nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ РАЦЫЯНАЛЬНАГА ВЫКАРЫСТАННЯ ЗЯМЕЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ БЕЛАРУСІ (частка ІІ; кБНІ)

9 чэрвеня, 2007 | Няма каментараў

Аляксей Саламонаў, Мікалай Бандарук.

5. Выйсце ў нацыянальнай рэформе стаўлення да зямлі як сродка вытворчасці.

Так лічыць віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Папкоў. Таму ён сцвярджае, што «тысячу калгасаў і саўгасаў трэба ўжо рэфармаваць” (“Звязда”). Толькі, на жаль, ён не называе нават прыблізных арыенціраў гэтага рэфармавання. Спробы вызначыць гэта робяць доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Уладзімір Гусакоў і доктар эканамічных навук, прафесар Барыс Шапіра ў змястоўным, найбольш глыбінным у параўнанні з апублікаванымі на гэтую тэму выказваннямі артыкуле [18]. Яны адзначаюць, што “сапраўднага рэфармавання практычна не было”. У адпаведнасці з тымі рэформамі “1000 гаспадарак як бы сталі на шлях рэфармавання – размеркавалі маёмасць на паі і долі паміж членамі калектыву, змянілі назвы, але на гэтым рух і спыніўся”. У выніку “эфектыўнасць вытворчасці не толькі не ўзрасла, але і значна знізілася”.

Яны лічаць, што:

q “Калгасам трэба неадкладна пераўтварыцца ў дзяржаўныя прадпрыемствы… з прыватнай сумесна-долевай уласнасцю на прынцыпах кааперацыі”;

q “У адносінах да саўгасаў актуальна… раздзяржаўленне і… прыватызацыя іх маёмасці на прынцыпах кааперацыі”;

q “Непадзельная калектыўная ўласнасць цяперашніх калгасаў з’яўляецца абязлічанай і не стымулюе прадукцыйнай працы”;

q Існуе “неабходнасць прыцягнення ў Беларусь замежнага капіталу”;

q “Без інтэграцыі ў Еўрапейскую сістэму, без пераходу на высокія тэхналогіі, без выкарыстання навейшай высокапрадукцыйнай тэхнікі наўрад ці ўдасца ў перспектыве канкураваць не толькі на Захадзе і ў Расіі, але і ў сябе дома” з замежнай вытворчасцю;

q “Найбольш мэтазгоднай для ўмоў Беларусі з’яўляецца ўсё ж калектыўная форма (відаць, уласнасці на зямлю. – аўт.), як найбольш даступная да разумення”;

q “Стаўка павінна быць зроблена на фарміраванне прыватных вытворчых калектываў”;

q Для магчымасцяў “аграрна-прамысловай кааперацыі… неабходны, як мінімум, тры ўмовы: стварэнне дадатковага прававога поля, пашырэнне эканамічнай свабоды сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, перавод усіх гаспадарак на самаакупнасць”;

q Патрабуецца: “інтэнсіфікацыя вытворчасці, удасканаленне падаткаабкладання”, атрыманне “доўгатэрміновых крэдытаў” і змена “механізма цэнаўтварэння”, “пераспецыялізацыя гаспадарак”;

q Гаспадарчая дзейнасць павінна завяршацца эфектыўным збытам і прыбыткам”.

На вялікі жаль, як бачым, у гэтых выказваннях прынцыпова новага нічога няма наогул, а тым больш – важкага, радыкальнага.

Слова “рэформа” выкарыстоўвае часта і Лукашэнка. Гэта яму належыць фраза “Реформы в Беларуси будут идти последовательно и неуклонно” [22]. Толькі тут маюцца на ўвазе не глыбінныя змены ў дачыненні да зямлі як сродку вытворчасці, а тое, што “Белорусь на сегодяшний день самая советская республика из всего СНГ” (там жа) і павінна прыкладваць намаганні для захавання гэтай тэндэнцыі. Патрэбна ж зараз зямельная рэформа, “обсудить основные начала” якой яшчэ ў Дзяржаўнай Думе 1916 г. меў на ўвазе П.М.Мілюкоў – адзін з самых прагрэсіўных і глыбакадумных прадстаўнікоў расійскай эліты таго часу, лідар “прогрессивного блока” [23], які вымушаны быў эміграваць з Расіі ў далёкім 1920 г. Відаць, штосьці такое, у гэтым сэнсе адпаведнае рэаліям сучаснасці, маецца і ў выказваннях Васілія Старавойтава (двойчы Героя Савецкага Саюза, былога старшыні “Рассвета”) аб “реформировании сельского хозяйства” (“Народная воля” ад 18.10.1997 г.).

6. Чаго ж не хапае ў прапановаx навукоўцаў?

Па-першае – нацыянальнай скіраванасці, якая павінна быць звязана менавіта з нацыянальным беларускім, а па-другое – канкрэтыкі. У параўнанні з гэтымі і шматлікімі іншымі рэкамендацыямі ў існасці праблемы толькі Мікола Юркоў, старшыня калгаса “Дрыбінскі” Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, чалавек, які ўсё сваё жыццё аддаў справам удасканалення сістэмы сельскагаспадарчай вытворчасці, найбольш наблізіўся да галоўных складнікаў нацыянальнай зямельнай рэформы [19]. Яны супадаюць з нашымі, ужо неаднойчы выказанымі раней [17, 20, 21 і інш.]. Сканцэнтравана іх можна сфармуляваць так.

Нічога нацыянальнага не можа быць без існавання адпаведнай нацыі. Але любая нацыя можа стварыцца толькі на аснове карэннага этнасу. Аднак нацыя не можа існаваць без самастойнай дзяржавы, што пацвярджаецца самымі апошнімі думкамі старшыні Дзяржсавета Рэспублікі Татарстан [24]. Існасць жа нацыянальных праблем можна данесці да народу толькі нацыянальная эліта [цудоўныя словы! Зьвярніце ўвагу, сказаны яны былі яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя! – Рэд.]. Таму зыходнымі палажэннямі разгляданай беларускай нацыянальнай рэформы ў дачыненні да зямлі як сродка вытворчасці павінны быць наступныя неабходнасці.

q Захаванне беларускага этнасу як роднаснай еднасці людзей, надзеленых ад Бога асярэдненымі аднолькавасцямі на генным узроўні, сваёй супольнай душой і мовай, сваімі самабытнасцямі, дапоўненымі пэўнымі прыроднымі ўмовамі і гістарычнымі ўплывамі. Забеспяченне ўмоваў для яго развіцця.

q Стварэнне на аснове карэннага (тытульнага) этнасу з’яднанай беларускай нацыі як дзяржаўнай еднасці народу, аб’яднанага асярэднена грамадскімі агульнасцямі, сфармаванай культурай і ладам жыцця.

q Умацаванне беларускай нацыянальнай самастойнасці з самастойным годным выхадам у агульначалавечую супольнасць народаў для прыстойнага жыццезабеспячэння на аснове цывілізаваных рыначных дачыненняў жыццядзейнасці без зліцця з любымі “братамі”.

q Развіццё стваральных стасункаў з усімі народамі свету на аснове ўзаемапавагі, узаемных правоў і прынцыпу: праз нацыянальнае – да агульначалавечага, ад агульначалавечага – для нацыянальнага.

q Забеспячэнне ўмоваў для ўздыму нацыянальнай беларускай эліты як мозгу дзяржавы і павелічэння яе дзейснага ўплыву на стан грамадства. Вырашэнне ім галоўных праблем пачынаючы з матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння наогул і арганізацыі ў гэтых мэтах выкарыстання зямельнага фонду і прыроднага асяроддзя – у асаблівасці [уся рэдакцыя пляскае ў лакдкі! Усё дакладна так! – Рэд.].

Аб дэталях названых неабходнасцяў павінна быць асобная размова.

