nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Мы павінны ўжо сёньня змагацца за праўду

8 красавіка, 2007 | Няма каментараў

Cяргей Дудаліч [Сяргей Ёрш], “Пагоня”, 1994, № 33, 14-20 кастрычніка.

С.���.jpg

Кожны раз надзвычай прыемна назіраць праявы сапраўднага інтэрнацыяналізму. На гэты раз на сайце чачэнскіх змагароў за свабоду сваёй Бацькаўшчыны – Ічкерыі – (http://kavkazcenter.com/russ), мы раптам натрапілі на артыкул, прысьвечаны змаганьню беларускіх партызанаў супраць нямецкай акупацыі ў час Другой сусьветнай вайны і супраць расейскай акупацыі ў першыя гады пасьля яе (дарэчы, гэта дакладна тое, што рабілі ў той жа час ва Украіне г.зв. бандэраўцы). Яго аўтар беларускі гісторык Сяргей Ёрш. У сваім каментары да артыкулу чачэнцы (няўжо ў іх больш магчымасьцяў падымаць важкія пытаньні беларускай гісторыі, чым у нас, беларусаў?) адзначаюць, што тэма, якую ўздымае беларускі навуковец, вельмі актуальная, “… паколькі марыянэткавы рэжым спрыяе акупацыі краіны Расеяй і ўсё, што здольна так альбо інакш умацаваць нацыянальную самасьвядомасьць людзей, паддаецца жорсткаму перасьледу. Асобныя групы беларускіх патрыётаў змагаюцца супраць такога становішчы спраў і праўдзівае асьвятленьне нядаўніх гістарычных падзей зьяўляецца істотным асьпектам іх барацьбы з рускім імперыялізмам і яго памагатымі”. Акрамя таго, што сказана, як кажуць, “у яблачка”, чачэнцы далі спасылку на аўтарскі сайт сп-ра С.Ярша http://autary.iig.pl/jorsz/art_publicystyka_01.htm. У знак падтрымкі любых сапраўды інтэрнацыянальных памкненьняў, мы друкуем пададзены чачэнцамі артыкул, нягледзячы на тое, што ён ужо выстаўляўся ў Гарадзенскай дэмакратычнай газеце больш 12 гадоў.

Рэдакцыя.

Мяне зьдзіўляе бязьдзейнасьць беларускіх гісторыкаў у справе распрацоўкі гісторыі беларускага нацыянальнага руху падчас апошняй вайны. Па-за кнігамі Ю. Туронка і В. Раманоўскага няма ніводнай працы, у якой бы чытач даведаўся пра Беларускую Самаахову, Беларускую Краёвую Абарону, Саюз Беларускай Моладзі, Беларускую Незалежніцкую Партыю, Беларускую Народную Партызанку… Няма ніводнае кнігі пра гэткіх выдатных беларускіх патрыётаў, як кс. В. Гадлеўскі, Ст. Грынкевіч (старэйшы), М. Шкялёнак, Ус. Родзька, М. Вітушка, Ю. Саковіч…

Можна, канешне, сказаць, што не пасьпелі, што ў архівы КДБ пускаюць толькі “избранных”… Але ці можа гэта быць апраўданьнем? Нельга бяз зайздрасьці глядзець на працу ўкраінскіх гісторыкаў, якія грунтоўна распрацоўваюць гісторыю ОУН, УПА, пішуць кнігі пра Я. Канавальца, С. Бандэру, Р. Шухэвіча. А ў нас?.. Вялікі дзякуй украінцу гісторыку Ўл. Гуленку, які ўжо шмат гадоў вывучае “белыя плямы” II-ой сусьветнай вайны на Беларусі. А што беларусы? Праф. А. Хацкевіч працягвае рэабілітоўваць польскую Армію Краёву, але адначасна фашысьціць беларускі нацыянальны рух. Дарэчы, чамусьці вывучэньне дзейнасьці АК на Беларусі больш за ўсё займае беларускіх гісторыкаў. А іх функцыі пераймаюць розныя “спэцыялісты” з “Советской Белоруссии”, “Мы и время”. І яны ізноў льюць бруд на беларускіх патрыётаў, не падзяляючы іх і сьвядомых калябарантаў.

Можа, тады ёсьць сэнс перавыдаць эмігранцкія кнігі: “Другі Ўсебеларускі Кангрэс”, “За Дзяржаўную Незалежнасьць Беларусі” (зборнікі дакумэнтаў), “Пад знакам Пагоні” (успаміны) Я. Малецкага?

Але спроба перавыдаць кнігу Я. Найдзюка і І. Касяка “Беларусь учора і сяньня” скончылася арыштам гатовага да продажу накладу! Што ж не спадабалася цэнзарам? Можа, тое, што “на зьмену фашыстоўскай прыйшла расейска-бальшавіцкая акупацыя”? Як бачым, гісторыя, як і раней, залежыць ад палітыкі. Асабліва пільна аберагаюць гэтыя цэнзары гісторыю II-ой сусьветнай вайны на Беларусі. Вельмі яны баяцца, што праўда пра тыя часы можа не спадабацца ўсходняму суседу. Вось гісторыкі й ня хочуць займацца некаторымі тэмамі, альбо займаюцца, але не друкуюць вынікі сваёй працы. Чакаюць палітычных зьменаў. Як кажуць, куды вецер падзьме…

А пакуль маўчаць нашыя гісторыкі, паміраюць апошнія сьведкі і ўдзельнікі ўспомненых падзей. Пры ўладзе камуністых яны маўчалі, маўчаць і цяпер. Яны забяруць з сабою ў магілу сьведчаньні пра сапраўдную дзейнасьць савецкіх партызанаў, пра Беларускую Народную Партызанку, Беларускую Краёвую Абарону… І калі праз пяць, або дзесяць гадоў нарэшце пачнецца пісацца праўдзівая гісторыя, дык яна будзе значна бяднейшая бяз гэтых сьведчаньняў. Так, як сёньня гісторыя вайны паказана толькі з аднаго боку — расейскага. Калі ж мы зірнем на яе “беларускімі вачыма”?

Але ня трэба думаць, што гэта адбываецца толькі ў нас. Падобнае становішча назіраецца і ў Сэрбіі. Вось што лідэр сэрбскіх дэмакратаў Вук Драшкавіч сказаў у інтэрвію “Комсомольской правде”: “Вы ведаеце, што сэрбы-камуністы забілі болей сэрбскіх сьвятароў, чымсьці харвацкія ўсташы? У 1944-45 гадох яны зьнішчылі 250 тысяч чалавек. За тры дні ў кастрычніку 1944-га бяз суда было расстраляна 12 тысяч: прафэсары, акадэмікі, акцёры, сьвятары. Сэрбскі народ згубіў свае духоўныя вышыні… Але ён [прэзыдэнт Сэрбіі Слабадан Мілошавіч — С. Д.] не дае расказаць праўду пра злачынствы партызанаў. Да гэтага часу злачынцы жывуць у фэшэнебельным раёне Бялграда…” (КП, 1993, 13 кастрычніка).

Мы яшчэ мала ведаем пра бальшавіцкі тэрор пасьля ліпеня 1944 г. Чамусьці ў нас больш успамінаюць тэрор даваенны, а паваенны закранаюць мімаходзь. Чаму так? Можа, таму, што пасьля вайны ён быў яшчэ страшнейшы, чымсьці ў 1920-30-ыя гады? А, можа, і таму, што тэрор гэты выклікаў моцны і адчайны ўзброены супраціў народа бальшавікам?..

У 1950 г. у Парыжы былі выдадзеныя ў французскім перакладзе ўспаміны былога іспанскага камуністычнага генэрала Валентына Ганзалес (пад псеўданімам “Земляроб”) “Жыцьцё і сьмерць у СССР”. Генэрал Ганзалес пасьля грамадзянскай вайны ў Гішпаніі выехаў у СССР, дзе неўзабаве трапіў у бальшавіцкія лягеры. У 1949 г. яму ўдалося ўцячы адтуль на Захад.

У сваіх успамінах ён піша і пра Беларусь. Генерал Ганзалес цьвердзіць, што з усіх савецкіх рэспублік Беларусь пацярпела ад НКВД найбольш. У гадох 1944-46 на Беларусі адбыліся тры вялікія “чысткі” насельніцтва. У 1944 “чысьцілі” пад закідам шпіянажу і пераважна расстрэльвалі. Расейскае войска пад кіраўніцтвам НКВД расстрэльвала нават 13-гадовых дзяцей. У 1945 г. адшуквалі “здраднікаў Радзімы” і вывозілі ў Сібір. Ганзалес цьвердзіць, што зь Беларусі было вывезена каля мільёну чалавек. У 1946 г. адбылася найбольш лютая “чыстка” насельніцтва, калі мноства народу было вывезена ў Сібір і разьмешчана ў мясцовых канцэнтрацыйных лягерах.

У Смаленску на прасторы каля 150 км кв. у 1948 г. было назганяна больш за 62.000 нявінных людзей. Там іх рассартоўвалі па розных раёнах Сібіры на прымусовыя работы. Найбольш пацярпела Віцебшчына, бо там падчас нямецкай акупацыі была школа “Абвэру”. У мясцовым лягеры знаходзілася больш 55.000 вязьняў. У Вязьме было загнана за калючы дрот 18.000 чалавек. Апрача гэтага, больш чым 90.000 арыштаваных было ў канцлягерах, што знаходзіліся ў ваколіцах Менску, Рагачова, Калінкавіч, Крычава, Баранавіч і Глыбокага. Працавалі там людзі па 12-14 гадзінаў у дзень і атрымоўвалі па 100 грамаў хлеба. Усе вязьні былі асуджаныя фактычна на павольную сьмерць.

Вось гэткія ўспаміны напісаў генерал Ганзалес. Можна паставіць пад сумненьне некаторыя факты, пададзеныя аўтарам, але існаваньне канцэнтрацыйных лягероў на Беларусі пасьля вайны — гэта рэальны факт. Але да сёньняшняга дня пра гэта ня ведаюць маладыя пакаленьні, а дзяды нашыя ня хочуць успамінаць тыя часы, бо гэта выклікае боль і страх…

Прыйдзе час, калі мы даведаемся пра дзесяткі пасьляваенных Курапатаў і на магілах бязьвінных ахвяраў чырвонага фашызму будуць пастаўленыя крыжы. А дзеля набліжэньня гэтага дня мы павінны ўжо сёньня змагацца за праўду пра ваенныя і пасьляваенныя падзеі на Беларусі. Гэта наш абавязак перад Богам, перад гісторыяй, перад памяцьцю мільёнаў ахвяраў акупантаў з Захаду і Ўсходу.

Сяргей Ёрш

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы