nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Я веру, што палітыкі-авантурысты так і не далучаць нашу Бацькаўшчыну ні да блізкіх, ні да далёкіх імпэрый”

2 чэрвеня, 2007 | Каментары (1)

Генадзь Бураўкін – паэт і грамадзкі дзеяч, былы прадстаўнік Беларусі ў ААН (удзельнік праграмы радыё “Свабода” “У што я веру”)

���а�к�н.JPG

Я веру ў няспыннасьць жыцьця, у тое, што ніякія фюрэры і “бацькі народаў”, пры ўсёй іхняй харызматычнасьці, хітрасьці і подласьці ня змогуць павярнуць гісторыю назад. Пакалечыць, затрымаць яе разьвіцьцё – могуць; абдурыць і падначаліць сабе даверлівых людзей – могуць; але вярнуць чалавецтва ў каменны век, адвучыць яго ад дасягненьняў прагрэсу, выдраць зь мільёнаў душ зялёныя парасткі справядлівасьці і дабрыні ня ўдасца і ім, бязьлітасным і помсьлівым, нахабным і самаўпэўненым.

Вядома ж, хочацца, каб сьветлы заўтрашні дзень, пара праўды і спагаднасьці надышлі ўжо пры нас і ў нашым родным кутку, але так, на жаль, бывае не заўсёды. Галоўнае, каб такое абавязкова настала (няхай і не пры нас, а пры нашых дзецях і ўнуках), але каб непазьбежна адбылося, сьцьвердзілася, запанавала па Божай і людзкой волі.

Я веру, што наша Бацькаўшчына ўжо ў гэтым стагодзьдзі стане сапраўды вольнай і шчасьлівай, што палітыкі-авантурысты так і не далучаць яе ні да блізкіх, ні да далёкіх імпэрый, што неўзабаве мы ня будзем разгублена і спалохана азірацца ні на хамавітых братоў-суседзяў, ні на самазадаволеных заморскіх дарадцаў-дабрадзеяў, нарэшце пераканаемся і ў майстэрскасьці нашых рук, і ў яснасьці нашага розуму, і ў моцы нашай нацыянальнай еднасьці.

І я, далібог, ня буду крыўдаваць на нашчадкаў, калі некаторыя нашы сёньняшнія надзеі і турботы пададуцца ім наіўнымі і нават сьмешнымі. Хай сабе! Хай толькі ў іх высокіх кабінэтах стольнага Менску сядзяць не малапісьменныя местачковыя выскачкі, а дасьведчаныя выпускнікі лепшых унівэрсытэтаў сьвету зь веданьнем некалькіх замежных моваў, элегантныя і добразычлівыя!

Хай у іх з экранаў тэлевізараў гучаць не прымітыўныя ідэалягічныя даносы і пошлыя бяздарныя анэкдоты, а глыбокія аналітычныя развагі і мілагучныя родныя песьні! Хай матчынай мове будзе ўтульна і хораша і ў залі пасяджэньняў парлямэнту, і ў навуковых лябараторыях, і ў дзіцячых садках, і на эстрадных падмостках, і ў міжнародных цягніках!

Хай сівагаловыя вэтэраны, самаахвярна аддаўшы Радзіме і ўсе свае гады, і ўсе свае сілы, не баяцца больш, што аднойчы бессаромныя валадары–дэмагогі забяруць у іх сумленна заробленыя ільготы і пазьдзіраюць з вуліц шыльды зь імёнамі іхніх легендарных герояў-пабрацімаў!..

Я шчыра веру, што гэта магчыма. І не ў такой ужо далёкай пэрспэктыве. Толькі трэба навучыцца ўсім жорстка патрабаваць і з саміх сябе, і са сваіх лідэраў штодзённага служэньня высокім ідэалам праўды і справядлівасьці, не дапускаць двайной маралі (мне – можна, а іншым – ні ў якім разе), быць гатовымі трываць нястачы дзеля агульных інтарэсаў, не паўтараць трагічных памылак і працаваць, працаваць, працаваць, перамагаючы ў сабе страх перад тупой сілай ці то ўлады, ці то лёсу, і радзей паўтараць сакральнае беларускае: “Толькі б не было вайны”.

Вайна павінна быць, бяскроўная і бескампрамісная – у душах, у дачыненьнях са злом (хіба яно зьнікла, хіба яно і цяпер не лаўчыцца ўлезьці і ў нашы хаты, і ў нашы думкі, і нават у казані сьвятароў?), у адстойваньні сваёй годнасьці і права на роўнасьць паміж усімі паселенымі Богам на зямлі народамі…

А яшчэ я веру, што ў нас будзе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па паэзіі. І вельмі хачу, каб ім стаў чараўнік беларускага слова, бліскучы і невычэрпны Рыгор Барадулін. Ён заслужыў такой высокай адзнакі, як бясспрэчна заслугоўваў яе і незабыўны Васіль Быкаў. Ну а калі Нобэлеўскім ляўрэатам стане Ўладзімер Някляеў ці Алесь Разанаў, ці Віктар Жыбуль – радасьць мая будзе ніколькі ня менш узьнёслай і шчырай. Толькі дажыць бы да гэткага сьвята, хоць адным вокам зірнуць на сонечны золак роднай маёй зямелькі!

Я нядаўна бачыў іх зблізку – заўтрашні і ўчарашні дзень Беларусі. Было гэта на традыцыйным “Чарнобыльскім шляху”, калі па вуліцы годна і шырокаплынна мкнула шэсьце ўсьмешлівых, прыгожых дзяўчат і хлопцаў, а з-за вугольляў за імі па-воўчаму цікавілі натрэніраваныя амбалы ў чорнай уніформе. Маніфэстанты не хавалі сваіх сьветлых маладых твараў, а тыя, чорнапрывідныя, наглуха засланялі іх куленепрабівальнымі шлемамі. І заўтрашні дзень Бацькаўшчыны мне бачыўся, вядома ж, яснавокім і сьветлым, а чорныя груганы з дубінкамі у руках наплывалі жахлівым сном з прызабытага ўжо, сямідзесяцігадовай даўнасьці, мінулага.

І я веру, што будучыня наша – вось яна, побач, ня чорная і бязмоўная, а жаўрукова вясновая і звонкагалосая, сьветлая і лагодная, як цёплая вечарына і спакойнае, чыстае неба над галавой…

Вось у такую Беларусь я веру. Дзеля і ў імя такой Беларусі жыву.

Каментары (1)

  1. Franc кажа:

    Palityka maskaliou i kacapau dauno wiadoma. Iany zrabili usio kab zadushyci , a bielaruskaie usio u zarodku, a udaiecca im heta pry aktyunai dapamozie nashych
    “abjadnanych demakratau”.
    Ia dauno sprabuiu skantaktavacca z vami, tamu shto khoc u niechym mahu
    dapamahchy, khaciab daniesci vashyia dumki i wykazvanni da eurapieiskich
    struktur, tamu shto pra vash sait ni vielmi hto viedaie.
    Zrabiu heta biez vashaha dazvolu, tamu shto niiak ni dachakaiusia ad vas
    niiakaha reahavannia.
    Pakul zhyviem budziem stavici supraciu vialikadziarzhaunym shavinistam.
    Pospiehau usim.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы