З. Зданевіч (сябра БПС)
Апошнім часам удалося праглядзець некалькі сайтаў расейскіх шавінюг у Беларусі. Што казаць – “брыда на брыдзе сядзіць і брыдой паганяе”. Часам лепш мець справу з ідэйным ворагам, чым з дробнай шушарай. Але вось што дзіўна – на сайтах ворагаў Беларускай Дзяржавы амаль зусім не прыгадваецца Мілінкевіч. Не тое, каб там ён быў дрэнны, кепскі. Не, яго зусім няма, як няма на сайтах расейскіх фашыстаў Калякіна, Вячоркі, Лябедзькі…
А хто ёсьць? Многа ўвагі аддадзена Пазьняку, ягонай пазіцыі ды палітычным ідэям. Але яшчэ больш увагі ўдзяляецца кіраўніку незарэгістраванай Партыі Свабоды С.Высоцкаму. Якіх абразаў у яго адрас тут толькі няма. І яўная хлусьня, што нейкія лімонаўцы ледзь не пабілі ўвесь БПС. Сьвядомае зьмяньшэньне колькасьці і грамадскага ўплыву нацыянальна-патрыятычнай партыі ды ейнага лідара. А нярэдка ўжываюцца звычайныя абразы, пераход на ўзровень “згнюсіць апанента за любы кошт”. Эпітэты кшталту “гарадскі вар’ят”, “фанатык”, “агент ЗША” і г.д. – праз радок.
Мяркуючы па Інтэрнэце, ворагі Беларускай Незалежнасьці, у адрозьненьне ад еўрапейскіх функцыянераў, выдатна разумеюць, хто ўяўляе небясьпеку для расейскага імперыялізму ў Беларусі, хто зьяўляецца сапраўдным ворагам расейскай імпербюракратыі.
Аднак вось парадокс – паралельна нейкія “добразычліўцы” абвінавачваюць кіраўніка БПС у… “супрацоўніцтве з расейскай Партыяй Свабоды”. Вось так: для адных “агент ЗША”, а для другіх – “сябра расейскіх фашыстаў”. Гэта значыць, што ў аддзелах ФСБ дзейнасьць БПС атрымала сур’ёзную адзнаку, што там ацанілі тую пагрозу, якую Арганізацыя ўяўляе для імперскіх планаў у нашай краіне.
Таму было санкцыянавана стварэньне ў Расеі падобнай партыі з аналагічным назовам. Нават сымболіка была скрадзеная ў беларускіх патрыётаў (бел-чырвона-чорны сьцяг). Як гэта нагадвае папярэднюю гісторыю з “БПС-2”, толькі ўжо даведзеную да новага – міждзяржаўнага– ўзроўню.
Яшчэ адно. Пры адсутнасьці дастатковай інфармацыі пра рэальную дзейнасьць палітыка ці арганізацыі вакуум заўсёды запоўняць апаненты і плёткі. Нават калі апаненты абы-якія, а плёткі высмактаныя з пальца. Аднак ёсьць аб’ектыўныя рэчы, а менавіта – працяг жорсткага перасьледу беларускіх патрыятычных сіл. Мафія расейская, мафія лукашысцкая (марыянеткавая), мафія заходняя і мафія апазіцыйная супольна “мочаць” і блакуюць сваіх апанентаў. Бо задача любой мафіі – гэта паразітаваць на народзе. Заступнікам аб’ектыўных інтарэсаў нацыі можа быць толькі нацыяналіст-патрыёт. У гэтым сэнсе паказальна, як ФСБ і КГБ па-чорнаму “мачылі” Беларускі нацыянальны цэнтр у Кіеве, які быў адчынены пасьля “Памаранчавай” рэвалюцыі ва Украіне 2004-05 гг. У Кіеве – і то дасталі, а ў Менску офіс БНФ, офіс “Хартыі” ў цэнтры гораду – і нікому не патрэбныя. А, мо, патрэбныя?..
Тая блакада, якая працягваецца ў дачыненьні БПС ды іншых беларускіх арганізацый і асоб, блакада матэрыяльная ды інфармацыйная – гэта праява праўдзівасьці Партыі Свабоды ды патрыятычных сіл. Натуральна, калі ўвесь бюджэт партыі – гэта партыйныя складкі, то цяжка весьці “раскручаную” інфармацыйную барацьбу. Не кажучы ўжо, што ў адрозьненьне ад апазіцыйнага афіцыёзу, які мае і стабільнае фінансаваньне (ад Захаду і ад Расеі), і добрыя офісы, і сучаснае абсталяваньне, народна-патрыятычныя сілы знаходзяцца на паўпадпольным становішчы. Але заўжды ў гісторыі чалавецтва тады адбывалася нешта важкае, калі зьяўляліся людзі з чыстым сэрцам і жалезнай воляй, якіх нельга было купіць ні за якія грошы! Ні купіць, ні запужаць, ні падмануць!
У беларускай гісторыі так было, калі не здолелі ні немцы, ні палякі падняволіць Вітаўта Вялікага. Калі не збаяліся літвіны лютага маскоўскага цара ды не прадаліся за маскоўскія грошы ў часы Івана Жахлівага. Калі знайшліся годныя сэрцы, якія ў часы Другой сусьветнай вайны і пасля яе ўзнялі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг ды павялі двуфрантавую, а то і трохфрантавую барацьбу (супраць расейскіх камуністаў, нямецкіх нацыстаў, польскіх шавіністаў) за незалежнасьць Радзімы. Так змагаліся нацыяналісты-патрыёты Беларускай Незалежніцкай Партыі.
Дарэчы, тэма барацьбы беларускіх нацыяналістаў у ХХ стагоддзі – самая хваравітая для ненавісьнікаў беларускай нацыі. Апошнім часам менавіта з-за гэтай тэмы ў адрас БПС льецца рака нянавісьці. І тутака ўсё зразумела: тэма ахвярнага змаганьня за Ідэю Незалежнай Беларусі – гэта сапраўдная, цьвёрдая, магутная праўда, побач з якой і ворагі, і розныя паразіты бачныя ў сваім сапраўдным абліччы. А з іншага боку – гэта нітавіна змагарных традыцый, лучнасьць пакаленьняў.
За апошні месяц толькі сайт Салігорскай філіі БПС двойчы ўзламываўся невядомымі. Гэта пры тым, што іншыя сайты беларускай апазіцыі існуюць гадамі і ніхто іх не ўзламвае.
“Нездарма сабакі брэшуць – відаць, ваўка чуюць”, – так кажуць у народзе.