nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРАГРАМА НАШАЕ БУДУЧЫНІ (кБНІ)

11 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Аляксей Чарняеў

Эпоха інфармацыі. 

У дачыненьні да нашага часу часьцяком ужываюцца розныя гучныя тытулы накшталт эра чагосьці-вельмі-пэрспэктыўнага-й-важнага. На ролю хітоў века вылучаліся камунізм, генэтыка, астранаўтыка, рок-н-рол, атамная энэргетыка й даўгі шэраг дробных да незаўважнасьці ідэяў і зьяваў. Можна ўпарта спрачацца наконт пэрспэктыўнасьці альбо навуковае важкасьці “намінантаў”, але вызначае лідара практычнае жыцьцё. Гэтак, атамная энэргетыка адзначыла стагодзьдзе бруднымі плямамі, прыбіраць якія давядзецца тысячы гадоў, і ня дзіўна, што ў паспалітага чалавека кожны ядравы праект выклікае стрэс, нібы зараджаны пісталет ля скроні. Генэтыкі скапіявалі авечку, чым адразу справакавалі выбух нейкага нездаровага інтарэсу: а ці нельга зрабіць другога Гітлера альбо Сталіна? Як у камэдыі “Іван Васільевіч зьмяняе прафэсію”: “А сьценачку ў краме прыпадняць можаце?”

Кажуць, існуюць грандыёзныя пэрспэктывы ў далечыні, але мы лепш азірнемся навокал: што ўжо ўплывае на лёс чалавецтва. Мне падаецца, лідар тут неаспрэчны — кампутар.

 

Стварэньне прылады, якая прызначаная проста апрацоўваць інфармацыю, нягледзячы на нескладанасьць ідэі, сталася сапраўды эпахальнай падзеяй. Рэч тут ня ў той зручнасьці й унівэрсальнасьці, якія дазваляюць ужываць кампутар ува ўсіх сфэрах чалавечага жыцьця ад складаных навуковых досьледаў да гульняў і гатаваньня страваў. У сапраўднасьці ўсё глыбей: адбылося адкрыцьцё новага вымярэньня — прасторы інфармацыі,— асвойваньне якога яшчэ толькі пачынаецца, у кантакце зь якім пераўтвараюцца, мадэрнізуюцца й абнаўляюцца бізнэс, навука, культура. Тут зьяўляюцца ня толькі новыя працоўныя месцы, але й новыя спэцыяльнасьці: web-майстры, праграмісты розных кірункаў, кампутарныя дызайнэры й г.д. Гэтак новы сьвет інфармацыі й тэхналёгіі прывёў да стварэньня суцэльнай індустрыі, шчасьлівая спэцыфіка якой палягае ў нізкім спажываньні энэргіі й прыроднае сыравіны. Адзіны бадай рэсурс, які вызначае багацьце краіны ў гэтым вымярэньні, — інтэлект.

 

Эпоха Беларусі.

Загаловак ажно блішчыць ад маладога нахабства, але гэта сапраўды так. Беларусь — патэнцыйны лідар у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў на абшары бадай што ўсяе Эўропы. Яшчэ за часамі СССР Беларусь вызначалася як рэспубліка з найвышэйшаю доляй высокаадукаванага насельніцтва. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы высокай колькасьці спэцыялістаў-электроншчыкаў і праграмістаў. Нашая краіна забясьпечвала кваліфікаванымі кадрамі стратэгічныя вытворчасьці й дасьледаваньні: НДІСА (Навукова-дасьледчы інстытут Савецкай Арміі), завод імя Арджанікідзэ, “Інтэграл”, Інстытут кібэрнэтыкі — гэта толькі найбуйнейшыя такога кшталту ўстановы Менску. Падрыхтоўка кадраў наладжаная трыма ВНУ: Радыётэхнічным інстытутам (цяпер Белдзяржунівэрсытэт інфарматыкі й радыёэлектронікі), Політэхнічным інстытутам (цяпер Акадэмія) і БДУ. Нашыя спэцыялісты ўдзельнічалі ўва ўсіх найважнейшых навукова-тэхнічных праграмах у Новасібірску, Маскве, Кіеве. Ня дзіва, што й нефармальнае кампутарнае асяродзьдзе склалася ў Менску даволі рана (старыя хакеры сьцьвярджаюць, што ў часе мы саступілі толькі Кіеву) і заўсёды вызначалася рэдкаю прафэсійнасьцю. Нядрэнна ўсталявалася й нябачная прамысловасьць самаробных кампутараў (дарэчы, гэты занятак у нас мае старыя традыцыі: адна з найпершых мэханічных вылічальных машынаў была зробленая ў Нясьвіжы ў XVIII ст.).

На жаль, сёньняшні рэжым, пазбавіўшы Беларусь здаровага бізнэсу, пакінуў бяз працы значную частку таленавітых беларускіх кампутарнікаў. У нудзе “рынкавага” сацыялізму застаецца спраўджваць свае здольнасьці ў дэструкцыйных праграмах — вірусах і траянцах. Некаторыя спэцыялісты зьехалі на працу ў замежжа, але ў гэтых слаях эміграцыя не набыла таго абвальнага характару, як, дапрыкладу, у беларускім спорце. Магчыма, патлумачыць гэтае ўпартае нежаданьне пакідаць Радзіму дапамогуць вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзеных Маладым Фронтам у маладзёвых асяродках рознай прафэсійнай арыентацыі (сярод праграмістаў паказьнікі нацыянальнай сьведамасьці й патрыятызму вышэйшыя за сярэднія на 10-15%). Так што гэта ня проста ўпартасьць — гэта нашая, БЕЛАРУСКАЯ ўпартасьць.

 

Зрэшты, гэта прагматычныя людзі з разьвітым інтэлектам, і яны папросту даўно пралічылі на кампутарах: дыктатура доўга не пражыве. Зараз патрэбная праца дзеля разьвіцьця й удасканаленьня галоўнага беларускага капіталу — мазгоў. Ёсьць усе варункі для адраджэньня беларускае дзяржаўнасьці менавіта на гэтай урадлівай глебе — тэхнічнай інтэлігенцыі. Ёсьць усе варункі, каб дзяржава, забясьпечаная такой колькасьцю адмыслоўцаў, як Беларусь, сталася тэхна-інфармацыйным цэнтрам сусьветнага маштабу. Не забывайма, што тэхналягічны ўздым узносіць на новыя вышыні банкаўскую справу, бізнэс у сфэры абслугоўваньня, навукаёмістую вытворчасьць.

Аўтар займаецца тэхнічнымі пытаньнямі дзейнасьці Маладога Фронту два гады. За гэты час я паціснуў рукі, паразмаўляў і папрацаваў ня менш як з паўтысячай калегаў-праграмістаў, выслухаў і таго больш. Бальшыня зь іх думае так, як я вам тут выклаў, і яны, проста дзеля сябе, гатовыя зрабіць гэтую найпрыгажэйшую й найразумнейшую краіну яшчэ й найбагацейшай. Таму як чалавек, які ня проста верыць, але які ведае, я вам кажу: будучыня за намі. Справа толькі за арганізацыяй і працай.

 

Ад рэдакцыі:

На час правядзеньня канферэнцыі Аляксей Чарняеў – праграміст, кіраўнік кампутарнай службы Маладога Фронту (Менск).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы