nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Гарадзенскія навіны: усьлед за этнацыдам – дэградацыя архітэктуры, агульнай культуры, прыроды

Чэрвень 6, 2007 | 4 каментарыя

Алесь Астроўскі (артыкул прысьвячаецца Дню аховы навакольнага асяроддзя, які быў учора)

СÑ�меÑ�Ñ�Ñ�е вакол Ð�.Ð�.JPG 

1.

Апошнім часам у беларускай частцы сеціва шмат пішуць пра наўмыснае разбурэньне гістарычнай часткі Гародні (гл., напрыклад, сайт, пра які мы інфармавалі і раней harodnia.com). Па адной з найбольш абгрунтаваных версій, расейскія “браткі” (дарэчы, па шэрагу прыкмет – перадавы атрад расейскай імперыякратыі), каб легалізаваць свае крымінальныя “бабкі”, вырашылі прыкупіць сабе цэлы квартал у цэнтры нашага гораду, дзе яны плануюць пабудаваць катэджы ды офісы, а ўсё іншае – сьцерці з твару зямлі і часу. Між тым, гэта гектары тэрыторыі й дзесяткі прыватных дамоў у даволі прыстойным стане, а таксама сады, гароды, якія ўсе разам ставараюць непаўторную архітэктурную, гістарычную, культурную атмасьферу Гародні (для тых, хто ведае наш горад – найбольшая пагроза навісла над цэлым кварталам паміж вуліцамі Горкага, Астроўскага, Міцкевіча).

 

Расейскія “госьці”, якія хацелі б разам са сваімі крымінальнымі капіталамі атабарыцца ў Гародні, вынікова выкарыстоўваюць той факт, што ў Беларусі сёньня (у т.л. у нашым горадзе) уладу маюць людзі часовыя – цяперцы. Адна з галоўных рысаў апошніх праяўляецца ў тым, што яны гатовыя за хабар “вырашаць любыя пытаньні”… З іншага боку, для многіх “браткоў” з усходу грошы сёньня не галоўнае. Нашмат больш важкае пытаньне, куды іх укласьці… На фоне наўмысна дэзарыентаванага, атамаванага, апушчанага грамадства, якое ў такім стане ня здольна арганізавана пратэставаць, а таксама з улікам кампліментарнага супадзеньня інтарэсаў “браткоў” і цяперцаў, можна сьмела сьцьвярджаць, што небясьпека над Гародняй сапраўды навісла ўсур’ёз і надоўга…

 

У якасьці зашумляльнага фону ў дадзенай гарадзенскай транзакцыі стагоддзя выкарыстоўваецца таксама рэканструктыўны зуд цяперашняга гарадскога і абласнога начальства, вельмі далёкага ад любові да нашага абласнога цэнтру, Беларусі й беларускага народу. Хаця пачуцьцёва цяперцы ніяк не зьвязаныя зь усім гэтым, амбіцыі ў іх пруць праз край (звычайная справа: чым меншы ўзровень чалавека на кіроўнай пасадзе, тым, як правіла, большы ўзровень неабгрунтаваных амбіцый на пакіданьне “свайго сьледу” ў гісторыі), а таму можна заранёў сказаць, што “след” ад іх напэўна застанецца ў большай ці меншай ступені  герастратавы (пад знос запланавана шмат камяніц XVIIIXX стст., у т.л. у ахоўнай зоне Гародні; гл. harodnia.com).

 

Гэтых падзеяў даўно можна было чакаць. Нездарма на расейскім канале РТР, які ў нас ўстойліва трансьлюецца нават, у перапынках паміж перадачамі рэгулярна зьяўляецца застаўка, дзе ў левым верхнім куце напісана “Россия”, а ў правым ніжнім – “Гродно” (калі не заўважалі, зьвярніце ўвагу – гэта вельмі сімвалічны і паказальны факт!). Наша Гародня кімсьці вельмі ўплывовым ужо запісана ў Расею. Дажыліся…

 

Цяпер PR закончваецца, пачынаецца наступны этап практычнай рэалізацыі праграмы захопу тэрыторыі Беларусі й уласнасьці беларускага народу расейскай імперыякратыяй. На дадзеным этапе першыя крокі якраз і павінен зрабіць яе перадавы атрад – зьвязаныя з расейскай ФСБ “браткі”…

 

Усё гэта, вядома, і вандалізм, і імперыялізм, і сатанізм, які, на жаль, гарманічна ўпісваецца ў нашу сёньняшнюю, перагорнутую да гары нагамі рэчаіснасьць. Як бачым, тэхналогія рэалізацыі любой злачыннай ідэі пры цяперашняй антынароднай уладзе простая: даеш “чэснейшым рабятам” зь вертыкалі пэўную суму на лапу – і нА табе гіганцкі рынак “Карона” ў поўную тваю ўласнасьць, ці цэлы мікрараён у гістарычным месцы горада-помніка, якім, па сутнасьці, зьяўляецца Гародня, ці што заўгодна… Абуральны прымітывізм, абмежаванасьць, карупцыйная прадажнасьць гарадзенскай галіны вертыкальных цяперцаў, людзей у многіх выпадках сапраўды выпадковых, не мясцовага паходжаньня – відавочныя. Суд над імі наперадзе. Але пакуль чарговаму наступу праімперскага нахабства і звычайнага здрадніцтва супрацьстаяць толькі гарадзенская моладзь ды інтэлігенцыя.

 

2.

Праявы дэструктыўнай дзейнасьці рэжыму цяперцаў у Гародні далёка не заканчваюцца на зьнішчэньні яе гісторыка-архітэктурнага твару. Яны таксама ўключаюць разбэшчваньне грамадства (асабліва моладзі), якое выліваецца ў самыя разнастайныя праявы антыграмадскіх, антыкультурных паводзінаў. Апошнія ўключаюць мат-перамат ды хамскія паводзіны ў грамадскіх месцах, папойкі на дзіцячых пляцоўках, па-жывёльнаму непрыстойныя акты мочаспусканьня навідавоку ў мінакоў, абдымкі-пацалункі ў публічных месцах і шмат што іншае.

 

Усё гэта – праявы наўмысна спланаванай тэхналогіі разбурэньня грамадства як сістэмы, пераўтварэньня яго ў быдляцкую біямасу, няздольную да самастойнай мэтанакіраванай актыўнасьці, праявы тэхналогіі, заснаванай на ўкараненьні хамскага ў прыстойнае, жывёльнага ў людскае, інтымнага ў публічнае, хворага ў здаровае і г.д.

 

3.

Яшчэ адну групу праяваў агульнай дэградацыі і ўладаў, і грамадства можна ўбачыць за межамі Гародні. Гэта стаўленьне да прыроды, якая з усёй сваёй натуральнай,  шчырай чысьцінёй і прыгажосьцю падступае шмат дзе да самых межаў гораду.

 

Мне за апошнія больш чым 30 гадоў часта даводзілася бываць у той частцы леса-паркавай зоны, якая разьмешчана паміж правым берагам Нёману і вуліцамі Вясеньняя, Болдзіна, Даватара, вёскай Грандзічы аж да самай Зарыцы.

 

Сьпеў птушак, чыстае паветра, цішыня і спакой. Веліч і моц Нёмана, плёскат хваляў, бляск сонца на вадзе, прыгажосьць прасторы, якая адчыняецца з высокіх і нізкіх берагоў… Гэтая зона адпачынку ёсьць адзін з галоўных скарбаў нашага гораду, якім штодзённа могуць карыстацца і карыстаюцца тысячы і тысячы нашых грамадзян. 

 

Аднак год ад году я назіраю, як пагаршаецца стан гэтай зоны (гл. малюнкі ўверсе). Тут табе і карпусы раскарожаных легкавікоў, і россып поліэтыленавых бутэлек, папера, пластыкавыя талеркі ды відэльцы, пакінутыя на зямлі ды галінах дрэў  пасьля “адпачынкаў на прыродзе”, і горкі будаўнічага сьмецьця, завезенага ў лес (лянота была правезьці сваё сьмецьце яшчэ некалькі кіламетраў на гарадскую звалку), і шмат іншага. Усё – доказ апушчанасьці грамадства.

 

У лесе разьвялі шмат сабак, якія асабліва перашкаджаюць людзям, якія робяць ранішнія ці вечаровыя прабежкі. Кожны, хто бегаў, ведае: бяжыш, а наперадзе зграя вялікіх псоў, ад якіх невядома што чакаць асабліва ў перыяд гону. І калі нават на гэты раз абышлося ўсё добра, прыемнага ўражаньня ад прабежкі, якая павінна даць спакой, раўнавагу, псіхічную разгрузку – як і не было. Але найгорш паводзяць сябе тыя, хто тут выгульвае сабак. У абсалютнай большасьці бывае так: чалавек бяжыць, сабака (найчасьцей аўчарка, даберман, ратвельлер) – яму насустрач, а гаспадар – хоць бы што. Ідзе зьбліжэньне, секунда за секундай. Напружаньне нарастае. І толькі калі гаспадар псіны ўбачыць пагрозу для свайго выхаванца, толькі тады ён пачынае яе клікаць да сябе… Затое той, хто шмат разоў пабываў у такіх пераплётах, мае магчымасьць адкрыць для сябе адзін важны факт: многія нашы людзі (калі ня большасьць) знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні культурнага разьвіцьця. Ім так цяжка ўявіць сябе ў скуры іншага чалавека… 

 

Ёсьць доказы і непасрэднай віны ўладаў. Напрыклад, нядаўна у Пышках перад самым дзіцячым лагерам “Нёман” на месцы, дзе раней быў рэстаран “Сосны” (пазьней ён быў спалены), зноў зьявіўся рэстаран-гатэль. Схадзіце туды і паглядзіце, як зьнік гектар лесу. Паспрабуйце ўявіць, як цяпер будуць “адпачываць” дзеці ў 100 метрах ад гэтага аб’екту… Ды й дарослым людзям, якія зайшлі ў Пышкі трошкі адпачыць, цяпер гэта наўрад ці ўдасца. Пастойце каля знаку “праход для пешаходаў” і падлічыце, колькі цяпер машын заязджае прама ў лес у гэтую пешаходную зону з боку вуліц Болдзіна і Вясеньняй. Рух рэзка павялічыўся, машыны турбуюць людзей, не даюць расслабіцца, ствараюць канфліктныя сітуацыі…

 

Акрамя таго, прайдзіцеся па знакамітай 4-кіламетровай пешаходнай пятлі (па якой штодзённа прагульваюцца і прабягаюць сотні, а то і тысячы гарадзенцаў) і вы ўбачыце яшчэ адзін “цуд” – павырублены падлесак. Усё выглядала б добра, калі б ён быў вырублены на адлегласьць 10-15 метраў ад краю асфальту, але ў некаторых месцах ён вырублены на адлегласьць да 50 метраў і больш. Навошта? Мала павырубана дрэваў у горадзе (тапалёў сапраўды павырубвана мала), трэба яшчэ ўлезьці ў лесапаркавую зону?

 

Рэзка паменела колькасьць рыбы ў Нёмане. Станцыя, дзе раней рыбакі трымалі свае лодкі й маторы, зачынена і разбурана… Апошнія гады стала непрыемна купацца ў Нёмане. То па яго паверхні вецер нясе нейкую карычневую пену, то вада мае непрыемны пах, то пасьля купаньня на скуры застаецца пачуцьцё ліпкай плёнкі, якую хочацца змыць. Такога зь Нёманам фактычна ў рысе Гародні (нават не за горадам, куды паступаюць сьцёкі гарадской каналізацыі) яшчэ 15-20 гадоў таму не было.

 

Таму ўсё большай папулярнасьцю ў гараджан, асабліва прылеглых мікрараёнаў, пачынаюць карыстацца два вялікія закінутыя крэйдавыя кар’еры, якія за гады пасьля таго, як спынілася іх эксплуатацыя, запоўніліся вадой (на фота злева – адзін зь іх). Кар’еры гэтыя моладзь цяпер заве Зялёнка і Сінька з-за асаблівасьцяў адценьня  вады. Пасьля таго, як іх берагі ў выніку біялагічнай сукцэсіі паступова набылі амаль натуральны выгляд, гэтае месца (найперш, з-за чысьціні вады, цішыні й прыгажосьці навакольля) стала папулярным месцам адпачынку гродзенцаў. 

 

Але праблема ў тым, што некаторыя любяць прыязджаць сюды прама на машынах. Акрамя таго, многія наведвальнікі прыходзяць, адпачываюць, а рознае сьмецьце пакідаюць. Калі гэта папера ці нешта натуральна-арганічнае, праз год яно зьнікае. А вось калі гэта поліэтыленавыя ёмістасьці, пластыкавыя вырабы – яны застаюцца. І тады ўвесь стан сучаснай грамадскай “культуры” самым яскравым чынам праступае на фоне натуральнай чысьціні й нявіннасьці прыроды. Найбольш непрыемна ўражвае, калі бачыш тысячы поліэтыленавых бутэлек на паверхні чысьцюткай вады ў кар’ерах (гл. фота; уверсе справа). Так і хочацца сказаць: дэградавана-абыдленае грамадства – вось твой сімвал!

 

І ў месцы кар’ераў бачны прыкметы адсутнасьці сувязі ўладаў з рэчаіснасьцю: нягледзячы ні на якія інтарэсы людзей, ні якую прыгажосьць, самастойна вернутую прыродай, другі кар’ер (Сінька) сёньня актыўна засыпаецца адкідамі вытворчасьці сілікатнага камбінату…

 

Акрамя чыста эмацыйна негатыўнага зваротнага ўзьдзеяньня на чалавека пакрыўджаная прырода лесапаркавай зоны, пра якую ідзе гаворка, бывае, помсьціць людзям і больш жорстка. У адным месцы пры ўваходзе ў лес стаіць знак з грозным папярэджаньнем: “Асьцярожна, клешч”. На ім намаляваны ня клешч, а вош (гл. фота зьлева ўнізе), якую малююць, калі пагражае сыпны ці зваротны тыфус. Але гаворка сапраўды пра кляшча. Справа ў тым, што ў Пышках сфармаваўся асяродак клешчавога энцэфаліту – вельмі небясьпечнай хваробы (за 5-10 км ад гэтага месца такой небясьпекі ўжо няма). А вінаватыя ў гэтым людзі. Справа ў тым, што на дадзеным участку леса-паркавай зоны цяпер пабудавана шмат дзіцячых лагераў і санаторыяў. Каля іх прыстасаваліся жыць своры напаўдзікіх сабакаў. Іх тут столькі, што калі гуляеш па зімнім лесе, бачыш шмат сьцежак, вытаптаных менавіта сабакамі. Ёсьць  таксама мышы, якія возяцца ў лясной падсьцілцы. Разам з сабакамі яны складаюць поўны набор гаспадароў, на якіх разьвіваюцца і множацца кляшчы. З распаўсюджаньнем кляшчоў распаўсюджваецца і вірус энцэфаліту. І тут мы зноў бачым узровень уладаў: замест таго, каб арганізаваць знаходжаньне сабак на тэрыторыі санаторыяў і лагероў, якое здольна разарваць умовы для разьвіцьця кляшча, улады пайшлі па шляху тыповай, хаця і своеасаблівай, бюракратычнай адпіскі – павесілі знак «асьцярожна, клешч»...

 

4.

Пакуль мы ня ведаем, як дакладна ў будучай Беларускай дзяржаве будзе вырашана праблема чысьціні ваколіц Гародні ды й усёй Беларусі ў цэлым, але тое, што яна будзе вырашана – гэта факт. На гэты конт мы ўжо сфармулявалі адпаведны дактрынальны прынцып (гл. Д пр-п 26). Хутчэй за ўсё пададзеная праблема будзе вырашацца за кошт комплексу мер, сярод якіх права на існаваньне маюць наступныя:

– будуць прызначаныя дастаткова вялікія штрафы за забруджваньне зоны адпачынку вакол гарадоў і, у прыватнасьці, вакол Гародні;

– будзе дзейнічаць паліцыя па культуры, у абавязкі якой, сярод іншага, будзе ўваходзіць выяўленьне, штрафоўка і, калі спатрэбіцца, дастаўка ў суд некультурных грамадзянаў (гл. Д пр-п 26);

– будзе адпаведным чынам дзейнічаць прапаганда і PR у беларускай інфармацыйнай прасторы;

– за сярэднімі школамі будуць замацаваныя ўчасткі вакол гарадоў, якія павінны кожны год у верасьні прыбірацца сіламі вучняў і настаўнікаў з дапамогай гарадскіх уладаў (транспарт).

 

Але, натуральна, усё гэта можа быць зрэалізавана толькі пасьля прыходу да ўлады сапраўдных беларускіх дэмакратаў. Менавіта на гэты кірунак дзейнасьці мы – гарадзенскія актывісты (натуральна, разам з грамадзянскімі актывістамі па ўсёй Беларусі) – павінны найперш сканцэнтраваць свае высілкі, калі жадаем, каб у нашай Гародні і старажытная забудова захавалася, і людзі паводзілі сябе цывільна, і ваколіцы выглядалі прыстойна.

 

4 каментарыя

  1. mikola chukalau кажа:

    usio heta pravilna, alie chamu adzinyia i ni tolki ni zviartaiucio uvahi na moladz, albo iashche horsh abmanvaiuc iaie?

  2. mikola chukalau кажа:

    Shto datychyci restaranu-hateliu, to varta viedaci hto iaho haspadar. Nu viadomazh MASKALI pad bielaruskai shyldai.

  3. Алесь кажа:

    Думаю, што варта дадаць яшчэ 2 спосабы барацьбы з поліэтыленавым нашэсьцем:
    1. Скупка ёмістасцяў у насельніцтва за такія-сякія грошы;
    2. Забарона на выраб і ўвоз у Беларусь некаторых поліэтыленавых вырабаў – напрыклад, талерак (іх можна рабіць з паперы).

  4. Сяргей кажа:

    Прычынай згаданага ў артыкуле паскудства з’яўляецца саўковая ментальнасць. Людзі не лічаць гэтую краіну сваёю.
    Вертыкальшчыкі прызначаюцца з халуёў, а для галоўнага правадыра Беларусь гэта “пройдзены этап”. У цэнтры Менска
    будынкі з шыкоўнымі фасадама і прыгожай падсветкай, а са двара знаходзіш смярдзючыя пад’езды з нахабнымі пацукамі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы