nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Тэнгіз Гудава: “Савецкая памяць” не павінна маячыць там, дзе ёй ня месца (Д пр-п 53)

5 мая, 2007 | Няма каментараў

��дава.JPG

Гэтым артыкулам Тэнгіза Гудавы (нар. у Грузіі ў 1953 г.; вучыўся ў Маскве ў медыцынскім інстытуце, двойчы адседзеў за “антысавецкую дзейнасьць”; у 1987 быў высланы з СССР; з 1987 па 2004 гг. працаваў адным з рэдактараў на радыё “Свабода”; цяпер вольны журналіст) мы закрываем тэму эстонскіх падзеяў канца красавіка г.г. Не з усімі ньюансамі поглядаў аўтара мы згодныя. Там-сям ён, відаць, па інэрцыі, пераходзіць грань. Гэта можа быць выкарыстана ворагамі свабоды народаў. Дый “мух і катлеты” мы б падзялілі іначай. Для нас “мухі” – гэта ня столькі манументы, а нахабнае прысябечваньне і прапагандысцкае выкарыстаньне (для сваіх злачынна-паразітных мэт) былой савецкай партакратыяй, а цяпер і сучаснай расейскай імперыякратыяй, гераізму, пакутаў і сьмерцяў воінаў Другой сусьветнай вайны. Але, у цэлым, нам заўсёды прыемна бачыць любыя праявы сапраўднага інтэрнацыяналізму, такія рэдкія ў наш прадажны, дэмаралізаваны час. І гэта галоўная прычына, па якой мы падаем дадзены артыкул.

Рэдакцыя.

Значыць так: мухі асобна, катлеты асобна. Знос альбо перанос каменнага манументу – гэта права муніцыпальных, нават, не нацыянальных уладаў, і тут ня месца для дэбатаў. На рускае пытаньне: ці падабаемся мы табе? – сувярэнная краіна можа адказаць “так” альбо “не”. Калі Эстоніі [так у аўтара. – Рэд.] не падабаецца сёньняшняя Расея, яна не адзінокая ў сваім пачуцьці.

Чаму раптам савецкі салдат стаў героем? Таму што сучасная Расея ад Савецкага Саюзу далёка не адышла, і гэта не гісторыя – гэта выбар сёньняшняга дня. Дапусьцім, што так эстонскія ўлады выказваюць сваё імкненьне адмыцца ня толькі ад “мінулага” СССР, але і ад “новай” Расеі, якая сама ўвасабляе ў сабе Савецкую імперыю.

Зусім іншае пытаньне – магілы. Тут няма ніякай сувязі з каменным манументам, які ўяўляе зь сябе атавізм язычніцкага пакланеньня. Помнік да памяці мае такое ж дачыненьне, як каналізацыя да каналу [гэта ня так; помнік прызначаны для напаміну; пытаньне ў тым, напаміну пра што і для каго… – Рэд.]. Для памяці ёсьць малебен, царква, ікона сьвятых, альбом фотаздымкаў. Каменны істукан з аўтаматам – гэта не хрысьціянскі, не юдэйскі, не мусульманскі і ўвогуле не рэлігійны сімвал [помнік не абавязаны быць толькі рэлігійным сімвалам. – Рэд.]. Гэта ледзь прыхаваны сатанізм і скульптура як аб’ект пакланеньня – нонсэнс.

Што да раскопваньня магілаў, дык тут на самай справе вельмі далікатная тэма. Мёртвыя не любяць, калі іх турбуюць, і без скрайняй неабходнасьці ня варта гэтае рабіць. Зрэшты, эстонскія ўлады праяўляюць дастатковую асьцярожнасьць, запрасілі сьвятароў для асьвячэньня раскопак. Зь іншага боку, верагодна, мае сэнс ідэнтыфікаваць парэшткі і перадаць іх родным альбо радзіме палага воіна. Мой стрый загінуў у Беларусі й пахаваны ў братняй магіле. Калі б беларускія ўлады ідэнтыфікавалі яго парэшткі і далі магчымасьць пахаваць яго разам з роднымі – я быў бы толькі ўдзячны.

Асобнае пытаньне: навошта было дзёргаць мядзьведзя за хвост? У прынцыпе, ня трэба было. Але, калі мядзьведзь не цыркавы, і ня здольны да дрысіроўкі, дык з цырку яго лепш выгнаць. Дзікунства сваё хай у лесе дэманструе. Жэст эстонскіх уладаў у гэтым асьпекце зразумелы і правамоцны. Дзе, скажыце, знаходзяцца помнікі фашыстоўскай эпохі? Дзе манументы Гітлеру, Герынгу, эсэсаўскаму салдату? Ці роўны эсэсаўскі салдат СМЕРШаўскаму альбо НКВДэшнаму – пытаньне рытарычнае. Роўны. Да таго ж ня варта забываць, што савецкі салдат прыйшоў у незалежную Эстонію як акупант, у адпаведнасьці з пактам Молатава-Рыбентропа.

