Алесь Астроўскі
З нагоды наступленьня другога году працы нашай рэдакцыі (які пачаўся з пачаткам красавіка) хочацца выставіць у сеціве нейкі яскравы, каляровы матэрыял. У сувязі з гэтым вырашана прадэманстраваць на прыкладзе кубіка Рубіка, нібы на своеасаблівай мадэлі, пэўныя заканамернасьці арганізацыі грамадскага жыцьця, якія, нягледзячы на штодзённае сутыкненьне зь імі, могуць уцякаць з-пад нашай увагі.
Раней мне ўжо даводзілася заяўляць, што кожнае паўнавартаснае грамадства (у т.л. наша беларускае, канешне, у пэўнай персьпектыве) варта разглядаць не як простую сукупнасьць грамадзянаў і розных грамадскіх групаў, а як іх сістэму. Апошняе ў сваю чаргу азначае прызнаньне таго важнейшага факту, што ў варунках здаровай нормы грамадзяне і розныя грамадскія групы ўнутры грамадства павінны быць зьвязаны станоўчымі ўзаемапрыцягальнымі сувязямі. Дзякуючы ім кожнае паўнавартаснае грамадства і зьяўляецца ня простай сукупнасьцю людзей, а наадварот – адзіным, цэласным, сістэмна арганізаваным аб’ектам.
Для ілюстрацыі дадзенага прынцыповага феномену ў свой час быў выкарыстаны вобраз дрэва, у якім яго галоўныя органы-часткі – лісты – зьвязаны паміж сабой з дапамогай галінаў і ствала ў адзіны арганізм – дрэва (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/05/15), якое ў сваю чаргу з дапамогай карэньня зьвязана з зямлёй. Аднак недахопам дадзенай мадэлі зьяўляеца тое, што галіны, ствол, карэньні дрэва вельмі ўжо выразныя яго часткі. Тыя ж сувязі, якія яднаюць людзей і грамадскія групы ў цэласнае грамадства, амаль нябачныя і рухомыя (бо гэта абавязкі, станоўчыя пачуцьці, а ня нешта накшталт пупавіны). У гэтым сэнсе ў якасьці мадэлі грамадскай сістэмы значна лепш падыходзіць такі аб’ект як кубік Рубіка. Давайце прыглядзімся да гэтага аб’екту паўважлівей і паглядзім, чым ён можа быць карысны для нас, чаму можа навучыць (дарэчы, ня толькі ў адносінах да грамадства, а і ў адносінах да любой грамадскай групы, усяго чалавецтва і чалавека на Зямлі).
1. Параўнаем уласьцівасьці.
Бачна, што кубік Рубіка можа знаходзіцца ў трох якасна розных станах (гл. малюнак у пачатку артыкула): напрыклад, у гвалтоўна разбураным, калі яго часткі поўнасьцю страчваюць сувязі паміж сабой і пераўтвараюцца ў простую сукупнасьць частак кубіка (ды й тое, калі застаюцца механічна “аб’яднаныя” вонкавымі межамі; назавем гэты стан першым); у зьвязаным стане, калі сувязі паміж рознымі часткамі кубіка прысутнічюць, але не даведзены да ладу, не ўладкаваныя (другі стан); і ў такім стане, калі сувязі ня толькі прысутнічаюць, а і гарманічна зьвязваюць усе часткі кубіка ва ўнутрана ўладкаваны аб’ект (трэці стан). Варта таксама дадаць, што паміж гэтымі трыма станамі могуць існаваць шматлікія пераходы: напрыклад, кубік ня поўнасьцю разбураны са стану 2 у стан 1, ці кубік не да канца сабраны са стан 2 у стан 3, ці поўнасьцю разбураны кубік, у якім адсутнічаюць тыя ці іншыя дэталі – прамежак паміж станамі 1 і 0 (нулявы стан не паказаны). Напэўна, нешта аналагічнае можа быць і з грамадствам. Яно можа быць разбурана і расцярушана пад уплывам вонкавых гвалтоўных узьдзеяньняў (вайна, накінутая ворагам, які прыйшоў звонку). На мапах можа пэўны час заставацца “ўспамін” пра межы, якія некалі існавалі. Аднак, калі тэрмінова не аднавіць дзяржаўную незалежнасьць, грамадства як самастойны аб’ект праз пэўны час можа зьнікнуць з рэчаіснасьці (нулявы станы). Для пачатку грамадства павінна быць, як мінімум, у стане адноснай незалежнасьці – мець сваю дзяржаву (г.зн., што павінны прысутнічаць яго агульнапрызнаныя межы, у якіх дзейнічае яго ўласная ўлада; гэта і будзе першы стан). Гэты першы стан якраз і характэрны для нас – беларусаў – сёньня. Наша дзяржава фармальна ёсьць, але натуральных сувязяў, якія яднаюць грамадства (маўляў, мы – беларусы – галоўныя законныя гаспадары сваёй дзяржавы – Вялікай Літвы-Беларусі), на сёньня амаль што адсутнічаюць. Яны толькі пачалі былі аднаўляцца, рэгенераваць у самым канцы 1980-х – пачатку 1990-х, але зноў гвалтоўна, злачынна (!) былі разбураны прамаскоўскім рэжымам Лу-кі (які зьяўляецца ўнутраным ворагам беларускага народу), працягваюць разбурацца цяпер. Аналагічны стан грамадства характэрны для астраўных дзяржаваў тыпу Новай Зеландыі, ЗША, іншых, якія могуць дазволіць сабе існаваць ва ўмовах псеўда-ліберальных прынцыпаў. Для грамадстваў, якія знаходзяцца, напрыклад, на еўрапейскім кантыненце і ў варунках пастаяннага ўзаемадзеяньня паміж сабой, такая рыхлая, унутрана незьяднаная структура практычна немагчымая (бо гэта для грамадства ўсё роўна, што сьмерць для чалавека), а таму ў норме (!) не сустракаецца. Якасна іншы другі стан азначае, што грамадства ня толькі знаходзіцца ў межах адносна незалежнай дзяржавы, а і ў яго ёсьць нацыянальная мова, культура, сімвалы, гістарычная і нацыянальная сьвядомасьць, якія ў цэлым фармуюць дамінуючае ўяўленьне, што мы – народ, і, як такія, мы адзіныя законныя гаспадары на ўласнай зямлі. Гэта азначае, што ў грамадства прысутнічаюць важнейшыя натуральныя сувязі, якія яго яднаюць у адзіны цэласны аб’ект. Але апошнія могуць быць яшчэ па той ці іншай прычыне ўнутрана неўладкаваныя (напрыклад, з-за захопу ўлады, хоць і “сваімі”, беспрынцыпнымі, нізкаўзроўневымі бюракратамі ці алігархамі грамадству могуць быць навязаны не гарманічныя ўнутрыграмадскія сувязі, а штучныя, некрафільныя ці хаатычныя). У выніку важнейшыя ўласьцівасьці грамадства – эканоміка, “дэмаграфія”, экалогія, культура, бясьпека, навука, рэлігія, ідэалогія, палітыка і г.д. могуць быць узаемна неўладкаваныя, як і неўладкаваныя могуць быць узаемаадносіны паміж асобным чалавекам, рознымі сацыяльнымі групамі й усім грамадствам, што аўтаматычна выклікае, як мінімум, нерэалізацыю жыцьцёвага патэнцыялу грамадства, а як максімум – вялікія пакуты людзей. Варта дадаць, што ў сьвеце апісаны – другі – стан зьяўляецца найбольш распаўсюджаным. Найлепшым жа станам грамадства, да якога варта імкнуцца як да пэўнага ідэалу, ёсьць такі, калі ўнутраная арганізацыя грамадства зьяўляецца натуральна і аптымальна ўладкаванай (трэці стан). Як і ў выпадку кубіка Рубіка. паміж апісанымі трыма якасна адрознымі станамі, могуць быць шматлікія пераходныя формы.
Відавочна, што шлях, які ідзе ад станаў 0 і 1 праз стан 2 да стану 3 кубіка Рубіка (на малюнку гэта шлях паказаны тоўстымі стрэлкамі) зьяўляецца канструктыўным, а зваротны – дэструктыўным. Аналагічныя зьмены ва ўзроўні арганізацыі грамадства мы таксама можам вызначыць альбо як канструктыўныя (калі ў грамадства ўзьнікаюць і ўсё больш умацоўваюцца ўнутраныя сувязі, якія яго яднаюць, і калі гэтыя сувязі становяцца ўладкаванымі на ўсё больш высокім узроўні), альбо як дэструктыўныя (калі ўнутрыграмадскія сувязі аслабляюцца, разрываюцца, дэзарганізуюцца, а людзі й грамадскія групы хаатычна, праэнтрапійна перамешваюцца і расцярушваюцца ў прасторы).
У час азнаямленьня з уласьцівасьцямі кубіка Рубіка (у час яго складаньня з асобных частак ці ў час яго ўладкаваньня праз паварот граняў) нярэдка прыходзіць усьведамленьне, што заканамернасьці ўзаемадзеяньня частак кубіка ёсьць ня толькі аб’ектыўныя (незалежныя ад нашых жаданьняў), ўнутраныя (уласьцівыя менавіта для кубіка), абсалютна дакладныя й жорсткія, а і натуральныя (апошняе, з другога боку, азначае, што ў існаваньні дадзеных заканамернасьцяў няма нічога звышнатуральнага). Гэтыя заканамернасьці прысутнічаюць у кубіка як вынік яго ўласных структурных асаблівасьцяў: якая структура ў кубіка (а яны, як вядома, бываюць розныя, ня толькі такія, які паказаны на малюнку), такія і ўласьцівасьці. Пры гэтым пабачыць, памацаць, як і вычленіць з кубіка заканамернасьці яго складаньня таксама немагчыма (бо гэтыя ўласьцівасьці – нематэрыяльная рэальнасьць). Верагодна, найбольш важнае, чаму вучыць кубік Рубіка – гэта ўсьведамленьне таго, што адвольна накінуць яму нейкія іншыя (не яго) заканамернасьці перамяшчэньня, узаемадзеяньня частак, уладкаваньня – немагчыма. Так і ў кожнага грамадства ў патэнцыяле ёсьць шэраг натуральных аб’ектыўных уласьцівасцяў, якія здольны істотна падвысіць узровень яго уладкаванасьці, калі ім даць магчымасьць праявіць сябе. Проста гэтыя заканамернасьці, прынцыпы могуць быць незрэалізаваныя, напрыклад, таму што зьяўляюцца невядомымі тым ці іншым уладам ці непажаданымі для іх (з-за захопу ўлады людзьмі з эгаістычным, паразітычным мысьленьнем), а таму адмыслова схаваныя.
Кожны, хто калі-небудзь, ідучы за сваім канструктыўным настроем, спрабаваў самастойна сабраць разабраны кубік Рубіка (напрыклад, спрабаваў без інструкцый ці кансультатыўнай дапамогі звонку самастойна зрабіць пераход са стану 2 кубіка ў стан 3) без сумневу хутка высьвятляў, наколькі гэта складаная задача. Можна яшчэ сабраць самому адну-дзьве паверхні (зрабіць іх аднакаляровымі), але выключна самастойна сабраць увесь кубік, як правіла, аказваецца альбо немагчыма, альбо, у выпадку асаблівай заўзятасьці, на гэта могуць пайсьці месяцы, а то і гады жыцьця. Хай гэты факт будзе сімвалам таго, што праблема аптымальнага ўладкаваньня ўнутрыграмадскага жыцьця таксама зьяўляецца надзвычай складанай (бо і грамадства – ня менш складаная сістэма, чым кубік Рубіка!) і для сваёй практычнай рэалізацыі патрабуе адмысловых ВЕДАЎ, якія найхутчэй могуць зьявіцца толькі ў выніку адмысловага навучаньня. Звычайнаму чалавеку, як правіла, не хапае часу ўсяго жыцьця, каб самастойна сабраць веды нават пра самыя галоўныя заканамернасьці грамадскага разьвіцьця. Толькі некаторыя асобы здольны такія веды (ды й тое, натуральна, ня ўсе веды) зьбіраць, аддзяляць ад псеўда-ведаў, сістэматызаваць, падаваць. Таму ў кожнага, у каго можа ўзьнікнуць жаданьне канструктыўна паўдзельнічаць у рэфармаваньні, напрыклад, нашай беларускай грамадскай-палітычнай рэчаіснасьці (а зьяўленьне падобнага жаданьня мы ў рэдакцыі і вітаем, і гатовыя ўсяляк стымуляваць), папярэдне абавязкова павінна зьявіцца пачуцьцё-разуменьне, што дадзеная дзейнасьць (калі яна мае даць сапраўды станоўчы вынік) зьяўляецца надзвычай складанай, а магчымае адваротнае дапушчэньне, калі яно існавала (што падобная задача простая), павінна быць крытычна пераацэнена як праява недасьведчанасьці. Адсюль відавочна, што калі мы жадаем удзельнічаць у палепшаньні нашай рэчаіснасьці з чыстымі, высакароднымі мэтамі і пры гэтым пазьбегчы страты гадоў і дзесяцігоддзяў у аматарскім абясьсільвальным тупаньні на адным месцы, што вядзе да расчараваньня, мы павінны пачынаць сваю дзейнасьць з выніковага авалоданьня сапраўднымі ведамі пра нашу беларускую мінуўшчыну, сёньняшні дзень, сьветлую будучыню (і як яе дасягнуць) – г.зн. тэарэтычна рыхтавацца, каб максімальна прафесіяналізавацца. Хто і далей будзе настойваць на адваротным, хай паспрабуе самастойна, без падказак, сабраць кубік Рубіка…
У час авалоданьня алгарытмамі зборкі кубіка (як, дарэчы, і ўвесь час прымяненьня іх) нярэдка ўзьнікае пытаньне: ты падпарадкоўваешся ўнутраным заканамернасьцям кубіка ці ты ўзбройваешся імі? Хутчэй за ўсё чалавек пападае ў стан адначасовасьці ўдзелу ў абодвух ролях – падпарадкаваньня-узбраеньня (няма адэкватнага дзеяслова). Так і ў адносінах да канструктыўных грамадскіх пераўтварэньняў: у час іх зьдзяйсьненьня чалавек зьяўляецца і слугой, і ўладаром грамадства адначасова, а гэта значыць, што ён, калі рэальна спрыяе грамадскаму прагрэсу (за кошт рэалізацыі адпаведных планаў, ведаў, якімі валодаюць далёка ня ўсе), на справе становіцца на роўных з усім грамадствам. Прычым яго ўласны памер вызначаецца памерам канструктыўных грамадскіх пераўтварэньняў, зьдзейсьненых ім. Калі ж чалавек пачынае кіраваць грамадствам, праяўляючы сябе толькі як агрэсіўна-амбітны ўладар, імкнецца навязаць грамадству толькі сваю суб’ектыўную волю (па Э.Фрому, зьяўляецца садыстам у стаўленьні да грамадства), яго дзейнасьць можа быць толькі дэструктыўнай (у большай ці меншай ступені). Гэта якраз тое, што назіраецца ў нас цяпер зь вядомым “правадыром”.
Калі ж чалавек авалодвае алгарытмамі зборкі кубіка, ён ня можа не зьвярнуць увагу на тое, што адпаведныя алгарытмічныя дзеяньні выконваюцца ў строгай пасьлядоўнасьці. Пакуль да канца ня будзе дасягнуты адзін узровень зборкі кубіка, брацца за выкананьне наступнага алгарытму нельга. І ў грамадскіх пераўтварэньнях, каб дасягнуць станоўчага выніку, таксама часта нельга блытаць пасьлядоўнасьць неабходных этапаў ці імкнуцца рабіць адначасова некалькі зь іх.
Акрамя таго, складаньне кубіка Рубіка нібы мае пэўны кірунак – ідзе зьнізу ўверх, зь цяперашняга часу ў будучыню (праўда, так проста варта ўяўляць, быццам мы зьбіраем у кубіка спачатку падмурак, затым сьцены, а ў апошнюю чаргу дах; так нам, зыходзячы з нашага штодзённага досьведу – бо мы жывем у сталым гравітацыйным полі – лягчэй вобразна ўяўляць; на самай справе ў кубіка няма ні верху ні нізу, за іх можа прыняць любую паверхню – хоць белую, хоць чырвоную). Але кіраваньне працэсам зборкі мае адваротны кірунук – ідзе зьверху (зь неба) ўніз, з будучыні (зыходзячы з вобразу таго, што пакуль рэальна не існуе) у сёньняшні дзень. Так адбываецца таму, што працэсам зборкі кіруе ідэальная мэта – вобраз сабранага, у будучыні, кубіка. Так і ў грамадскіх пераўтварэньнях, калі мы практычна зьдзяйсьняем нейкую стваральную, прагрэсіўную праграму, мы дзейнічаем, пачынаючы ад падмурку, і ідзем уверх – зьнізу ўверх, ад сёньняшняга дня ў будучыню. Адначасова ў гэты ж час, калі мы кантралюем гэты працэс, наша кіраваньня ідзе нібы зьверзу, з будучыні ўніз, у сёньняшні дзень. Такім чынам, выразная мэта – ці то вобраз поўнасьцю сабранага кубіка Рубіка, ці то вобраз будучага нашмат больш высокаўзроўневага, цывілізаванага грамадства (кожнаму сваё) – мае прынцыповае значэньне для любой стваральнай дзейнасьці чалавека.
Калі мы зьбіраем кубік Рубіка, мы знаходзімся звонку ад яго ці па-над ім. На справе, кожны з нас зьяўляецца з аднаго боку неад’емнай часткай уласнага грамадства, а з другога – здольны кантраляваць ня ўсё грамадства, а толькі яго асобныя сегменты (большыя ці меншыя). Таму мадэль зборкі кубіка варта ўдасканаліць, каб яна была яшчэ больш карыснай у разглядаемым асьпекце. Таму ўявіце сабе, што вы маеце права перамяшчаць ня ўсе грані кубіка, а толькі адну (напрыклад, тую, дзе цэнтральны квадрат мае белы колер), а іншыя людзі, якія знаходзяцца з вамі ў адной камандзе (напрыклад, яшчэ пяцёра вашых сяброў), маюць права перамяшчаць іншыя грані. Пры гэтым кожны таксама можа вярцець толькі адну грань. Акрамя таго, уявіце яшчэ адну ўмову: усё гэта вы павінны рабіць моўчкі. Ад чаго тады будзе залежыць посьпех у зьбіраньні кубіка Рубіка ў такіх умовах? Правільна. Ад вашых сумесных арганізаваных дзеяньняў, ад АРГАНІЗАЦЫІ справы. Калі дадзеную зьяву прааналізаваць далей, бачна, што арганізацыя – гэта ня толькі імкненьне кожнага ўдзельніка такой мадэльнай гульні паўдзельнічаць у зьбіраньні кубіка, а і аднолькавасьць мэты (калі хто-небудзь у камандзе будзе патаемна дзейнічаць у дэструктыўным ключы, нічога не атрымаецца), аднолькавае разуменьне шляхоў яе дасягненьня (у кубіка ёсьць розныя сістэмы алгарытмаў для яго зборкі, а ў грамадскіх умовах могуць быць розныя стратэгіі дасягненьня адной і той жа канструктыўнай мэты) і дакладныя веды ўсімі сябрамі каманды ўсіх неабходных алгарытмаў зборкі кубіка Рубіка ў межах адной і той жа сістэмы алгарытмаў.
І, нарэшце, яшчэ адно. Калі вы цудоўна навучыцеся зьбіраць кубік Рубіка, а потым яго адкладзеце на дастаткова працяглы час, вы можаце адкрыць для сябе, што вам зноў не ўдаецца яго сабраць. Высьветліцца, што вы забылі патрэбныя алгарытмы. Тое самае вам можа адкрыцца, калі вы будзеце спрабаваць сабраць кубік у неспрыяльных, стрэсавых абставінах. Раптам можа аказацца, што тое, што вы элементарна рабілі дома, зусім перастала атрымлівацца публічна. Каб вярнуць сабе страчаныя здольнасьці, даводзіцца дадаткова вучыцца. Так праяўляе сябе феномен проэнтрапійнасьці (сталай дэструктыўнай тэндэнцыі) нашага жыцьця, калі тое, што ёсьць, праз пэўны час можа аказацца разбуранае (у тым ліку і тое, што захоўвалася ў памяці). У нашым грамадскім жыцьці многае (а, дакладней, усё) таксама проэнтрапійна разбураецца, у тым ліку веды і навыкі яго канструктыўнага ўладкаваньня. Акрамя таго, у грамадстве звычайна дзейнічае маса сацыяльных паразітаў, якія зьяўляюцца дэструктарамі па сваёй прыродзе. У гэтых умовах людзям, якія жадаюць несьці ў грамадства сваю стваральную місію (нават калі яны арганізаваныя і ведаюць, што ды як рабіць), каб вынікова супрацьстаяць праэнтрапійным працэсам і соцыяпаразітычным сілам, таксама неабходна рыхтаваць сябе да таго, што ім прыйдзецца ўвесь час дасканаліць свае веды і ўменьні. Навучыцца за адзін раз і на ўсё жыцьцё не атрымаецца…
Калі абагуліць усё пададзенае, атрымаецца, што станоўчыя, канструктыўныя зьмены ў грамадстве магчымыя пры выкананьні мінімуму наступных умоваў:
– калі ў грамадстве зьявіцца дастаткова вялікая колькасьць людзей, якія будуць шчыра імкнуцца сваімі дзеяньнямі спрыяць грамадскаму прагрэсу;
– калі гэтыя людзі будуць усьведамляць (унутрана прымаць!), што яны павінны дзейнічаць, ідучы не ад уласных амбіцый, не “ад балды”, а ў адпаведнасьці з аб’ектыўнымі заканамернасьцямі існаваньня і разьвіцьця грамадства;
– калі ўсе яны (ці, як мінімум, іх лідары) будуць валодаць сапраўднымі ведамі, што і як рабіць, і, акрамя таго, будуць стала дасканаліцца ў сваіх ведах і навыках;
– калі іх дзейнасьць будзе дастаткова сістэмна арганізаваная ва ўсіх сваіх асьпектах (натуральна, апошняе магчыма, калі арганізацыя будзе ўзначальвацца дастакова высокаўзроўневымі лідарамі; але пра гэта іншым разам).
2. Адзін з прасьцейшых алгарытмаў.
Каб не выглядаць галаслоўным, настаў час запрапанаваць адну з прасьцейшых алгарытмічных сьхем складаньня кубіка Рубіка. Зьвяртаю ўвагу – такіх алгарытмаў можа быць шмат. Яны адрозьніваюцца пасьлядоўнасьцю прамежкавых задач, якія могуць вырашацца пры пераўтварэньні кубіка Рубіка са стану 2 (гл. папярэдні малюнак) у стан 3. Напрыклад, у адным выпадку можа ставіцца задача навучыцца зьбіраць кубік як мага хутчэй (тады трэба авалодваць вялікай колькасьцю алгарытмаў пад розныя сітуацыі), а ў другім – задача засвоіць мінімум прасьцейшых алгарытмаў, каб проста надзейна зьбіраць кубік. Хачу запрапанаваць авалодаць менавіта адным з такіх алгарытмаў. Але спачатку трэба разабрацца са структурай кубіка Рубіка (аднаго з прасьцейшых яго варыянтаў – 3х3х3).
У яго 6 паверхняў. Калі зьверху разьмясьціць белую паверхню, дык зьнізу будзе чорная (яны адна адносна другой не перамяшчаюцца). Калі пры гэтым сьпераду паставіць чырвоную паверхню, ззаду будзе жоўтая, зьлева – зялёная, а справа – сіняя (гл. папярэдні малюнак). У кубіка 12 граняў і тры варыянты частак – малых “кубічкаў”, зь якіх ён складаецца: 6 цэнтральных, што маюць адну паверхню; 12 бакавых, што маюць дзьве паверхні, і 8 вуглавых, што маюць тры паверхні (апошнія размяшчаюцца па рагах).
Зборка кубіка са стану 2 у стан 3 складаецца з 5 пасьлядоўных узроўняў. У прынцыпе, на кожным узроўні трэба вырашыць дзьве задачы: паставіць малыя “кубічкі” на свае месцы і павярнуць іх так, каб яны былі правільна павернутыя (ці наадварот, спачатку павярнуць іх правільна, а затым паставіць на свае месцы). На першых трох этапах зборкі гэтыя дзьве задачы вырашаюцца адначасова.
У працэсе зборкі на першым узроўні трэба паставіць “дзьвюпавярхоўныя” бакавыя “кубічкі” на гранях верхняй плоскасьці так, як паказана на малюнку ніжэй (шэрым фонам паказаны ўсе іншыя “кубічкі”, на разьмяшчэньне якіх ня варта зьвяртаць увагу). Звычайна ніякіх дадатковых інструкцый для складаньня кубіка Рубіка на гэтым этапе не патрабуецца. Людзі ў абсалютнай большасьці здольны вельмі лёгка здагадацца, як усё выканаць.
На другім узроўні зборкі трэба паставіць “кубічкі” на рагах верхняй плоскасьці так, каб кубік пачаў выглядаць, як паказана ніжэй. Гэтая задача, як правіла, таксама не патрабуе ніякіх адмысловых інструкцый, большасьць людзей самастойна лёгка знаходзіць, як усё трэба рабіць.
На трэцім узроўні зборкі звычайна ўжо патрабуюцца інструкцыі. Яны і пададзены ніжэй на малюнку. Вялікімі літарамі пазначаюцца паверхні, якія трэба паварочваць (яшчэ раз паглядзіце на малюнак у пачатку артыкула). Калі паверхню трэба паварочваць на 90 градусаў па стрэлцы гадзіньніка – яна пазначаецца толькі літарай, калі супраць – літарай з апострафам. Калі літара мае два апострафы, паверхню трэба павярнуць на 180 градусаў. Сімвалам * пазначаецца падводка паверхняў пад зыходны стан, паказаны на малюнку зьлева.
Для зборкі кубіка на 4-м узроўні перавернем кубік чорнай паверхняй уверх. Так будзе лягчэй усё ўспрымаць. Акрамя таго, зьвярніце ўвагу: на гэтым узроўні ўжо даводзіцца ўстанаўліваць “маленькія кубікі” ў два этапы. Спачатку павярніце ўсе дзьвюхпавярхоўныя “кубічкі” чорнымі паверхнямі на чорную плоскасьць (першы этап), а затым пастаўце іх на свае месцы. Падбярыце той малюнак, які адпавядае вашай канкрэтнай сітуацыі, і выканайце адпаведныя алгарытмічныя дзеяньні. Зьвярніце ўвагу на сімвал *, які азначае, што пад зыходную сітуацыю, паказаную на малюнку, трэба падвесьці.
І, нарэшце, апошні 5-ы ўзровень зборкі. Ён таксама складаецца з двух этапаў. Тут, наадварот, спачатку трэба ўсталяваць рагавыя “кубічкі” на іх нармальныя месцы (першы этап), а затым павярнуць іх так, як трэба (другі этап).
Вось кубік і сабраны.
Давайце ж таксама не забываць, чаму ён здольны нас навучыць.