7. Асноўныя палажэнні нацыянальнай беларускай канцэпцыі рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў Беларусі.

Неадкладную неабходнасць іх распрацоўкі і ўкаранення можна сканцэнтравана выказаць наступнымі словамі.

Калі самі сабе мы не зможам

Хлеб надзённы надзейна ствараць,

То тады ўжо пэўна мы можам

Для кагосьці прыслугаю стаць.

Гэтым самым мы род свой загубім,

Беларускасць святую здадзім,

Самастойнасць дзяржаўную згубім

І душу за той харч прададзім.

Тое, што палажэнні канцэпцыі павінны служыць інтарэсам самастойнай беларускай дзяржавы, грунтоўна паказана вышэй у п.6. Дадаткова з галоўнага назавем наступнае.

q Распрацаваць прынцыповыя асновы агульнадзяржаўнага мэтавага стаўлення да зямлі пры яе безупынным выкарыстанні ў розных кірунках для жыццезабеспячэння грамадства з улікам узрастання яго патрабаванняў у колькасным і якасным плане і абавязкова – неабходных зносін з прыродным асяроддзем і яго законамі.

q Распрацаваць і ўкараніць у жыццё дзейсныя меры для ўзняцця на дзяржаўным узроўні аўтарытэту працаўнікоў сельскай гаспадаркі праз маральныя і матэрыяльныя стымулы, праз выхаванне ў школьнікаў наогул, а ў вясковых – у асаблівасці, павагі да зямлі як асновы існавання людзей, іх карміліцы. З гэтай нагоды прадугледзець павышэнне зарплаты непасрэдна сельскім настаўнікам, забеспячэнне іх жыллём, што дасць магчымасць запрашаць у сельскую мясцовасць высакаякасных працаўнікоў асветы. Стварыць з гэтай жа мэтай кодэкс сельскага вучня як будучага працаўніка на зямлі, стваральніка на ёй зыходных сродкаў жыцця.

q Неадкладна звярнуць увагу ўсёй беларускай грамадскасці на паскораны працэс знікнення вёскі – каранёў беларускасці, самабытнасці і сумлення, працавітага стаўлення да жыцця, на дэградацыю вясковых жыхароў. У выніку ўжо праз 5-10 гадоў там у большасці застануцца пустыя хаты з пустазеллем навокал. Каб прадухіліць непапраўнае, у кожнай вёсцы, якая знікае (а потым – у астатніх), пачаць неадкладнае будаўніцтва 5-10 санітарна абсталяваных, кампактна размешчаных катэджаў. Гэта дасць магчымасць запрашаць на аснове дзейснага конкурсу былых найбольш сумленных вяскоўцаў пераважна з вышэйшай адукацыяй для стварэння пастаяннага касцяка перспектыўных сельскіх жыхароў. Выдзеліць для гэтага дзяржаўныя сродкі за кошт: скарачэння ўсіх відаў будаўніцтва ў гарадах, змяншэння разбухлага службовага апарату, эканоміі ва ўрадавых структурах, замежных пазык і дапамог, рэзкага скарачэння арміі (бо нам ніхто не пагражае ўзбройным захопам) і міліцыі.

q Тэрмінова вырашыць пытанні аплаты працы ў сельскай гаспадарцы з тым, каб кожны селянін у сярэднім меў такі ж заробак, як і кваліфікаваны рабочы на прадпрыемстве.

q Адмовіцца ад неэфектыўнай практыкі камандных метадаў цэнаўтварэння на сельгаспрадукцыю. Усе дачыненні ў гэтай сферы ажыццяўляць на аснове разумна рэгуляванага дзяржавай цывілізаванага рынку ў адпаведнасці з прынцыпам: мэта працы – стварэнне прыбытку, але пры ўмове, што гонар, сумленне і павага грамадства – вышэй за ўсё.

q У аснову любога рэфармавання ў стаўленні да зямлі як сродка вытворчасці зыходзіць з таго, што гэта не проста вясковая праблема, а адна з найгалоўнейшых спраў усёй нашай краіны, існасць якой увесь народ павінен не толькі ведаць, але і ўдзельнічаць у яе дзейсным вырашэнні. І ўлічваць пры тым, што аніякая матэрыяльная зацікаўленасць не зможа спрацоўваць без павышэння зместу самасвядомасці сельскіх жыхароў і тых, хто імі кіруе.

q Адпаведна зняць створаную штучна і неразумнымі метадамі гаспадарання перакананасць аб эфектыўнасці або неэфектыўнасці тых ці іншых формаў карыстання зямлёй для сельскагаспадарчай вытворчасці. Бо ў высокацывілізаваным свеце нямала якаснапрадукцыйных як калектыўных с/г аб’яднанняў, так і фермерскіх аднаасобных гаспадарак. У гэтым дачыненні ўсё вырашаецца стаўленнем грамадства і створанымі ім умовамі гаспадарання, агульначалавечым зместам працаўнікоў, іх здольнасцямі, сумленнем і мерай магчымасцяў кіраўнікоў.

q Прадугледзець стварэнне вясковых і міжвясковых прадпрыемстаў (дадатковых промыслаў), звязаных з с/г вытворчасцю, а таксама сельскімі магчымасцямі, для пастаяннай занятасці сельскага насельніцтва, праяў яго творчых магчымасцяў і адчування ім уласнай грамадскай неабходнасці.

q Карыстанне зямлёй, яе ахову (разам з навакольным прыродным асяроддзем), павышэнне патэнцыйных магчымасцяў глебы ажыццяўляць у непарыўным кантакце з палажэннямі навукі.

q З гэтай мэтай стварыць дзяржаўныя ўмовы для актыўнага развіцця с/г навукі і яе высокаэфектыўнага ўплыву на вытворчасць. Адпаведна скіраваць Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію не на неўразумелую інтэграцыю сельскагаспадарчай адукацыі з расійскай, якая сама ў не лепшым стане, а на ператварэнне гэтай ВНУ ва ўзорнае навучальна-навукова-вытворчае аб’яднанне [25], [26] – Беларускі Цэнтр сельскагаспадарчай біялогіі, эканомікі, механізацыі, землеўпарадкавання і інш. мэтазгоднага пры асаблівай ролі геннай інжынерыі, сортавывядзення, біялагічных пазнанняў жыцця глебы з іх уплывам на ланцуг “чалавек – зямля – чалавек”.

q Ствараць і безупынна развіваць плённыя сувязі з усімі найбольш эфектыўнымі навуковымі і навучальнымі цэнтрамі свету на аснове прынцыпу: праз нацыянальнае да агульналюдскага, ад агульналюдскага – для нацыянальнага. Усвядоміць, што, як паказана вышэй, аднабаковая скіраванасць у гэтых справах толькі на Расію можа прывесці (як у савецкі час пры барацьбе з вейсманізмам-марганізмам-медэлізмам) беларускую с/г навуку і сістэму падрыхтоўкі нацыянальных сельскагаспадарчых кадраў да вельмі адчувальных адмоўных вынікаў.

q Вывучыць магчымасці ператварэння сельскай гаспадаркі Беларусі ў шматвектарную сферу дзейнасці для стварэння не толькі традыцыйнай харчовай прадукцыі, але і тэхнічнай сыравіны, адпаведных прамысловых вырабаў, прадметаў нацыянальнай культуры, турыстычнага попыту.

q Усе мерапрыемствы, звязаныя з выкарыстаннем зямельнага фонду ў сельскагаспадарчых мэтах, ажыццяўляць на аснове нацыянальных асаблівасцяў дзяржавы, традыцый народу, яго гістарычных каштоўнасцяў, яго імкненняў не толькі “людзьмі звацца”, але і быць імі, каб самастойна і прыстойна ўвайсці ў агульналдскую цывілізаваную супольнасць народаў свету на карысць сабе, свайму народу і іншым нацыям.


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы