nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

БЕЛАРУСАМ ПАТРЭБНЫЯ КВОТЫ (кБНІ)

сакавік 19, 2007 | Каментары (1)

Аркадзь Блінкоўскі

Табл.1. Нацыянальны склад працаўнікоў дзяржаўных устаноў Беларусі ў 1929 годзе ( %%).

Табл.1.GIF

Праблема беларускага нацыянальнага адраджэння, стварэння ўмоваў для паўнавартаснага развіцця нацыі на працягу ХХ ст. вырашалася і вырашаецца ва ўмовах жорсткага супрацьдзеяння імперскіх і вялікадзяржаўных сіл Расіі і СССР, а таксама значнай часткі расійскага і дэнацыяналізаванага насельніцтва Беларусі з ярка выражанай “постсавецкай” ментальнасцю. Аб гэтым яскрава сведчаць вынікі рэферэндумаў, ініцыяваных прэзідэнтам РБ у траўні 1995 і лістападзе 1996 гг., што адначасова раскрывае антынацыянальны характар дзяржаўнай улады сённяшняга дня ў Беларусі.

Уладны рэжым хоча яшчэ больш зняважыць беларусаў і схаваць гэтае зняважлівае палажэнне ад саміх беларусаў і ад сусветнай супольнасці. Аб гэтым сведчыць тое, што ў лісты перапісу насельніцтва РБ першапачаткова не было ўключана пытанне аб нацыянальнасці. Прэзідэнцкія аналітыкі ведаюць, што папярэдні перапіс насельніцтва зафіксаваў факты значнай дыскрымінацыі беларусаў як карэннага насельніцтва БССР і што Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаны Урадам БССР у 1976 годзе, патрабуе змянення такога становішча “нават калі гэта парушэнне было здзейснена асобамі, якія дзейнічалі ў афіцыйнай якасці”. Гэта значыць, што размовы аб тым, “что так случилось” ці “так получилось”, незаконныя, антынацыянальныя і фактычна шавіністычныя.

Рэжым ідзе на далейшае парушэнне закону, спрабуючы яшчэ больш адхіліць этнічных беларусаў ад кіравання сваёй дзяржавай, спрабуючы даць права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах грамадзянам Расіі [на сёньня грамадзяне РФ ўжо удзельнічаюць у выбарах ня толькі як выбарцы, а і як кандыдаты ў дэпутаты… – Рэд.]. Перапіс 1989 года зафіксаваў факт значнай дыскрымінацыі беларусаў у органах дзяржкіравання, калі расійцы мелі 7,8% прадстаўнікоў ад працаздольных сваёй дыяспары, дык беларусы – толькі 3,3%. Нягледзячы на адсутнасць статыстычных звестак, можна ўбачыць, што ў Заходняй Беларусі на кіраўнічых пасадах больш выхадцаў з Усходняй Беларусі, а на Віцебшчыне ідзе выцісканне беларусаў расійцамі.

Трэба ўвесці квоты на пасады для беларусаў у дзяржаўных установах Рэспублікі Беларусь на бліжэйшыя 30-40 гадоў. І гэтую працу – дабівацца квотаў для беларусаў, ці, іншымі словамі, правесці дэкаланізацыю Беларусі – трэба пачынаць цяпер, бо пры рэжыме Лукашэнкі палажэнне беларусаў на сваёй зямлі яшчэ больш пахіснулася.

Такія квоты былі ўведзены ў свой час для неграў і індзейцаў у ЗША, каб яны атрымалі блізкія стартавыя магчымасці з іншымі нацыянальнасцямі.

Іншыя прыклады. Сінгапур жорстка рэгламентуе праз квоты палажэнне нацыянальнасцяў на сваёй зямлі. Пасля дэмакратызацыі ПАР і Зімбабвэ (былой Паўднёвай Радэзіі) там былі ўведзены квоты для белых і каляровых у парламентах гэтых краін. У свой час статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года рэгламентаваў, што пасады ў ВКЛ могуць займаць толькі ўраджэнцы гэтых земляў.

Адсутнасць квотаў пры сумесным пражыванні народаў са значнымі адрозненнямі ў менталітэце прыводзіць да негатыўных з’яваў. У Інданэзіі ў 1960-х гадах кітайцы, захапіўшы гандаль, эканамічна былі вышэйшымі за інданэзійцаў. Каб дабіцца большага верхавенства, яны ўзброіліся камуністычнай ідэалогіяй (не без падтрымкі КНР) і спрабавалі захапіць палітычную ўладу. Гэта прывяло да крывавага супрацьстаяння кітайцаў і інданэзійцаў на глебе сацыяльных ды нацыянальных адрозненняў і супярэчнасцяў.

Увядзенне квотаў перадухіліць шматлікія негатыўныя з’явы, якія цяпер пануюць у Расіі. Расійцы са сваім менталітэтам не здольныя будаваць здаровую эканоміку, а шукаюць прычыну гэтага ў дзеяннях яўрэяў і каўказцаў. Дый нашая эканамічная катастрофа звязаная з тым, што ў вярхах зусім мала кіраўнікоў, якія дбаюць пра нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы.

Дыскрымінацыя беларусаў, з аднаго боку, абумоўлена каланіяльнай палітыкай Расіі, а ў сучасны момант – яе геапалітычнымі інтарэсамі [“геапалітычныя інтарэсы” – гэта проста іншая форма абгрунтаваньня каланіяльнай палітыкі. – Рэд.] і сыравінным характарам эканомікі. Падзелы “Польшчы” – гэта ёсць у рэальнасці паслядоўная каланізацыя Літвы-Беларусі. Дыскрымінацыя беларусаў, з другога боку, абумоўлена розным менталітэтам беларусаў і расійцаў, несумяшчальным і небяспечным для іх пры сумесным пражыванні.

Паводле М.Бярдзяева, “можна адкрыць дзве палярныя ўласцівасці ў рускім народзе: дэспатызм, гіпертрафія дзяржавы і анархізм, вольнасць; жорсткасць, схільнасць да гвалту і дабрыня, чалавечнасць, мяккасць; абрадавая вера – і пошукі праўды; індывідуалізм, вострае ўсведамленне асабістасці – і безасабовы калектывізм; нацыяналізм, пахвальба – і ўніверсалізм… пакорлівасць і нахабства; рабства – і бунт” (Беларусіка. – Кн.2. – Мінск, 1992. – С. 20).

Пазітыўныя бакі менталітэту беларусаў – талерантнасць, памяркоўнасць, гасціннасць, лагоднасць, мяккасардэчнасць, кемлівасць, няпомслівасць [частка названых якасьцяў нацыянальнага характару беларусаў ня ёсьць сапраўдныя, а ўсяго толькі намоўленыя расейскай імперскай прапагандай; “талерантнасьць, памяркоўнасьць, лагоднасьць, няпомсьлівасьць” – гэта сродкі выжываньня ва ўмовах жорсткага імперскага ціску. – Рэд.] – абярнуліся бядой для беларусаў. Гэта тлумачыць, чаму дыскрымінацыя і выцісканне са сваіх земляў не прыводзіла да жорсткага супраціўлення такога маштабу, як каўказскія войны ў мінулым і сучаснасці.

Факт дыскрымінацыі беларусаў быў добра зразумелы кіраўнікам Савецкай імперыі, таму ў пачатку 1920-х гадоў узнікла псеўдадзяржава пад назвамі БССР, ЛітБелССР, зноў БССР, у якой “высвабаджаны ад прыгнёту народ” далучыўся да кіраўніцтва кампартыяй і Саветамі дэпутатаў дзякуючы палітыцы беларусізацыі і каранізацыі. Аднак наколькі была глыбокай хвароба савецка-расійскага каланіялізму, сведчаць статыстычныя звесткі канца 1920-х гадоў (табл. 1). Чым гэта скончылася і як метадам барацьбы з “нацыянал-дэмакратызмам” былі загублены лепшыя нацыянальныя кадры на Беларусі, добра вядома.

Аб тым, што дыскрымінацыя карэннага насельніцтва БССР захоўвалася ў перыяд “разгорнутага будаўніцтва сацыялізму” і, г.зн., была працягам каланіяльнай палітыкі Расійскай імперыі, сведчаць звесткі з табл. 2.

Табл. 2. Колькасць беларусаў у насельніцтве, установах кіравання, адукацыі, мастацтва і абароны ў 1989-94 гг.

Табл.2.GIF
 

Як відаць, палажэнне беларусаў горшае за палажэнне неграў у былой ПАР, дзе існавалі негрыцянскія універсітэты. А як вядома, ніводнага нацыянальнага універсітэта на Беларусі сёння не існуе. Дарэчы, адсутнасць нацыянальнай школы на Беларусі, як сярэдняй, так і вышэйшай, з’яўляецца ці не галоўным фактарам дыскрымінацыі беларускага этнасу, яго дэнацыяналізацыі. Можна чакаць, што вынікі астатняга перапісу будуць замоўчвацца, не аналізавацца з пункту гледжання развіцця беларускай нацыі. Між тым можна прагназаваць, што колькасць расійцаў на першых пасадах дзяржавы пад прыкрыццём утварэння псеўдасаюзнай дзяржавы будзе ўзрастаць. З другога боку, нацыянальна свядомыя беларусы будуць выдаляцца з адміністрацыйных пасад пад прыкрыццём “скарачэння”, “прафнепрыгоднасці”, нелаяльнасці і г.д.

Свядомая палітыка дыскрымінацыі з боку імперскіх сілаў і іх памагатых на Беларусі прывяла да жабрацтва беларусаў і нашай дзяржавы. Гэта абражае чалавечую і нацыянальную годнасць беларусаў, вядзе да пераўтварэння карэннай нацыі ў нацыянальную меншасць, да ліквідацыі Беларусі на мапе Еўропы. Пагэтаму ўзнятую праблему мы павінны даводзіць да ведама свайго народу і сусветнай супольнасці.

Нацыянальна свядомае грамадства павінна бараніцца і ў першую чаргу дабівацца таго, што вынікае з колькасці беларускага насельніцтва, – квотаў не менш як на 78% пасад. На гэта ёсць заканадаўства. І будзе злачынствам, калі беларусы не будуць гэтага патрабаваць – быць роўнымі з іншымі нацыянальнасцямі на сваёй зямлі [мы прытрымліваемся пазіцыі, што нормай ёсьць пазіцыя гаспадара на ўласнай зямлі, а ня роўнасьці, якой, дарэчы, таксама няма і змаганьне за якую на сёньняшні дзень не дало ніякага плёну. – Рэд.]. Будучы парламент Беларусі павінен унесці ў нацыянальнае заканадаўства Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і ўважліва кантраляваць яго выкананне на працягу ня менш, як 30-40 гадоў.

Ад рэдакцыі:

1. На час правядзеньня канферэнцыі Аркадзь Блінкоўскі – горны інжынер, пенсіянер. Сябра БСДГ (Баранавічы, Берасьцейская вобл.).

2. Наша падтрымка пазіцыі аўтара зьяўляецца абсалютнай. Больш за тое, мы ўжо прынялі аналагічныя палажэньні ў нашу Беларускую дактрыну (гл. Д пр-п 9, 29/2). Але самае прыемнае, што аналагічныя прынцыпы, аказваецца, ёсьць легальнымі з пазіцый міжнароднага права і падпісаныя БССР! У прыватнасьці, у Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах кантэкстна пададзены пасыл, што дыскрымінаваць людзей па нацыянальнай прыкмеце нельга. А ў Беларусі, як абсалютна правільна паказаў сп-р Блінкоўскі адбываецца відавочная дыскрымінацыя беларусаў.

Каментары (1)

  1. Віктар Парфёненка кажа:

    Цудоўны артыкул. Ён не зьмяніў сваёй вартасьці за столькі год. Беларусаў заганяюць на маргінэз усялякія прыхадні ды “Здольнікі”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы