nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зянон Пазьняк: “Нацыянальна сьведамы чалавек усё разумее і арыентуецца сам”

13 чэрвеня, 2007 | 3 каментарыя

Ð�азÑ�нÑ�к.JPG 

Гэты тэкст ёсьць выступам на чэрвеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (гл. сайт zianonpazniak.de). Тое, што выдзелена тоўстым шрыфтам, выдзелена намі. Мы ня згодныя што да ацэнкі фігуры А.Мілінкевіча. Ён, па ўсім відаць, ёсьць прадстаўніком не расейскай імперыякратыі, а заходняй фінансавай алігархіі, ядром якой зьяўляецца сіянакратыя. У адносінах да беларускай дэмакратыі гэта не нашмат лепш… 

Рэдакцыя.

 

Я спынюся на трох тэмах, істотных для нашага асэнсаваньня. Гэта наступныя тэзісы:

1. Становішча паказвае на правільнасьць нашай нацыянальна-асьветніцкай пазыцыі і дзейнасьці. Правільны яе прыярытэт у гэтых абставінах. Мы бачым канкрэтныя вынікі і разумеем, што гэта вынікі таксама нашай сьціплай працы. Існуе накірунак у працэсах, ацэнкі і тэрміналёгія Адраджэньня. Існуе компас, ёсьць тыя, што не асьлеплі, тыя, што йдуць. Па зразумелых прычынах вялікая справа не вырастае яшчэ ў масавую зьяву, але пазначае тэндэнцыю, нацыянальны вольны рух. І гэта адзінае, што ёсьць, — жывое. І на гэтае адзінае жывое кінуты зараз усе рэпрэсіўныя сілы антыбеларускага рэжыму.

У нацыянальна-дэмакратычным змаганьні за волю і дзяржаўную будучыню Беларусі цяжкасьці і праблемы ўзьнікаюць не ад таго, што чалавек не разумее, а ад таго, што ён сябе не ўсьведамляе часткай агульнага цела нацыі. Разуменьне практычна нічога не дае, калі няма сьведамасьці. Нацыянальна сьведамы чалавек разумее і арыентуецца сам.

2. Палітыка і пазыцыя антыбеларускага рэжыму не зьмянілася ні ў чым у прынцыпе, але набывае што раз больш агрэсіўны антыбеларускі накірунак. Дзеяньні па вынішчэньні ўсяго беларускага цяпер рэпрэсіўна ўзмацняюцца. Асаблівы накірунак вынішчэньня – дзеяньні супраць беларускіх нацыянальна-культурных інстытутаў і арганізацыяў і рэпрэсіі супраць нацыянальна актыўнай беларускай моладзі.

Насіленьне дзеяньняў па вынішчэньні беларускага ў Беларусі сьведчыць пра тое, што Масква-Лубянка адчайна хоча пераламаць сітуацыю ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі.

У тактычным выяўленьні рэжым Лукашэнкі заняў вычакальную пазыцыю напярэдадні расейскіх выбараў, закінуўшы там якар на выпадак малаверагодных пераменаў.

Трэба ўлічваць, што дэмакратычныя сілы ў Расеі практычна адсутнічаюць. Тое слабое дэмакратычнае “квазі”, якое існуе, стаіць там выключна на імпэрскіх пазыцыях. Любыя перамены (ці неперамены) у цяперашняй Расеі ня пойдуць на карысьць Беларусі. Гэта істотна разумець у нашым змаганьні з акупацыйнай палітыкай.

3. У апошні тыдзень траўня была праведзена карэктыроўка псэўдаапазыцыі на кангрэсе гэтай спэцыфічнай зьявы. Кангрэс падсумаваў праект “Выбары-2006”. (Назва ўмоўная, але гэта той лубянска-крамлёўскі праект групы Паўлоўскага). Фармальна канстатавана, што Мілінкевіч, як і Казулін цалкам выканалі сваю ролю ў гэтым праекце і павінны адыйсьці. Гульня ў “лідары” цяпер Маскве ўжо не патрэбна. Яна не зьбіраецца таксама ўмацоўваць гэтую “апазыцыю” і ператвараць яе ў нейкую фармальную сілу ў міжчасьсі, гэта значыць тады, калі Маскве няма ў ёй патрэбы.

Кангрэс засьведчыў умацаваньне і перавагу адкрыта прамаскоўскіх і пралевых удзельнікаў, якіх выбралі ў калектыўныя кіраўнікі псэўдаапазыцыі (С. Калякін, А. Лябедзька, В. Вячорка і прадстаўнік А. Казуліна).

У гэтай апазыцыі асабліва нікчэмным выглядае прысутнасьць прадстаўніка “прагматычнага БНФ” побач з камуністамі, якія супраць беларускай мовы, за СССР і “зьяднаньне” з Расеяй. Не кажам ужо пра іхнюю “гісторыю” і ролю ў беларускай гісторыі.

Псэўдаапазыцыя адмовілася ад “лідара”, якога год-два таму ёй стварылі зь нічога. Але насьцярожвае той факт, што адпрацаваны лідар пачаў выяўляць недвухсэнсоўную схільнасьць узначаліць Беларускі нацыянальны маладзёвы рух (заявіў нават, што ўступае ў Малады Фронт). Можна сказаць дакладна, што Мілінкевіч атрымае магчымасьць уплываць і накіроўваць Малады Фронт, справа не абмяжуецца “моб-шмобамі”. Праз нейкі час рух загоняць у сьляпы завулак і ён рассыпецца на дробныя часткі. Увогуле, мы недаацэньваем гэтага функцыянера, ашукаўшыся яго ціхім голасам і мяккацелай усьмешачкай. У 90-х гадах, калі яго накіравалі з высокай намэнклятурнай пасады “у дэмакратыю” ачольваць “рэсурсны цэнтр” і арганізацыю “Ратуша”, менавіта ягоная “рэсурсная” дзейнасьць найбольш паспрыяла вытоптваньню самай моцнай гарадзенскай арганізацыі БНФ і падрыхтавала там раскол Фронта. У 2001 г. ён узначаліў каманду Домаша, якога “адпаведныя сілы” (будзем так казаць) выставілі адмыслова супраць старшыні БНФ. Праект крамлёўскай групы Паўлоўскага ў 2006 годзе ён выканаў вельмі добра і па “планцы” і па выгасаньні пратэстных настрояў (тое ж самае і ў гэтым годзе – 25 сакавіка, прапановы супрацоўніцтва з Лукашэнкам, падтрымка расейскай палітыкі ў Беларусі і г.д.). Мілінкевіч аказаўся значна больш плывучым, чым Казулін, які, трапіўшы з ходу ў маскоўскую палітыку, відаць, па прасталінейнасьці сваёй, ня ведаў, што пасьля выкананьня працы, лубянцы ніколі не ўзнагароджваюць “працоўных энтузіястаў”, а выкідваюць іх прэч, пакідаюць на волю лёсу альбо зьнішчаюць (гледзячы, што хто рабіў).

Сумнае ў гэтых гісторыях яшчэ й тое, што, трапіўшы ў турму, такія беларусы ніколі не разумелі, чаму яны туды патрапілі, а, выйшаўшы з турмы, ня здольныя былі зрабіць рэальных высноваў. Бо, паўтараю, разуменьне рэчаіснасьці і ўлучэньне ў нацыянальную палітыку прыходзіць не ад розуму і не ад інфармацыі, а ад нацыянальнай сьведамасьці.

Коратка пра ідэалёгію падстаўной апазыцыі. Яе ідэалёгія ёсьць “непрадрашэнства” (мабілізацыя розных пратэстных сілаў толькі на бліжняй мэце). Непрадрашэнства як тактычная імпэрская ідэалёгія была распрацавана дэмакратамі-шавіністамі яшчэ ў пэрыяд паміж 1-й і 2-й Сусьветнымі войнамі. Рускія эмігранты імкнуліся аб’яднаць усіх уцекачоў з СССР на барацьбу з бальшавізмам, не вызначаючы (не предрешая), што будзе пасьля перамогі. У той жа час погляды антыбальшавікоў-расейцаў і антыбальшавікоў украінцаў, беларусаў, грузінаў, армянаў, эстонцаў і г.д. на тое, што будзе з пасьлябальшавіцкім СССР, істотна розьніліся. “Не предрешая”, рускія “дэмакраты-эмігранты” хацелі загрэбсьці жар чужымі рукамі. Разам расправіцца з бальшавізмам, а потым ужо ў сваёй “единой и неделимой” разьбірацца з народамі.

Сутнасьць беларускай драмы добра вядомая – гэта імкненьне імпэрскай Расеі падпарадкаваць і захапіць Беларусь, выкарыстоўваючы антыбеларускі рэжым Лукашэнкі (які Масква ж і стварыла). І што цікава, Масква гаворыць пра свае намеры адкрыта, камуфліруючы толькі для выгляду сваю агрэсіўную пазыцыю разважаньнямі пра “інтэграцыю”, “увядзеньнем расейскага рубля” на Беларусі, стварэньнем “союзного государства” і таму падобнай эўфэмістычнай лухтой. Але псэўдаапазыцыя зусім не “змагаецца” з палітычнай агрэсіяй Расеі, з пагрозай незалежнасьці Беларусі, вынішчэньнем беларускай культуры і беларускага нацыянальнага жыцьця. Яны выступаюць толькі супраць дыктатуры Лукашэнкі. Яны змагаюцца за правы чалавека пад акупацыяй (а не супраць акупацыі). І нават езьдзяць пры гэтым у Маскву па “дапамогу”. Маўляў, давайце звалім Лукашэнку, а што будзе потым – потым і разьбярэмся. Што “потым”, ніхто зь іх і ня думае, бо Масква яшчэ ня вырашыла. Нават само “непрадрашэнства” тут фальшывае і несамастойнае, пазыцыя поўная абсурду і імітацыі.

Усё нібыта будуецца на антылукашызме, на бліжэйшай задачы, на змаганьні не з ворагам, а з інструмэнтам ворага (бо лукашысцкі рэжым ёсьць інструмэнтам антыбеларускай палітыкі).

Захад, як і ў ХХ стагоддзі, заўсёды падтрымліваў непрадрашэнства расейскага імпэрыялізму, этнацыду беларусаў, палітычнай агрэсіі Расеі — сутнасць канфлікту ён ва ўпор ня бачыў і не хацеў бачыць, бо гэта не адпавядала ягоным інтарэсам. Непрадрашэнская квазіапазыцыя выгадная і Захаду, і Маскве.

Гэтакую расейска-лубянскую тактыку добра разумелі на Беларусі нацыянальныя палітыкі і ў прыватнасьці Беларускі Народны Фронт. За часы змаганьня з камунізмам расейска-лубянская агентура таксама лезла ў Фронт і імкнулася пасадзіць усіх на непрадрашэнская каня. Маўляў, трэба зваліць КПСС, а потым будзем гаварыць пра суверэнітэт, бо трэба, маўляў, усім аб’яднацца супраць таталітарызму і ня трэба “выпячивать сейчас белорусский язык”, “ради единства всех сил” і г.д.

Але тады ў іх гэты дохлы нумар не прайшоў, мы павытурвалі ўсіх тых Якавенак, Акулавых, Жураўлёвых і іншых разам зь іхным “единством сил”, бо разумелі, што абазначае для беларусаў уся гэтая прымітыўная дэмагогія. У выніку мы спынілі дзейнасьць КПСС і здабылі незалежнасьць нягледзячы на тое, што ў тых нашых умовах гэта межавала з цудам.

Беларусам трэба добра разумець, што ў кантэксьце нацыянальнага змаганьня і Адраджэньня Беларусі раскол Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, спакуса на грошы ды на гранты часткі фронтаўскіх людзей, прыняцьця імі дэмагагічнага лёзунга “адзінства ўсіх сілаў” на пазыцыях “непрадрашэнства” – усё гэта было якраз той здрадай, якая вызначыла на сёньняшні дзень нікчэмны нацыянальны лёс Беларусі, стан балючасьці пэрманэнтнага сораму за тое, што адбываецца.

Тым, хто аналізуе падзеі, варта памятаць аксіёмы і тэарэмы, даказаныя вопытам. Людзі, якія прыходзяць у нацыянальную палітыку, у агульную нацыянальную справу, могуць толькі аддаваць, ахвяравацца сваім часам, сваёй сілай і інтэлектам, сваімі сродкамі, сваёй працай. Іншага тут ня можа быць. Нацыянальная дзяржава, нацыянальная свабода ствараліся толькі такімі людзьмі і толькі такім спосабам. Выключэньняў няма. Каб атрымаць ураджай, трэба аддаваць і ведаць будучыню. Затое, калі прыходзіць ураджай (вольная нацыянальная дзяржава), кожны атрымлівае гарантыі і магчымасьці (у тым ліку і тыя, што не давалі).

Людзі, што хочуць зарабіць, мець выгаду на нацыянальнай палітыцы, на змаганьні за волю ды на адраджэньні – паразіты, патэнцыяльныя карупцыянэры. Гісторыя посткамунізму і посткаляніялізму гэта яскрава ілюструе (я не кажу ўжо пра Афрыку).

Ёсьць шлях да волі і незалежнасьці, Гэты шлях ляжыць адначасна праз галаву і сэрца. Беларусы яго альбо пройдуць – альбо ня пройдуць. Будуць – альбо ня будуць. Я думаю – будуць, бо йдзем. Засталося толькі прайсьці.

 

Зянон Пазьняк

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

10 чэрвеня 2007 г.

 

3 каментарыя

  1. Анатоль кажа:

    Тое. што Пазьняк прывязвае любую шкодную для нацыянальнай
    справы дзейнасьць выключна да прошукаў Масквы зразумела.
    Назваць так ня менш шкодную для беларусаў дзейнасьць заходняй
    алігархіі ён ня можа. бо знаходзіцца там,
    альбо мае яшчэ нейкія ілюзіі, як меў наконт Мілінкевіча.
    Каб штучна не павялічваць асобу самога Мілінкевіча, неабходна
    бачыць, што ва ўмовах адсутнасьці рэальнага нацыянальнага руху
    на паверхню вылазяць здані й паразіты, якім па нейкім прычынам
    выгодна спекуляваць на нацыянальнай ідэі. Абсалюна відавочна,
    што Мілінкевіч навязаны й пастаўлены палітычнымі
    афэрыстамі на Захадзе, але гэтая фігура аказалася вельмі
    зручнай і для рэжыму й для Масквы. Сёньня пад выглядам руху
    “За Свабоду” йдзе ціхае й бясьследнае паглынаньне рэшткаў
    нацыянальнага руху. Незалежны самастойны нацыянальны рух
    не патрэбны ні Захаду, ні Маскве.
    Але ж справа ні ў Мілінкевічах, Калякіных і іншых палітычных
    фантомах, а ў нас. Прыгожымі словамі й пракляцьцямі ў палітыцы
    не пперамагаюць. Нацыянальныя сілы, на жаль, па-ранйешаму
    ня здольныя высунуць нейкую канструктыўную праграму,
    разьяднаныя, а ў маральных аспэктах сваёй дзейнсьці ніяк ня
    лепшыя за сваіх апанэнтаў. Змаганьне ж за нацыянальную ідэю
    павінна быць высокамаральнай, годнай справай, шчырым
    служэньнем сваёй Айчыне й народу.

  2. Зьміцер кажа:

    Цікавы камэнтар, я згодны

  3. Драб кажа:

    Цалкам згодны.Пакуль сапраўдных патрыётаў прэсуюць,падстаўныя канторы кшталту ЗУБРА і ЗА СВАБОДУ робяць піар.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы