nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Падзеньне Салжэніцына?… А чаму не?

15 чэрвеня, 2007 | Няма каментараў

Салаж�н���н.JPG

Тэкст у дзьвюкосьсях, прыведзены ніжэй, належыць пяру Зоі Сьветавай і ўзяты з сайта  www.ej.ru). Мы лічым, што аўтарка артыкула таленавіта задала пэўныя пытаньні, а мы, у сваю чаргу, паспрабуем на іх адказаць…

Рэдакцыя.

1.

“Прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб узнагароджаньні Аляксандра Салжэніцына Дзяржаўнай прэміяй РФ “За выбітныя дасягненьні ў галіне гуманітарнай дзейнасьці”. Што рабіць? Радавацца ці тужыцца? Што рабіць Салжэніцыну: прыняць узнагароду альбо адмовіцца?

Ня ведаю, як вам, а мне гэты пуцінскі жэст зусім не падабаецца. Ня веру я, што Пуцін сапраўды высока шануе Аляксандра Ісаевіча і ўвогуле разумее, хто такі Салжэніцын. Ня можа ён разумець, што значыў Салжэніцын для тых людзей ў Савецкім Саюзе, якія ў 1970-80-я гады знаходзіліся па іншы бок барыкадаў ад чэкіста Ўладзіміра Пуціна. Я кажу пра тых, каго саджалі ў лагеры за захаваньне і распаўсюд сам- і тамвыдатаўскіх кніг Салжэніцына, пра тых, хто атрымліваў тэрміны за падпісаньне пісьмаў у яго абарону. Арыштоўвалі гэтых людзей і дапытвалі калегі Ўладзіміра Пуціна. І вось таму мне зусім ня хочацца, каб ён уручаў Дзяржпрэмію Салжэніцыну.

Здаецца, горшую “падставу” для Аляксандра Ісаевіча цяжка было б прыдумаць. І адбываецца гэта ў самы разгар вэрхалу вакол забойства Аляксандра Літвіненкі, у той самы момант, калі стасункі Расеі з Захадам абвостраныя да скрайняй мяжы, калі ў Расеі прынятыя ганебныя папраўкі ў закон “Аб экстрэмісцкай дзейнасьці”, якія дазваляюць любога апазіцыянера ахрысьціць экстрэмістам, знайсьці ў яго дзейнасьці “заклікі да экстрэмістычнай дзейнасьці” і пасадзіць у турму.

За прыкладамі далёка хадзіць ня трэба. Па кнігах Андрэя Піянткоўскага праводзіцца пракурорская праверка ў сувязі “з прыкметамі экстрэмізму”. Ва Ўладзіміра  Прыбылоўскага, вядомага сваімі крытычнымі тэкстамі ў адрас прэзідэнта Расеі, праводзяць вобшук й забіраюць кампутар з незавершанай кнігай “Паплечнікі Пуціна”. Праваабронцу Льва Панамарова выклікаюць на допыт у ФСБ. Прадмет абмеркаваньня – выступ Панамарова на мітынгу, “у якім праглядаюцца прыкметы экстрэмізму”.  

У 1998 годзе Аляксандр Салжэніцын адмовіўся ад ордэна Андрэя Першазваннага, якім яго ўзнагародзіў Барыс Ельцын. Тады сваю адмову ён патлумачыў нежаданьнем прымаць узнагароду “ад вярхоўнай улады, якая давяла Расею да цяперашняга пагібельнага стану”. Але няўжо Расея Ельцына горш за Расею Пуціна?

І ці цяперашняя вярхоўная улада ня вядзе Расею да гібельнага стану?

Аляксандр Ісаіч даўно не бывае на публіцы і не дае інтэрвю. Ён хварэе. Ды й узрост ужо старэчы. Але ён ня можа ня ведаць ад сваіх блізкіх і сяброў, што адбываецца ў любімай ім краіне. Як бы мы ні ставіліся да часоў Ельцына, але пры ім не падрывалі дамоў [каб пачаць чарговую імперска-генацыдную вайну. – Рэд.], не было “Норд-Осту”, Беслана [найбольш аб’ектыўныя зьвесткі пра тое, што сапраўды мела месца ў час бесланскай трагедыі, можна прачытаць тут https://nashaziamlia.org/2006/11/28/416], не было палітычных зьняволеных. Журналістаў, якія жорстка крытыкавалі прэзідэнта, не расстрэльвалі ў пад’ездах, палітычных апанентаў не саджалі ў вязьніцу, як Хадаркоўскага, метадычна зьніштажаючы яго бізнэс, узбуджаючы крымінальныя справы супраць яго супрацоўнікаў і калег толькі таму, што яны мелі дачыненьне да ЮКАСу [у нашай рэдакцыі мільярды Хадаркоўскага, як, дарэчы, і Абрамовіча, Неўзліна, Беразоўскага, Гусінскага ды ўсіх іншых расейскіх алігархаў-міліярдэраў мы ня лічым сумленна запрацаванымі; больш за тое, мы лічым іх скрадзенымі ў шматлікіх народаў г.зв. Расеі. – Рэд.].

Дый становішча простага люду, які так любіць Салжэніцын, пры Пуціне не палепшылася. У адпаведнасьці са шматлікімі дасьледваньнямі, карупцыя яшчэ больш укаранілася ва ўсіх слаях грамадства і ўлады [карупцыя – галоўная прыкмета бюракратычнага ладу, характэрнага для тэрытарыяльных імперый, якой і зьяўляецца Расея. – Рэд.]. Тады чаму Пуцін падабаецца Аляксандру Ісаічу больш за Ельцына?

Жонка Салжэніцына Натальля Дзьмітрыеўна заявіла: “Аляксанд Ісаевіч спадзяецца, што Расея не паўторыць сваю самазьністажальную гісторыю ХХ стагоддзя, калі, пачынаючы з рэвалюцыі 1917 году і скрозь людаедскі архіпелаг ГУЛАГ, яна зьнішчыла эліту народу”. Гэтая фраза была рэакцыяй пісьменьніка на паведамленьне пра яго ўзнагароджаньне Дзяржпрэміяй РФ. А прэзідэнт РАН акадэмік Юры Осіпаў назваў Салжэніцына “адным з буйных гісторыкаў і філолагаў, аўтарам працаў, без якіх не ўяўляецца гісторыя ХХ стагоддзя”. Асабліва адзначаюцца заслугі лаўрэата ў стварэньні бібліятэкі замежнай эміграцыі. Усё гэта праўда. І Салжэніцын сапраўды выбітны чалавек.

Толькі ён, перш за ўсё, не гісторык і не філолаг.

Салжэніцын найперш фігура сымбалічная. Ён самы вядомы ў Расеі і на Захадзе змагар з камуністычнай ідэалогіяй і савецкім рэжымам. І толькі ў страшным сьне можна было ўявіць, як гэты выкрывальнік савецкага ладу атрымлівае ўзнагароду з рук Пуціна, які пасьлядоўна аднаўляе рысы гэтага самага ненавіснага Салжэніцыну рэжыма – Пуціна, які яўна выкарыстоўвае ўзнагароджаньне пісьменьніка ў сваіх асабістых інтарэсах.

Інакш навошта ён падпісвае ўказ пра прысуджэньне Дзяржпрэміі напярэдадні саміту “вялікай васьмёркі”, за тыдзень да 12 чэрвеня, калі звычайна адбываецца ўзнагароджаньне лаўрэатаў? Пуцін проста “вярбуе” Салжэніцына ў свае прыхільнікі. І няхай цяпер заходнія лідары будуць нешта лапатаць пра парушэньні правоў чалавек, пра ўціск “новых дысідэнтаў”… Пуціну ёсьць што адказаць на гэта. Салжэніцын узнагароджаны Дзяржпрэміяй РФ. І Салжэніцын гэтую прэмію возьме. У Ельцына не ўзяў, а ў яго ўзяў…

Мне не хацелася б, каб нехта падумаў, быццам я асуджаю Аляксандра Ісаевіча. Зусім не. Ды й наўрад ці знойдзецца ў Расеі чалавек, які яго асудзіць. Я ўсяго толькі мару, як было б здорава, калі б вялікі Салжэніцын адмовіўся ад прэміі, прысуджанай яму былым чэкістам, якія, як вядома, былымі не бываюць. І не кажыце мне, што прэмія даецца ад імя ўсяго народу і адмаўляцца ад яе – значыць крыўдзіць народ. Бываюць такія часы, калі жэст значыць вельмі шмат. Тым больш жэст Салжэніцына.

Шкада, што прымаючы дзяржаўную ўзнагароду, Салжэніцын не зьвярнуўся да Пуціна з крытыкай яго кіраваньня ў такой жа ступені пераканана, горача і мудра, як ён у свой час зрабіў гэта ў знакамітым “Лісьце да правадыроў”.

“Невыносная не сама аўтарытарнасьць, але – паўсядзённая ідэалагічная хлусьня, якая навязваецца. Невыносная ня столькі аўтарытарнасьць – невыносныя свавольства і беззаконьне, беспрасьветнае беззаконьне, калі ў кожным раёне, вобласьці альбо галіне – адзін уладар, і ўсё вяршыцца па яго адзінай волі, часта бязграматна і жорстка…” Ці ж гэта не пра нас?

А вось гэты пасаж зь “Ліста да правадыроў” цалкам падыходзіць да сёньняшніх уладароў, якія баяцца найменьшай праявы іншадумства: “Чаго вам баяцца? Няўжо гэта так страшна? Няўжо вы так ня ўпэўнены ў сабе? У вас застаецца ўся непахісная ўлада, асобная моцная замкнёная партыя, армія, міліцыя, прамысловасьць, транспарт, сувязь, нетры, манаполія зьнешняга гандлю, прымусовы курс рубля, але дайце ж народу дыхаць, думаць і разьвівацца! Калі вы сэрцам належыце да яго – для вас і ваганьняў не павінна быць! А яшчэ і такая патрэба бывае ў душы чалавека – іскупленьне мінулага…”

Так Салжэніцын пісаў у верасьні 1973 года. В лютым 1974 года ён быў арыштаваны і высланы за межы Савецкага Саюзу.

У гэты час Уладзімір Пуцін вучыўся на юрыдычным факультэце Ленінградскага універсітэта, а ў 1975 годзе па разьмеркаваньні быў накіраваны на працу… ў органы КГБ”.

 

 

2. Ад рэдакцыі:

Дык чаму Салжэніцын бярэ прэмію ў крывавага дыктатара, адказнага і за генацыд чачэнскага народу (дарэчы, дзіўным чынам аўтарка не ўзгадвае сярод злачынстваў Пуціна гэты факт; а, можа, тут таксама нічога дзіўнага няма?), і за шматлікія іншыя антыдэмакратычныя, антыцывілізацыйныя дзеяньні ў межах і за межамі Расейскай Федэрацыі?

Здавалася б, што, так цяжка гэтую прэмію ня ўзяць?

Нават у навейшай беларускай гісторыі адна з такіх падзеяў ляжыць на паверхні. У свой час Сяргей Высоцкі, лідар незарэгістраванай Беларускай Партыі Свабоды, адмовіўся браць прэмію з рук вядомай “Хартыі” (больш падрабязна пра прычыны гэтага можна паглядзець тут https://nashaziamlia.org/2006/04/12/33). Хаця іншыя, значна больш беспрынцыпныя людзі, у “Хартыі” “прэміі” бяруць… (гл. https://nashaziamlia.org/2006/12/21/457).

Аказваецца, каб патлумачыць такія дзіўныя паводзіны сп-ра Салжэніцына (у Ельцына ордэн ня ўзяў, а ў Пуціна – бярэ), трэба ўсяго толькі трохі заглыбіцца ў яго сьветагляд. Гэта ня цяжка, трэба проста быць праўдзівым да канца (а менавіта гэта сп-ня Сьветава чамусьці рабіць не жадае…). І калі мы так зробім, дык нам адкрыецца, што сп-р Салжэніцын проста такі ж імперыяліст, як і, напрыклад, акадэмік Ліхачоў, якога ў якасьці  ўзору для расейскай інтэлігенцыі і пры жыцьці, і пасьля сьмерці інтэнсіўна піярыць расейская імперыякратыя. Сп-ра Салжэніцына, акрамя расейскіх уладаў, на ўсе лады нахвальваюць таксама расейскія шавіністы-імперыялісты, якія любяць называць сябе “нацыяналістамі”, “арыйцамі”. Прычына ў тым, што Салжэніцын ніколі не выступаў супраць расейскага імперыялізму, ён выступаў (сапраўды маштабна, таленавіта) толькі супраць яго адной з найбольш крыважэрных формаў (у т.л. і для самога рускага народу) – супраць камуна-фашызму, толькі яе – гэтую форму – лічыў расейскай анамаліяй. 

У Ельцына Салжэніцын ордэн ня ўзяў таму, што лічыў, што той вядзе справу да развалу г.зв. “России”, а ў Пуціна прэмію бярэ, таму што лічыць, што той “Россию” ўмацоўвае.

Ва ўмовах выбару паміж існаваньнем “Вялікай Расеі” і свабодай народаў, якія вымушаны жыць у межах гэтай імперыі (а дасягнуць свабоды народаў без развалу “Расеі” не-маг-чы-ма!; гэта аксіёма), Салжэніцын рашуча становіцца на бок перашай! Як тыповы імперыяліст, а нарастаньне ўсіх тых антыдэмакратычных праяў, якія былі адзначаны Зояй Сьветавай (а таксама забойства 250.000 ні ў чым не вінаватых грамадзян Чачні і да т.п. “пабочныя наступствы” існаваньня гэтай гнюснай імперыі з назвай “Расея”), ён імкнецца не заўважаць…

Салжэніцын не гуманіст, не дэмакрат, а імперыяліст! У гэтым яны з Пуціным адно і тое ж!

Вось яно – сапраўднае аблічча гэтага “генія”, “лаўрэата” (пасьля такога адкрыцьця пачынаеш думаць, што пэўныя зьвесткі пра “стукацтва” Салжэніцына на сваіх калег-лагернікаў, якія можна знайсьці ў Інтэрнэце, сапраўды могуць быць праўдай…).

Усё гэта варта памятаць. Як і тое, што Салжэніцын, Ліхачоў – гэта адно, а, напрыклад, Сахараў, нашыя Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў – гэта зусім іншае!

Паводзіны Салжэніцына на асабовым ўзроўні вельмі паказальна ілюструюць той грамадскі феномен, які многія з нас доўга не маглі разгадаць. Маецца на ўвазе падтрымка расейскім грамадствам у канцы 1980-х прадэмакратычных працэсаў, якія мелі месца, напрыклад, у Грузіі й Прыбалтыцы, і радыкальны паварот на 180 градусаў ў стаўленьні расейскага грамадства да дэмакратычных паводзін народаў гэтых краін ужо праз нейкія 10 гадоў (напрыканцы 1980-х расейцы ў большасьці былі за грузін, за летувісаў, за эстонцаў, за азербайджанцаў і г.д., а ў канцы 1990-х аказаліся супраць іх ды яшчэ супраць чачэнцаў, інгушоў, украінцаў; будуць і супраць беларусаў, пачакайце…). А прычына ў тым, што спачатку расейцы, найперш рускія, думалі, што гэтыя народы, як і яны, змагаюцца супраць камунізму. Калі ж высьветлілася, што народы змагаюцца за аддзяленьне ад Расеі, за сваю свабоду, незалежнасьць, за ўсталяваньня ўласных дэмакратычных дзяржаваў, большасьць расейцаў сталі ставіцца да дэмакратыі негатыўна. У глыбіні душы большасьць зь іх найперш «за Великую Россию», а ўжо з дэмакратыяй, свабодай, справядлівасьцю, гуманізмам і г.д. – як атрымаецца…

Гэта і ёсьць комплекс імперскай непаўнавартасьці рускіх! Як бачым, Салжэніцын ня здолеў яго пераадолець у сабе…    

Учынак Салжэніцына – яшчэ адзін доказ праваты тых, хто лічыць, што камуністычны таталітарызм – гэта ўсяго толькі адна з вопратак, адна з рэінкарнацый расейскай імперыі. А таму хаяць “савецкі камунізм” і не зьвяртаць увагу на расейскі імперыялізм, які зьяўляецца сутнасьцю г.зв. Расеі – гэта ўсё роўна, што лаяць вопратку, палку, зброю нейкага подлага чалавека, замест таго, каб скіраваць увесь негатыўны імпэт на яго самога…

Так робіць бык на арэне супраць анучы тарэадора. Так паводзяць сябе расеянцы пад кіраўніцтвам імперыякратыі. Значыць, і лёс іх чакае такі ж, як у быка на гішпанскай карыдзе…

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы