nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСКА-ЛІЦВІНСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ (кБНІ)

12 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Аляксандр Заранок

Трансфармацыя каланіяльна-камуністычнай краіны ў народную (нацыянальную) прававую дэмакратычную дзяржаву – складаны і працяглы працэс. Ён патрабуе шмат намаганняў, настойлівасці і цярплівасці ад беларускага народу. Дэкаланізацыя павінна ахапіць усе сферы грамадства і палітычнага жыцця і доўжыцца некалькі гадоў.

У гэтай справе наш народ павінен развязаць наступныя заданні:

1 . Трэба аднавіць спрадвечную назву нашай гістарычнай дзяржавы – Вялікае княства Літоўскае. Гэта трэба зрабіць без адкладу праз папраўкі да Канстытуцыі. Тым самым народ пацвердзіць сваю волю, што ён вызваляецца ад 200-гадовага каланіяльнага прыгнёту. Гэтым актам народ адкіне Пецярбургскія канвенцыі Расіі, Аўстра-Венгрыі і Прусіі аб анэксіі ВКЛ і Польшчы і адновіць прававую пераемнасць развіцця Бацькаўшчыны.

2. Трэба распрацаваць і прыняць чацвертую рэдакцыю Статута Вялікага княства Літоўскага. У Статуце трэба адлюстраваць палажэнні па рэфармаванні (дэкаланізацыі) адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу дзяржавы, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, мясцовага самакіравання. Трэба вярнуць гарадам права самакіравання і выбарнасці грамадзянамі кіраўнікоў мясцовых адміністрацыяў.  У адпаведнасці з Статутам дзяржаўнай сімволікай павінна стаць нацыянальная, а адзінай дзяржаўнай мовай – нацыянальная беларуская мова. Дзяржаўнае і гаспадарчае справаводства павінна весціся толькі на нацыянальнай мове. Таму трэба скасаваць пастановы Вальнага сойму ад 01.07.1697 г. аб пераводзе справаводства ў ВКЛ на польскую мову.

3. Трэба правесці свабодныя і справядлівыя выбары ў найвышэйшыя дзяржаўныя органы, якія павінны быць утвораны ў адпаведнасці з Статутам ВКЛ. Пасля выбараў можна будзе сцвярджаць, што ў нас закладзены падмурак народнай прававой дэмакратычнай дзяржавы.

4. Вельмі важна будзе ўладкаваць дачыненні з суседнімі краінамі. Тут трэба зрабіць вельмі шмат, каб гэтыя дачыненні сталі  сапраўды сяброўскімі, суседскімі, раўнапраўнымі.

5. Трэба будзе запатрабаваць ад цяперашніх уладаў Расіі скасавання так званых Пецярбургскіх канвенцыяў аб падзеле Рэчы Паспалітай, якія ганебна парушаюць Дамову 1686 г. аб Вечным міры паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай. Скасаванне Расіяй дамоўленасцяў аб падзеле Рэчы Паспалітай і аднаўленне дзейнасці Дамовы аб Вечным міры запатрабуе ўдакладнення дзяржаўнай мяжы паміж адноўленымі ВКЛ і Расіяй. Павінна захавацца цяперашняя мяжа, але патрэбная яе дэмаркацыя і падпісанне адпаведных міждзяржаўных пагадненняў.

6. Уладкаванне дачыненняў ВКЛ з Польшчай. Тут таксама трэба будзе развязаць адно гістарычнае пытанне – дэнансаваць Люблінскую унію 1569 г. Бо фармальна ВКЛ зноў будзе знаходзіцца ў уніі з Польшчай. Дзяржаўнаю мяжой паміж ВКЛ і Польшчай трэба пакінуць цяперашнюю, аб чым трэба будзе падпісаць адпаведныя дамовы.

7. Уладкаванне дачыненняў з Украінай. Вялікіх праблемаў тут няма, хаця яе землі і былі ў складзе ВКЛ да 1576 г. Міждзяржаўную мяжу трэба прызнаць тую, якая ёсць цяпер, і не падымаць пытанне аб аднаўленні дзяржаўнай мяжы, якая існавала падчас каланіяльнага заняцця Украіны, а потым і ВКЛ, Расіяй.

8. Уладкаванне дачыненняў з Летувой. Тут належыць прыняць шэраг важных пастановаў. Найперш трэба прызнаць выхад Жамойці з складу ВКЛ. Дзяржаўнай мяжой павінна застацца цяперашняя мяжа.

9. Аб дачыненнях з Латвіяй. Тут праблемаў не існуе.

Такім чынам, правёўшы ўнутрыдзяржаўнае ўладкаванне, перад народам маем пытанне аб правядзенні эканамічнай рэформы. Каланіяльна-камуністычная гаспадарка, якая засталася нам у спадчыну, павінна быць рэфармаваная ў сацыяльную рынкавую эканоміку.

Аднаўленне незалежнасці ВКЛ стане аб’ектыўнай перадумовай эканамічнай рэформы. Калі гэтага не зрабіць, то, як паказвае досвед, рэфармаванне зацягнецца на дзесяткі гадоў, і мы будзем паводле ступені дабрабыту народу амаль на апошнім месцы ў Еўропе.

Выйсці з гэтага стану наш народ можа толькі праз аднаўленне сваёй нацыянальнай прававой дэмакратычнай дзяржавы. У гэтым перспектыва народу.

 

Ад рэдакцыі:

У цэлым мы падтрымліваем ідэі, выказаныя ў дадзеным артыкуле, за выключэньнем тых, што пададзены ў пп. 5 і 6. У складзе гэтых дзяржаваў несправядліва і незаконна знаходзяцца этнічныя беларускія землі з беларускім насельніцтвам, якія ў імя вяртаньня сяброўства паміж беларускім і польскім, а таксама беларускім і рускім народамі павінны быць вернуты ў склад будучай Беларуска-Літвінскай дзяржавы. З якой такой нагоды мы павінны прабачаць і аддаваць рабаўніку злачынна ім нарабаванае?.. Акрамя таго, гэтыя дзяржавы (асабліва расейская імперыя) нанесьлі беларускаму народу велізарнейшыя страты, якія, у імя ўсё таго ж будучага сяброўства паміж блізкімі славянскімі народамі, павінны быць кампенсаваныя. У прыватнасьці г.зв. Калінінградская вобласьць павінна быць перададзена ў склад будучай Вялікай Літвы – Беларусі, якая зноў павінна выйсьці да мора. З Польшчай ды Расеяй ёсьць і іншыя праблемы, якія павінны быць вырашаны ў адпаведнасьці з Д пр-памі 25, 32 і 33 нашай дактрыны.

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы