Сяргей Высоцкі (старшыня БПС, Кіеў)
Калі любіш Радзіму – ідзі з намі!
Вось і прайшоў яшчэ адзін год марнага блукання, бяздарных лідэраў і “аб’яднаўчых” усхліпаў. Што дасягнута? Якія здабыткі ў беларускага народу на шляху да сваёй незалежнай і свабоднай дзяржавы? Нехта набіў кішэні заходнімі грантамі, нехта займеў добрую раскрутку на Захадзе. Але пры чым тут інтарэсы нашага народу і нашай дзяржавы?!
Правадырам афіцыйнай апазыцыі не патрабуюцца ні дэмакратыя ў яе шэрагах, ні эфектыўнасць працы. Для іх дастаткова выніковасці ў выбіванні амерыканскіх сродкаў ды манапольнага кантролю за гэтым працэсам. Таму ўсіх нашых прыхільнікаў заклікаем кінуць ажыўляць нябожчычка афіцыйнай апазіцыі. Лепш давайце, сябры, берагчы ды расціць жывое!
Не мае значэння, хто каго зменіць у прагнілых партыях – Міхалевіч Вячорку, ці Калякін Мілінкевіча. Што ад гэтага нам? Саўка дурыць Грышку, ці Грышка дурыць Саўку.
Цяпер, калі прамінуў год ад часу прэзідэнцкіх выбараў, задаешся пытаннем: “Ці ёсць хоць якія пазітыўныя зрухі у беларускім грамадстве?” І разумееш, што галоўны пазітыў – гэта ўрэшце поўнае размежаванне афіцыйнай апазіцыі і апазіцыі народнай. З’явіліся людзі, іх нямала, якія сказалі падлюкам – што яны падлюкі, зладзюгам – што яны зладзюгі, прыхаваным халуям – што яны прадалі беларускую справу.
Ясна, што далей зусім нельга мець справу з гэтай “аб’яднанай апазіцыяй”, весці з імі перамовы, пра нешта дамаўляцца. Сёння гэта – толькі шкода для Беларусі. Жорсткае дыстанцаванне ад гэтых бяздарных каплуноў, абкрадваючых барацьбу беларускага народу. Ніякіх саступак!
Гэты год мог бы стаць цудоўным урокам для заходніх паліттэхнолагаў. Рэзкі рост не толькі антырасейскіх, але і антызаходніх настрояў. Чаму гэта адбываецца? Чаму беларусы так рэагуюць на такую спецыфічную “дапамогу” Захаду?! Захаду ўжо даўно час змяніць сваё стаўленне да Беларусі і падыходы да падтрымкі беларускай апазіцыі. Гэта ўжо не бяздарнасць, гэта ўжо паталогія бюракратычнага цынізма. Няма аніякага дзіва ў тым, што калі пераследуюць патрыётаў, калі разганяюць службу БАПЦ, а Захад фінансуе дыскрэдытаваных марыянетак Масквы і Лукашэнкі, то беларусы кажуць: “Не трэба лепш аніякай вашай дапамогі!”
У Беларусі працягваецца палітыка этнацыду. Са школьнай праграмы выкідваюць твора Я.Купалы, гісторыя будзе весціся па-расейску, ідзе паўзучая акупацыя краіны. А бедуіны нашай палітычнай пустэлі з аджылых партый тылдычуць казкі пра “дэмакратычны працэс”, пра “вялікія народныя зрухі”, пра “пазітыўныя тэндэнцыі”.
Іхны “дэмакратычны працэс” хутка звядзецца да чарговага, можа, ужо 20-га “Кангрэсу Дэмакратычных Сіл”, дзе цалкам “дэмакратычным” шляхам сваім людзям дадуць 100 галасоў квоты, а патрыётам 1, ці зусім нічога! Ізноў, як у мінулы раз, БНФаўцы на чале з якім-небудзь Івашкевічам будуць сцягваць з трыбуны бацюшку БАПЦ, які і так пераследуецца гэбухай, навадняць зал сваімі наёмнікамі, якія абразяць ветэрана нацыянальнага супраціву паваеннага часу, тузануць нязгоднага пісьменніка, а сумленным людзям пад рознымі гнілымі падставамі не дадуць слова. Калі ўсе ж нехта праб’ецца да трыбуны, іх “граматна” дэзавуююць, забалтаюць, скароцяць.
Мяркую, што не будзе шмат беларускамоўных прамоў. Ніхто нават не ўзгадае пра цяперашні этнацыд над беларускім народам, ды і пра сам беларускі народ як суб’ект міжнароднай палітыкі мала хто скажа. Хутчэй за ўсё, будуць тупа дзяліць пасады.
Правадыры афіцыйнай апазіцыі вінаватыя! Яны вінаватыя! Яны нясуць віну за цяперашні стан рэчаў. Больш за тое, калі нейкім выпадковым збегам абставін гэтыя махляры зменяць цеперашні каланіяльны рэжым, то лепш не будзе. Будуць прадаваць краіну, як і рэжым, ды набіваць свае кішэні.
Кожны патрыёт, які ў змаганні з акупантамі будзе прынцыпова і цвёрда выкрываць паразітаў ды махляроў, якія зрабілі сваю апазіцыйнасць спакойненькім бізнэсам, будзе паскараць іхную палітычную смерць, а значыць, набліжаць час паўстання Народнай апазіцыі – Беларускага супраціву!
Не, не яны вывядуць Бацькаўшчыну да волі, не ім вырашаць вялікія справы. Беларускаму руху зараз патрабуюцца не даношчыкі і фарысеі, а рыцары, якія абвесцяць Божую праўду праўдай свайго народу!
Беларусам зараз патрэбныя людзі гарачай веры і вялікай любові да сваёй нацыі. Патрабуюцца лідэры, якія змогуць павесці за сабой народ у бой за нацыянальную свабоду!
Беларусы чакаюць асобаў, якія дапамогуць ім вярнуць веру ў праўду, ўмацаваць волю біцца за яе. Выпрабаванняў мала, каб вызваліцца. Трэба іх пераносіць свядома ў змаганні за нашую Беларускую Ідэю. “Барыцеся і пабораце!” Літвіны раней ўдзячылі Госпаду, што даў ім “цвёрдасць узняць меч на ворага”, паўстаць на кáта!
Гасподзь дапамагае той нацыі, якая прагне свабоды і змагаецца за яе.
Змагацца трэба не апазіцыйным “аля-улю, усе да купы”, а выхаваннем сябе і другіх, цвёрдай арганізацыяй, верай у Госпада і ў сваю сілу. Нам – беларускім патрыётам – ёсць што сказаць свайму народу, і мы пойдзем шляхам праўды.
P.S. Гэты артыкул быў напісаны за тыдзень да “Кангрэсу дэмакратычных сіл”. Смешна, але ўсё, што прадказвалася, тое і адбылося.
Сязжук,Магілёу з табой б наша святая справа не загіне!!!