nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ВЯРТАННЕ Ў БЕЛАРУСЬ ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ ЯК ФАКТАР СТАНАЎЛЕННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ (па матэрыялах Гродзеншчыны) (кБНІ)

17 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Юры Корыкаў

 

Э.Сміт у сваёй кнізе “Нацыяналізм у 20-м стагоддзі” піша, што нацыяналізм, а гэта значыць увасабленне нацыянальнай ідэі, мае чатыры складнікі: тэрыторыя, на якой жыве народ, культура гэтага народу, дзяржава і, нарэшце, нацыянальная салідарнасць усіх грамадскіх аб’яднанняў.

Адсюль можна зрабіць выснову, што нацыянальная ідэя любога народу мае ў сваім падмурку менавіта тэрыторыю і культуру гэтага народу. Ідэя дзяржаўнасці як галоўнага чынніка рэалізацыі нацыянальнай ідэі прыходзіць пазней і, як сведчыць гістарычны вопыт, у тым ліку і беларускі, грамадская салідарнасць таксама. З гэтага пункту гледжання становіцца зразумелым, што чым больш развітая культура народу, чым больш масава яна ўкаранёная ва ўсіх яго сацыяльных пластах, тым актуальнейшая нацыянальная ідэя, тым больш магчымасцяў у палітычна свядомых людзей прапагандаваць і развіваць нацыянальную ідэю, узвышаць яе да вырашэння асноўных задач, якімі з’яўляюцца дасягненне грамадскай салідарнасці народу і пабудова яго дзяржавы.

На мой погляд, універсальнай з’яўляецца формула, што чым больш багатая нацыянальная культура, тым больш магчымасцяў для рэалізацыі нацыянальнай ідэі таго ці іншага этнасу, народу. Культура ляжыць у аснове кожнай дзяржавы, і гэта натуральна, паколькі менавіта яна канцэнтруе ў сабе ўсё тое, што пражыў і перажыў народ, яго спадзяванні на будучыню.

Зразумела, што неад’емнай часткай культуры беларускай нацыі з’яўляецца яе гістарычная спадчына, тая, якой мы валодаем, і тая, якую ад нас адабралі шматлікія войны і рабаўнікі.

Чатыры апошнія стагоддзі былі вельмі трагічнымі для нацыянальнай культуры Беларусі: гэта час бесперапынных войнаў, варожых навал, пагромаў беларускай нацыі. Заваёўнікі і з усходу і з захаду па-варварску знішчалі цэлыя пласты нацыянальнай культуры, а лепшыя яе выявы папросту рабаваліся і вывозіліся далёка за межы нашай краіны. Наша бацькаўшчына пазбаўлялася таго, што з’яўляецца неад’емнай часткай мінулага яе народу.

Дастаткова ўзгадаць, што Беларусь па сённяшні дзень не мае Літоўскай метрыкі, большасці выданняў Скарыны, амаль не мае Слуцкіх паясоў і, безумоўна, найвялікшай святыні беларусаў – Крыжа Ефрасінні Полацкай (арыгіналу). У той жа час усім гэтым, што мае вызначальнае значэнне для адраджэння, далейшага развіцця і ўзбагачэння беларускай нацыянальнай культуры, фармавання нацыянальнай свядомасці, ганарацца і карыстаюцца ў шматлікіх краінах свету, у якіх воляю лёсу ўсё гэта апынулася.

У сваім дакладзе я хачу звярнуць увагу на праблему культурнай спадчыны Гродзеншчыны. На ўвазе маецца тэрыторыя Гродзенскай вобласці ў яе сучасных адміністрацыйных межах. Вылучэнне менавіта Гродзеншчыны растлумачваецца тым, што яна развівалася, на мой погляд, у трошкі іншых гістарычных абставінах, чым уся астатняя краіна. Дзякуючы свайму геапалітычнаму становішчу яна ў большай ступені была задзейнічана ў тых гістарычных, культурных і палітычных працэсах, якія адбываліся ў заходняй Еўропе. Да таго ж наша зямля адной з апошніх была далучана да Расійскай імперыі; паўстанні 1794, 1831, 1863 годоў знайшлі адлюстраванне ў большай ступені на Гродзеншчыне, чым ва ўсходніх землях. Потым былі першая сусветная вайна, нямецкая акупацыя, дзесяцігоддзі жыцця пад Польшчай і зноў вайна, падчас якой у сувязі з хуткім прасоўваннем немцаў амаль нічога не паспелі эвакуяваць. Усе гэтыя падзеі ў значнай ступені адбіліся на лёсе нашай гістарычна-культурнай спадчыны, шляхах і спосабах яе вывазу. «Дзякуючы» шматгадовым войнам і ліхалеццям, рабаўнічай палітыцы краін, якія валадарылі ў  розныя часы на нашай тэрыторыі, на Гродзеншчыне засталася мізэрная частка таго культурнага багацця, што назапашвалася нашымі продкамі. Няспынным патокам у розныя краіны ішлі каштоўнасці збораў мясцовых магнатаў, бібліятэк, музеяў, кляштараў, касцёлаў і праваслаўных цэркваў. Вывезены дзесяткі тысяч экспанатаў, сярод якіх старажытнабеларускія дакументы і акты, кнігі, царкоўная маёмасць, творы мастацтва, археалагічныя і нумізматычныя знаходкі.

Я засяродзіў увагу на найбольш значных зборах гістарычна-культурных каштоўнасцяў, якія страціла наша зямля. Але спачатку неабходна вызначыць тэрміналагічнае значэнне выразаў «культурныя каштоўнасці» і «рэстытуцыя». Тэрмінам “культурныя каштоўнасці” азначаюцца маёмасныя каштоўнасці рэлігійнага ці свецкага характару, якія маюць вялікае значэнне для культуры пэўнага народу – такія, як творы мастацтва, рукапісы, кнігі, іншыя прадметы мастацкага, гістарычнага, звычайна-навуковага ці археалагічнага значэння, а таксама навуковыя калекцыі кніг, старажытныя рукапісы і інкунабулы, архіўныя матэрыялы, мастацкія і дакументальныя рэпрадукцыі.

Адказнасць у выглядзе рэстытуцыі заключаецца ва ўстараненні ці змяншэнні вінаватай дзяржавай нанесенай ёю іншай дзяржаве шкоды шляхам узнаўлення былога стану, у прыватнасці, у форме вяртання маёмасці, нарабаванай ёю з акупаванай яе войскамі тэрыторыі іншай дзяржавы.

Пераходзячы непасрэдна да гістарычна-культурных збораў, трэба адзначыць, што на першым месцы па значнасці, безумоўна, стаяць Дзярэчынскія зборы князёў Сапегаў. Калекцыя пачала збірацца яшчэ ў XVI стагоддзі і да сярэдзіны XIX стагоддзя налічвала велізарную колькасць экспанатаў. Сярод іх вылучаюцца карцінная галерэя (каля 300 карцін заходнееўрапейскіх мастакоў, такіх  як Бургіньён, Вэрнэ, Ван дэр Нээр і інш.), скарбніца і збраёўня (першаякасная сярэднявечная зброя, харугвы, дываны, каштоўны посуд, мастацкія вырабы з срэбра і інш.). Акрамя таго, зборы ўключалі Дзярэчынскі архіў, некалькі дзесяткаў габеленаў і статуй. Уся калекцыя была сканфіскаваная і вывезена ў Расію за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1831 года. Цяпер яе экспанаты ўпрыгожваюць зборы Эрмітажа і іншых музеяў.

Другім па значнасці фактам страты культурнай спадчыны Гродзеншчыны з’яўляецца маёмасць маёнтку Шчорсы Навагрудскага павету, які належаў вядомаму на Беларусі роду Храптовічаў. Найбольш значную яе частку складала знакамітая прыватная бібліятэка, заснаваная апошнім канцлерам ВКЛ Іахімам Храптовічам. Бібліятэка збіралася на працягу XVIII-XIX стст. і па падліках  гісторыка Ельскага налічвала каля 20 тысяч тамоў, у тым ліку творы знакамітых  філосафаў, грэцкіх і рымскіх класікаў, французскай і італьянскай класічнай літаратуры па гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы. Акрамя бібліятэкі ў маёнтку знаходзіліся прыватны архіў Храптовічаў і вялікі збор гравюр. Зараз усё гэта знаходзіцца далёка за межамі Беларусі (у Кіеве, С.-Пецярбурзе, Маскве і  інш.).

Распавядаючы пра страчаныя каштоўнасці, нельга не ўзгадаць і батанічную калекцыю знакамітага навукоўца Жылібера, якая складалася з найкаштоўнейшых зельнікаў і батанічнай бібліятэкі (каля 3 тысячаў кніг). Аб каштоўнасці калекцыі можа сведчыць толькі тое, што гэтыя зельнікі (складзеныя з раслін, сабраных у ваколіцах Гродна і Вільні) з’яўляюцца найстарэйшымі на тэрыторыі Беларусі і што наша краіна ўвогуле не мае старадрукаў тых часоў па батаніцы.

Да буйных страт неабходна аднесці і зборы Гродзенскага музея, частка якіх была перададзена перад Вялікай Айчыннай вайной у Беласток, а астатнія экспанаты, у тым ліку вельмі багатая археалагічная калекцыя, былі часткова знішчаны ці разрабаваны падчас вайны. Такі ж лёс напаткаў і Слонімскі краязнаўчы музей, сярод экспанатаў якога можна вылучыць набор ангельскіх гадзіннікавых механізмаў XVII стагоддзя ў срэбры.

Такім чынам, я распавёў пра найбольш значныя зборы гістарычна-культурных каштоўнасцяў Гродзеншчыны, якія зараз знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Гэта далёка не ўсё, што было вывезена з нашай зямлі, але нават пададзеныя прыклады ўражваюць сваёй значнасцю. Бясспрэчнае вялікае навуковае, культурнае і духоўнае значэнне падобных каштоўнасцяў для Беларусі і яе народу. З гэтага вынікае і неабходнасць вяртання ўсіх тых культурных каштоўнасцяў Гродзеншчыны, якія знаходзяцца ў валоданні іншых краін без законных на гэта падстаў.

Але сёння зусім няпроста вярнуць на Беларусь помнікі нацыянальнай культуры. Асноўнай праблемай з’яўляецца тое, што сёння не існуе дастатковых прававых нормаў, якія абавязвалі б вяртаць каштоўнасці ў краіны іх паходжання. Справа рэстытуцыі на Беларусі не мае цвёрдай дзяржаўнай асновы. У нашай краіне амаль не існуе грамадскай і дзяржаўнай зацікаўленасці ў вяртанні нацыянальнай спадчыны. Да таго ж, нягледзячы на тое, што нашы страты значна перавышаюць страты іншых еўрапейскіх краін, яны найменш даследаваныя, а перш чым нешта вяртаць, трэба гэта знайсці і вывучыць. Праблемамі рэстытуцыі у асноўным займаецца невялікае кола даследчыкаў, аб’яднаных у камісію “Вяртанне” пры Беларускім фондзе культуры. Матэрыялы, сабраныя імі, адназначна пераконваюць у праве нашага народу на тое, каб усё, што адабрана ад нас, было згодна з міжнароднымі законамі вернута на Беларусь. Гэтыя людзі хоць і зрабілі вялікую працу ў выяўленні і апісанні нашых страчаных культурных каштоўнасцяў, але, на жаль, яны не могуць уплываць на працэс вяртання, як гэта маглі б рабіць афіцыйныя органы.

Адной з асаблівасцяў рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў на Гродзеншчыне з’яўляецца тое, што на нашу спадчыну, якая зараз раскідана па шматлікіх краінах свету, прэтэндуюць нашы бліжэйшыя суседзі – Літва і Польшча, якія ў справе вяртання культурнай спадчыны, у адрозненне ад Беларусі, займаюць вельмі актыўную пазіцыю. Як прыклад можна прывесці тое, што на працягу 1920-х гадоў польскія ўлады вялі перамовы з СССР, у выніку якіх у Польшчу з Ленінграда была перавезена частка Дзярэчынскага збору Сапегаў.

Такім чынам, займаючы пасіўную пазіцыю ў пытаннях вяртання нацыянальнай спадчыны, наша краіна рызыкуе застацца без значнага пласта нацыянальнай культуры. З’яўляецца бясспрэчным тое, што вяртанне на Беларусь гістарычнай культурнай спадчыны мае вызначальнае значэнне для прапаганды і змястоўнага насычэння беларускай нацыянальнай ідэі. Я цалкам згодны з думкай, што быць беларусам – гэта не справа нараджэння, гэта справа свядомага выбару [у тым ліку і справа нараджэньня; адно гругому не пярэчыць. – Рэд.]. На гэты выбар патрэбна ўплываць. І ўплываць у першую чаргу культурай, якая ў нас надзвычай багатая і арыгінальная. Таму я лічу неабходнай і адной з першачарговых задач, якія павінны стаяць перад беларускай грамадскасцю, задачу вяртання культурнага багацця нашых продкаў на радзіму.

 

Ад рэдакцыі:

1. На час правядзеньня канферэнцыі Юры Корыкаў – студэнт Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (Гародня).

2. Нагадаем, што вяртаньне зрабаваных у беларускага народу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў ужо зафіксавана ў адпаведных палажэньнях Беларускай дактрыны (Д пр-пы 32 і 33) як адна з ключавых умоў па ўсталяваньні паміж суседнімі народамі (найперш, беларусамі і рускімі, беларусамі і палякамі) сапраўды сяброўскіх стасункаў. 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы