24 сакавіка старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк даў інтэрвю радыё “Свабода”. Прыводзім яго некаторыя выказваньні.
Рэдакцыя.
Пра наш народ.
“Практычна ў кожным выказваньні ёсьць доля праўды. Кожны адлюстраваў нейкую частку грамадзтва. Акрамя, можа, пары зласьлівых выказваньняў наконт “прымітыўнага народа” і г.д. Якраз наадварот: наш народ ВЕЛЬМІ КЕМЛІВЫ, ВЫКЛЮЧНА КЕМЛІВЫ І ЗДОЛЬНЫ. Беларускі народ здольны на ўсё. І калі гэтыя ўмовы насьпеюць, то ён гэта раскрые. На адныя якасьці ён больш здольны, на другія менш здольны, але ўсё залежыць ад умоў. У тых умовах, у якіх ён вымушаны жыць зараз і на працягу апошняга доўгага часу, ва ўмовах акупацыі, прыгнёту, перасьледу ўсяго беларускага – у гэтых умовах найменш здольнасьці праявіліся ў жаданьні любіць сябе. Вось прапаную правесьці такое апытаньне: што чалавек любіць больш за ўсё? І што ці каго павінен чалавек любіць больш за ўсё? І вось як людзі на гэта адкажуць – таму што на гэта ёсьць абсалютна ясны і дакладны адказ. А вось як адкажуць людзі? Гэта будзе вельмі цікава. Дык вось ва ўмовах прыгнёту, акупацыі, прапаганды, прыніжэньня гэты галоўны інстынкт чалавека – любіць сябе – у пэўнай ступені заніжаны. Гэта вынік пэўных цяжкіх абставін”.
Пра палітыку.
“Я не гавару і ніколі не гаварыў, што ў Беларусі няма палітыкі, таму што гэта проста бздура. ПАЛІТЫКА ЁСЬЦЬ ТАМ, ДЗЕ ЁСЬЦЬ УЛАДА. Таму ў Беларусі ёсьць палітыка, але гэта палітыка антынацыянальная. Вось у чым бяда: што яна небеларуская. І гэта вялікая бяда, таму што калі такая палітыка праводзіцца, то яна пазбаўляе нацыю пэрспэктывы. Вось гэта вельмі небясьпечна. Нацыянальная, адраджэнцкая палітыка загнаная ў падпольле, на маргінэз. Яна знаходзіцца зараз у вельмі цяжкім стане. А народ адлучаны ад інфармацыі, ад гэтых людзей. Гэта вынік 10 гадоў дыктатуры. Зараз у Беларусі актыўная палітыка – палітыка антынацыянальная, антыбеларуская. Гэта клясычная сытуацыя, калі зьвярэе рэакцыя, калі шмат што, калі ня ўсё, забаронена, калі задушана вольнае слова, калі на гук беларускай мовы на вуліцы кідаецца міліцыя і хапае моладзь, у гэты час павінна адбывацца накапленьне нацыянальных сіл – так было заўсёды. Павінна быць асьветніцтва ў галаве. І гэтае накапленьне адбываецца, як бы нябачна, але рэакцыя рэжыму паказвае, што яны гэта ведаюць і адчуваюць. І сёньняшнія падзеі гэта вельмі добра ілюструюць”.
Пра палітыка-творцу, палітыка – вялікага чалавека.“
… палітык, які займаецца мастацтвам, піша вершы, ці раманы, ці карціны, ён, асабліва ў нашай сытуацыі распалавіненага грамадзтва і нацыянальнай барацьбы (бо канфлікт у Беларусі – гэта нацыянальны канфлікт паміж Масквой і Беларусьсю), вось у гэтай сытуацыі ня можа быць аб’ектыўнай ацэнкі [яго] творчасьці. І ня можа быць вялікі пісьменьнік, вялікі паэт ці вялікі мастак, калі ён палітык. Я гэта цудоўна разумею і гэтым не пераймаюся. Прыклад таго, што я сказаў – гэта Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Гэта ня толькі вялікі пісьменьнік, гэта вялікі чалавек. Вялікія людзі, я некалі пісаў – гэта цэлая катэгорыя. Ня кожны можа быць вялікім. Быкаў мог. БЫКАЎ, ПІСЬМЕНЬНІК СУСЬВЕТНАГА ЗНАЧЭНЬНЯ, ПАДТРЫМАЎ ІДЭЮ НАЦЫІ. НАЦЫІ ПРЫНІЖАНАЙ, ПРЫГНЕЧАНАЙ – ЁН ПАДТРЫМАЎ ІДЭЮ ЯЕ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ І СВАБОДЫ.Многія інтэлігенты паводзяць сябе такім чынам: “Мы за Вас, Зянон Станіслававіч”, гавораць яны мне шэптам ці адзін на адзін, але шэптам – яны не выпячваюцца. Яны ў сваіх прамовах, размовах, творах абыдуць маё прозьвішча, абыдуць праблему – але яны “за”. І такім чынам думаюць існаваць пры любым рэжыме і заставацца добрымі для Беларусі. Гэта катэгорыя людзей, якія запальваюць сьвечку і ставяць яе пад стол. Гэтыя людзі ніколі ня могуць быць вялікімі. Васіль Уладзімеравіч Быкаў запаліў сьвечку і паставіў яе на вышыню, каб усе бачылі. Ён адкрыта пайшоў, будучы вялікім пісьменьнікам, ведаючы, што будзе, адкрыта пайшоў за Беларусь. Ён падставіў сваё плячо, свой інтэлект, яго не спыніла нішто. Яго не спыніла тое, што мы апынуліся ў меншасьці, што нас перасьледавалі, што мы апынуліся хто ў турме, хто за мяжой – ён сам апынуўся за мяжой, але не адышоў ад сьвятой Беларусі, ад гэтай сьвятой ідэі. І што ён атрымаў, вялікі пісьменьнік? Пляўкі ў сьпіну, у патыліцу… Яго абзывалі “літаратурным паліцаем”. Вы можаце сабе ўявіць такое? Дык вось каб ён ня быў вялікім, ён бы гэтага не зрабіў, і яго б не абзывалі. Ён як Іван Шамякін застаўся б, і пахавалі б зь літаўрамі.
Вось што такое палітыка. Нават такі геній як Васіль Быкаў быў абпляваны, і творчасьць яго прыніжалі палітычныя ворагі, якія не разьбіраліся ў літаратуры і разьбірацца не хацелі. Для іх ніякая не была каштоўнасьць ні яго асоба, ні яго вялікая творчасьць. Вось што такое лёс творцы, які займаецца палітыкай. Мне гэта цудоўна вядома, і таму, як Вы кажаце, ці я не адчуваю недаацэненасьці – мяне такія эмоцыі не наведваюць, бо я вельмі добра бачу і разумею абстаноўку. Таму і было напісана, што пройдзе вельмі шмат часу, пакуль іх прачытаюць”.
Пра амаральных палітыкаў.
Карэспандэнт “Свабоды” папрасіла даць камэнтар на ранейшую ініцыятыву некаторых палітыкаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі далучыць цяперашнія ўлады да сьвяткаваньня дня 25 Сакавіка.
З. Пазьняк адказаў: “Тут справа простая, як палка. У лепшым выпадку гэта можна аднесьці на палітычную інфантыльнасьць, але ў цэлым гэта выглядае вельмі подлай справай. Таму што такія рэчы немагчымыя ў палітыцы, і немагчымыя ў палітычна разьвітых грамадзтвах. Няможна сабе такога ўявіць у нейкай іншай краіне. Бо гэта ўсё прыводзіць да поўнага зьмяшаньня паняцьцяў у галовах людзей і фактычна ДА ЛІКВІДАЦЫІ, НІВЭЛІРОЎКІ ДЭМАКРАТЫЧНАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭНЬНЯ. Гэта вельмі подлы ход, і я спадзяюся, што ён несьвядомы, проста ад адсутнасьці палітычнага вопыту. На жаль, нашае грамадзтва апынулася ў такім стане, што яно яшчэ ня вышла з савецкай мэнтальнасьці. Яно вельмі адносна арыентуецца ў палітыцы. І таму непрыяцелі беларушчыны могуць праводзіць такія маніпуляцыі, нават зь інтэлігенцыяй.
Каб можна было трошкі ясьней простаму чалавеку зразумець, што гэта такое: уявіце, што вашую дачку згвалцілі, забілі вашу сястру ці брата, і празь нейкі час вы запрашаеце забойцу і гвалтаўніка дахаты і кажаце: “Давай сядзем за стол, вып’ем, пагаворым, жыцьцё ж працягваецца, давай абмяркуем, як жыць, тое-сёе”. Ці магчыма такое ў народным жыцьці? Немагчыма. Дык вось гэта – тое самае. Гвалтаўнік, які парваў сьцяг, абпляваў сьвятыя каштоўнасьці, закрыў беларускую школу, называе беларускую мову брыдкімі словамі, хваліў Гітлера і гэтак далей… Чалавек, які праводзіць антынацыянальную палітыку цяпер, у гэты час, у гэтую сэкунду, як і ўчора, і пазаўчора, і два гады таму. І рабіць яму такія прапановы – гэта значыць АЛЬБО АБСАЛЮТНА НЕ РАЗУМЕЦЬ, ШТО ЧАЛАВЕК РОБІЦЬ, АЛЬБО РАБІЦЬ ВЕЛЬМІ ПОДЛУЮ СПРАВУ. Вось да чаго даводзяць такія паводзіны, і як вынік маем сёньняшнія падзеі”.
Velmi karysnae i patrebnae tlumachennie. Dziakuj tabie , Zenonie! Jak dobra shto my majem u nashym Adradz’enni takogha chalaveka.
Juzaf
Згодны