Літаральна ўчора на свабоду выйшлі два вядомыя беларускія палітвязьні – Павел Севярынец і Мікалай Статкевіч (з чым мы іх, безумоўна, віншуем!). Яны пачалі даваць інтэрвю. Так, учора вялікая размова адбылася ў час “Начной Свабоды” паміж Паўлам Севярынцам і Вольгай Караткевіч. Падаем найбольш цікавыя, на наш погляд, фрагменты гэтай размовы.
Рэдакцыя.
Караткевіч: “Павал, вітаю вас на “Свабодзе”. Ці адчуваеце вы, што ўжо на волі, і як розьняцца вашыя пачуцьці ў параўнаньні з тым, калі вы прыяжджалі у адпачынак у Віцебск з Малога Сітна?”
Севярынец: “Адчуваю. Таму што ўжо адвык бываць на вакзалах, адвык езьдзіць у Менск, а вось цяпер па-новай даводзіцца да гэтага прывыкаць. Вось якраз цяпер я на вакзале, еду ў Менск”.
Караткевіч: “Павал, вы ўжо сёньня шмат разоў гутарылі з журналістамі – ці быў нейкі нечаканы кантакт ці званок?”
Севярынец: “Быў. Мне было вельмі прыемна пачуць Аляксандра Мілінкевіча, і вельмі-вельмі рады быў за тэлефанаваньне Ўладзімера Арлова, які бываў у Сітне разоў у пяць часьцей, чым многія іншыя наведнікі”.
Караткевіч: “А як з вамі разьвітваліся самі “хімікі”, што яны вам казалі на разьвітаньне?”
Севярынец: “Тэма была адна: “Паша, вяртайся зь перамогай, паднапружвайцеся, мяняйце хутчэй…” Безумоўна, вельмі кранальна – гэты дзень, панядзелак, практычна ўвесь я правёў у разьвітаньнях зь сітненцамі…”
Караткевіч: “А вось у той час, калі 2 гады таму вы прыехалі ў гэтую ўстанову – такі самы быў настрой, ці вашая дзейнасьць і візыты людзей да вас неяк паўплывалі?”
Севярынец: “Зьмянілася, безумоўна, пачатак быў такі: прыехаў нейкі невядомы дзівосны зьвер, пра яго гавораць, што ён нацыяналіст, БНФавец, і зь ім небясьпечна нават загаворваць. Натуральна, што ад гэтага стэрэатыпу не засталося нават і сьледу за гэтыя два гады, некаторыя людзі ставяцца стрымана, таму што яны галасуюць за Лукашэнку, але абсалютна ўсе размаўляюць, абсалютна ўсе разумеюць беларускую мову, у адрозьненьне ад таго ж Наваполацку, дзе я сёньня ў чатырох унівэрсамах так і ня змог атрымаць гарбаты, у чацьвёртым нарэшце пасьля доўгіх тлумачэньняў мне гарбаты далі – у Сітне такіх пытаньняў не ўзьнікала”.
Караткевіч: “А што казалі прадстаўнікі ўладаў на розных узроўнях – ці ацанілі яны ваш плён у часе вашага прабываньня на хіміі, я маю на ўвазе плён у сфэры адукацыі, арганізацыі бібліятэкі, прапаганды беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў – нейкае станоўчае слова было зь іх боку?”
Севярынец: “Было. Іх вельмі зьдзіўляла, што тыя самыя палітыкі, апазыцыянэры, пра якіх так распавядаюць па БТ, робяць нейкія канкрэтныя справы. І тая ж бібліятэка, устаноўка памятнага знаку, праца зь дзецьмі, асьветніцкія мерапрыемствы, прапановы экскурсіяў – усё гэта выклікала зьдзіўленьне: а, дык вы яшчэ і гэтым займаецеся! І нават старшыня сельсавету, зь якой мы спачатку спрачаліся, пасьля таго як Полацкі райвыканкам прыняў рашэньне ўстанавіць памятны знак у Малым Сітне, толькі добрае казала, прычым на беларускай мове”.
Караткевіч: “Ці не расчараваныя вы вынікам сваіх высілкаў, пасьля якіх былі ізаляваныя на два гады?”
Севярынец: “Не, не расчараваны, бо ў 2004 годзе выйшла на плошчу некалькі тысячаў чалавек, а ўжо ў 2006 іх стала ў 10 разоў болей. Мне здаецца, гэта і ёсьць вынік працы, пачатай яшчэ тады, гэта і ёсьць вынік кампаніі інфармаваньня, супраціву, якая тады пачалася, нагадаю, таксама на Кастрычніцкай плошчы”.
Караткевіч: “У першых камэнтарах пасьля вызваленьня вы пацьверділі вэрсію аналітыкаў, што ваша вызваленьне, вызваленьне Міколы Статкевіча зьвязана зь перамовамі беларускіх уладаў з эўрапейскімі структурамі. Ці ўскладаеце вы спадзяваньні на дэмакратызацыю Беларусі пры цяперашняй уладзе ў выніку палітычнага ці эканамічнага ціску з боку Эўропы?”
Севярынец: “Мне здаецца, такія рэжымы, як той, што існуе сёньня ў Беларусі, не рэфармуюцца, не трансфармуюцца нават пад ціскам. Яны могуць ламацца, калі народ супольна зь міжнароднай супольнасьцю дамагаецца дэмакратызацыі. Яны толькі саступаюць пад гэтым ціскам, але не трансфармуюцца ў дэмакратыю. Мне здаецца, што сытуацыю ў нас вырашыць падзея накшталт украінскай, чэхаславацкай… Будзе ўсё вырашана па-эўрапейску, вельмі спадзяюся і веру, што гэта будзе зроблена без крыві, але безумоўна, галоўным чыньнікам будзе моц і салідарнасьць беларускага народу”.
Караткевіч: “А як вы ацэньваеце канфлікты, непаразуменьні вакол лідэрства ў аб’яднанай апазыцыі? Вырашана, што палітычную раду будуць ачольваць сустаршыні, а Мілінкевіч, напрыклад, супраць такога падыходу. ПКБ заблякавала ўчора удзел пісьменьнікаў у Кангрэсе дэмсілаў…”
Севярынец: “Сытуацыю гэтую я, канечне, ацэньваю як кепскую. На жаль, за апошні год апазыцыйная бюракратыя існавала сама па сабе і змагалася там у пытаньнях “хто галоўны?”, “хто вінаваты?”, амаль ніколі не даходзіла да пытаньня “што рабіць?”, а вось супраціў беларускі быў сам па сабе. Моладзь галадавала, ішла пад крымінальныя артыкулы, хрысьціяне зьбіралі подпісы, галадавалі, інваліды-калясачнікі пад’язджалі да адміністрацыі прэзыдэнта, учора мэханізатары нават забаставалі… А апазыцыйная бюракратыя да гэтага ня мае дачыненьня. Таму на Кангрэсе ня будзе вырашацца пытаньне, як і што далей будзе рабіць беларускі нацыянальнуы рух, супраціў… Я думаю, што ён існуе паралельна апазыцыйным структурам. Думаю, што там будзе вырашацца пытаньне, магчыма, хто фармальна будзе ачольваць апазыцыю, але зноў жа, апазыцыя і нацыянальны супраціў, на жаль, у апошні год – гэта дзьве розныя рэчы”.
Караткевіч: “А вось калі ў вас будзе магчымасьць далучыцца да кангрэсу і выступіць – што б вы сказалі ўдзельнікам?”
Севярынец: “У першую чаргу, я хачу паразмаўляць зь людзьмі, якія там зьбяруцца. Я перакананы, што ўсю гэтую непрыгожую гісторыю зь незапрашэньнем пісьменьнікаў, сустаршынствам, з прыняцьцём стратэгіі, якая накіраваная на дамову з уладай, якая ня хоча дамаўляцца – усё гэта прыдумана, ініцыявана ў вярхах сярод некалькіх распрацоўшчыкаў. Людзі ж, якія зьбяруцца там у залі, гэта байцы, змагары за дэмакратыю, якія не павінны ісьці за гэтымі прыдуманымі схемамі і за бюракратыяй. Гэта тыя людзі, якія пакліканыя арганізоўваць беларускі супраціў і спалучыць яго стратэгію з асноўнай масай апазыцыйных сілаў, партыйных сілаў – мне здаецца, гэта і ёсьць задача Кангрэсу, ад якой пакуль што абстрагуюцца партыйныя лідэры”.
Караткевіч: “Якія вашыя пляны? Ці далучыцеся вы да нейкай палітычнай сілы, ці будзеце ствараць нейкую сваю структуру?”
Севярынец: “Плянаў багата, і яны шматвэктарныя. Найперш, буду дапамагаць Аляксандру Мілінкевічу ставараць рух “За свабоду”. Лічу, што гэта адзіны правобраз і зародак на ўзор польскай “Салідарнасьці”, які ёсьць у Беларусі. Буду, натуральна, прымаць удзел у стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі – ёсьць стратэгічная мэта зрабіць яе вядучай партыяй Беларусі. Буду ўсяляк дапамагаць хлопцам з “Маладога фронту”, якім зараз цяжка. І заклікаю ўсіх беларусаў прыйсьці 28 траўня у 10 гадзінаў да будынку Савецкага суду, Лагойскі тракт 3. Апроч гэтага, зьбіраюся аб’езьдзіць усе тыя гарады і вёскі, адкуль мне пісалі, адкуль да мяне прыяжджалі ў Малое Сітна – трэба аддзячыць людзям і паразмаўляць зь імі сур’ёзна, грунтоўна пра тое, як змагацца за Беларусь”.
Ад рэдакцыі:
Не з усімі думкамі Паўла мы можам пагадзіцца, але тое, што кіраўніцтва аб’яднанцаў зьбюракратызавалася, учапілася ў свае табурэткі, не жадае быць адэкватным аб’ектыўным інтарэсам беларускага народу, а, наадварот, удзельнічае ў кансервацыі сітуацыі – гэта, без сумневу, факт…