Аляксей Саламонаў, Мікалай Бандарук.
8. Удасканаленне землеўпарадкавання для рэалізацыі нацыянальнай беларускай ідэі рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў Беларусі.
З мэтай канкрэтызацыі далейшага тэксту адзначым, што словы “рэсурсы” і “фонды” часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Падставы для гэтага даюцца разнастайнымі энцыклапедыямі і слоўнікамі, што паўтараюць самі сябе пры перавыданнях. Аднак у жыццёвых зносінах у названыя словы ўкладваецца некалькі розны сэнс. Ён не зусім аднолькавы і ў зыходным іх змесце: ressourse (франц.) – “вспомогательное средство” [13, с.1013]; fond (франц. ад лат. fundus) – “основание” [13, с.1286]. Адзначанае дае магчымасць прыняць у дачыненні да зямлі як сродка вытворчасці наступнае, больш удасканаленае, іх тлумачэнне:
– Зямельныя рэсурсы – зямельныя наяўнасці з магчымасцямі іх фармавання, папаўнення, рэфармавання, узаемапераходу;
– Зямельныя фонды – зямельныя наяўнасці, якія існуюць; рэаліі.
Як бачым, існасць зямельных рэсурсаў атрымлівае ў такім выпадку больш пашыраны сэнс, які прадугледжвае выкарыстанне зямельных фондаў з улікам іх зменаў у перспектыве. Адзначанае дае падставы разглядаць акрэсленую тут нацыянальную беларускую ідэю як канцэпцыю дзяржаўнага, з пастаянным ўдасканаленнем стаўлення да зямлі як зыходнага сродка жыццезабеспячэння нашага грамадства ў кірунку стварэння прадуктаў харчавання і адпаведнай сыравіны, патрабаванні да якіх у колькасным і якасным плане безупынна нарастаюць. Таму ў склад гэтай ідэі ў частцы зямельных дачыненняў мэтазгодна ўвесці наступныя складнікі:
– Вяртанне спецыяльнасці землеўпарадчыка аўтарытэту расійскіх межавых інжынераў. Для гэтага наданне ёй ролі сапраўднага арганізатара выкарыстання зямлі як падмурка жыцця чалавека. На гэтай аснове наданне прывабнасці гэтай спецыяльнасці для найбольш здольных і падрыхтаваных абітурыентаў. Адначасовае павышэнне якасці навучальнага працэсу на земфаку БСГА праз развіццё творчых пачаткаў студэнтаў, каб з іх атрымліваліся не проста выпускнікі з дыпломамі, а высокакваліфікаваныя спецыялісты, аўтарытэтныя ва ўсіх дачыненнях у грамадстве.
– Канкрэтызацыя паняцця кадастра ў дачыненні да зямлі як базы існавання і жыццядзейнасці людзей, стваральнай працы на ёй, сродка сельскагаспадарчай вытворчасці. Вызначэнне яго відаў (адміністрацыйна-дзяржаўны, агульназямельны, спецыяльныя і інш.), прынцыпаў стварэння, дакладнасці падлікаў, фармавання выканаўцаў, карыстання вынікамі кадастравых пошукаў.
– У адпаведнасці з жыццёва і гістарычна ўсталяванымі беларускімі рэаліямі вызначэнне паняццяў: зямельнае ўгоддзе, зямельны контур, зямельны надзел, зямельны ўчастак, зямельная тэрыторыя, зямельны аб’ект, сельскі населены пункт, вёска, сяло, сельская абшчына (суполка), зямельная катэгорыя, валоданне зямлёй, карыстанне зямлёй, землеўладальнік, землекарыстальнік, дзяржаўная, калектыўная, долевая і прыватная ўласнасць на зямлю, зямельныя дачыненні, фермер [арэндатар. – Рэд.].
– Удакладненне складу зямельных катэгорый, правіл аднясення да іх канкрэтных зямель.
– Фармуляванне асноўных паняццяў валодання і карыстання зямлёй, абавязкаў і правоў землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, іх дачыненняў з дзяржавай на аснове прынцыпу: праз асабістаўласнае да дзяржаўнага, ад дзяржаўнага да асабістага.
– Выяўленне рацыянальных стасункаў калектыўнага і прыватнага карыстання зямлёй. Устанаўленне метадаў змены землекарыстальніка, наследавання зямлі і продажу правоў на карыстанне ёю.
– Вызначэнне прынцыповых стасункаў ролі дзяржавы, мясцовых органаў кіравання, асобных гаспадарак і ўладальнікаў у размеркаванні і пераразмеркаванні зямельных плошчаў, іх выдзяленні на розныя несельскагаспадарчыя мэты, а таксама ўступленне (продаж) зямлі замежным грамадзянам, арганізацыям, краінам [у будучай беларускай дзяржаве ня будзе “продажу зямлі” ўвогуле, атым больш “замежным грамадзянам, арганізацыям, краінам”. – Рэд.].
– Канкрэтызацыя (з улікам беларускіх асаблівасцяў) паняцця землеўпарадкавання як мерапрыемства, якое на дзяржаўным узроўні стварае тэрытарыяльныя ўмовы рацыянальнага выкарыстання зямлі з улікам рэгіянальных сацыяльна-эканамічных, інжынерна-тэхнічных і прыродаахоўных магчымасцяў і неабходнасцяў як карыстальнікаў зямлі, так і ўсяго грамадства.
– Азначэнне агульнадзяржаўных прынцыпаў выканання землеўпарадкавання рознага ўзроўню: міждзяржаўнага, унутрыдзяржаўнага, унутрыгаспадарчага, у населеных пунктах і асобных гаспадарках. Ператварэнне сучаснага “Белгипрозема” ў галаўное рэспубліканскае навукова-вытворчае нацыянальна-беларускае аб’яднанне “Белдзяржземпраект“.
– Распрацоўка неадкладных мерапрыемстваў для ўдакладнення і замацавання на мясцовасці як дзяржаўнай мяжы краіны, так і межаў калгасаў, саўгасаў і іншых буйных аналагічных гаспадарак – карыстальнікаў зямлі. Бо навядзенне належнага парадку на зямлі (землеўпарадкаванне) пачынаецца спачатку з колькаснага, а потым – якаснага ўліку плошчаў яе тэрыторыі і асобных участкаў.
– Устанаўленне або ўдакладненне зместу землеўпарадкавання тэрыторый усіх відаў гаспадарання ў адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі і неабходнасцямі выкарыстання зямельных плошчаў. Абмеркаванне іх, зацвярджэнне ва ўстаноўленым парадку і распачынанне ўкаранення.
– Устанаўленне зыходных прынцыпаў фармавання і службовых узаемадзеянняў зямельных органаў рознага адміністрацыйнага ўзроўню – ад агульнадзяржаўнага да раённага і сельскага.
– Распрацоўка зыходных палажэнняў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі сапраўды высокакваліфікаваных нацыянальных вытворчых і навуковых кадраў рознага ўзроўню для выканання ўсіх відаў землеўпарадкавання з улікам беларускіх асаблівасцяў і неабходнасцяў. Вызначэнне прынцыпаў выканання навуковых даследаванняў і агульнага зместу зямельных дачыненняў, зямельнага кадастру і землеўпарадкавання ў целым.
– Прадугледжванне неадкладных мер з мэтай стварэння ўмоваў для дзейсных навуковых даследаванняў як на земфаку БСГА, так і на вытворчасці па ўсіх кірунках, непасрэдна звязаных з землеўпарадкаваннем, кадастрам земляў, зямельнымі дачыненнямі, геадэзіяй, картаграфіяй, фотагеадэзіяй. Адзначанае дасць магчымасць падбіраць на галоўныя вытворчыя і кіраўнічыя пасады не проста памяркоўных людзей або ўладальнікаў дыпломаў аб вучоных ступенях, а спецыялістаў, сапраўды здольных вырашаць адпаведныя спецыяльныя і грамадскія задачы з пазіцый глыбіннага пранікнення ў існасць спраў і неабходнасцяў. Тады знікне становішча, пры якім ні адзін з дырэктараў інстытутаў і іх філіялаў сістэмы землеўпарадкавання Рэспублікі не мае нават ступені кандыдата навук.
– Пастаяннае ўдасканаленне сістэмы службы землеўпарадкавання Беларусі з мэтай яе спрашчэння і павышэння эфектыўнасці. Усё большае адыходжанне ад неэфектыўнай практыкі адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання.
– Вызначэнне прынцыпаў распрацоўкі на аснове гэтай агульнанацыянальнай канцэпцыі асобных законаў (кодэксаў) разгляданага кірунку і іх зацверджанне на дзяржаўным узроўні.
9. Як жа ўспрымаць “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі”?
Тут маецца на ўвазе дакумент [1], які падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 04.01.1999г. (№226-3). Ім замяняецца “Кодекс Республики Беларусь о земле” ад 11.12.1990 г., у чым узнікла неабходнасць з прычыны змены за гэты час некаторых заканадаўчых палажэнняў па зямельных дачыненнях. У гэтым яго каштоўнасць. Але, на наш погляд, да яго зместу можна зрабіць заўвагі, частку якіх прыводзім ніжэй:
– Яго назва не зусім адпавядае зместу. Бо ў дачыненні да зямлі як сродка вытворчасці маецца мноства заканадаўчых актаў рознага кірунку. У гэтым жа дакуменце разглядаюцца толькі пытанні зямельных дачыненняў. Таму і назваць яго было б лепш так: “Кодэкс зямельных дачыненняў у Рэспубліцы Беларусь”.
– Пераважная большасць насельніцтва Рэспублікі – беларусы. Яны карэнная нацыя, якая створана Богам не для яе знішчэння ў этнічным плане. Таму і “Кодэкс…” неабходна было выдаваць на беларускай мове. Бо проста немагчыма ўявіць каб, напрыклад, у Францыі такі ж дакумент друкаваўся для дзяржаўных мэтаў на мове якой-небудзь суседняй краіны.
– У адпаведнасці з сучаснай Канстытуцыяй Беларусі яе галоўныя дзяржаўныя законы павінны прымацца парламентам. Аднак ён у артыкуле “Земельное законодательство…” не ўпамінаецца. Няма подпісу старшынь палат і фіксацыі зацверджання гэтага дакумента імі.
– Няма дакладна выражанага размежавання функцый зямельных органаў ад верху да нізу. Нідзе не ўпамянуты нават “Камітэт па зямельных рэсурсах…”.
– Адсутнічае структура зямельных органаў Рэспублікі.
– Карыстацца дакументам, які мае 72 старонкі, 14 раздзелаў, 36 глаў і 164 артыкулы, без зместу вельмі цяжка.
– У кожнай краіне галоўным уладальнікам зямлі з’яўляецца дзяржава. Уласнасць даецца (з правам наследавання, продажу і інш.) толькі на карыстанне ёю [і гэта добра. – Рэд.]. З артыкула 3 (“Земля как объект права собственности”) гэта не вынікае.
– Адсутнічае канкрэтыка ў дзяленні земляў па катэгорыях. Таму ўзнікае блытаніна ва ўспрыняцці важных палажэнняў гэтага Кодэксу. Напрыклад, у артыкуле 3 (“Категории земель…”) адзначаны:
“1) земли сельскохозяйственного назначения;
2) земли населённых пунктов (городов, посёлков городского типа и сельских населённых пунктов), садоводческих товариществ и дачного строительства”.
Між тым у сельскіх населеных пунктах, садоўніцкіх таварыствах галоўная частка зямлі – сельскагаспадарчага прызначэння. Як вынікае з Дзяржаўнага зямельнага кадастру Рэспублікі Беларусь [2], ёсць яны і ў межах гарадоў. У значнай меры такія землі прыватызаваныя. Але ж у артыкуле 2 запісана: “Земли сельскохозяйственного назначения находятся в собственности государства” [уся тэрыторыя, уся зямля нашай Беларусі – гэта ўласнасьць беларускага народу. – Рэд.]. Як жа тады ўсё гэта супярэчлівае разумець?
– У артыкуле 17 “Земельный участок и его части” чытаем: “Земельный участок – часть поверхности Земли, имеющая установленные границы, площадь, местоположение, правовой статус и другие характеристики, отражаемые в государственном земельном кадастре и документах государственной регистрации”. Значыць, калі мы граніцы не адзначылі, прававога статусу ім не надалі і рэгістрацыю не зрабілі, то гэтая частка зямной паверхні (як і паверхня ўсёй Зямлі) не існуе! Ці не абсурдна ўсё гэта? Да таго ж зямельны ўчастак у кішэню не схаваеш. Ён мае сваю плошчу і сваё месцазнаходжанне незалежна ад нашых поглядаў. У выразе “часть поверхности Земли” апошняя маецца на ўвазе не як грунт, а як планета – адзіная ў прыродзе. Таму пісаць яе неабходна з вялікай літары.
– У многіх месцах сустракаюцца выразы “крестьянское, фермерское хозяйства”. Падаюцца яны як сінонімы і без тлумачэння. А між іншым, сялянскую гаспадарку маюць нават многія дачнікі на кавалках зямлі плошчай у 4 соткі.
– Нельга пагадзіцца з вызначэннем існасці землеўпарадкавання, дадзенай на стар. 64 і 65. Бо “землеўпарадкаванне ва ўмовах Беларусі – гэта сістэма юрыдычных, сацыяльна-эканамічных, прыродаахоўных і інжынерна-тэхнічных мерапрыемстваў па рацыянальнаму выкарыстанню зямельных рэсурсаў у межах усёй Рэспублікі або яе частак ці асобных гаспадарак, якія ажыццяўляюцца на аснове: прынятай у ёй нацыянальнай канцэпцыі адносін да зямлі як асновы жыццезабеспячэння грамадства, дзяржаўных заканадаўчых актаў гэтага кірунку і, абавязкова, – навуковых палажэнняў і навукова-тэхнічных распрацовак”.
– Тое ж можна сказаць і аб Дзяржаўным зямельным кадастры. Бо больш поўнае яго вызначэнне такое: “Агульнадзяржаўны кадастр Рэспублікі Беларусь – гэта пэўным чынам сістэматызаваны ўлік яго земляў у агульных колькасных паказчыках і па склаўшамуся прызначэнню (пазямельна), з магчымым выдзяленнем абагульненых напрамкаў выкарыстання (спецыяльныя віды: у розных сельскагаспадарчых, гарадскіх, геалагічных, гідраграфічных і др. адносінах) і адзначэннем якасных характарыстык якога-небудзь напрамку (эканамічныя, глебавыя, радыяактыўныя і інш.)”.
Ёсць у разгляданым кодэксе і іншыя сур’ёзныя недахопы, якія закранаць тут не можам з прычыны абмежаванасці месца. Напрыклад, пры затраце мноства слоў аб чысціні прыроднага асяроддзя ў Кодэксе і нават Кадастры няма ўпамінаў аб землях пад звалкамі або гарадскімі сметнікамі, наступ якіх становіцца проста пагражальным.
Агульныя высновы
1. У Беларусі павінна быць распрацавана агульнадзяржаўная нацыянальная канцэпцыя выкарыстання зямлі як сродка вытворчасці для забеспячэння жыццядзейнасці грамадства на аснове прынцыпу: праз асабістае да агульнаграмадскага, ад агульнаграмадскага – для асабістага.
2. У яе аснову павінны быць пакладзены агульнаграмадскія і асабістачалавечыя патрэбнасці, нацыянальныя асаблівасці і рэгіянальна-прыродныя магчымасці дзяржавы з разлікам на самастойнае ўваходжанне Рэспублікі ў агульналюдскую цывілізаваную супольнасць народаў і раўнапраўнае функцыянаванне ў ёй.
3. На яе аснове павінны стварацца асобныя кодэксы (зямельных дачыненняў і інш.).
Літаратура
1. Кодекс Республики Беларусь о земле/ Государственный комитет по земельным ресурсам, геодезии и картографии Республики Беларусь. – Минск, 1999.
2. Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (по состоянию на 01.01.1998г.)/ Государственный комитет по земельным ресурсам, геодезии и картографии Республики Беларусь. – Минск, 1998.
3. Оптимизация землепользования в сельскохозяйственных предприятиях на основе оценки участков пахотных земель по благоприятности для земледелия в целях ресурсосбережения/ Государственное предприятие «Проектный институт Белгипрозем» Государственного комитета по земельным ресурсам, геодезии и картографии Беларусь. (Подготовил Мороз Г.М.). – Минск, 1998.
4. Волков С.Н. Землеустройство в условиях земельной реформы (экономика, экология, право): Учебное пособие для студентов вузов по специальностям «землеустройство», «земельный кадастр», «городской кадастр». – Москва: Былина, 1998.
5. Геодезические и аэрокосмические изыскания для землеустройства и земельного кадастра: Сборник научных трудов. Московский государственный университет по землеустройству. – Москва, 1997.
6. Здесь нет повелительного наклонения// Труд-7. – 03. 07. 1998.
7. Блеск и нищета Брунея// Известия – 03. 07.1998.
8. Новая земля. Газета Саюза фермераў Беларусі. – 21.01.1994.
9. Неделя. – 1988. – № 41.
10. Нашчадкі ваяўнічых вікінгаў цяпер атрымліваюць бліскучыя перамогі на фермерскіх палетках// Звязда. – 10.12.1998.
11. Землеустроительное проектирование/ Под общей редакцией С.Н.Волкова. – Москва: Колос, 1997.
12. Зенькович А.И. Белорусская национальная особенность рационального использования земельных ресурсов. Рукопись. Проектное предприятие «Белгипрозем». – Минск, 1999.
13. Большой энциклопедический словарь. – Москва-Санкт-Петербург, 1997.
14. Сем гадоў пасля разводу, або Чаму эканамічны крызіс у суседніх Беларусі і Расіі не адбіўся на жыцці літоўцаў// 3вязда. – 03.12.1998.
15. Саламонаў А.А. Урожай в трёх измерениях// Советская Белоруссия. – 12.04.1986.
16. Соломонова Ольга. Трое в пуще, не считая Союза// Труд-7. – 11.12.1998.
17. Саламонаў А.А. Оберегать интеллект, как ростки бальзамовых роз// Беларуская думка . – 1993. – № 4.
18. Гусакоў Уладзімір, Шапіра Барыс. Рэфармаванне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, ператварэнне іх у рыначныя структуры… з ахопам усіх важнейшых арганізацыйна-эканамічных, тэхніка-тэхналагічных і сацыяльных фактараў// Звязда. – 04.03.1998.
19. Юркоў Мікалай. Толькі гаспадар-уласнік накорміць народ// Народная воля. – 27.01.1999.
20. Саламонаў А.А. Наступит ли царство разума?// Политический собеседник. – 1991. – № 12.
21. Саламонаў А.А. Беларуская ідэя// Народная газета. – 1994. – №173.
22. Лукашенко А.Г. Реформы в Беларуси будут идти последовательно и неуклонно// Советская Белоруссия. – 14.11.1997.
23. Гольцов Е. Сильнее чем бомбы эсеров// Неделя. – 1990. – № 42.
24. Мухаметшин Фарид. Россия – Татарстан// Известия. – 12.02.1999.
25. Болошко Л.Н., Соломонов А.А. Основные итоги развития НИРС вузов БССР и пути повышения их эффективности// Методология научно-исследовательской работы студентов вузов БССР. – Минск: Издательство БГУ им. В.И.Ленина, 1979.
26. Соболевский Ю.А. От студенческих научных работ к учебно-научно-производственному объдинению// Тамсама.
Ад рэдакцыі:
З нагоды пададзенага артыкула фармулюем наступны прынцып Беларускай дактрыны (Д пр-п 60). У праекце рэфармаваньня сельскай гаспадаркі ў будучай Беларусі будуць улічаны распрацаваныя сп-рамі А.Саламонавым і М.Бандаруком “Асноўныя палажэнні нацыянальнай беларускай канцэпцыі рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў Беларусі” (гл. пп. 6 і 7 яго артыкула). Адначасова пацьвярджаем, што ў будучай Беларусі любы ўчастак зямлі, які мае ўласьцівасьць тэрыторыі (а беларуская этнічная тэрыторыя – гэта адна са сьвятых каштоўнасьцяў усяго беларускага народу), яшчэ можа быць перададзены ў пажыцьцёвую арэнду з правам перадачы ў спадчыну бліжэйшай радне, але ніколі не прыватызаваны (гл. Д пр-п 51).