nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Толькі наперад

май 15, 2007 | Няма каментараў

Зянон Пазьняк (Выступ на травеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, 13 траўня 2007 г.)

�аз�н�к.JPG

Зьвяртаю ўвагу Сойму на характарыстычную прыкмету, якая выяўляецца вельмі выразна цяпер у беларускім грамадзтве – узмацненьне антыбеларускай палітыкі. Здавалася б, пасьля нафта-газавага канфлікту з Масквой і філіпікаў супраць Пуціна рэжым мусіў бы ўнесьці нейкую карэктыроўку ва ўнутраную палітыку на карысьць нацыі. Нічога падобнага, якраз з дакладнасьцю да наадварот. Рэзка ўзмацніўся перасьлед беларускай школьнай і навучэнскай моладзі за беларускую мову і беларускія погляды. Выявілася, што ў школах існуе сістэма сексотаў сярод настаўнікаў, якія адсочваюць ідэёвых беларусаў і даносяць на вучняў у КГБ. Маладых людзей цяпер арыштоўваюць за нацыянальныя патрыятычныя погляды, рыхтуюць суды пад выглядам “за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі”.

Дабіваюць важнейшую сфэру нацыянальнага жыцьця – вялікую беларускую літаратуру і арганізацыю пісьменьнікаў. У гэтым годзе быў ліквідаваны і забаронены Літфонд – важная і апошняя структура, якая трымала пісьменьнікаў. Пазбаўляюць памяшканьняў апошнія беларускія арганізацыі (ТБМ, “Бацькаўшчына” і інш.). У тры разы падвысілі аплату за творчыя майстэрні беларускім мастакам. А гэта значыць, што большая частка зь іх ужо ня зможа займацца творчасьцю. Наступ на ўсё беларускае актывізаваўся асабліва за апошнія паўгода, і мы бачым, што ён мае ня толькі сістэмны характар як выяўленьне агульнай антыбеларускай стратэгіі, але разьвіваецца таксама па макрашляхах, гаворачы іхнай расейскай тэрміналёгіяй, — “даходзіць да кожнага чалавека”.

Я зноў акцэнтую ўвагу на тым, што нафта-газавы канфлікт Лукашэнкі з Масквой і ўся палітычная рыторыка, якую ён выклікаў па сёньняшні дзень, ня маюць прынцыповага характару і не зьмяняюць кардынальную маскоўскую і лукашысцкую палітыку, накіраваную на вынішчэньне беларускай нацыі. Заўважце таксама, што ў Расеі Лукашэнку падтрымліваюць самыя скрайнія, шавіністычныя і пракамуністычныя сілы.

У чым жа тады пытаньне, могуць сказаць. А пытаньне тут якраз вечнае беларускае. Вынішчэньне нацыянальна цёмнага грамадзтва і нацыянальна-неразьвітых эліт заканчвалася вечным беларускім пытаньнем на краі курапацкай ямы: “За што?” Бальшыня беларускага грамадзтва ўжо стагоддзі вечна нічога не разумее. А вопыт папярэдніх не засвойваецца наступнымі, бо ў нацыянальна-дэфармаваным грамадзтве катастрафічна абніжана памяць.

У гэтай сітуацыі ёсьць толькі адзін выхад і толькі адно дзеяньне – дапамагчы ўсьвядоміцца і дапамагчы зразумець. Крытыкаваць такое грамадзтва бессэнсоўна. Гэта тое ж самае, што крытыкаваць і крычаць на хворага за хваробу. Таму людзі, якія абзываюць народ за тое, што ён нечага не разумее, самы нічога не разумеюць. Як правіла, гэта ня ёсьць адраджэнцы.

Калі нацыю вынішчаюць, тады мова, асьвета, адзеньне і нават акцэнт у мове робіцца для нішчыцеляў палітыкай. У выніку людзей перасьледуюць за натуральнае права. Перасьлед за натуральнае права – аснова ўсялякага масавага ўціску, этнацыду і генацыду, што зьяўляецца злачынствам супраць чалавецтва. Каб зьмікшыраваць нацыянальную прычыну рэпрэсіяў, апартуністы ад разбурэньня прыдумалі “правы чалавека” – перавод масавага злачынства і масавага характару вынішчальнай палітыкі ў сфэру індывідуальнасьці асобы, і пазбаўленьня такім чынам людзей нацыянальнай кансалідуючай базы ў змаганьні за абарону народа і нацыянальнай культуры.

З апартуністычным лёзунгам “правоў чалавека” мы разабраліся даўно, яшчэ калі гансвікі нішчылі Беларускае Адраджэньне, але нам істотна зразумець, што і тут патрэбная нацыянальная асьвета, каб спыніць бесперашкоднае аббалваньваньне людзей, асабліва маладых.

Цяперашняе нацыянальнае разьвіцьцё беларускага грамадзтва можна ацаніць як крок наперад – два ў тыл. Гэта дрэнна. Але не апускайма рук, бо вельмі важна, каб быў бы гэты крок наперад. Лёгіка змаганьня рана ці позна прыводзіць да зьмены гэтай парадыгмы павольнага зьнішчэньня, спыняюцца крокі ў тыл і застаюцца толькі наперад.

Ад рэдакцыі:

Каму цікава, могуць пачытаць наколькі думкі Пазьняка пераклікаюцца з аналізам, пададзеным у некаторых нашых папярэдніх арыкулах, напрыклад, такіх: https://nashaziamlia.org/2007/03/01/545 і яшчэ тры часткі, https://nashaziamlia.org/2006/04/04/14 і яшчэ сем частак.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы