай на ўладкаванне вытворчага ўзроўню.

 

Вытворчасць, гандаль i валютная сiстэма Беларусi практычна не падтрымлiваюцца зараз яе навукай, асветай, мастацтвам i канструяваннем — пераважная колькасць творчых устаноў значна адстае ў руху змены дзяржаўнага ладу. Укараненне рынкавых механiзмаў без гэтай падтрымкi вядзе да разбурэння i дзяржаўнай вытворчасцi, i новых прыватных вытворчых i гандлёвых адзiнак, у тым лiку сельскагаспадарчых. Неабгрунтаванае запазычванне законаў i ўстаноў іншых дзяржаў, складзеных у іншых умовах, выклiкае рэзкi рост злачыннасцi ў вытворчых i гандлёвых колах, падзенне ўзроўню жыцця насельнiцтва, заняпад прыроды i ў вынiку адмаўленне рынку наогул.

 

Вытворчыя i гандлёвыя адзiнкi Беларусi, як дзяржаўныя, так i прыватныя, павiнны атрымаць дакладнае канстытуцыйнае азначэнне iх правоў i адказнасцi, узгодненае з уласным ладам Беларусi. Нiхто не можа беспакарана замiнаць iх карыснай дзейнасцi, забараняць iх без суду i следства, абмяжоўваць неабгрунтаванымi падаткамi. У той жа час гэтыя адзiнкi павiнны адказваць за ўрон, нанесены прыродзе, людзям, іншым вытворчым i гандлёвым адзiнкам, дзяржаўнаму ладу Беларусi i яе стану ў свеце.

 

Дзяржава павiнна заахвочваць укараненне ў вытворчасцi, абслугоўваннi i гандлi тэхналогiй, скiраваных на стварэнне канкурэнтаздольных вырабаў i ўдасканаленне ўмоваў працы, заахвочваць удзел у аднаўленнi прыроды, аздараўленнi людзей, матэрыяльным забеспячэннi непрацаздольных, удзел у творчай дзейнасцi, у стварэннi i ўмацаваннi ўзаемадзеянняў з іншымі дзяржавамi.

 

Неадкладныя меры. Стварэнне вылiчальнай сеткi з занясеннем у яе ўсiх звестак аб дзяржаўных i прыватных прадпрыемствах, неабходных для дзяржаўнага i прыватнага кантролю iх стану i дзейнасцi ў дачыненнi да прыроды, насельнiцтва, узаемадзеянняў з іншымі прадпрыемствамi ў Беларусi i за яе межамi, творчых магчымасцяў, дачыненняў з iнстытутамi дзяржаўнай улады. Здзяйсненне раздзяржаўлення стратных прадпрыемстваў пад кантролем усiх зацiкаўленых асоб i ўстаноў. Усебаковае спрыянне стварэнню невялiкiх i сярэднiх прыватных прадпрыемстваў, у тым лiку сельскагаспадарчых, спрыянне ўсталяванню iх сувязяў з беларускiмi i замежнымi прадпрыемствамi, аказанне падтрымкi з боку юрыдычных, навуковых i асветных устаноў. Стварэнне ўмоў для прыцягнення замежных сродкаў. Умацаванне ўласнай валютнай сiстэмы.

 

На дэмаграфiчным узроўнi.

 

Удасканаленне дэмаграфiчнага заканадаўства ў асноўным ускоснымi сродкамi — канстытуцыйным замацаваннем правоў асоб як магчымых стваральнiкаў i ўладальнiкаў вытворчых i творчых адзiнак, а з другога боку — iх права на жыццё i дзейнасць у годных прыродных, жыллёвых i працоўных умовах. Умацаванне дзейных i стварэнне новых механiзмаў выканаўчай i судовай улады, адказных за няўхiльнае забеспячэнне правоў i рост дабрабыту насельнiцтва. Стварэнне вылiчальных сетак з мэтай дакладнага ўсведамлення стану i кiрункаў змены дэмаграфiчнага ўзроўню, аказанне кантраляванай дапамогi.

 

У Беларусi натуральны прырост насельнiцтва знiжаецца, расце дзiцячая смяротнасць, колькасць цяжкiх захворванняў, дзiцячая злачыннасць. Моладзь амаль не падрыхтаваная да самастойнага жыцця i працы. Значная частка працаздольнага насельнiцтва не ў стане забяспечыць утрыманне сям’i, расце яўнае i схаванае беспрацоўе (пераважна сярод моладзi i жанчын), колькасць цяжкiх злачынстваў i самагубстваў. Людзi сталага ўзросту i хворыя, якiя складаюць каля трэцi насельнiцтва, апынулiся практычна за мяжой выжывання.

 

Прычыны гэтага цяжкага стану дэмаграфiчнага ўзроўню абумоўленыя станам  іншых узроўняў дзяржавы: забруджанасцю прыроды ў вынiку Чарнобыльскай аварыi i іншых тэхнагенных уздзеянняў; недасканаласцю медыцынскага абслугоўвання; дрэннымi ўмовамi жыцця i працы; немагчымасцю атрымаць у навучальных установах выхаванне, веды i прафесiйныя навыкi, якiя б забяспечылi прыстойнае працаўладкаванне ў сучасных умовах; недахопамi ўстаноў выканаўчай улады, адказных за размеркаванне сродкаў i ўтаймаванне злачыннасцi (у тым лiку ў прыватызацыi дзяржаўнай маёмасцi); неўладкаваным заканадаўствам, якое не мае належнай навуковай падтрымкi i не разлiчанае на мясцовыя ўмовы; неўсведамленнем уладай карэнных зменаў ладу суседнiх дзяржаў, немагчымасцi захоўваць раней складзеныя вытворчыя сувязi (разлiчаныя на дзяржаўную ўласнасць), недастатковай увагай да ўсталявання новых вытворчых, гандлёвых i творчых узаемадзеянняў з гэтымi дзяржавамi i іншымі краiнамi свету.

 

Неадкладныя меры для выкаранення названых прычын i ўладкавання дэмаграфiчнага ўзроўню ў асноўным неабходна прымаць у іншых колах дзяржавы, змяняючы стан сiстэмы выхавання i навучання, вытворчасцi (у тым лiку жыллёвага будаўнiцтва), медыцынскага абслугоўвання, прыродных умоваў. Асноўная мера, без якой немагчымае здзяйсненне кантролю за ўмовамi жыцця, навучання i працы, размеркаваннем дзяржаўных сродкаў, — гэта стварэнне навукова абгрунтаванай сеткi ведаў, разлiчанай на задачы выканаўчай, судовай i заканадаўчай улады, мясцовага кiравання i на актыўны ўдзел насельнiцтва ў кантролi дэмаграфiчнага i іншых колаў.

 

На ўзроўнi прыроды.

 

Стварэнне прыроднага заканадаўства i яго канстытуцыйнае замацаванне з мэтай аховы i аднаўлення прыроды, забеспячэння разумнага карыстання зямлёй i яе нетрамi, рэкамi i азёрамi, паветранай прасторай, раслiнным i жывёльным светам. Усталяванне сувязi прыроднага заканадаўства з дэмаграфiчным, вытворчым i творчым з мэтай заахвочвання ўдзелу ва ўладкаваннi прыроды i росту адказнасцi за яе стан. Удасканаленне дзейных i сварэнне новых, адпаведных зменам у прыродным заканадаўстве выканаўчых i судовых устаноў. Стварэнне навукова абгрунтаваных сетак ведаў аб стане i зменах прыроды, разлiчаных на карыстанне iмi з боку дзяржаўнай i мясцовай улады, усiх зацiкаўленых асоб i ўстаноў.

 

Прырода Беларусi ў вынiку Чарнобыльскай аварыi, іншых тэхнагенных, навукова-канструктарскiх i ўладных злачынстваў (у тым лiку непрадуманай мелiярацыi, звядзення лясоў, хiмiчнага забруджвання глебы, рэк, азёр, паветра) знаходзiцца ў крытычным стане. Гэты стан стварае цяжкую пагрозу жыццю i здароўю насельнiцтва, разгортванню вытворчасцi i абслугоўвання (у тым лiку сельскай гаспадаркi, адпачынку), дзейнасцi дзiцячых выхаваўчых i навучальных устаноў. У многiх месцах з-за адсялення аказалiся разбуранымi ўнiкальныя крынiцы народнай творчасцi. Вялiкiя затраты на аднаўленне прыроды (i на вытворчасць у непрыдатных умовах) нясе мясцовая i дзяржаўная ўлада.

 

Неадкладныя меры: стварэнне сетак ведаў аб стане i зменах прыроды з удзелам касмiчнай тэхнiкi, аэрафотаздымкаў, наземных станцый; укараненне прыродазберагальных тэхналогiй у вытворчасцi.

 

4.4. Заключэнне.

 

Гэтая праграма зараз адзiная, якая ўлiчвае i звязвае ўсе задачы дзяржаўнага будаўнiцтва, дае магчымасць узгодненага ўладкавання ўсiх узроўняў дзяржавы i яе ўзаемадзеянняў з іншымі дзяржавамi свету. Без выканання азначаных у праграме дзеянняў немагчымае выкараненне злачынства i стварэнне прававой дзяржавы, аднаўленне прыроды, рост дабрабыту людзей, уздым вытворчасцi, навукi, асветы i мастацтва Беларусi.

 

5. ЗАКАНЧЭННЕ

 

Пастаянныя змены, што адбываюцца ва ўласным ладзе сучасных дзяржаў (у тым ліку Беларусі) і іх навакольным свеце, патрабуюць хуткага ўдасканалення і змены законаў і адпаведнага ўзгаднення іх між сабой. Гэта не можа быць дасягнута ў межах вядомых Канстытуцый і механізмаў заканадаўства.

 

Прапанаваны новы варыянт сучаснага Статута дзяржавы (Канстытуцыі), што змяшчае механізм яго змены, раздзелы аб усіх узроўнях дзяржавы, яе ўстановах улады і навакольных сувязях. Такім чынам перабудаваны Статут дазваляе ўладкаваць усе галіны заканадаўства і мэтанакіравана ствараць новыя, звязаныя між сабой законы, скіраваныя на ўладкаванне ўсіх узроўняў дзяржавы. Статут змяшчае азначэнне ўсіх законаў дзяржавы, усіх устаноў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Гэта дазваляе паставіць усе дзяржаўныя інстытуты і іх дзеянні пад кантроль Канстытуцыйнага Суда (кантроль на адпаведнасць Статуту) і, у выпадку неабходнасці, хутка змянять уласны лад дзяржавы праз змену яе Статута. У зменлівым свеце новы Статут стварае механізм легітымнай змены (уладкавання) дзяржавы.

 

Разгледжаны працэс канструявання новага Статута Беларускай дзяржавы і прапанавана адпаведная праграма, выканне якой мусіць прывесці да ўзнікнення гэтага Статута і ўладкавання на яго аснове ўсяго заканадаўства і ўстаноў дзяржаўнай улады.

 

Новы Статут Беларускай дзяржавы ўзгоднены з рухам складання і множання дзяржаў (што адбываецца ў межах Еўрапейскага Звяза і ААН), а таксама з новымі  тэхналогіямі ўладкавання ведаў – сеткамі ведаў. Актыўнае стварэнне і выкарыстанне сетак ведаў і іншых ведавых тэхналогій дазволіць Беларусі (як і іншым сучасным дзяржавам) эфектыўна вырашаць унутраныя і вонкавыя задачы і зробіць яе моцнай і ўплывовай у свеце дзяржавай.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы