Уладзімір Букоўскі
Учора мы падалі адно зь нядаўніх інтэрвю вядомага дысідэнта Уладзіміра Букоўскага. А між тым, гэта адно зь першых узгадваньняў пра яго ў сусьветных СМІ за апошнія больш чым 4 гады. На нашу думку прычынай замоўчваньня меркаваньняў такога паважанага чалавека сталі рэзкія выказваньні сп-ра Букоўскага ў адрас адміністрацыі ЗША дый у цэлым заходніх палітыкаў… Друкуем адно зь яго крытычных інтэрвю, якое сп-р Уладзімір даў групе заходніх журналістаў улетку 2002 году. Цяпер з персьпектывы амаль 5 гадоў мы можам убачыць, ці быў ён быў правы і наколькі…
Рэдакцыя.
Пытаньне: “ЗША і Расея заключылі пагадненьне пра сур’ёзнае скарачэньне стратэгічных узбраеньняў. Створана рада НАТА і Расея стала сябрам гэтай Рады, пра што 28 траўня ў Рыме падпісаны адпаведны маніфест. Прэзідэнты Буш і Пуцін абдымаюцца і кажуць адзін аднаму кампліменты [гл. малюнак. – Рэд.]. Ці можна цяпер сказаць, што халоднай вайне сапраўды наступіў канец?”
Ул.Букоўскі: “Мне падаецца, што тут ёсьць нейкая камічная супярэчнасьць. Калі халоднай вайне наступіў канец, дык чаму мы зноў гаворым пра скарачэньне ўзбраеньняў? Гэта быў атрыбут халоднай вайны, калі людзі спрабавалі скараціць узбраеньні на ўсялякі выпадак, каб выпадкова не пачаць страшную вайну. Калі яна ўжо завяршылася і пагрозы яе няма, навошта скарачаць узбраеньні? Скажам, Амерыка не вядзе перамовы з Францыяй ці Англіяй пра скарачэньне ядзерных узбраеньняў. А з Расеяй вось чамусьці сур’ёзна ўспрымаюцца размовы пра скарачэньне ўзбраеньняў. Значыць, мы ўсё яшчэ не сябры, інакш бы гэта не было патрэбна. Пытаньне пра НАТА і пра ўзьнікненьне так званай Рады Расеі і НАТА – гэта яшчэ адзін абсурд, з майго пункту гледжаньня. Гэта саступка Расеі ў тым сэнсе, што “мы разумеем, што вы вялікая дзяржава” – і НАТА не ськіравана супраць вас. Вось такі вось сігнал. А рэальна гэта адразу ж робіць НАТА абсурднай арганізацыяй. Калі ў НАТА няма суперніка, нават патэнцыйнага, навошта яно павінна існаваць?”
Нягледзячы на ўяўнае пацяпленьне паміж Расеяй і Амерыкай, Расеяй і Захадам, Букоўскі ня лічыць, што спадзевы дысідэнтаў, праваабаронцаў, першапачатковых расейскіх дэмакратаў, якія за сваі перакананьні сядзелі ў савецкіх лагерох, так і не зьдзейсьніліся. “Мы спадзяваліся, – казаў былы дысідэнт, – што краіна [Расея. – Рэд.] будзе калі-небудзь дэмакратычная, адкрытая, дастаткова ліберальная. А да чаго мы прыйшлі? Да ўлады КГБ. Таго КГБ, які цэнтралізуе сваю ўладу – чым далей, тым больш, – які зьнішчыў нават тую невялікую федэральную аўтаномію, якая існавала ў Расеі пры Ельцыне, які цяпер прыбірае да рук усе сродкі масавай інфармацыі, дзе рэформы, якія так вітае Захад (у прававой сьферы, судова-юрыдычнай), на самой справе азначаюць усё большую і большую падкантрольнасьць судоў Крамлю. Чаму мы павінны гэтаму радавацца? Хто мог меркаваць, што краіна будзе радавацца, калі абярэ сабе палкоўніка КГБ у якасьці прэзідэнта? Пры тым такога палкоўніка, які ходзіць і ганарыцца сваім мінулым. Я разумею, калі б чалавек пакаяўся, пашкадаваў, пераасэнсаваў усё, што было. Не, гэты чалавек, выступаючы на гадавіне сваіх слаўных органаў, кажа: “Гэтыя органы заўсёды служылі інтарэсам рускага народу”. Заўсёды?! У 1930-я гады таксама? Ну, цудоўна… …
Вось, не закончыўшы халодную вайну і не дабіўшы свайго папярэдняга суперніка, а пакінуўшы яго ўсё яшчэ пэўнай сваёй патэнцыйнай пагрозай, Захад цяпер аб’явіў вайну, прычым, абстрактную вайну, глабальную вайну супраць тэрарызму. Пры тым, што ніхто зь іх даць азначэньне тэрарызму ня можа… І мы ня ведаем, а хто тэрарысты? А людзі, скажам, у Сіньцьзяне альбо ў Тыбеце, якія супраціўляюцца ўсімі сродкамі кітайскай акупацыі, яны што, тэрарысты? – разважае Букоўскі. – … І ў гэтай сітуацыі поўнай няяснасьці нам кажуць пра нейкую глабальную вайну, аб’яўленую абстракцыі. Па-мойму, гэта вельмі небясьпечная сітуацыя. Я б такіх рэчаў не рабіў. Вайна – гэта рэч, зь якой жартаваць, з майго пункту гледжаньня, нельга. Калі яе аб’яўляеш, аб’яўляй яе вельмі канкрэтнаму суперніку, і канкрэтна, дакладна яе праводзь. Расея цяпер саюзьнік Захаду ў вайне з тэрарызмам. Што гэта азначае? Гэта азначае, што Захад прыймае паводзіны Расеі ў Чачні? Усе гэтыя масавыя забойствы, катаваньні людзей, якія там адбываюцца? Ня ведаю, мне здаецца ўсё гэта паказьнікам жахлівай пасрэднасьці палітыкаў [Захаду. – Рэд.]”.
На думку Букоўскага, дэмакратыі сёньня няма нават на Захадзе. “Яна скончылася, – казаў ён. Мы жывем у перыяд крызісу рэпрэзентатыўнай дэмакратыі. Яна не працуе і тут [мелася на ўвазе Вялікабрытанія. – Рэд.]. Меркаваньне большасьці англічанаў ня мае ніякага ўплыву на палітыку. Гэта крызіс. Калі такое становішча на Захадзе, як тады можа паўплываць прысутнасьць амерыканцаў, заходнееўрапейцаў у Цэнтральнай Азіі альбо на Каўказе? Мне вельмі цяжка сказаць, ці будзе яно пазітыўнае, ці негатыўнае. Паглядзіце на Аўганістан… Многае там абарочваецца нейкім цалкам бязглуздым, штучным навязваньнем нейкіх цалкам не ўласьцівых таму рэгіёну каштоўнасьцяў. Чамусьці раптам запатрабавалі, каб былі абавязкова жынчыны ва урадзе. Учора жанчынам не дазвалялі ўсьміхнуцца публічна. Дайце ім час прыйсьці да сябе, адчуць сябе роўнымі. І чаму абавязкова ва урад? Не, тэрмінова ва ўрад. Пра Напалеона казалі, што ён мог быць дыктатарам. Але ён на сваіх штыхах нёс ідэі францускай рэвалюцыі, правы чалавека! Што сёньня Захад прынес вам на сваіх штыхах? Палітычную карэктнасьць… Дзякую. Яшчэ раз кажу, я аддаў бы перавагу жыцьцю ў старым СССР, чым пры цяперашняй палітычнай карэктнасьці…”
На пытаньне пра тое, якой яму бачыцца роля Расеі ў новым стагоддзі, Уладзімір Букоўскі адказаў такім чынам: “Расеі б трэба спачатку ўстаць на ногі і накарміць уласных людзей. Нам кажуць, што там 40 мільёнаў людзей жыве па-за рысай жабрацтва. Дык гэта адзнакі трэцяга сьвету. Паглядзіце паказьнікі тамтэйшыя – сьмяротнасьць у 60 гадоў [сярэняя працягласьць жыцьця мужчын у Расеі менш 60 гадоў. – Рэд.], дзіцячая сьмяротнасьць блізкая да паказьнікаў трэцяга сьвету. Ну, як можа быць вялікай краіна, у якой усе жыцьцёвыя паказьнікі ёсьць копіяй паказьнікаў трэцяга сьвету? Пакуль яны гэта не пераадолеюць, ня стануць нармальнай краінай, казаць пра іх вялікасьць, уплыў – недарэчна. Захад аддае перавагу гульні ў гэтыя гульні [маецца на ўвазе запрашэньне Расеі ў клуб G8. – Рэд.], каб неяк масіраваць эга расейскіх правадыроў. Вось яны прынятыя ў перамовах “Вялікай Сямёркі”. А якое становішча яны там маюць? Патлумачце мне. Расея мае сёньня нацыянальны даход меншы, чым “Джэнерал Электрык” – адна кампанія ў Амерыцы. Чаму тады не запрашаць “Джэнерал Электрык” на нарады “Вялікай Васьмёркі”? Гэта ўсё гульні, якія да рэчаіснасьці ня маюць ніякіх адносінаў”.
“У самы вырашальны, крытычны момант нашай гісторыі Захад падтрымаў не дэмакратаў, а камуністаў-рэфарматараў, – сказаў у заключэньні Букоўскі. – … Захад аддаў перавагу мяккай форме зьменаў. Ён не жадаў, як гэта было ў канцы Другой сусьветнай вайны, не патрабаваў ад сваіх супернікаў безумоўнай капітуляцыі. Не, ён аддаў перавагу перабудове. Уявіце сабе, што ў 1945-м саюзьнікі запатрабавалі б ад нацызма перабудовы, а зусім не капітуляцыі, што было б? Нацысты перагрупіраваліся б на працягу некалькі гадоў і пад іншай назвай зноў прыйшлі да ўлады, прычым, па ўсёй Еўропе. Занадта моцнай была іх арганізацыя, занадта яны былі зьвязаныя… А эсэсаўцы б займаліся бізнесам, у тым ліку мафійным. Усё было б дакладна так, як цяпер адбываецца [у Расеі. – Рэд.]. Гэта прамы вынік пазіцыі Захаду ў 1990-91 гады…”
Такой была пазіцыя Ўладзіміра Букоўскага ў час, калі тандэм Буш-Пуцін вырашыў канчаткова пазбавіцца ад спадчыны “халоднай вайны” ў імя змаганьня зь “міжнародным тэрарызмам”. Хто каго перагуляў – цяпер становіцца бачна для ўсё большай колькасьці людзей, здольных да самастойнага аналізу.