nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЛІСТ БОНЭР і БУКОЎСКАГА ДЖОРДЖУ БУШУ (пачатак сакавіка 2003 г.)

12 красавіка, 2007 | Няма каментараў

�он��-��ко��к�.JPG

А вось і той знакаміты ліст (каб цалкам быць у курсе кантэксту, гл. два папярэдніх артыкула) – узор палітычнай публіцыстыкі, пасьля якога ні пра Букоўскага, ці пра Бонэр мы амаль нічога ня чулі 4 гады. Аказваецца, каб заставацца сумленным чалавекам, нават на Захадзе даводзіцца шмат чым ахвяраваць. Прысутнасьць дысідэнцтва – праява грамадскай хваробы. Чатыры гады замоўчваньня пэўных пазіцый Букоўскага і Бонэр –яшчэ адзін факт, які сьведчыць, што і Захад ня цалкам здаровы… А гэта значыць, што глядзець на яго трэба рэалістычна…

Рэдакцыя.

Перад тым, як пачалі падаць бомбы, пазбаўляючы нас часу спакойна падумаць, нам здаецца натуральным адысьці ўбок і паспрабаваць ацаніць агульную карціну разьвіцьця падзей. Не, мы не далучаемся да тых, хто імкнецца адгаварыць вас ад ваенных дзеяньняў у Іраку. Наадварот, мы думаем, што падобны крок трэба было зрабіць даўным-даўно, што ірацкі народ занадта доўга пакутуе ад злавеснага рэжыму Садама Хусэйна. Мы таксама ня можам падзяліць пацыфісцкія настроі, выказаныя нядаўна шматлікімі мільёнамі дэманстрантаў.

Наш уласны досьвед ва ўмовах ня менш зьнішчальнага рэжыму ў Савецкім Саюзе навучыў нас, што свабода зьяўляецца адной з тых нямногіх рэчаў у гэтым сьвеце, за якія варта змагацца і паміраць. І чым хутчэй мы гэта зробім, тым лепш, паколькі падобныя рэжымы, як зноў і зноў паказвае гісторыя, не пакідаюць нам іншага выбару, акрамя як супраціўляцца ім і зьнішчаць іх, бо яны па сваёй сутнасьці зьяўляюцца дэспатычнымі знутры і агрэсіўнымі вонкі.

Роўным чынам, мы ня можам зразумець, чаму раптам стала настолькі важна атрымаць яшчэ адну рэзалюцыю Рады Бясьпекі, тады як у значна больш спрэчным выпадку натаўскай кампаніі супраць Югаславіі ў 1999 годзе гэта не лічылася істотным. Хаця рэжым Мілошэвіча блякне на фоне рэжыма Садама.

І чаму так неабходна змагаца за настолькі справядлівую справу ў саюзе з дзяржавамі, якімі кіруюць рэжымы, якія па-сутнасьці не адрозьніваюцца ад рэжымаў Садама Хусэйна і былога Савецкага Саюза? Чаму мы павінны спрыяць ледзь не зьністажэньню адных нацый для таго, каб вызваліць іншыя? Ці ж гэта ня ёсьць недапушчальная плата за сумніўную перавагу, якую можа даць такое супрацоўніцтва?

Гаворка, канешне, ідзе пра Расею. Насуперак агульнапрынятаму на Захадзе меркаваньню, яна не ідзе па шляху дэмакратыі і рынкавай эканомікі. Апошнія прэзідэнцкія выбары паказваюць нам, якога роду дэмакратыю стварыла для сябе гэтая краіна [не “краіна”, а імперыякратыя. – Рэд.], дзе выбарцы павінны былі абіраць паміж лідарам камуністаў і палкоўнікам КГБ [у 2000 годзе. – Рэд.]. Гэта ёсьць выбары па-руску.

І КГБ перамог. Пасьля дзесяці гадоў нерашучых, няўпэўненых спробаў зьдзейсьніць рэформы, улада зноўку была аддадзена ў іх рукі, і яны без прамаруджваньня аднавілі сваю ўладу па ўсёй краіне разам са старымі сімваламі Савецкага Саюза, дзяржаўным гімнам і Чырвоным сьцягам у арміі. Адзін за адным былі зачынены апошнія незалежныя інфармацыйныя выданьні. У нас не было палітычных вязьняў на працягу дзесяці гадоў; цяпер яны ў нас ёсьць. Некалькі чалавек ужо сядзяць у турме за выказваньні супраць вайны ў Чачні, альбо супраць свавольства, якое чыняць там ваенныя, альбо супраць забруджваньня асяроддзя ваеннымі ядзернымі адкідамі. Чачня сёньня – гэта адна з гнойных ранаў на целе краіны, дзе, на думку шматлікіх міжнародных назіральнікаў, зьдзяйсьняецца сапраўдны генацыд маленькай безабароннай нацыі. Існуе шмат дакументальна пацьверджаных паведамленьняў пра так званыя зачысткі, пад час якіх людзей цэлымі вёскамі адпраўляюць у фільтрацыйныя лагеры, катуюць, забіваюць. Выжываюць толькі тыя, чые родныя заплацілі выкуп.

Сёньняшнюю карупцыю ў Расеі няма з чым параўнаць у гэтым сьвеце. Гэта ўжо не карупцыя, а сістэма, у якой КГБ (цяпер завецца ФСБ) кіруе большай часткай арганізаванай злачыннасьці, рэкетам, гадлем наркотыкамі, гандлем зброяй і заказнымі забойствамі. Яны пераўтварыліся ў нейкі злачынны сіндыкат, нешта накшталт знакамітай “Сьпектры” з “Джэймса Бонда”.

І, нягледзячы на гэта, як толькі стала стварацца антытэрарыстычная кааліцыя, брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр, без сумневу, пасьля кансультацый з Вашынгтонам, накіраваўся ў Расею і вітаў “уваходжаньне на борт” гэтага новага саюзьніка. Ён выказаў радасьць, што ў гэтай новай вайне Расея, нарэшце, будзе ў адзіным шэрагу з Захадам, асабліва, як ён заўважыў, улічваючы “велізарны досьвед Расеі ў барацьбе супраць тэрарызму”. Мы ніколі не меркавалі, што нам калі-небудзь прыйдзецца пачуць такія словы ад вядучага заходняга палітыка. Гэта гучыць амаль так сама жорстка і ганебна, як калі б мы сказалі, што ў Германіі велізарны досьвед у зносінах з габрэямі. Расея, у сваім мінулым вобліку Савецкага Саюза, практычна вынайшла сучасны палітычны тэрарызм, узьвёўшы яго ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Спачатку для кантроля ўласнага народу, а затым з мэтай распаўсюду свайго ўплыву ў сьвеце [па часе гэта не дакладна так; усё пачалося з пачаткам зараджэньня расейскай імперыі, ад Івана Жахлівага, бо ўтварэньне імперыі ўжо неад’емна зьвязана з тэхналогіяй “дзяржаўнага” палітычнага тэрарызму; і гэтая тэхналогія будзе так доўга выкарыстоўвацца імперыякратыяй, колькі мы дазволім існаваць імперыі, якая ніколі ня можа быць справядлівай, бо гэтая форма “ўладкаваньня” адносінаў паміж людзьмі прызначана не для стварэньня ўмоў для рэалізацыі аб’ектыўных інтарэсаў людзей, а для абслугоўваньня суб’ектыўна-паразітычных інтарэсаў імперыякратыі – у дадзеным выпадку расейскай. – Рэд.].

Іх “досьвед” барацьбы з мусульманскім тэрарызмам яшчэ больш уражвае. Як вы, без сумневу, ведаеце, яны дзясяткі гадоў узбройвалі Садама, забясьпечваючы яго, сярод іншага, біялагічнай зброяй. Іншая мусульманская краіна, Аўганістан, магчыма, яшчэ больш падыходзячы прыклад таго ж. Розумам мы практычна не сумняемся, што цяперашні жаласны стан гэтай краіны, уключаючы ўзьнікненьне руху “Талібан”, ёсьць прамое наступства інсьпіраванай Савецкім Саюзам “красавіцкай рэвалюцыі” 1978 году ў Аўганістане, а пасьля яе правалу – савецкай акупацыі 1979 году, якая дэстабілізавала краіну і кінула яе ў жах 20-гадовай грамадзянскай вайны. Ці ня гэтым досьведам хоча пакарыстацца Захад?

Але, зразумела, выказваньне Тоні Блэра, якое прыведзена вышэй – гэта значна больш, чым нячулае глупства. Гэтая заява была паклікана сімвалізаваць перамену ў адносінах Захаду да паводзінаў Расеі ў Чачні. Да падзей 11 верасьня [2001 году. – Рэд.] заходняя крытыка расейскага генацыду, хай сабе прыглушаная і слабая, усё такі стрымлівала расейскіх кіраўнікоў. Цяпер, пасьля таго як Расею зрабілі партнэрам у кааліцыі, ніякага стрымальнага ўплыву ўжо не ідзе. Больш за тое, цяпер агалошваюць, што гэтая бессэнсоўная вайна па зьнішчэньні маленькага народу – гэта досьвед, які можа быць выкарыстаны Захадам.

Калі справы выглядаюць менавіта так, дык як патлумачыць, што Слабадан Мілошавіч усё яшчэ знаходзіцца ў турме ў Гаазе? Калі так разважаць, дык па справядлівасьці яго трэба тэрмінова вызваліць і ўзнагародзіць Нобелеўскай прэміяй за мір, паколькі яго досьвед у барацьбе супраць “мусульманскага тэрарызму” ў Босьніі й Косава наўрад ці чым-небудзь адрозьніваецца ад расейскага досьведу ў Чачні, за выключэньнем таго, што яго дасягненьні ў гэтай галіне блякнуць на фоне расейскіх зьверстваў.

Гэта, аднак, было толькі пачаткам. Небясьпека “партнэрства” са злачынным рэжымам знаходзіцца ў тым, што яны не спыняцца, пакуль ня зробяць вас саўдзельнікам сваіх злачынстваў. Марудна, але ўпэўнена расейскія кіраўнікі вымушаюць заходніх партнэраў “прыняць” іх злачынствы ў Чачні як частку іх агульнай барацьбы з тэрарызмам. Вашая адміністрацыя ўжо паддалася пад гэты ціск і ўключыла шэраг чачэнскіх груповак у ваш “чорны сьпіс” міжнародных тэрарыстычных арганізацый, хаця вы пра іх анічога ня ведаеце, за выключэньнем таго, што вам распавёў КГБ.

Раптам заходнія праваабарончыя агенцтвы пераўтварыліся ў хлопчыкаў на пабягушках у КГБ, паколькі вымушаны арыштоўваць кожнага, каго Масква назаве тэрарыстам, і пачынаць супраць іх працэдуру экстрадыцыі, нават калі гэты чалавек зьяўляецца вядомым афіцыйным прадстаўніком законнага чачэнскага ураду, як Ахмед Закаеў. Калі так будзе працягвацца, дык вы, сп-р прэзідэнт, мажаце спакойна залічыць усіх нас у рэшагі тэрарыстаў: паколькі ваш новы сябра с-р Пуцін афіцыйна заявіў, што кожны, хто падтрымлівае Чачню, зьяўляецца тэрарыстам, і мы ўсе пападаем пад гэта вызначэньне.

Такім чынам, першай ахвярай пакуль яшчэ неаб’яўленай вайны, яе першай “пабочнай стратай” стаў асноўны прынцып, на якім пабудавана ваша дзяржава, і які запісаны ў Дэкларацыі незалежнасьці вашай краіны як права нацыі паўстаць супраць тыранічнага ураду альбо замежнай акупацыі. З-за гэтага мы цяпер знаходзімся ў поўнай зьбянтэжанасьці, ня ведаючы, ці быў Джордж Вашынгтон тэрарыстам, ці барцом за свабоду.

Няма нічога больш небясьпечнага ў барацьбе ідэй, чым так званы падыход “рэальнай палітыкі”, які прыцягнуў на нас у мінулым так шмат няшчасьцяў. Ці не быў Усама бен Ладэн пабочным прадуктам падобнага “шлюбу па разьліку” ў нейкі момант? Альбо Садам Хусэйн? І ці вашыя “партнэры” такія, як Расея, не прадаюць сакрэтна, нават цяпер, ваенную тэхніку (улучна зь ядзернымі тэхналогіямі) краінам з “Восі зла”? Ці паслужыць гэта калі-небудзь урокам для Злучаных Штатаў, альбо яны будуць і надалей працягваць ствараць новых ворагаў, праводзячы барацьбу з ворагамі бягучымі?

Праз некалькі дзён, с-р прэзідэнт, мільёны людзей ва ўсім сьвеце прыпадуць да экранаў тэлевізараў, паглынутыя захапляльным разьвіцьцём сучаснай вайны, якая заслоніць у нашых розумах больш шырокую карціну сьвету. Асьлепленыя агнявой магутнасьцю, заварожаныя “інтэлектуальнай зброяй”, якая выкарыстоўваецца ў баявых дзеяньнях, мы, магчыма, будзем зрэдку задаваць сабе пытаньне: “Чаму урад ЗША не такі разумны, як яго зброя? Чаму ён заўсёды робіць так, што яго дзеяньні цяжка падтрымаць нават тады, калі ён змагаецца за справядлівую і высакародную справу?”

Але калі пыл асядзе і зь ім зьнікне Садам Хусэйн, застанецца нашмат больш трывожнае пытаньне: што гэта – перамога ці параза?

З павагай,

Уладзімір Букоўскі, Елена Бонэр.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы