nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Экалогія чалавека і здароўе нацыі (кБНІ)

11 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Аляксей Мікуліч

Чарнобыльская трагедыя, экалагічныя катастрофы, хваробы цывілізацыі, урбанізацыя і індустрыялізацыя. Зашмат новых з’яў і здарэнняў у жыцці беларускага народу. Мяняецца яго генафонд, мяняюцца менталітэт і паводзіны. Найцяжэй сёння выжыць простаму чалавеку. Зараз дакладна вядома, што на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях пражывае болей за 1,6 млн. чал., з іх 420 тыс. дзяцей. 4,3 млн. чал. кантактуюць з высокімі (у 2-3 разы вышэй за ПДК) канцэнтрацыямі такіх надзвычай шкодных для здароўя хімічных рэчываў, як фенолы, фармальдэгід, вокіслы серы, дыяксіды і цяжкія металы. З’яўляюцца новыя сацыяльна і экалагічна абумоўленыя хваробы цывілізацыі, назіраецца рост хранічных захворванняў.

Уся гэтая палітра дысгарманічных стасункаў паміж чалавекам і біясферай, прыродай і грамадствам не заўсёды была такой алагічнай. Старажытны чалавек шанаваў сваё наваколле. Беларускі этнас захаваў ландшафтнае асяроддзе амаль некранутым да пачатку гэтага стагоддзя. Наяўнасць ці адсутнасць этнаканфесійнай дамінанты шчыльна звязаныя з экалагічнай самасвядомасцю, з маральнымі паводзінамі людзей. Войны XX ст., бежанства, шматлікія міграцыі сялян у горад і нават за межы Радзімы пачалі разбураць вякамі эвалюцыйна фармаваную іерархію папуляцый. Сёння, на фоне дэпапуляцыйных працэсаў, цалкам адсутнічае заклапочанасць станам як экалагічнай, так і дэмаграфічнай сітуацый. Здзіўляе вялікая розніца паміж асабістым разуменнем наяўнасці экалагічных праблем і калектыўным неразуменнем іх актуальнасці. Нажаль, сучасная навуковая і творчая інтэлігенцыя таксама не працуе над канцэпцыяй экадэмаграфічнай ідэнтычнасці і рэгіянальнай этнічнай самасвядомасці.

Этнічная памяць, настальгія па малой радзіме ў межах адпаведнай ландшафтнай геаграфіі дазволяць будаваць свой беларускі дом, сваю эканоміку і геапалітыку. Час суперэтнасаў і супердзяржаў мінае. Менавіта імі парушаны натуральна аптымальныя, у недалёкім мінулым гарманічныя ўзаемадачыненні чалавечых калектываў з навакольным асяроддзем. Замест чалавека-стваральніка мы маем зараз чалавека-спажыўца і нават разбуральніка жывой і нежывой прыроды.

Наша дасканалае вывучэнне спадчыннай зменлівасці генетыка-дэмаграфічных прыкмет у геаграфічнай прасторы і гістарычным часе дазволіла вызначыць шляхі і дыялектыку даволі шчыльных узаемадачыненняў паміж асобнымі папуляцыямі чалавека і навакольным асяроддзем, а таксама ўзаемаўплыву чалавека. З дапамогай кампутарна-статыстычнага аналізу прасочана стратыфікаваная сістэма зменлівасці генафонду беларускага этнасу ў межах Усходняй Еўропы. Даследаванне міжпапуляцыйнага размеркавання ДНК-маркёраў спрыяе далейшаму пошуку шляхоў захавання наяўнай генадэмаграфічнай разнастайнасці, а таксама ў распрацоўцы навуковых асноў экалагізацыі калектыўнай свядомасці і асабістай маральна-этычнай арыентацыі.

Прынцыпам аховы Прыроды і Чалавека павінна стаць захаванасць усёй біялагічнай разнастайнасці жывых істот, у тым ліку генома чалавека. Толькі ў такім разе магчымае развіццё грамадства і камфорт кожнай сям’і. Калі такое здарыцца, амаль усе сучасныя дэмаграфічныя праблемы будуць вырашаны. Толькі ўпэўненасць у заўтрашнім дні, у заможным і духоўна насычаным жыцці нашчадкаў будзе спрыяць нараджэнню здаровых дзяцей, працаздольнасці сталых людзей, забяспечанай старасці.

 

Ад рэдакцыі:

На час правядзеньня канферэнцыі Аляксей Мікуліч – антраполаг, доктар біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, сапраўдны член Міжнароднай акадэміі экалогіі; старшыня Беларускай экалагічнай партыі зялёных (Менск).

На сёньня сп-р Аляксей таксама вядомы сваёй грунтоўнай працай, якая мае надзвычай вялікае значэньне для фармаваньня адэкватнага гістарычнага сьветагляду беларусаў “Беларусы ў генетычнай прасторы: Антрапалогія этнасу (Мн.: Тэхналогія, 2005. – 138 с.)” (гл. https://nashaziamlia.org/2007/01/16/505). 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы