nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Косткі як стратэгічная зброя Крамля

1 мая, 2007 | Няма каментараў

Гэты артыкул Міхася Кукабакі – беларуса і вядомага маскоўскага дысідэнта – мы ўзялі з сайта

www.kavkazinfo.org (артыкул скарочаны). У ім аўтар каментуе нядаўнія падзеі ў Эстоніі. Мы рыхтуем свой аналітычны матэрыял на дадзеную тэму, які плануем выставіць трохі пазьней. Мы хочам даць выказацца (альбо паказальна адмаўчацца) ўсім істотным палітычным суб’ектам, бо лічым падзеі ў Эстоніі чарговым яскравым прыкладам феномену “крука ў лесе”…

Рэдакцыя.  

 

Пра што шумім, браткі?! Паважаныя сп-ры патрыёты, давайце разважаць цьвяроза! Вось, напрыклад, адзін з дэпутатаў Госдумы баязьліва запрапанаваў. А чаму б ні перанесьці рускія косткі з Таліна і пахаваць іх у Расеі (не абавязкова ў Маскве). Гэты наіўны дэпутат – відавочна не дзяржаўнага розуму чалавек. Бо за апошнія 50 год бясконцых войнаў, дзе толькі ні валяюцца рускія косткі! Яны раскіданыя па ўсіх кантынентах, за выключэньнем бадай што Антарктыды і Аўстраліі. І ўсе гэтыя загінулыя нешта “вызвалялі”. У дзесятках афрыканскіх краінаў, у Паўднёвай Амерыцы, на Блізкім, Сярэднім і Далёкім Усходзе, на Каўказе і Паміры. І што, усіх іх загадаеце звозіць у Расею на перазахаваньне?! Мы ж тады пераўтворым Расею ў адныя суцэльныя могілкі! Ня будзе дзе будаваць дамы, дарогі, паркінгі для машын, выгульваць сабак. А яшчэ ж і хлебушак вырошчваць недзе трэба?! Тут ужо не да павагі да мёртвых. Жывых бы накарміць і абагрэць. Падобная прапанова напэўна не атрымае падтрымкі ў расейцаў.

 

На жаль, не знайшлося ў Дзярждуме чалавека з годным і больш цьвярозым розумам. Можа, мая прапанова задаволіць паважаных дэпутатаў? Не сакрэт, кожны народ сам вызначае сваіх герояў, сяброў ці ворагаў. Гэта яго неад’емнае права. І з гэтым трэба даўно пагадзіцца. Тым больш, калі народ жыве ў сувярэннай дзяржаве. Для рускіх Сьцяпан Бандэра, Мазэпа – ворагі, а для украінцаў – нацыянальныя героі. Для рускіх Ярмак – першапраходца, а для татар – рабаўнік і каланізатар. Для рускіх генералы Ярмолаў, Трошэў, Шаманаў (уключна з Ульманам і Буданавым)  – “Героі Расеі”. А для чачэнцаў (уключна з цяперашнім, Рамзанам Кадыравым)… Лепш прамаўчу. Для галоўнага Вертыкала Расеі, палкоўніка Пуціна, генерал Джахар Дудаеў – “міжнародны тэрарыст”. А ў народным эпасе чачэнцаў ён назаўсёды застанецца як першы прэзідэнт дэ-факта існай незалежнай чачэнскай дзяржавы. Спрачацца і варагаваць з гэтай нагоды абсалютна бессэнсоўна.

 

Трэба мець годнасьць прызнаць відавочнае: нідзе ў сьвеце не паважаюць рускія “косткі”. І калі іх церпяць яшчэ дзе-нідзе, дык выключна з паліткарэктнасьці. Навязваць камусьці “павагу” шантажом павінна быць прыніжальна. Таму што ўсе войны, як мінімум, мінулага стагоддзя былі з боку Крамлёўскай улады імперыялістычныя. І нават Другая сусьветная вайна – што вялася пад прапагандысцкім прыкрыцьцём, як “вызваленьне ад германскага фашызму” – плаўна перайшла ў каланіяльную вайну.  З наступнай шматгадовай акупацыяй і панаваньнем рускага варыянту фашызму, прастамоўна называнага “сталіншчынай”. І таму было б разумна на Паклонным узвышшы ў Маскве трошкі зьмяніць існы помнік, прысьвяціўшы яго “ўсім рускім, што загінулі ў каланіяльных войнах Расеі”. Гэта было б годна ў адносінах да саміх рускіх і справядліва ў адносінах да народаў, пацярпелых ад гэтых войнаў. Бо гучала б як знак ускоснага пакаяньня і замірэньня. І на гэтым тэму пра “косьці” трэба было б закрыць назаўсёды.   

 

Цяпер паспрабуем разабрацца, чаму ж разгарэўся ўвесь сыр-бор у Маскве і яе ваколіцах з нагоды рашэньня Эстонскага ураду прыбраць з цэнтру сталіцы нейкія незразумелыя і абсалютна непатрэбныя эстонцам косткі?

Відавочна, гэтыя косткі ненавісныя для мясцовага насельніцтва, як сымбаль акупацыі і звязаных з гэтым шматтысячных ахвяраў, сасланых і закатаваных ў засьценках Гестапа (прабачце, НКВД-ФСБ). Гэты помнік у цэнтры Таліна – пастаянная Правакацыя, якая дзейнічае на нервы і падтрымлівае міжнацыянальную варожасьць. Ці ж незразумела?!

 

Але так здольны абурацца толькі годны і наіўны расеец, недасьведчаны ў тонкасьцях Крамлёўскай палітыкі. Ён мог бы ўспомніць, як нядаўна ў Хімках штосьці раскапалі і нейкіх герояў пасьпелі згубіць (ці амаль не згубілі?). Ён мог бы нагадаць, што на расейскіх абшарах усё яшчэ валяюцца тысячы і тысячы непахаваных парэшткаў той вайны. І нікому да іх няма справы. Хіба што “чорныя” капальнікі ў пошуках зброі, выбухоўкі і іншых “сувеніраў” часам выкопваюць нейкія дакументы з косткамі. І вось тады, дзякуючы газетчыкам, улады бяруць на сябе мароку некага некуды пахаваць і граматку капальніку даць за “патрыятызм”. Накшталт абароны ад міліцэйскага зацікаўленьня, – а што ён там яшчэ накапаў акрамя костак са спарахнелай гімнасьцёркай.

 

І пакутуе шараговы, годны расеец наіўнымі пытаньнямі: Чаму рускія косткі ў цэнтры Таліна павінны быць у мільён разоў даражэйшыя за такія ж рускія косткі, але ў самой Расеі (у тых жа Хімках, напрыклад)? І чаму рускія “патрыёты” не перакулілі з ног на галаву горад Хімкі, а вырашылі біць вітрыны і паліць машыны ў Таліне? Чаму былі выдадзеныя мільёны і мільёны даляраў на перавозкі костак некаторых царскіх генералаў з Кітаю, Францыі й іншых краінаў? Чым патлумачыць, што былі выдадзеныя велізарныя сродкі на мітусьню з косткамі цара Нікалая Крывавага, а вось з Таліна (што значна бліжэй і таньней) перавезьці косткі ў Расею – праблема?

 

А ларчык проста адчыняецца! Таму што рускія косткі ў Прыбалтыцы зьяўляюцца стратэгічнай зброяй Крамля, амаль аднолькава з ракетамі і бамбардзіроўшчыкамі.  Зьяўляюцца гэткім дэтанатарам-правакатарам, здольным шантажаваць гэтыя краіны і нават распаліць “невялікую пабедную вайнушку” пад лозунгам абароны “костак” грамадзянаў Расеі…

 

Расею як “турму народаў” вызначыў яшчэ Ленін. На жаль, у гэтым статусе яна знаходзіцца і да гэтага часу.  Але з любой вязьніцы час ад часу вызваляюцца: хто пасьля адбыцьця тэрміну, а хто умоўна-датэрмінова за “добрыя паводзіны”. Турэмныя парадкі ведаю не па чутках, таму кажу – другія выходзяць на волю за стукацтва. Гаворачы далікатна – “за супрацоўніцтва з адміністрацыяй”, поўзаньне перад начальствам. Аднак, дробнае парушэньне рэжыму ці проста з-за капрызу якога-небудзь вертухая, й іх без лішняга клопату вяртаюць назад за краты. Няхочучы напрошваецца параўнаньне. Крамлёўская ўлада свае былыя каланіяльныя ўладаньні, якія сталі па зьбегу абставінаў незалежнымі дзяржавамі, да гэтага часу разглядае менавіта як “умоўна-вызваленыя”. У цьвёрдай надзеі пры першай жа магчымасьці зноў “кінуць іх за краты”. А для гэтага падыходзяць усе метады, улучна са сьпекуляцыяй на костках. Галоўная надзея, вядома, на “пятую калону” з рускамоўных фашыстаў, якую песьцяць і крыюць лубянскія стратэгі на чале з палкоўнікам Пуціным.

 

Што ўяўляюць зь сябе пагромшчыкі ў Таліне? Гэта дзеці й унукі супрацоўнікаў рускіх сьпецслужбаў, тыпу НКВД – ФСБ, ГРУ, ОМОН ды іншых сьпецназаў. Далей дзеці й унукі служачых у былых акупацыйных войсках. Іх папашы-пенсіянеры зь дзяцінства замбуюць сваіх нашчадкаў на нянавісьць да мясцовага насельніцтва з-за таго, што страцілі былыя прывілеі, уласьцівыя акупантам. Акрамя таго, зьнізіўся іх грамадскі статус, і таму прычына іх злобы зразумелая. Тым ня менш, перасяляцца на сваю “гістарычную радзіму” яны не жадаюць. Але цяжка зразумець, чаму яны перашкаджаюць сваім нашчадкам стаць нармальнымі грамадзянамі новай дзяржавы, перашкаджаюць заваяваць давер мясцовых жыхароў. Відаць, у сваім старэчым маразьме яны ўсё яшчэ трызьняць ідэяй “аднаўленьня СССР”, дзе яны былі гаспадарамі жыцьця.

 

І яшчэ падумалася, паспрабавалі б рускія фашысты ўчыніць пагром, скажам, у Тбілісі, Баку альбо недзе ў Казахстане?! Беглі б яны адтуль, не адчуваючы ног пад сабой і апярэджваючы гук уласнага візгу! Таму і паводзяць сябе там цішэй вады, ніжэй травы. А вось вылоўліваць на вуліцах Масквы па аднаму тых жа грузін, чачэнцаў ды іншых – гэта яны могуць. Бясчынстваваць на вуліцах еўрапейскай Рыгі альбо Таліна таксама могуць. Але ўсялякая цярплівасьць калі-небудзь заканчваецца, і даводзіцца плаціць…

 

Шкада, што задураная прафашыстоўскай прапагандай моладзь не разумее, што апыніся Эстонія зноўку ў складзе “савецкай імперыі”, іх жыцьцё значна б пагоршылася. Ступень іх свабоды звузілася б шматкроць, таму што, як на сёньня, Расея ёсьць самая фашыстоўская дзяржава ня толькі ў Еўропе. Чуць абвінавачваньні ў фашызме ў адрас эстонцаў сапраўды забаўна. Народы Балтыі на працягу стагоддзяў былі (і працягваюць заставацца) у ролі тых, хто бароніць сваё права на існаваньне. Спачатку ад германцаў, потым ад экспансіі варварскіх плямёнаў з Усходу. І на працягу апошніх 300 гадоў галоўнай пагрозай для іх (як і для іншых народаў) была і застаецца Расейская імперыя. Таму і не заканчваецца чарга ў НАТА.

 

Ёсьць толькі адзін рэцэпт для міру і добрасуседства. Даўно час крамлёўскім уладарам зьмірыцца са статус-кво ў Еўропе і адмовіцца ад імперскіх амбіцый. Час спыніць распальваньне міжнацыянальнай варожасьці й міжнароднага тэрарызму, а ськіраваць высілкі на стварэньне мірнага, забясьпечанага жыцьця для грамадзянаў сваёй краіны. Тады і “костак” будзе менш і ў жывых будзе спакойнае і шчасьлівае жыцьцё.

 

Міхась Кукабака, дысідэнт, Масква.

 

 

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы