Людміла Курловіч
Сустракаюцца юнак і дзяўчына, кахаюць адзін аднаго. Яны ствараюць сям’ю, часта супраць волі бацькоў. Маладым здаецца, што іх ніхто не разумее, а яны згодны ісці побач цэлае жыццё. Але праходзіць тры месяцы, год, два, і сям’я распадаецца, і нават тады, калі ў ёй з’явіліся дзеці. Чаму? Адказ у большасці выпадкаў: ”Не зышліся характарамі”. Але гэты адказ уключае шмат прычын. Сярод гэтых прычын у Беларусі важнае месца займае жыллёвая праблема, уладкаванне на працу, праблема матэрыяльнага забеспячэння сям’і, канфліктныя ўзаемадачыненні паміж маладымі і бацькамі, алкагалізм. У рэдкіх выпадках сям’я можа існаваць без дапамогі бацькоў.
Толькі людзей прырода надзяліла найвялікшым пачуццём кахання. У Беларусі дачыненні мужчыны і жанчыны заўсёды акружаліся арэолам святасці, лічыліся асноваю трывалай здаровай сям’і. Дзяўчына да самага замужжа павінна была берагчы свой гонар. У чым жа было шчасце жанчыны, пра што яна марыла? Сталая жанчына клапоціцца перш за ўсё пра сям’ю, дзяцей, дастатак у гаспадарцы. Мужа яна выбірала такога, каб ён быў дбайным гаспадаром, добрым бацькам. Яна хоча мець здаровых, працавітых, паслухмяных дзяцей. Для гэтага яна робіць усё што можа: працуе з ранку да вечара, спявае песні, гуляе ў танцах. Усё жыццё для сям’і, для дзяцей. Жанчыны-беларускі вельмі сталага ўзросту распавядаюць наступнае. Напрыклад, Д.Фяско (в. Камянец, нар. у 1881 г.) пра будучую сям’ю думала ўжо з 6 гадоў: “Я гуляла з лялькамі ў сям’ю. У мяне была лялька-маці, лялька-тата і чатыры лялькі-дзеці: два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Я любіла з імі гуляць, апранала іх, карміла, клала спаць. А пазней ужо і сама стала думаць пра хлопцаў як будучых мужыкоў. Я вельмі хацела, каб у мяне былі дзеці”. І гэты прыродны дар нашы продкі заўжды шанавалі, ставіліся да яго зусім не так, як некаторыя сёння. І вось размова з маладымі кабетамі (на жаль, іх нямала) напрыканцы ХХ стагоддзя: ”Нашто мне дзеці? Іх трэба карміць, адзяваць. А для гэтага я не маю часу. Не хачу я раджаць, гэта балюча. Мне праціўна быць цяжарнай, пузатай бабаю: ходзіш як жаба. Усе хлопцы адварочваюцца. Не буду псаваць сваю фігуру. Нашто мне мужык? Я вольная, усе хлопцы мае, толькі міргні; яны частуюць мяне цукеркамі, кажушок падносяць. Вось маё шчасце”.
Шкада, што сёння сем’і невялікія, ды і то часта нетрывалыя, шмат разводаў. І толькі ў цяперашні час усё часцей чалавецтва пачало звяртаць увагу да праблемы сям’і, бо сям’я дэградуе з кожным пакаленнем усё больш і больш. Чаму?
І чаму праблема сям’і турбуе самую багатую краіну – Амерыку? Хілары Клінтан выступае на міжнародным форуме па дэмаграфіі з дакладам аб неабходнасці ўмацавання сям’і. Там жа праблем жылля і дабрабыту, калі чалавек працуе, не існуе. А праблема сям’і стаіць востра, як і ва ўсім свеце, уключаючы і Эўропу.
Дзе ж галоўнае звяно гэтай праблемы? Каб адказаць на гэтае пытанне, разгледзім навогул ролю сям’і ў нашым грамадстве. Вызначым функцыі, якія несла сям’я з яе паяўленнем у нашай цывілізацыі:
1.Сям’я з’явілася зародышам нацыі і носьбітам генафонду нацыі;
2. Сям’я ёсць ячэйка фізічнага ўзнаўлення нацыі;
3. Сям’я – стваральнік і захавальнік сямейных традыцый;
4.Сям’я – асноўны выхавальнік новага пакалення;
5.Сям’я – носьбіт і найвялікшы карыстальнік духоўнага патэнцыялу нацыі.
Многія стагоддзі сям’я добрасумленна выконвала свае функцыі. Кожная цывілізованая краіна заклапочана ўмацаваннем сям’і. Гэта той падмурак, на якім трымаецца дзяржава. Моцная сям’я – моцная дзяржава, заможная сям’я – заможная дзяржава.
Законы космасу патрабуюць ад чалавека, каб ён сваімі ўчынкамі, словамі, думкамі ўносіў у свет гармонію, пазбягаў хаосу і разбурэння.
Чалавек уяўляе з сябе адкрытую сістэму, якая неразрыўна звязана з вонкавым светам. Мы ўбачылі ў садзе надламаную галінку яблыні. Гэта вецер пашкодзіў дрэва – няма вінаватага. І менавіта там, дзе, здавалася б, усё робіцца само сабою, асабліва важна адчуваць пачуццё абавязку. Мы спыняемся, падвязваем надломаную галінку і атрымоўваем радасць, таму што дрэўца нам удзячнае і паслала на нас заспакаенне, сузіранне прыгажосці. А чалавек, які пазнаў прыроду, еднасць з ёю, з роднымі мясцінамі, дзе ён нарадзіўся, ставіцца да яе беражліва і да сабе падобных таксама.
На вялікі жаль, сёння сям’я амаль страціла свае функцыі захавальніка генафонду нацыі. Экзагамных шлюбаў становіцца ўсё больш і больш, і нэафіты выступаюць разбуральнікамі генафонду сваіх бацькоў [! – Рэд.]. І колькасць такіх сем’яў павялічваецца. Як жа выхоўваюцца дзеці ў такіх сем’ях? Адказ найчасцей такі: на агульначалавечых каштоўнасцях. А што гэта такое, калі маці мае адны каштоўнасці, бацька другія, а ў школе кажуць іншае, а на вуліцы яшчэ іншае. І тады маладое пакаленне адкідае ўсе навязаныя яму сістэмай каштоўнасці, звязаныя са справядлівасцю і праўдай, а пачынае ўсмоктваць тое, што ёсць у дзяржаве, дзе амаль не існуе духоўных каштоўнасцяў, а ёсць “духоўны Чарнобыль”. Тады з’яўляюцца ў пакаленні замест чалавечых каштоўнасцяў – антычалавечыя. “Калі ж спалучаюцца сістэма з антысістэмай – вайна становіцца яшчэ больш жорсткай і неапраўданай. Як ні страшныя грубыя гвалт і распушчанасць чалавечых пачуццяў, горшыя падман і здрада, таму што яны ненармальныя” (Л.Гумілёў. Этнагенез і біясфера Зямлі). Слушным з’яўляецца выказванне Л.Гумілёва, які правёў глыбокі аналіз этнагенэзу, што свабодныя ўзаемадачыненні і свабодная любоў знішчаюць культуру і прыроду. Ці не з гэтай прычыны мы вядзем размову аб захаванні сям’і і яе стану?
Сям’я перастае быць ячэйкай фізічнага ўзнаўлення нацыі. Яна ператвараецца ў ячэйку ўзнаўлення сабе падобных. І гэтая функцыя выконваецца вельмі прадукцыйна. Вось-вось пераступім лічбу 6×109 чалавек. Дык можа, дарэмна і размаўляць пра сям’ю?
Сям’я таксама перастае быць і асноўным выхавальнікам маладога пакалення, носьбітам сямейных традыцый і носьбітам духоўнасці нацыі. Бо ў большасці сем’яў няма сямейных традыцый. Дзве асобы, дзве сістэмы павінны ствараць гармонію свайго існавання, і гэтая гармонія павінна павялічвацца з нараджэннем дзяцей. А яна не атрымоўваецца, бо ў бацькоў розныя каштоўнасці. А чаму вучыць дзяцей? Ёсць усялякія сем’і. У адных сем’ях муж і жонка абібокі, такія ж і дзеці. Гэтыя сем’і вечна гаруюць. Ёсць сем’і, дзе жонка і муж не любяць адзін аднаго, лаюцца, б’юцца. А дзеці ўсе ўразброд, так і глядзяць, каб у суседа што сцягнуць.
Кожная сям’я знаходзіцца ў пэўных канкрэтных умовах. І праз гэтыя канкрэтныя ўмовы людзі ўспрымаюць агульналюдскія каштоўнасці.
Дабрабыт і шчасце кожнай сям’і трымаліся на працы. Працавітасць была асноўнай рысай, за якую цанілі чалавека. Гэтым жа правам кіраваліся і пры выбары нявесты, таму што ў сям’ю бралі працаўніцу, памочніцу, гаспадыню. А калі ж гаспадар не гультай, не п’яніца, не абібок, самая вялікая сям’я жыла ў параўнальным дастатку. Падрасталі дзеці – таксама ўключаліся ў працу. Так і перадавалася эстафета працавітасці на працягу стагоддзяў. І толькі ў часы панавання камуністычнай ідэалогіі праца была прыніжана і зняважана [! – Рэд.]. Руплівыя працаўнікі загінулі ў лагерах, у высылцы, праслаўляліся “пралетарыі” – г.зн. абібокі і гультаі. Яны не маглі ці не хацелі наладзіць уласную гаспадарку, а іх ставілі на чале калгасаў. Стымулу да добрай працы не было, людзі гнулі спіну на калгасных палетках за нішто. Вынікі такой “гаспадарлівасці” пераадолець вельмі цяжка і не вельмі хутка. Надоўга засталася псіхалогія: “Працаваць мала, а атрымваць багата; і ўмець добра красці”.
І калі мы не зменім ідэалогію ХХ стагоддзя – ідэалогію камуністычную, дзе кожны мае права на чужую ўласнасць (згодна слоўніку Даля), ідэалогію, якая сцвярджае, што ёсць проста народ (савецкі хацелі зрабіць), а значэнню нацыі надае зусім іншы сэнс (за 80 гадоў існавання на 1/6 частцы сушы), – калі мы не зменім гэта на тэорыю сацыяльнай гармоніі (ідэалогію гарманічнага развіцця нацый у шчыльным саюзе між сабою), нічога карыснага не выйдзе.
У якіх жа канкрэтных умовах знаходзіцца сям’я ў Беларусі? Тысячагадовы жыццёвы досьвед пражывання карэннай беларускай нацыі на яе этнічнай тэрыторыі, яе духоўны патэнцыял, які накопліваўся на гэтай зямлі і які перапрацоўваў агульналюдскія каштоўнасці для чалавека на гэтай зямлі, не запатрабаваны па сённяшні дзень нашай краінай, нашай грамадскасцю і не падтрымваецца дзяржавай. Акадэмік Д.С.Ліхачоў адзначыў, што за гады панавання камуністычнай ідэалогіі мы згубілі прыстойнасць, выхаванасць, манеры, жаданне вучыцца, а набылі псіхалогію даносаў і праборак [Ліхачоў быў расейскім імперыялістам і хацеў, каб усё гэта было ва ўмовах імперыі; што аб’ектыўна немагчыма! – Рэд.].
І менавіта многія прычыны, якія разбураюць сям’ю, ляжаць на паверхні. Дзеці раслі ў розных сем’ях з розным менталітэтам, у рознай духоўнай атмасферы, з рознымі звычкамі бацькоў і сем’яў, а цяпер яны ствараюць сваю сям’ю, ды яшчэ і жывуць у бацькоў. І расце паміж дзецьмі і бацькамі антаганізм, а потым і паміж імі самімі. Аказваецца, што звычкі аднаго не можа прымаць другі. І як ні стараюцца пераадолець гэта маладыя, усё ж неўспрыманне расце, і сем’і распадаюцца. А на сённяшні дзень на сям’ю ўздзейнічае вельмі шмат сіл, якія скіраваныя супраць яе гармоніі [трэба дадаць, што ў многіх выпадках, калі ня ў большасьці, дэструктыўнае ўзьдзеяньне на сям’ю мае наўмысную характар; разбурэньне сям’і патрэбна розным соцыяпаразітычным сілам – і фінансавым алігархам, і расейскай імперыякратыі… – Рэд.] . І толькі грамадства, калі яно хоча, можа ліквідаваць часткова гэтыя негатыўныя фактары для маладой сям’і праз стварэнне жыллёвых умоваў і эканамічнай незалежнасці, асабліва ад бацькоў. На першы погляд, гэта ўмовы абавязковыя, але і яны не вырашаць праблему сям’і. Дзве асобы, дзве сістэмы павінны стварыць гармонію свайго існавання, і гэтая гармонія павінна павялічвацца з паяўленнем у іх дзяцей. І зноўку гармонія маладых не атрымваецца і сем’і распадаюцца. І найчасцей таму, што маладая сям’я была не падрыхтаваная інфармацыйна, нягледзячы на тое, што маладыя жылі ў сваіх сем’ях і бачылі іх праблемы. Але нямала і такіх сем’яў, якія не распадаюцца, яны гадуюць сваіх дзяцей, але дзеці не ўспрымаюць поглядаў сваіх бацькоў і жывуць у сваім, другім успрыняцці навакольнага асяроддзя і вонкавых звычак не індывідуумаў, а натоўпу. Натоўп, як сказаў французскі сацыяльны філосаф Гюстаў Ле Бон (1841 – 1931 гг.) у сваёй “Псіхалогіі народаў, масаў” – гэта маса людзей, ці секты, ці клас, які не валодае інтэлектам і пачуццём асабістай адказнасці. Напрыклад, з асабістага вопыту: на занятках па фармакалогіі пры вывучэнні некаторых тэмаў вялікая ўвага надаецца шкодзе для здароўя курэння і алкагалізму. Дык вось, гадоў 10 таму, калі я сказала, што мой гаспадар не выпівае і не курыць, я пачула здзіўленне 17-гадовай навучэнкі і іншых: ”Хіба гэта мужчына, які не п’е і не курыць?” І таму з таго часу пры вывучэнні згаданай праблемы я пачынаю з гэтага выпадку. Гэта вельмі прыкра!
На сённяшні дзень канкрэтная сям’я, школа, дзяржава [маюцца на ўвазе ўладныя цяперцы. – Рэд.] не могуць прапанаваць маладому пакаленню гарманічнага развіцця гаспадара зямлі, на якой ён нарадзіўся і жыве, і значыць, не могуць абудзіць у яго павагу і любоў да гэтай зямлі. А дэнацыяналізацыя чалавека – гэта дэградацыя грамадства, якую можна выразіць простай матэматычнай мадэллю: ПМС = Н / Д < > 1, дзе ПМС – Патэнцыйныя магчымасці грамадства ў стварэнні сацыяльнай гармоніі (асобнай нацыі, асобных дзяржаў, людскай цывілізацыі ў цэлым); Н – колькасць у грамадстве нацыяналістаў; Д – колькасць у грамадстве дэнацыяналізаваных людзей (шавіністаў, касмапалітаў). Калі ПМС > 1, то грамадства будзе развівацца па шляху росквіту і сацыяльнай гармоніі, а ў адваротным выпадку – па шляху дэградацыі.
Захаванне і ўзнаўленне здаровай сям’і як базавай ячэйкі нацыі, якая ў сваю чаргу з’яўляецца базавая ячэйкай тэхналагічнай цывілізацыі, можа ісці толькі на аснове нацыянальнага адраджэння. Праблема сям’і і пачне вырашацца, як толькі дзяржава прыме ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі ідэалогію нацыяналізму. Складанне духоўнага аблічча дзіцяці ў сям’і павінна праходзіць менавіта ў атмасферы культу роду, сярод партрэтаў продкаў, радаводаў (якія мы згубілі пасля 1917 года), паданняў пра славутую даўніну, гонару за сваю нацыю. “Хто ён такі, якая ягоная мова, народ і край, дзе ён жыве, ягоная гісторыя” (В.Ластоўскі). А нацыянальна выхаваны чалавек заўсёды з павагай будзе ставіцца да іншых народаў, іх звычаяў, традыцый, культуры. Гэтаму будзе спрыяць і веданне яшчэ некалькіх моў акрамя матчынай. “Мова ўдзельнічае ў працэсе разумовай дзейнасці як пачуццёвая аснова і сродак. Дзякуючы мове, свядомасць, якая ўзнікла як функцыя складана арганізаванага мозга, не толькі выяўляецца, але і фарміруецца, а таксама адбываецца пераход ад успрымання і ўяўлення да разумення. Мова – асноўны сродак кіравання паводзінамі людзей, пазнання рэчаіснасці і фарміравання самасвядомасці асобы. Яна ўзнікла і развіваецца разам з грамадствам і як грамадская каштоўнасць трымаецца на сваёй сувязі са свядомасцю, з усім укладам духоўнай культуры і аб’ектыўнай рэчаіснасцю. Паняцце нацыянальнай свядомасці характарызуе пераважна рысы, уласцівыя супольнасцям – этнасу, народу, грамадству. Гэтая катэгорыя ўключае ідэалы, светагляд, менталітэт, праявы масавых дзеянняў вялікіх груп людзей, звязаных з асаблівасцямі нацыянальнай культуры” (Лапцёнак С.Д. Нацыянальная самасвядомасць і выхаванне моладзі).
Бацькі з першых крокаў дзіцяці павінны прывіваць яму любоў і павагу да роднай прыроды – нашай калыскі – праз непасрэдны дотык з ёю, каб бачыць яе прыгажосць непасрэдна, і праз быліны, вершы. Прыгажосць – гэта радасць жыцця. Чалавек стаў чалавекам, таму што ўбачыў – і вучыць бачыць дзяцей – глыбіню блакітнага небасхілу, міганне зорак, ружовы разліў вячэрняй зары, барвовы заход сонца перад ветраным днём, трапятанне марыва над гарызонтам, сінія цені ў гурбах красавіцкага снегу, шэрыя ніткі дажджу ў пахмурны дзень, фіялетавыя аблокі на бэзавым кусце, пяшчотныя зялёныя сцяблінкі, сінія званочкі, адлюстраванне сонейка ў мірыядах кропляў ранішняй расы. І калі мы, бацькі, навучым сваіх дзяцей здзіўленню перад гэтым хараством, у іхных сэрцах расквітнее высакароднасць, адкрыецца радасць жыцця, таму што мы пачуем шэпт лісця і песню коніка, журчанне вясновага ручайка і пералівы срэбных званочкаў жаўрука ў небе, шапаценне сняжынак і стогн мяцеліцы. А гэта нам дасць з’яднанасць з роднымі мясцінамі, з этнасам, які пражывае тут, і ад нас будзе ісці дабрыня і дзеянні на росквіт нацыі, сям’і.
Асабісты прыклад бацькоў не можа быць перабольшаны ў выхаванні дзяцей. Прынамсі вельмі слушна, каб бацькі былі пісьменнымі, ведалі гісторыю свайго краю, біялогію, матэматыку, хімію, любілі музыку і спевы, былі палітычна адукаванымі, ведалі экалагічныя пытанні (што, калі не будзем змагацца за чысціню навакольнага асяроддзя, жыццё будзе немагчымае), не мелі шкодных звычак да тытуню і алкаголю. Неабходнасць асабістага прыкладу бацькоў у імкненні да ведаў, у клопаце аб здароўі будзе павышаць цікавасць і ў дзяцей да вучобы, да загартоўвання і заняткаў фізічнымі практыкаваннямі. Бацькі павінны знаходзіць час, каб з дзецьмі разам вырашаць многія праблемы ўсёй сям’і, маці, бацькі, дзіцяці, і гэта ўсё дасць добрыя плады для прадаўжэння роду, развіцця менталітэту індывідуума, нацыі з станоўчай дынамікай. І прыйдзе да нас усведамленне, што трэба збіраць па драбніцы багаты наш беларускі досвед і перадаваць яго новым пакаленням.
І вось калі ўсё будзе пабудавана на нацыянальнай аснове, пачынаючы з кіраўніцтва дзяржавы, калі ўсё будзе будавацца на самастойнасці і незалежнасці нацыі ў саюзе з іншымі нацыямі, а не ў дзяржаве народаў (як адзначыў Імануіл Кант яшчэ ў XVIIІ ст.), праблемы сям’і пачнуць вырашацца станоўча і ў цэлым развіццё грамадства таксама.
Ад рэдакцыі:
На час правядзеньня канферэнцыі Людміла Курловіч – урач-педыятр, выкладчыца Менскага медычнага вучылішча №2; сябра Беларускай рэспубліканскай партыі (Менск).
Пазіцыю аўтара адносна беларускай сям’і як падмурку будучага беларускага дэмакратычнага грамадства цалкам падзяляем. Прычым настолькі, што неабходнасьць абароны ў будучай Беларусі беларускай сям’і ад самых розных дэструктыўных уплываў фармулюем як чарговы прынцып нашай дактрыны (Д пр-п 48).
ПМС = Н / Д 1 – смешно и неудобно…
Дети имеют право на свободу выбора. Насиловать их своим мнением, что им лучше, а что нет – всё равно что кормить кота горчицей. Человек с детства не имевший свободы выбора вырастает неспособным выбирать – и стать самостоятельным. Он не способен вырасти над собой, над своими отцами. А это прямая деградация рода.