Алесь Астроўскі
1. Перадгісторыя майго ўделу у К“АДС”.
26-27 траўня г.г. у Менску ў памяшканьні Дома культуры аўтазаводу адбыўся Кангрэс “Аб’яднаных дэмакратычных сілаў” Беларусі (далей, К“АДС” ці Кангрэс). Калі арыентавацца на фармальныя крытэры, арганізаваны ён быў добра. Я быў яго пасіўным удзельнікам (выступіць не далі, пра гэта пазьней) і таму гатовы шчыра распавесьці чытачам сайту галоўныя ўражаньні й факты, якія маюць значэньне для больш глыбокага асэнсаваньня ўсяго таго, што адбываецца ў нетрах г.зв. “аб’яднанай апазіцыі”.
Паколькі практычна ўсіх, хто называе сябе лідарамі “аб’яднанай апазіцыі”, я добра ведаю, улучна зь іх фактычнымі й патэнцыйнымі здольнасьцямі, асаблівага жаданьня ўдзельнічаць у чарговай безвыніковай апазіцыйнай тусоўцы не было. Але, па-першае, дадзены Кангрэс адрозьніваўся ад таго, які адбыўся ў канцы 2005 году. Пра апошні заранёў можна было сказаць, што гэта будзе ўсяго падрыхтоўка да чарговага ганебнага правалу прэзідэнцкай выбарчай кампаніі й фактычна ўдзел апазіцыі ў легітымізацыі працягу дыктатарскіх паўнамоцтваў адкрытага, нахабнага, цынічнага ворага беларускага народу, якім ёсьць А.Лукашэнка й яго рэжым, а, значыць, у такой падзеі нельга было ўдзельнічаць ужо хаця б з-за таго, каб не спрыяць такой легітымізацыі (дарэчы, у свой час я заранёў паказаў усе механізмы будучага правалу прэзідэнцкай кампаніі 2006 году ў вялікім артыкуле, які ўдалося надрукаваць у лістападзе 2005 г. на сайце беларусаў Масквы http://www.probelarus.ru/modules/_bka/etnacid.pdf і часткова ў першых чатырох нумарах “Нашага слова” за 2006 г. – поўнае друкаваньне артыкула было забаронена ўладамі; на нашым сайце яго можна прачытаць, пачынаючы адсюль https://nashaziamlia.org/2006/04/04/14). Цяперашні К“АДС” 2007 г. ня меў дадзенай нагрузкі, а таму стаўленьне да яго было больш неўтральнае.
Па-другое, у адпаведнасьці з новым рэгламентам аказалася, што я, як кандытат у дэпутаны Палаткі ў выбарах 2004 года, за вылучэньне якога было сабрана больш за 4.000 подпісаў выбаршчыкаў, маю поўнае права ўдзельнічаць у К“АДС”, не зьяўляючыся прадстаўіком ніводнай апазіцыйнай партыі. Таму мяне запрасілі на Гродзенскую абласную канферэнцыю па падрыхтоўцы да К“АДС”, а там большасьцю галасоў (і гэта трэцяе) дэлегаты канферэнцыі прагаласавалі за зварот да арганізатараў Кангрэсу, каб мне на ім было дадзена слова з крытычным выступам.
З нагоды шэрагу пералічаных падзей ува мне разгуляўся наіўна-рамантычны настрой, што, маўляў, лідары аб’яднанай апазіцыі жадаюць пачуць крытычны аналіз сітуацыі ў аб’яднанай апазіцыі й выслухаць канструктыўныя прапановы (бо, як усім вядома, сітуацыя там крызісная). Я сумленна падрыхтаваў выступ на хвілін 20 (пад час выступу яго можна было скараціць) і паехаў у Менск.
Праніклівы чытач ужо напэўна зразумеў, што выступіць мне не далі, нават хвіліны.
Пачуцьцё, што кіраўніцтву “АДС” пляваць на рашэньне Гродзенскай абласной канферэнцыі, у мяне таксама зарадзілася праз некалькі гадзінаў працы Кангрэса. Таму пасьля абеду я ўсё ж пайшоў і запісаўся ў сакратарыяце на выступ. Потым я дадаткова папярэдзіў сакратарыят, што вылучаны для выступу абласной канферэнцыяй.
Канчатковы вынік вам ужо вядомы…
2. Тэкст выступу, якога не было.
“Паважаныя дэлегаты.
У тым стане, у якім знаходзіцца “аб’яднаная апазіцыя”, яе кіраўніцтва павінна было б само актыўна шукаць магчымасьці для крытычнага аналізу сваёй дзейнасьці, таму што стан, у якім мы знаходзімся – гэта стан глыбокага крызісу. Натуральна, што такі аналіз павінен быць канструктыўным. Таму мой выступ будзе зь дзьвюх частак – крытычнай і канструктыўнай.
Пачнем зь першай.
На сёньня ўся ўвага Кангрэсу павінна быць скіраваная на пошук адказу на пытаньне: чаму ў беларускага грамадства ўжо шмат гадоў не ўзрастае давер да апазіцыі, спадзеў на яе, чаму апазіцыя не становіцца ў грамадскім уяўленьні ўсё больш выразнай альтэрнатывай сёньняшняму антынароднаму рэжыму?
Пытаньні кшталту: “Хадзіць ці не хадзіць на Бангалор?”, “Кіраваць “аб’яднанымі дэмсіламі” павінен “адзіны” ці павінна быць сустаршынства?”, “Як падзяліцца на фракцыі?” – гэта пытаньні другасныя, малаістотныя на фоне галоўнага. А таму яны маюць права быць пастаўлены толькі тады, калі вырашана яно!
Мой досьвед прымушае заявіць: адцягваньне ўвагі ад сфармуляванага вышэй пытаньня – гэта форма PR-аўскай дзейнасьці ў шэрагах апазіцыі, скіраваная на тое, каб ня даць беларускім дэмакратам дый усям грамадству арганізавацца…
Дык чаму апазіцыя не становіцца альтэрнатывай?!
Галоўная і відавочная прычына – неэфектыўнае кіраўніцтва. Гэтая неэфектыўнасьць праяўляе сябе ў арганізацыйна-кадравай і ідэйнай формах.
Кадры. У 2004 годзе мы рабілі ўсё магчымае, каб захаваць дэмакратычны прынцып, што адна асоба ня можа больш чым два тэрміны запар заставацца прэзідэнтам Беларусі. Але паглядзіце, як мы паступаем самі. У 2001-м годзе была прайграна выбарчая кампанія ў прэзідэнты Беларусі. У 2006-м годзе адбылося тое самае, толькі ў яшчэ горшым варыянце. Але ўсе кіраўнікі “аб’яднанай апазіцыі”, якія былі тады, засталіся на сваіх пасадах і працягваюцць заставацца цяпер… А дзе адказнасьць за невыкананыя абяцаньні, за ўзятыя на сябе абавязкі?
Ва ўсіх дэмакратычных краінах пасьля пройгрышу кампаніі кіраўніцтва, кандыдаты мяняюцца на іншых аўтаматычна. Гэтая працэдура не падлягае дыскутаваньню. Тыя, хто не спраўдзіў давер, проста самі падаюць у адстаўку…
Добра, калі няма адставак, усе застаюцца на сваіх месцах, дык што кардынальна новае рыхтуецца да таго, што будзе праз 4 гады – у 2011 годзе?!
Сустаршынства?! Гэта і ёсьць тая ідэя фікс, якая дасьць нам перамогу?! Не сьмяшыце, бо на справе гэта яшчэ лепшая сьхема для таго, каб у выпадку чарговага правалу схавацца за калектыўную безадказнасьць… “Малая канстытуцыя” разам з “эканамічнай праграмай”?! Вы ўяўляеце сабе, каб хатняя гаспадыня ці калгасьнік прачыталі іх, убачылі там свой інтарэс (а іх інтарэсу там няма) і ў дзень выбараў пабеглі галасаваць за прадстаўніка апазіцыі?! Канешне ж, не ўяўляеце!
Калі ўсё пералічанае не нясе кардынальнай палітычнай навізны, дык што? А няма нічога! І пры гэтым ўсе застаюцца… на сваіх месцах.
За 4 гады да прэзідэнцкіх выбараў усё пералічанае дазваляе заявіць: на 2011 год рыхтуецца чарговы правал прэзідэнцкай кампаніі ўжо даўно “аб’яднанай” і даўно ўзначаленай “адзінымі” апазіцыі. І гэта будзе ня проста чарговы ганебны правал. Гэта будзе жахлівы, зьністажальны правал! Але ўся праблема ў тым, што яго цяжкія наступствы ў чарговы раз дастануцца не вінаватым (г.зн. цяперашнім апазіцыйным лідарам), а майму народу. Першым, па ўсім відаць, усё роўна. Мы – апазіцыйныя актывісты – там у рэгіёнах штодзённа знаходзімся пад бюракратычным прэсінгам цяперашняга антынароднага рэжыму, жывем ва ўмовах сталай дыскрымінацыі, а нашым лідарам на галоўных апазіцыйных табурэтках – хоць бы што! Пасьля чарговай паразы – як з гуся вада!
Трэба прама сказаць: усё сёньняшняе кіраўніцтва “аб’яднанах апазіцыйных сілаў” займаецца імітацыяй палітычнай дзейнасьці, зацягвае час, а таму пераўтварылася нібы ў корку, струп, асфальт (абірайце на ўласны густ) паміж аб’ектыўным інтарэсам беларускага грамадства і масай дэмакратычных актывістаў, патэнцыйна здольных гэтыя інтарэсы зрэалізаваць. Больш за тое, сваёй недзяздольнасьцю цяперашнія апазіцыйныя лідары стварылі своеасаблівы сімбіёз з рэжымам: той іх не кранае, а яны яму не пагражаюць і… не зьбіраюцца пагражаць.
Ня лепш выглядае сітуацыя і ў сьферы ідэй.
Многія, напэўна, прачыталі праект “Малой канстытуцыі”. Будзе спроба прыняць яго на Кангрэсе, выдаць за вялікае дасягненьне. На справе, дзе там пра мову, культуру, гісторыю, сімвалы дый хаця б пра наш беларускі народ?! Нагадаю, усё гэты было нават у Канстытуцыі 1994 году! Атрымліваецца, зь першай канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адкінулі самае каштоўнае, стварылі яе дэградаваную форму, якую назвалі “Малая канстытуцыя”. Вось і ўсё дасягеньне. Акрамя таго, у апошняй зафіксаваны пераход да парламенцкай рэспублікі. Ва ўмовах, калі расейская імперыя зноў узмацняе свае агрэсіўныя намеры, гэта будзе спрыяць паўтарэньню сітуацыі пачатку 1990-х у Беларусі, якая нам і стварыла Лукашэнку… Сёньняшнія дэструктыўныя падзеі ва Украіне, якія правакуюцца расейскай імпербюракратыяй – гэта таксама вынік аслабленьня пазіцыі прэзідэнта ў гэтай краіне з-за канстытуцыйнай рэформы, праведзенай у час памаранчавай рэвалюцыі. Некаторых, аказваецца, ня вучыць ніякі досьвед – ні ўласны, ні чужы…
А чаму ў эканамічнай праграме няма згадкі пра тое, што, паколькі ў Беларусі больш 82% беларусаў, у выніку прыватызацыі ў рукі беларусаў павінна перайсьці ня менш за 82% уласнасьці, прызначанай для прыватызацыі. Нас што, досьвед расейскай алігархічнай прыхватызацыі таксама нічому і не навучыў?!..
А ўзяць паліталагічную ацэнку беларускай сітуацыі. Увесь час і замежнікі, і “свае” цьвердзяць, што асноўныя праблемы, створаныя для беларускага грамадства рэжымам Лукашэнкі – гэта “парушэньне правоў чалавека”, “адсутнасьць свабоды СМІ”, “супрацьзаконнае парушэньне выбарчых працэдур”…
А як на справе выглядае рэйтынг галоўных беларускіх праблем?
На першым месцы тут несумніўна ПАГРОЗА СТРАТЫ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЬЦІ. Фактычна ўсе 13 гадоў сваёй улады Лукашэнка шантажуе беларускі народ пагрозай зьнішчыць яе. І ня трэба казаць, што “Лукашэнка Беларусь у Расею ня здасьць”. Гэты працэс ужо даўно ідзе. Расейскай імперыякратыяй захоплены нашы інфармацыйная і мытная прасторы; РПЦ МП зьяўляецца галоўным валадаром у рэлігійна-ідэалагічнай сьферы; імперыяй фактычна захоплена армія і сьпецслужбы; уласнасьць беларускага народу паступова пераходзіць у рукі расейскіх грамадзянаў і “браткоў”; у прадстаўнічыя органы ўлады грамадзянам Расеі ня толькі можна абіраць, а яны і абіраюцца; вялікую долю бюракратыі ў сьферы дзяржаўнай улады складаюць тыя, хто зьяўляецца агентам расейскага імперыялізму і робіць ўсё магчымае, каб Беларусі не было. Фактычна працэс нагадвае паглынаньне ўдавам краля – крок за крокам, глыток за глытком. Так ідзе анэксія нашай дзяржавы, відаць, для зьдзеку названая “інтэграцыяй”.
На другім месцы сярод беларускіх праблем – ЭТНАЦЫД. Гэта пасьлядоўнае, упартае вынішчэньне мовы, культуры, гістарычнай памяці беларусаў, прычым татальна ва ўсіх сьфераў грамадскага жыцьця.
Трэцяе – ГЕНАЦЫД. Толькі па афіцыйных дадзеных у Беларусі пры Лукашэнку штогод нараджаецца на 50.000 менш грамадзян, чым памірае. Калі ўлічыць, што гэта не праўдзівыя, а афіцыйныя зьвесткі, калі ўлічыць, што яшчэ дзясяткі тысячаў беларусаў штогод вымушаны эміграваць на Захад і адтуль ужо ня вернуцца, за 13 гадоў лукашэнкаўскага рэжыму ім ужо нанесены страты, параўнальныя са стратай беларускага народу з-за Другой сусьветнай вайны (каля 1 мільёна чалавек і 2 мільёна адпаведна)! Сітуацыя пагаршаецца Чарнобыльскай праблемай, якая не вырашаецца. Наадварот, у забруджаныя радыяцыяй зоны рэжым увесь час перасяляе маладыя сем’і….
Чацьвертае – гэта ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ у Беларусі. У нас сёньня ўсе, хто ўзьнімае голас за беларускі народ (а так, натуральна, робяць найперш беларусы) падвяргаецца ўціску на працы і ў іншых сьферах жыцьця. Гэта датычыць ня толькі рабочых, калгасьнікаў, настаўнікаў, лекараў ды інжынераў, а і пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў, навукоўцаў, дзяржаўных служачых, высокакваліфікаваных выкладчыкаў ВНУ. Тысячы і тысячы беларусаў штодзённа дыскрымінуюцца за тое, што яны імкнуцца шчыра і сумленна служыць свайму беларускаму народу…
Пятая – АДСУТНАСЬЦЬ САЦЫЯЛЬНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ. У тых умовах, пры якіх цяпер вымушаны жыць наш народ, практычна поўнасьцю разбурана сувязь паміж узроўнем дабрабыту людзей і іхным унёскам у разьвіцьцё грамадства. Сумленнай працай дасягнуць дабрабыту сучаснага цывілізацыйнага ўзроўню практычна немагчыма. Акрамя таго, адсутнічаюць роўныя стартавыя ўмовы. Матэрыяльна добра жывуць толькі тыя, хто належыць да кіроўнай бюракратыі (г.зв. цяперцы), ці тыя, хто пайшоў на змову зь ёй.
Шостая праблема – гэта ЗАХОП УЛАСНАСЬЦІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ ксенаэтнічнымі элементамі, найперш расейскімі.
Сёмае – гэта праблема зьніклых і праблема палітычных вязьняў.
І толькі на восьмае-дзявятае месца можна паставіць адсутнасьць свабоды СМІ, парушэньне выбарчых працэдур, парушэньне правоў чалавека.
Калі мы – палітыкі, якія жадаюць прыйсьці да ўлады, нас ня можа не цікавіць тое, што цікавіць людзей. Таму наш зварот да грамадства, да выбарцаў, каб быць імі ўспрынятым, павінен улічваць гэта. Ня трэба быць вялікім псіхолагам, каб убачыць, што нашых людзей найперш цікавіць, ці атрымаюць яны ў выніку прыходу да ўлады “АДС” такія каштоўнасьці, як УЛАДА, УЛАСНАСЬЦЬ, ВЕДЫ, у выніку якіх у людзей можа зьявіцца дабрабыт, бясьпека, годнасьць, пачуцьцё гаспадара на ўласнай зямлі, радасьць і сэнс жыцьця, будучыня для дзяцей і ўнукаў!
Калі ўсяго гэтага ня будзе ў нашых праграмах, выступах, абяцаньнях, калі на ўсё пералічанае ня будзем настроены мы самі, перамогі нам ня бачыць – бо мы ніколі ня станем выразнай альтэрнатывай рэжыму. Бо тая каштоўнасьць, якую намаўляе цяперашні рэжым грамадству – ўяўная стабільнасьць – у вачах большасьці ёсьць каштоўнасьцю істотнай! І, наадварот, калі мы сапраўды паклапоцімся пра ўсе асьпекты паўнавартаснага жыцьця беларуса ў будучай Беларусі, тады і калгасьнік, і кожная хатняя гаспадыня на бліжэйшых выбарах пойдуць галасаваць за нас!
Толькі ў такіх абставінах мы пераможам дыктатуру…
Канструктыўная частка.
Мы аб’яднаныя, і гэта добра. Але аб’яднаныя фармальна, вонкавымі межамі – як агуркі ў бочцы. Але каб быць моцнымі й выніковымі, мы павінны быць аб’яднанымі сістэмна, праз унутраныя сувязі. Такія сувязі ўтвараюцца, калі ёсьць агульная мэта. Да яе фармуляваньня я заклікаю ўжо шмат гадоў.
Разгорнутая назва нашай мэты – Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы (ПВББД). Вось яна – і тая мэта, і тая мара, сфармуляваўшы якую мы маем магчымасьць стаць сапраўднымі суб’ектамі беларускага палітычнага жыцьця і дасягнуць посьпеху.
У межах ПВББД павінны быць на кампраміснай, збалансаванай і, абавязкова, сістэмнай аснове вырашаны ўсе грамадскі значныя пытаньні – эканамічныя, экалагічныя, дэмаграфічныя, палітычныя, інфармацыйныя, моўна-культурныя, адукацыйныя, рэлігійныя, іншыя. Прычым, усё ў імя, падкрэсьлю, аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу.
Калі “АДС” створаць такі ПВББД, ён – гэты вобраз – стане самай моцнай зброяй у нашым змаганьні. Чаму?
Таму што:
– будзе што зьмястоўна казаць людзям, што пісаць ва ўлётках, што распаўсюджваць праз свае перадвыбарчыя праграмы, будзе што сэнсоўна адказваць людзям на іх пытаньні;
– будзе з чым выступаць “адзінаму” па тэлевізары – г.зн. з адзінай, цэласнай праграмай;
– ня будзе падазрэньняў, што кожная з партый толькі фармальна змагаецца з рэжымам (а на справе змагаецца за свае прыватныя інтарэсы, якія адразу разарвуць “АДС” на шматкі, калі, ня дай бог, улада абрынецца ў рукі цяперашняй апазіцыі); гэтыя схаваныя глыбінныя ўзаемныя падазрэньні, недавер і да т.п. надзвычай шкодзяць выніковай дзейнасьці апазіцыі (дарэчы, будучая сітуацыя магчымага жахлівага раздраю прымушае лідараў “АДС” больш баяцца магчымай перамогі ў змаганьні з рэжымам, чым чарговай паразы; у выніку, яны нават падсьвядома могуць прытарможваць выніковую апазіцыйную дзейнасьць, перашкаджаць ёй; гэтая своеасаблівая міна, падкладзеная пад апазіцыю, пагражае ня проста падарваць адзінства, а прывесьці пасьля, здавалася б, перамогі, да стану, аналагічнага пачатку 1990-х, які створыць нам чарговага дыктатара);
– будзе магчымасьць падрыхтаваць кадры для структураў выканаўчай улады, якія будуць аб’яднаныя адзіным разуменьнем тых задач, якія перад імі стаяць (бо нам давядзецца, хочам мы гэтага ці не, у бліжэйшы час пасьля ўзяцця ўлады замяніць у выканаўчых структурах 15-20% кадраў, а, можа, і больш, з-за іх папярэдняй злачыннай дзейнасьці ці з-за некампетэнтнасьці).
– нарэшце, апошняе – галоўнае. Усе будучыя прэтэндэнты на адзінага лідара ад апазіцыі (перад яго абраньнем) павінны будуць даць прысягу, што ў выпадку абраньня прэзідэнтам першыя 5-10 гадоў будуць дакладна выконваць палажэньні папярэдне распрацаванага і ўзгодненага ПВББД. Іншае – здрада!!! Справа ў тым, што толькі калі наша змаганьне будзе адбывацца за значна больш вялікую і каштоўную мэту, чым “скіданьне Лукі”, мы маем рэальны шанц на посьпех! “Скіданьне” павінна стаць усяго прамежкавым этапам у значна больш вялікай задачы – рэалізацыі ПВББД.
Дык вось, прашу Кангрэс прызначыць мяне мадэратарам па арганізацыі фармаваньня ПВББД, які будзе выпрацоўвацца на стала дзеючых адкрытых семінарах (канферэнцыях). Але, каб выканаць гэтую задачу, прашу прагаласаваць прапанову ў комплексе зь іншымі арганізацыйнымі пытаньнямі:
1. Ад кожнага суб’екта Кангрэсу павінна быць выдзелена па 1-2 чалавекі для ўдзелу ў названых семінарах з правам вырашальнага голасу. Натуральна, павінна быць права на запрашэньне эксьпертаў.
2. Семінары павінны адбывацца раз на месяц у Гародні, пачынаючы зь верасьня.
3. Праезд, пражываньне, харчаваньне павінны фінансавацца выканаўчай структурай Кангрэсу. Уся іншая праца мусіць адбывацца на добраахвотных пачатках.
4. Уся інфармацыя пра дзейнасьць семінара па выпацоўцы ПВББД будзе выстаўляцца на сайце nashaziamlia.org.
5. На кожным чарговым Кангрэсе АДС я павінен буду даваць справаздачу па дзейнасьці ў азначаным кірунку за прайшоўшы час.
Яшчэ раз прашу ўсё прагаласаваць і… дзякуй за ўвагу”.
3. Інтрыгі.
Кангрэс адкрывала і зачыняла невядомая музыка.
Па чутках, якія спрабаваў абвергнуць Калякін, на Кангрэс не былі дапушчаныя беларускія пісьменьнікі. Прынамсі, ні водзен зь іх не выступаў, дый сярод прысутных давялося пабачыць толькі Ніла Гілевіча і Сяргея Законнікава…
Затое, сярод запрошаных прадстаўнікоў замежных партый былі прадстаўнікі расейскага СПС. Чаму яны і толькі яны, ніхто не патлумачыў.
Не было на Кангрэсе “Хартыі” і яе зубраціны…
У самым пачатку мелі месца дэмаршы Статкевіча і Севярынца, скіраваныя на тое, каб пачаць абмяркоўваць Стратэгію “АДС”, а ня тыя пытаньні, якія былі запланаваня арганізатарамі. Аднак, гэтыя дэмаршы былі здушаны паслухмянай большасьцю.
У залі можна было ўбачыць лозунг групы Севярынца “Беларусь для Бога”, а таксама чырвоны сьцяг з сярпом і молатам, якім трэсьлі камуністы…
Варта запомніць уступленьне Севярынца разам са Статкевічам і Мілінкевічам у Праеўрапейскі рух. Напэўна, нядоўга ім там быць разам…
Істотнай падзеяй стала неўваходжаньне Мілінкевіча ў склад сустаршыняў “АДС”, патлумачанае тым, што ён лічыць сустаршынства безвыніковым (таму цяпер кіраўніцтва “АДС” прадстаўлена чатырма сустаршынямі: Лябедзькам, Вячоркам, Калякіным, Ляўковічам; апошні прадстаўляе Казуліна).
На фоне усіх гэтых падзеяў перамагла, як і часьцей за ўсё бывае, апазіцыйная бюракратыя. Яна дамаглася свайго – умацавала сябе на табурэтках сустаршыняў “АДС”, стварыла Палітраду К“АДС” (увайшло больш за 40 чалавек), падзяліла Кангрэс на фракцыі. Апошняе фактычна і ёсьць галоўная інтрыга Кангрэсу.
4. Галоўныя таямніцы “АДС”.
Аказваецца, 26-27 траўня ў Менску, гледзячы па зьмесьце падзеяў, меў месца не Кангрэс дэмакратычных сілаў, а Кангрэс бюракратычных сілаў, утвораных на фоне каляапазіцыйнай дзейнасьці, бо галоўная падзея, якая адбылася – гэта быў падзел кіраўнічых табурэтак. Усё! Ні на што большае часу не хапіла і, відаць, ня толькі часу…
На Кангрэсе ўсяляк хаваліся мэты палітычнай дзейнасьці суб’ектаў “аб’яднанай апазіцыі”. У норме гэтыя мэты павінны заключацца ў адлюстраваньні й далейшай рэалізацыі аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу! Аднак менавіта гэта, як і раней, было самай табуіраванай тэмай. Нават словы “беларускі народ” давялося пачуць бадай што толькі ад Ляўковіча.
Пералічанае азначае, што сярод сёньняшняй “аб’яднанай апазіцыі” фактычна няма ніводнай партыі, якая б пасьлядоўна і ўпарта была скіравана менавіта на аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу. Гэта азначае, што сярод удзельнікаў Кангрэсу фактычна няма дэмакратычных партый! Ёсьць толькі іх імітатары. Вось гэта і ёсьць самы галоўны сакрэт! Бліжэй за ўсё да дэмакратычнай партыі стаіць “Малады Фронт”, але з-за недасьведчанасьці маладых людзей іх лёгка “разводзяць”, лёгка зьбіваюць з патрэбнага шляху.
Атрымліваецца, у межах “АДС” ніша для такой партыі застаецца адкрытай!
Паважаны, сп. Алесь!
Каментараў няма, ёсьць абсалютная згода з ўсім выкладзенным вышэй.
З павагай
Яўген Мурашка