nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ВЯРТАННЕ ДА СЯБЕ: ГАСПАДАРСТВА БЕЗ ЧЫНОЎНІКАЎ З МЕТРАПОЛІІ (кБНІ)

17 сакавіка, 2007 | Няма каментараў

Станіслаў Урбановіч

Відавочным і бясспрэчным сведчанням вельмі працяглага самараспаду вялікай еўраазіяцкай імперыі – Расіі, такім як беззваротны адыход Фінляндыі (Суомі), самастойнасць Польшчы, самастойнасць дзяржаваў Прыбалтыкі, у метраполіі не было ў свой час нададзена належнага значэння. І як вынік – не было і няма адэкватных прагматычных дзеянняў кіраўнічага цэнтру з метраполіі. Замест іх з дапамогай гвалту праводзіўся ўзмоцнены ціск метраполіі на тубыльцаў. Так, была “па просьбе працоўных” ліквідавана Беларуская Народная Рэспубліка, а пасля 17 верасня 1939 г. (пры так званым “паўторным вызваленні”) цэлыя цягнікі спецзавербаваных з Расіі ехалі на “новыя” заходнія землі пад выглядам супрацоўнікаў вельмі высокай кваліфікацыі. У сустрэчным кірунку рухаліся цягнікі з дэпартаванымі “ворагамі народу” і іншымі “шкоднікамі”.

Працэс такога сустрэчнага перасялення народаў значна актывізаваўся пасля другой сусветнай вайны.

Але і такія жорсткія і рашучыя меры з прымусовым перасяленнем насельніцтва не змаглі перадухіліць развал Імперыі. Мала таго, працэс прымусовай дэпартацыі паскараў непазбежнасць распаду, адначасова ўскладняючы сцэнар (схему) распаду Імперыі.

Так, прыбыўшы ў Беларусь, пасяленцы (у асноўным рускай нацыянальнасці) не лічылі для сябе патрэбным знаёміцца са звычаямі і мовай тубыльцаў, паколькі лічылі сябе носьбітамі вялікай гістарычнай місіі па далучэнні адсталых беларусаў да самай перадавой у свеце марксісцка-ленінскай ідэалогіі.

У сваю чаргу вымушаныя перасяленцы з Захаду неслі з сабой новыя і не заўсёды зразумелыя для тамтэйшых тубыльцаў канцэпцыі і факты. Гэта карэнным чынам уплывала на свядомасць народаў Сібіры, Далёкага Усходу, Поўначы, Казахстана і г.д.

За ўсімі гэтымі працэсамі падманнага (для расіян) і прымусовага (для беларусаў) працэсаў перасялення стаяў (карыстаючыся тэрміналогіяй таго часу) “розум эпохі”, г.зн. КПСС.

Цяпер няцяжка бачыць, што гэты “розум эпохі” сам садзейнічаў развалу еўраазіяцкай імперыі. Працэс распаду пачаў ісці з паскарэннем. Дастаткова ў гэтай сувязі прыгадаць відавочныя падзеі і факты. Да ліку такіх падзеяў і фактаў кожны ахвотны можа аднесці: развал СЭУ, знікненне Варшаўскай дамовы, развал СССР, працэс дэзінтэграцыі сучаснай Расіі – нарастанне сепаратызму ў сучасных суб’ектах Расіі. (Пры гэтым у дужках можна заўважыць, што памагатыя прэзідэнта А.Лукашэнкі ды і ён сам распад СССР тлумачаць тым, што Б.Ельцын, Л.Краўчук і С.Шушкевіч падпісалі “здрадніцкія” пагадненні ў Віскулях. Тут зноў мы бачым, як паслядоўнікі “розуму эпохі” не заўважаюць аб’ектыўнага працэсу распаду вялікай еўраазіяцкай імперыі. Гэтым людзям для смеху можна толькі напомніць аб тым, што развал балканскай імперыі – Югаславіі – адбыўся без падпісання адпаведных пагадненняў у Віскулях. Мала таго, выхад Ічкерыі-Чачні са складу Расіі дэ-факта адбыўся пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў. Звыш таго, нарастанне сепаратызму ў рэгіёнах сучаснай Расіі адбываецца пры актыўнай падтрымцы вялікага інтэгратара часткі праваслаўных славян прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі).

І хаця Беларусь дзве сотні гадоў змушана знаходзілася ў складзе Расіі, тым не менш нашы прышлыя расійскія чыноўнікі лічаць, што гэты час зусім малы і вельмі трэба прадоўжыць наша знаходжанне ў Расіі шляхам “інтэграцыі” з ёю.

Чарговы “пракол” мясцовых і расійскіх інтэгратараў заключаецца ў тым, што яны не могуць несупярэчліва патлумачыць, чаму па ўзроўні жыцця сваіх людзей Расія знаходзіцца ў ліку дзяржаваў другой сотні, з’яўляючыся пры гэтым звышбагатай краінай свету па прыродных рэсурсах. Звышбагатая прыроднымі рэсурсамі Расія можа дазволіць сабе кампенсаваць сваю векавую безгаспадарнасць і інтэлектуальную бездапаможнасць свайго кіраўніцтва шляхам пуску ў вытворчасць новых свідравін, новых шахтаў і г.д. і продажам гэтай сыравіны на вонкавым рынку.

У Беларусі іншае наваколле і іншыя прыродныя багацці. З гэтай прычыны гаспадарчую бяздарнасць і кволасць мы не ў стане кампенсаваць праз павышэнне здабычы, напрыклад, золата, плаціны, нафты, нікелю і г.д. і арганізацыяй іх продажу на вонкавых рынках.

Мала таго, і не толькі з гэтай прычыны Беларусь “добраахвотна” вымушана шукаць адметны шлях гаспадарання. І гэты шлях павінен радыкальна адрознівацца ад эканамічнай структуры і мадэлі, якая пераважае ў вялікага брата, г.зн. у Расіі.

Звыш таго, у выніку двухсотгадовага кіравання гаспадарствам Беларусі прышлымі чыноўнікамі з Усходу сёння разумная эканоміка Беларусі практычна не існуе. У лепшым выпадку наша эканоміка з’яўляецца марыянеткавым дадаткам да эканомікі ўсходняй метраполіі. І толькі гэтым можна патлумачыць тое, чаму пасля крушэння СССР інтэгратары ўсіх адценняў так галасліва пачалі крычаць пра разрыў эканамічных сувязяў з усходняй метраполіяй.

Замест таго, каб арганізоўваць і наладжваць гаспадарку Беларусі, цяперашняя “вертыкаль” абмяжоўваецца лямантам і безупыннай працай па дасягненні “інтэграцыі” з метраполіяй. Усім нам добра зразумела, што, будучы толькі прыдаткам да гаспадарства і стылю кіраўніцтва “вялікага брата” з Усходу, мы ніколі не дасягнем заможнага і ўстойлівага жыцця нават ва ўмовах дэмакратыі. Мы і надалей будзем прыслугай (як пісала ў свой час Кацярына ІІ – “землякопамі”) у “вялікага брата”. І надалей будзем сквапна пазіраць на яго, чакаючы “літасцівых” падарункаў.

Варта толькі зірнуць на сучасную сістэму калгасаў і саўгасаў, каб пераканацца ў тым, што гэтая сістэма сфармавана для таго, каб забяспечваць метраполію прадуктамі харчавання і пэўнай сыравінай. Тое ж можна сказаць і пра нашу прамысловасць: яна амаль не можа існаваць без прыхамаці і жаданняў “вялікага брата”. У лепшым выпадку наша прамысловасць – гэта толькі дадатак да неэфектыўнай энэрга- і металаёмістай эканомікі метраполіі.

У выніку безраздзельнай улады прышлых чыноўнікаў з метраполіі “вялікага брата” і ўласных інтэгратараў па-за ўвагай гаспадарчага выкарыстання заставаліся і застаюцца такія несумненныя багацці Беларусі, як працавіты і кемлівы народ, выгаднае геаграфічнае становішча, амаль бязмежная колькасць экалагічна чыстай прэснай вады, балоты як кладоўкі экалагічнага багацця, торф як сыравіна для новых тэхналогій будучыні, магчымасці выкарыстання дармовай ветравой энэргіі, выкарыстанне амаль незлічонай колькасці азёраў і рэчак для развядзення птушак, прэснаводных рыбаў і г.д.

Але замест гэтага цяпер вядзецца наступ на запаведнікі, балоты, неперспектыўныя вёскі, хутары і г.д. Чыноўнікі давялі справу да таго, што пасля зносу хутароў у “перспектыўныя” вёскі апошнія працягваюць лічыцца “перспектыўнымі” і пасля таго, як сталі меншымі за памеры зліквідаваных хутароў.

Разам з тым Беларусь можа і надалей актыўна развіваць сваю традыцыйную мяса-малочную вытворчасць без незлічонай кольскасці чыноўнікаў з так званага аграпрамысловага комплексу.

Першым крокам на шляху да заможнага жыцця ўсіх і для ўсіх павінна стаць спыненне разбурэння і неабмежаваных клопатаў чыноўнікаў-інтэгратараў пра эканамічныя інтарэсы і палітычнае становішча “вялікага брата” – г.зн. Расіі.

Усе мы павінны паклапаціцца пра адраджэнне сваёй нацыянальнай эканомікі, маючы пры гэтым на ўвазе дастатак у жыцці кожнага працоўнага. Мала таго, усім павінна быць забяспечана выкананне правоў чалавека ва ўмовах дэмакратыі і, безумоўна, плюралізму думак і меркаванняў.

І тут для нас пэўным прыкладам магла б стаць былая правінцыя вялікай усходняй імперыі, край непужаных птушак – Фінляндыя (Суомі). У гэтым выпадку варта звярнуць увагу толькі на тое, што поспехі Суомі дасягнуты без дапамогі прышлых чыноўнікаў і без інтэграцыі з “вялікім братам”.

Памеры і геаграфічнае становішча Беларусі вельмі спрыяльныя для развіцця ўласнай паўнавартаснай гаспадаркі. Сапраўды, ужо абгрунтавана, што пры перавозках звыш прыкладна 500 км плён працы “знікае пад коламі” ці пад кілем вадаплаваў. Мала таго, сучасная Беларусь можа “задаволіцца” аварыяй у Чарнобылі і вырачыся ўсялякіх памкненняў вярнуць сабе ядзерную ці хімічную зброю альбо арганізаваць іх вытворчасць, як гэтага дабіваюцца інтэгратары.

Урэшце рэшт, наша ўвага і ўвага нашага кіраўніцтва павінна быць скіравана на дабрабыт кожнага, а не на службу “вялікаму брату” з Усходу.

Ад рэдакцыі:

1. На час правядзеньня канферэнцыі Станіслаў Урбановіч – кандыдат фізіка-матэматычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі цвёрдага цела НАН Беларусі (Менск).

2. Мы ў рэдакцыі вельмі падтрымліваем ідэю сп-ра С.Урбановіча зьвярнуць увагу на чыноўніцкі клас. У сувязі з гэтым у нас уведзены нават адмысловыя тэрміны: расейскія чыноўнікі, цалкам апанаваныя імперскім сьветаглядам, у нас завуцца імперыякратыяй, а мясцовая безнацыянальная прымітыўна-здрадніцкая бюракратыя – цяперцамі (г.зн. людзьмі часовымі, якія жывуць адзінае што жаданьнем прыхапіць, што змогуць, “тут і цяпер”).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы