nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

КАСТА ЦЯПЕРЦАЎ (Д пр-п 49)

сакавік 18, 2007 | Няма каментараў

Рэдакцыя.

Ц�пе���-па�аз���.JPG

З самага пачатку працы нашай рэдакцыі мы дамовіліся, што галоўным ворагам нашага народу – ворагам №1 – заўсёды будзем лічыць расейскую імперскую бюракратыю (імперыякратыю). Ад яе злачыннай, антылюдскай дзейнасьці мы і нашы продкі, а таксама шматлікія іншыя народы Еўразіі пакутуюць ужо не адно стагоддзе. Мясцовае чынавенства ў Беларусі (а па сутнасьці посткамуністычная бюракратыя), якое ў 1991 годзе на нашай зямлі пераняла ўладу непасрэдна з рук бюракратыі савецка-камуністычнай, мы вырашылі назваць цяперцамі (г.зн. людзьмі хоць у большасьці і мясцовымі, але найчасьцей прымітыўнымі з абмежаваным сьветаглядам, якія, кантужаныя камуна-савецкай селекцыяй і выхаваньнем, працягваюць жыць у значнай ступені па-за сувязьзю зь лёсам свайго народу, нярэдка згодна з прынцыпам “схапіць цяпер, а там хоць трава не расьці”).

Мы заўсёды разумелі негатыўнае значэньне ўлады цяперцаў для нашага народу, але далейшую эвалюцыю мясцовай бюракратыі прадказаць было цяжка. З аднаго боку, яна працягвала знаходзіцца пад відавочным дэструктыўным уплывам расейскай імперыякратыі і яе агента – Лукашэнкі, у сувязі з чым працягвала падвяргацца негатыўнай селекцыі і кепскаму выхаваньню (з-за чаго ўвесь час выраджалася, дэградавала ва ўсё больш антынацыянальную паразітычную бюрактарыю). А з другога боку, статус мясцовай бюракратыі – хочаш ня хочаш, але сілы, якая мае рэальную палітычную ўладу – накладаў на яе абавязкі эліты дзяржаўнай. З-за апошняга ў нетрах цяперцаў павінны быў прысутнічаць і адваротны працэс – рост ўзроўню дзяржаўніцкага сталеньня і дзяржаўнай адказнасьці. Таму ў свой час мы ня сталі канчаткова вызначацца з нашым стаўленьнем да мясцовай бюракратыі (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/06/16), а ў палітычнай дзейнасьці, бывала (2001 г.), нават давалі ёй пэўныя авансы.

Але час ідзе, факты накопліваюцца, і ужо можна вызначацца без вялікай рызыкі памыліцца.

Фармаваньне касты цяперцаў пачалося адразу пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады над Беларусьсю. Тады ў тых, хто жадаў працаваць у прэзідэнцкай адміністрацыі, у структурах выканаўчай улады, якая потым стала ўся называцца “прэзідэнцкай вертыкальлю”, кадравікі па сутнасьці высьвятлялі адно: як прэтэндэнт ставіцца да ПП РБ А.Г.Лукашэнкі. Людзі нармальныя (а 1986-94 гг. шмат у чым паспрыялі нармалізацыі сьветаглядаў людзей) пярэчылі: “пры чым тут Лукашэнка? Я такі-та і такі-та сьпецыяліст, я зьбіраюся сумленна служыць беларускаму народу і нашай дзяржаве, і па мне гэта галоўнае…”. Такіх людзей ня бралі…

Калі больш-менш сумленны і годны чалавек неяк праходзіў сіта адбору і апынаўся ва ўладных структурах, пазьней ён вымушаны быў адыходзіць (не вытрымліваў ганьбы сялектарных нарад, унутранай здушліва-бюракратычнай атмасьферы ў асяроддзі цяперцаў, узроўню іх культуры і стылю ўзаемаадносін) ці яго звальнялі. Нам вядома некалькі такіх чалавек, хаця мы адмыслова падобнай інфармацыі не зьбіралі і ніякай статыстыкі, натуральна, не вялі.

Важным фактам, які сьведчыў аб працэсе пераўтварэньня цяперцаў у асобную касту, ізаляваную ад лёсу беларускага народу, адасобленую ад яго жыцьця і праблем, сталі зьвесткі пра ўзровень афіцыйных заробкаў “вертыкальных” (пра тое, што давалася ў закрытых канвертах ці атрымлівалася ў выглядзе хабару, гаворка нават не ідзе…). У 2003 і 2007 гг. у сувязі з правядзеньнем мясцовых выбараў многія прадстаўнікі ўладнай вертыкамі былі вымушаны абнародаваць афіцыйныя даныя пра свае гадавыя зарплаты, якія аказаліся… ў 5-10 разоў большыя, чым у сярэднестатыстычнага грамадзяніна. Такога не было нават у часы “саўка”. Тады, напрыклад, у доктара навук, прафесара месячны заробак быў 450-500 рублёў, а ў рэктара ВНУ – афіцыйна каля 700 рублёў (140-150% ад прафесарскага). Сёньня ж, у час паўнаўладдзя “сябры простага народу” і “самага чэснага прэзідэнта ва ўсім сьвеце” – сп-ра Лукашэнкі, афіцыйны заробак рэктароў універсітэтаў складае… 800-1000%(!) ад заробку доктара навук, прафесара, кваліфікацыя працы якога адрозьніваецца ад рэктарскай… толькі пасадай.

Нарэшце, на днях выйшаў і быў разасланы ва ўсе ведамствы краіны загад ураду за подпісам прэм’ера Сідорскага. Цяпер каб паступіць на дзяржаўную службу, ўсім жадаючым трэба абавязкова мець характарыстыку, а таксама рэкамэндацыйныя лісты ня менш як ад двух чыноўнікаў-вертыкальшчыкаў (паведамленьне інтэрнэт-выданьня “Штодзёньнік”). Апошнія пры гэтым будуць несьці асабістую адказнасьць за новага службоўца, якому далі рэкамендацыю.

Усё! Цяперцы канчаткова сталі закрытай сектай (клубам, кланам, кастай, зграяй, мафіяй), цалкам ізаляванай ад беларускага народу. Ілюзіі 2001 году, калі многія спадзяваліся на тое, што дзяржаўнае чынавенства падтрымае Ганчарыка, што яму надакучыла падпарадкоўвацца садысцкаму стылю кіраваньня Лукашэнкі (а гэтым, дарэчы, было абумоўлена абраньне Ганчарыка “адзіным” таго часу), цяпер выглядаюць цалкам недарэчнымі. Такімі цяперцы аб’ектыўна былі ўжо тады, толькі наша разуменьне сітуацыі было недастаткова глыбокае, каб недарэчнасьцяў не дапускаць.

Вынік. Сёньня ў школах адмяняецца вывучэньне твораў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, забараняецца паняцьце “літаратура нацыянальнага адраджэньня”, у ВНУ адмяняюцца курсы беларускай мовы і гісторыі, а ў СШ вывучэньне гісторыі і геаграфіі Беларусі пераводзіцца на імперскую мову. Усе гэтыя злачынствы (пра аналагічныя злачынствы, якія мелі месца пачынаючы з 1994 году, я нават не кажу) рыхтуюцца, абмяркоўваюцца, зьдзяйсьняюцца цяперцамі. Вы чулі пра якія-небудзь пратэсты, якія зыходзілі зь іх шэрагаў, хаця б пра якую-небудзь унутраную барацьбу, дыскусіі? А, мо, вы чулі заявы пра пагрозы самаадставак, калі чарговыя злачынствы супраць беларускага народу, яго мовы, гісторыі, культуры пачнуць укараняцца?

Не. Такога не было і не прадбачыцца.

Г.зн., што ў Беларусі са здарднікаў-цяперцаў фактычна створана каланіяльная адміністрацыя, пакліканая абслугоўваць інтарэсы расейскай імперыякратыі, а не інтарэсы беларускага народу. Сітуацыя нагадвае тую ж, што і, напрыклад, у Чачні. Там таксама створана каланіяльная адміністрацыя з мясцовых здраднікаў на чале з Рамзанам Кадыравым. Барацьба за такія ж пераўтварэньні ці супраць іх адбываецца і ва Украіне…

Такім чынам, мясцовая кампрадорская бюракратыя ў Беларусі – цяперцы – канчаткова пераўтварылася ў злачыннага дэструктыўна-паразітычнага монстра, падобнага да глістоў, блох, клапоў ці кляшчоў (гл. малюнак у пачатку артыкула; самі выбярыце найбольш адэкватную асацыяцыю), абсалютна ізаляванага ад аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу, прызначанага для выкарыстаньня, эксплуатацыі беларусаў, Беларусі, і падпарадкаванага ўладзе Лукашэнкі ды яго гаспадароў з колаў расейскай імперыякратыі. У сувязі з гэтым аб’яўляем цяперцаў ворагам беларускага народу №3, што і фіксуем у выглядзе чарговага прынцыпу Беларускай дактрыны (Д пр-п 49).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы