Ітэрвю Зьбігнева Бжэзінскага газэце «O Estado de San Paulo» (Бразілія).
16 гадоў таму пасьля распаду СССР ЗША былі дзяржавай, якая выклікала захапленьне многіх. Сёньня ў ЗША назіраецца аднабаковы падыход ад многіх пытаньняў: глабальнага пацяпленьня, парушэньняў правоў чалавека ў турмах Абу-Грэйб і Гуантанама, войнаў у Аўганістане і Іраку… Гэта нанесла глыбокія страты рэпутацыі краіны. Але Зьбігнеў Бжэзінскі лічыць, што ў Амерыкі яшчэ ёсьць шанц. На гэтую тэму ён напісаў кнігу “Другі шанц: тры прэзідэнты і крызіс амерыканскай супердзяржавы”. Вакол гэтай тэмы і адбывалася інтэрвю, якое скарочана на ўнутры- і лацінаамерыканскія пытаньні. Ня будзем хаваць, нас найбольш уразілі словы З.Бжэзінскага пра “гэтак званую барацьбу з тэрарызмам”. Калі такія людзі дазваляюць сабе так казаць, гэта ўжо нешта значыць…
Рэдакцыя.
Карэспандэнт: ЗША – усё яшчэ сусьветная звышдзяржава?
З.Бжэзінскі: Безумоўна. Але ўплыў ЗША як наступства іх уласных палітычных рашэньняў слабне. Амерыка стала слабей таму, што падарвала давер да сябе – важкі элемент уплыву. Да 2003 году сьвет меў звычку верыць словам прэзідэнта ЗША. Але праз два месяцы пасьля ўваходу ў Багдад Буш заявіў у інтэрвю, што была знойдзена зброя масавага паражэньня. ЗША страцілі таксама частку правамернасьці, зьнізілася павага да амерыканскай ваеннай магутнасьці з-за некампетэнтнага правядзеньня аперацыі ў Іраку.
– Вы сьцьвярджаеце, што цяперашні урад адзначаны “маніхейскай паранояй”…
– Нэакансерватызм, які кьвітнее пры урадзе Буша, – гэта дактрына, якая супернічае з глабалізмам. Ён маніхестычны і грунтуецца на такіх маральных устоях барацьбы дабра супраць блага, як “хто не з намі, той супраць нас”. Усё гэта зьвязана з так званай барацьбой супраць тэрарызму, якая стварыла культуру страху ў ЗША і зьнізіла ў амерыканцаў упэўненасьць у сабе.
– Гаворачы пра лідарства ў сьвеце, Вы даеце адзнаку “B” Бушу-бацьку, “C” – Клінтану і “F” – Бушу-сыну. Якія іх асноўныя ўдачы і паразы ў зьнешняй палітыцы?
– Бушу-бацьку вельмі пасьпяхова ўдалося разваліць Савецкі Саюз і правесьці пачатковую фазу кампаніі па выгнаньні Садама Хусэйна з Кувейта (хаця ён і не пазбавіў ірацкага тырана ўсёй улады). Але ў яго не было амбіцыйнай канцэпцыі сьвету на той момант, калі ЗША сталі адзінай сусьветнай дзяржавай. Клінтану ўдалося пашырыць НАТА, што гарантавала стабільнасьць у Еўропе, а таксама пасьпяхова дзейнічаць у час югаслаўскага крызісу. Але за 8 гадоў кіраваньня ён не дасягнуў ніякага прагрэсу на Блізкім Усходзе. Наадварот, пакінуў пасьля сябе абстаноўку горшую, чым яна была да яго. Ён стаў узорам самаапраўданьня як у сэнсе асабістых паводзінаў, так і паводзінаў усёй нацыі, у той час як у Амерыкі была магчымасьць стаць новым узорам пошуку сацыяльнай справядлівасьці і ўвагі да бедных. Што да Буша-сына, думаю мне ня трэба тлумачыць… У маёй кнізе глава пра яго урад называецца “Катастрафічнае кіраваньне”.
– Якія небясьпекі чакаюць ЗША да канца кіраваньня Буша ў 2008 годзе?
– Ёсьць небясьпека бясконцага працягу вайны ў Іраку, яе эскалацыі і пашырэньня з выкарыстаньнем якога-небудзь інцыдэнту, каб апраўдаць ваенную аперацыю ў Іране.
– Якія могуць быць наступствы распаўсюду вайны на Іран?
– Калі мы ўвяжамся ў канфлікт зь іранцамі пры працягу вайны ў Іраку і ўскладненьні абстаноўкі ў Аўганістане, вельмі важна, што ЗША апынуцца ў адзіноце, уцягнутыя ў вайну ў Іраку, Іране, Пакістане і Аўганістане. І гэта будзе мець відавочныя наступствы для амерыканскай перавагі.
– Пакуль яшчэ можна весьці перамовы з Іранам? Дзярждэпартамент дае зразумець, што гатовы зьмяніць палітычны вектар, пагаджаецца ўдзельнічаць у перамовах з Іранам…
– Вядома, можна. Чаму не? Гэта крокі ў правільным кірунку, і, калі мы будзем і надалей так дзейнічаць, дык здолеем весьці розныя перамовы з Іранам, зьвязаныя з Іракам і стабільнасьцю на Блізкім Усходзе, пра працяг супрацоўніцтва, якое мы мелі з Іранам у Аўганістане ў 2002 годзе. Нарэшце, мы можам весьці дыялог па ядзернай праблеме, калі ЗША адмовяцца ад занадта жорсткіх патрабаваньняў, якія сталі перашкодай для якіх-небудзь перамоваў.
…
– Калі ЗША сапраўды страцяць уплыў, хто наступны можа стаць сусьветнай звышдзяржавай?
– Справа ў тым, што альтэрнатывы ЗША няма, і менавіта таму ў Амерыкі ёсьць другі шанц, як кажа загаловак маёй кнігі. Тыя, хто, седзячы ў Сан-Паўлу альбо Каракасе, маюць пачуцьцё “schadenfreude” (задавальненьне ад няшчасьцяў іншых) з-за цяжкасьцяў ЗША, павінны былі б прызадумацца. Я крытычна настроены ў адносінах да амерыканскай вонкавай палітыкі, але сьвет ня стане лепш без ЗША ў якасьці стымулу да пераменаў, без краіны, якая забясьпечвае раўнавагу, зьяўляецца крыніцай інавацый. ЗША – адзіная па-сапраўднаму глабальная краіна, уключна з унутранай будовай; Бразілія [напрыклад. – Рэд.] – глабальнае грамадства, але ва ўнутраным плане ўсё яшчэ вельмі правінцыяльнае. Параза амерыканцаў будзе азначаць глабальную анархію.
– Як Вы ставіцеся да магчымасьці кітайскага лідарства?
– Кітай можа стаць лідарам у стасунках з Афрыкай альбо, можа быць, Далёкім Усходам. Але якім лідарам можа быць краіна, у якой жыве 1,3 млрд. Чалавек, зь якіх, як мінімум, 800 млн. жывуць у жахлівых умовах? Кітай уражвае і дасягнуў вялікага прагрэсу, але для таго, каб стаць лідарам, трэба быць пасьпяховым у розных вымярэньнях.
– Ці можна вырашыць ірацкую праблему ў кароткія тэрміны?
– Так, але ня будзе рашэньня, пакуль Буш не пагодзіцца на зьмену сваёй палітыкі.
– Вы верыце, што прэзідэнт Буш зьменіць палітычны курс?
– Толькі, калі рэспубліканскія лідары яму скажуць, у прыватнасьці, што ён вядзе партыю да самагубства на выбарах 2008 года. Не ўяўляю, каб гэта здарылася цяпер, але, можа быць, здарыцца трохі пазьней; па меры таго, як будуць набліжацца выбары і вайна ў Іраку будзе аказваць яшчэ большы ўплыў, рэспубліканцы скажуць Бушу: “ Ваша палітыка пазбаўлена розуму. Гэта не вайна ў імя нацыянальных інтарэсаў, а вайна прэзідэнцкага самалюбства”.