У адной альпійскай баварскай вёсачцы я наведаў часовенку, дзе быў мемарыял загіблым на Каўказе. Усё мужчынскае насельніцтва вёскі загінула ў тых далёкіх гарах. Іх памятаюць родныя, помніць вёска, памятае і народ. Але ж Германія не патрабуе адкрыцьця помніка на Эльбрусе!

Я абсалютна перакананы, што ўсе помнікі савецкай эпохі трэба альбо дэмантаваць, альбо перадаць іх Расеі (Харкаву, Прыднестроўю і г.д.), альбо пусьціць на шчабёнку. Можна мець помнікі ў прыватным парадку, у сябе дома, у двары, у сараі альбо ў сьпецыяльным музэі, але не на сталічнай плошчы, не як аб’ект чучхейскага пакланеньня. Гэта не патрэбна палым салдатам. Гэта ні да чаго жывым грамадзянам. Гэта ні для чаго будучыні.

Расея сёньня хварэе на сіндром імунадэфіцыту, выкліканага неачунялым саветызмам. Яна шарахаецца ад ўсяго, што гігіенічна не прыймае яе маральную неахайнасьць… Расейскія палітыкі ўпадаюць у гістэрыку ад “засуджваньня” на алімпіядах і ў дакладах Дзярждэпартаменту ЗША. Яны заклікаюць “парваць” Амерыку і Данію, “пакараць” польскае мяса, украінскае сала і грузінскае віно з баржомам. Наскрозь карумпаваная расейская палітычная брація проста прызвычаілася весьці сябе як калектыўны хам, навуськіваючы на бясконцага ворага сваіх адмарожаных “скінаў” і “нашыстаў”, якія нічым не адрозьніваюцца ад нацыстаў. Па суці, улада Расеі сваімі рукамі падштурхоўвае краіну да фашызацыі, да шляху той самай Германіі, перамогу ў вайне зь якой яна чамусьці прысвойвае сабе.

Калісьці праваабарончая грамадскасьць сьвету зрабіла памылку, палічыўшы Суд, нейкі Нюрнбергскі працэс над злачынствамі саветызму, кантрпрадуктыўным. На жаль, дэградацыя дэмакратычных пачынаньняў у Расеі й іншых краінах былога СССР, парадаксальная “саветызацыя” Расеі й адначасова яе фашызацыя – сталі прадуктам той гістарычнай “паліткарэктнасьці”. Мы не дапамаглі новай Расеі адрозьніць у сваім мінулым “насеньне ад плевелаў”, мы “агнцаў” не аддзялілі ад “казьлішчаў” і атрымалі ў выніку не метаморфозу пачваркі ў матылька, а пачварку з крыламі.

Эстонскі прэцэдэнт вельмі небясьпечны. Чым больш сьвет будзе адрынаць Расею зь яе цяперашнімі нафта-газавымі вычварэнствамі, тым больш яна будзе маргіналізавацца, ашчаціньвацца. Зь іншага боку, нельга і мірыцца са зьявай, якая сьмярдзіць, асабліва, калі ты сусед.

Я думаю, сёньня не пытаньне: каго падтрымліваць – Эстонію ці Расею? Трэба падтрымаць здаровы сэнс. Трэба падтрымаць памяць ня толькі пра загіблых на вайне, але і пра загіблых у лагерах.

Савецкія помнікі, “савецкая памяць” не павінны маячыць там, дзе ім ня месца: у новым сьвеце новых дэмакратый.

Тэнгіз Гудава,

30 красавіка 2007 года.

Ад рэдакцыі:

Стратэгічны пасыл аўтара – нешта трэба рабіць з гэтымі прапагандысцкімі манументамі эпохі бальшавіцкага тэрору і сталінскага таталітарызму (маюцца на ўвазе тыя, пад якімі ніхто не ляжыць) – мы падзяляем. Таму ў якасьці чарговага пункту Беларуску дактрыны (Д пр-п 53) фіксуем наступнае: у будучай Беларускай дзяржаве ўсе помнікі Леніну, Сталіну, Дзяржынскаму і ім падобным “гістарычным асобам” будуць перавезены ў адно месца (на поле перад Курапацкім лесам), дзе разам з курапацкімі расстрэльнымі ямамі будуць выкарыстаны для пабудовы Мемарыяльнага комплексу, які павінен стаць вечным напамінам беларускаму народу пра жахлівыя часы расейскага імперыялізму (у форме камуна-фашызму)…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы