nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Айцец Л.Акаловіч: “У людзей сьвецяцца вочы, калі яны чуюць багаслужбу і казань на роднай мове”

19 красавіка, 2007 | Няма каментараў

Учора ў “Начной Свабодзе” карэспандэнт Аляксей Знаткевіч узяў інтэрвю ў вядомага сьвятара Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айца Леаніда Акаловіча. Гэта унікальны чалавек, прысутны ў апошнія гады на шмат якіх акцыях апазіцыі, што надзвычай важна для многіх (гл. фота ўнізе: айцец Л.Акаловіч у цэнтры падзей 25 сакавіка 2006 году). Сьвятароў іншых канфесій там, як правіла, не бывае… Падаем гэтае інтэрвю са скарачэньнямі.
Рэдакцыя.

�калов��.JPG

А.Знаткевіч: “Сёньня Радаўніца, дзень памінаньня продкаў. Як Вы самі адзначылі гэты дзень?”
Л.Акаловіч: “Мы, перш за ўсё, вернікі нашай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, пастараліся наведаць могілкі ўчора, наведаць сваіх продкаў, паправіць магілы бацькоў і дзядоў, а сёньня мы ўжо ўдзельнічалі ў грамадзкім памінаньні ў месцах рэпрэсіяў забітых, расстраляных беларусаў і ня толькі беларусаў у лесапарку Ваньковічаў, ці як ён называецца цяпер – Чалюскінцаў, у Курапатах, іншых месцах. Мы якраз маліліся за тое, каб памянуць і гэтыя безыменныя магілы нявінна забітых, бо ў некаторых зь іх не засталося ні сваіх нашчадкаў, якія б іх памянулі, таму наша царква штогод робіць такія памінальныя малітвы ў месцах расстрэлаў нашых пакутнікаў антыбеларускай уладай. Напрыклад, да гэтага дня я стварыў спэцыяльную малітву па просьбе Аргкамітэту па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (якраз адзначацца будзе 70 гадоў у кастрычніку) і спэцыяльную гэтую малітву мы чыталі і прэзэнтавалі сёньня ў лесапарку Ваньковічы.
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, Ты сам быў бязьвінна расьпяты і рэпрэсаваны, і пакутаваў, і быў уваскрос! Глянь няўсталым вокам на загінулых ад бязбожнай улады пры дэспаце Сталіне пакутнікаў, якія ў Курапатах, Бродзе, Кальварыі ці Валях, Лагоўшчыне, Лошыцы, лесапарку Ваньковічаў, Цагельні, за Чэрвенем ды іншых лясных урочышчах Беларусі, за межамі Бацькаўшчыны нашай у турмах, канцлягерах, засьценках аж да тундры Сыбіры скончылі свой зямны шлях у невядомых і вядомых, забытых і занядбаных магілах… Ойча наш нябесны, успомні зь вераю і надзеяю на вечнае жыцьцё ахвяраў нявінна рэпрэсаваных, замучаных, забітых, расстраляных, утопленых антыхрыстамі. Як добры чалавекалюбец, які выбачае грахі, даруй пакутнікам нашым і іхныя сьвядомыя і несьвядомыя правіны. Магутны Божа, залічы рэпрэсаваных, замучаных і расстраляных у лік сваіх шчасьлівых слугаў, што палеглі як на полі бою зь бязбожнаю антыбеларускаю ўладаю. Яны прайшлі пакутны і цярністы шлях жыцьця і сваёю сьмерцю далі сапраўднае пасьведчаньне сьвятасьці сваёй. Госпадзе Ісусе Хрысьце, сыне Божы, чалавекалюбец і збаўца наш, дзеля малітваў Маці Тваей і ўсіх сьвятых беларускіх памілуй іх. Сьвяты Божа, сьвяты моцны, сьвяты несьмяротны, памілуй іх. Валадар і суцяшальнік наш, злучы іхную ахвяру са Сваёю крыжоваю. Няхай жа ня будзе дарэмнай і тая іхная ахвяра, няхай на залітай крывёю зямлі нашай больш ня будзе такога гвалту, зьдзеку, і няхай у нас закрасуе братняя любоў і сьвеціць сонца волі і шчаснай долі народу нашаму і веры нашай, слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу, у цяпер, на ўвесь час і векі вечныя, амін”.
Вось такая малітва гучала ў гэтым лесе Ваньковічаў, парку Чалюскінцаў, дзе нямала было забіта людзей, і даўно ўжо пастаўены крыж, дзе мы памінаем. Але яшчэ большая малітва вялікая за памерлых і расстраляных была ў Курапатах, дзе мы пайменна называлі многіх і пісьменьнікаў, і мастакоў, і акадэмікаў, і простых людзей, і сьвятароў, беларусаў і не беларусаў, якія загінулі ад бязбожнай улады, і па сёньняшні дзень магілы іхныя многія невядомыя, і мы маліліся, каб Гасподзь Бог даў ім магчымасьць шчасьлівага прабываньня зь ім”.

А.Знаткевіч: “Сёньня і ўчора многія людзі хадзілі і прыбіралі магілы сваіх сваякоў. Што варта і што ня варта рабіць у дзень Радаўніцы паводле царкоўных канонаў?”
Л.Акаловіч: “Звычайна ў нас царквою забараняецца памінальная трапеза. Бо яе спраўленьне нагадвае старажытную, дахрысьціянскую, язычніцкую трызну, зь ядою на разасланым абрусе на магілцы, з нафарбаванымі яйкамі, куцьцёю, мясам, а то і чаркамі для сябе і мёртвых – гэта царква ня надта прымае. Руская праваслаўная царква гэта наагул забараняе і раіць памінаць у царкве, альбо пасьля наведваньня царквы лепш дома адзначаць. Але я думаю, што паколькі нашая Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква называецца яшчэ народнай, усё-ткі яна цесна зьвязаная з народам, і гэтыя традыцыі глыбокія, мы іх сёньня ня зможам парваць, іх пераняло хрысьціянства з язычніцкіх часоў, то мы мусім прыняць і гэты звычай. Вядома, без папоек, канечне, але нейкія застольлі своеасаблівыя можна спраўляць. Гэта ўжо вялікая і глыбокая традыцыя ў беларусаў, яку парушыць сёньня немагчыма”.

А.Знаткевіч: “Айцец Леанід, Вы самі даволі позна прыйшлі да царквы, да Бога – ці быў нейкі паваротны момант у Вашым жыцьці, калі Вы ўсьвядомілі гэта?”
Л.Акаловіч: “Вядома, так. Я прыйшоў не адразу, больш за 10 гадоў таму атрымаў такое пакліканьне. Адным з такіх штуршкоў было знаёмства, трэба ўспомніць, са сьветлай памяці Янам Матусевічам, які адраджаў Беларускую царкву праз уніяцтва, праз праваслаўе, і ён маліўся па-беларуску, выказваў малітвы, сьпяваў “Магутны Божа”, і гэта ўсё нас уразіла на Чарнобыльскіх шляхах, на іншых сустрэчах, і гэта мяне таксама натхніла – я быў добра знаёмы зь ім, у добрых адносінах, ён быў у нашым Згуртаваньні беларускай шляхты. Зь яго дапамогай і дапамогай іншых сяброў я прыйшоў у беларускую царкву, каб можна было маліцца на сваёй роднай мове, размаўляць са сваімі беларусамі на даступнай мове, зразумелай, а ня мёртвай царкоўнаславянскай. Таму я, адчуўшы гэтае пакліканьне, і пайшоў таксама на гэты шлях цярністы, няўдзячны – нас забараняюць, абкладаюць штрафамі і г.д. Тым ня менш, мы заўсёды будзем са сваім народам да канца сваіх дзён”.

А.Знаткевіч: “Часам, бываюць закіды, што для некаторых вернікаў, якія прыходзяць такім чынам да Бога, мова нацыянальная нават вышэй за рэлігійнае, за боскае – ці няма тут долі праўды ў такіх закідах?”
Л.
Акаловіч: “Я думаю, што ў сьведамых беларусаў у генах сядзіць, што трэба маліцца да Бога на сваёй роднай мове. Я колькі разоў заўважаў, у Менску і пад Менскам, на Гарадзеншчыне, дзе мы праводзілі набажэнствы, як у людзей сьвецяцца вочы, калі яны чуюць усю багаслужбу і казань на роднай мове. Яны ледзьве ня плачуць некаторыя. Вы разумееце. І гэта прыцягвае чалавека да Бога. Бо ўсё зразумела, усё адкрыта, калі што не зразумела – дапаможа сьвятар, у сваёй роднай мове растлумачыць. Таму тут я лічу, толькі праз родную мову мы можам дайсьці да душы і да верніка ў нашым народзе”.

А.Знаткевіч: “А як Вы самі разумееце прынцып, які часта ўзгадваюць, што кожная ўлада – ад Бога?”
Л.Акаловіч: “Вядома, гэта прынцып такі праводзіцца, кожная ўлада ад Бога, але Бог таксама для народа, а ня толькі для ўлады. Усё-ткі ўлада – гэта частка народа. І народ – большае паняцьце, трэба больш народу служыць, а ня ўладзе. Мы ведаем выказваньне Кастуся Каліноўскага на гэты конт. Таму тут пярэчаньня, можа, і няма, але ўсё-ткі на першае месца трэба ставіць народ, а ня ўладу”.

А.Знаткевіч: “Вы згадалі выказваньне Кастуся Каліноўскага – “Не народ для ўраду, а ўрад для народу”. А ці маеце Вы самі нейкае жыцьцёвае крэда, нейкі прынцып, які Вам дапамагае ў жыцьці?”
Л.Акаловіч: “Я яшчэ з школьных гадоў сваіх у школьным дзёньніку запісаў: “Быць са сваім народам, служыць свайму народу, як толькі можна – ці праз мову, ці праз гісторыю”. Тады, праўда, я ня ведаў яшчэ пра сьвятарства, але і праз мову, і праз гісторыю, праз краязнаўства я прыйшоў да гэтага. Я выконваю, можна сказаць, свой яшчэ школьны запавет па сёньняшні дзень”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы